Пошук

18.12.2023 15:31   Тэкст: Вольга Чайкоўская / Фота: Улад Блюшч, Марыя Грыцкевіч / Catholic.by

У ноч з 16 на 17 снежня у мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі прайшло чуванне моладзі на тэму «Ноч у Божым Валадарстве».

Традыцыйна ў перыяд Адвэнту, які папярэднічае ўрачыстасці Нараджэння Пана і з’яўляецца часам радаснай падрыхтоўкі да сустрэчы з Хрыстом, моладзь збіраецца на начное чуванне. У сёлетнім чуванні ў галоўнай каталіцкай святыні сталіцы ўзялі ўдзел юнакі і дзяўчаты з розных куткоў нашай краіны.

Распачалося чуванне святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

На пачатку Эўхарыстыі ўсіх прысутных прывітаў ксёндз Андрэй Бурак, адказны за моладзь у Мінска-Магілёўская архідыяцэзіі. Між іншым, святар зазначыў:

«Да канца не ведаем, якім будзе Божае Валадарства, але Святое Пісанне кажа нам аб тым, што Божае Валадарства сярод нас. Сёння збіраемся разам, бо жадаем разам будаваць Божае Валадарства тут, на зямлі. Сёння мы сабраліся на Гасціне, на якую нас запрасіў сам Езус Хрыстус. Ён запрашае да Эўхарыстычнага стала, жадае кожнаму з нас даць Хлеб жыцця. Няхай чарговае начное чуванне прынясе добры плён для кожнага з нас», — выказаў пажаданне ксёндз Андрэй.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Станеўскі параўнаў духоўнае жыццё чалавека з акіянам, і пры гэтым адзначыў: «Кожны з нас мае сваю дарогу да Пана Бога, кожны мае сваё меркаванне. Таму нам трэба быць разам у супольнай малітве, у супольным згуртаванні, каб мы бачылі, адчувалі адзін аднаго і каб мы таксама падбадзёрвалі адзін аднаго, задавалі пытанні і, чуючы адказы на гэтыя пытанні, разважалі, і такім чынам спазнавалі, выплывалі на глыбіну нашай веры. Каб мы дазвалялі Езусу Хрысту дакрануцца да нас. Так, як некалі да апосталаў, калі Ён сказаў: „Супакой вам! Няхай не трывожыцца сэрца вашае“».

Узгадаўшы словы Папы Францішка, арцыпастыр дадаў:

«Той, хто дазваляе дакрануцца Езусу Хрысту, запрашае Хрыста ў сваё жыццё, нанава становіцца маладым маладосцю Езуса».

Пасля заканчэння Імшы прысутныя ў мінскай архікатэдры падзяліліся аплаткай і выказалі адзін аднаму шчырыя пажаданні з надыходзячым святам Божага Нараджэння.

Наступным пунктам праграмы стала малітва псальмамі, падчас якой ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB з парафіі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах правёў канферэнцыю на тэму «Хрысціянская надзея».

На пачатку канферэнцыі салезіянін задаў удзельнікам пытанне: «Што такое надзея для вас?» Пасля атрыманых адказаў святар падзяліўся сваімі разважаннямі на гэтую тэму. Адной з важных думак ксяндза Паўла было тое, што «надзея „не ходзіць“ адна. Яна мае двух сяброў, або сябровак, і сябруе яна з любоўю, а таксама сябруе з верай. Яны ўтвараюць своеасаблівае трыа, адно без аднаго не могуць існаваць».

Каб плённа чуваць і не паснуць, моладзь падсілкавалася смачнымі бутэрбродамі з гарбатай.

Далей прадстаўнікі парафіі Маці Божай Ружанцовай з Лошыцы правялі Ружанец з разважаннямі і з інсцэніроўкай да кожнай таямніцы гэтай малітвы.

Сваім досведам перажывання і захаплення жыццём Слугі Божай К’яры Карбэлы, якая жыла ў Рыме, падзяліўся брат Вадзім Войцік OFMCap. Ён распавёў пра цярпенні, якія яе напаткалі на жыццёвым шляху, і пра Божую любоў, якую яна навучылася прымаць і заахвочвала таксама ўсіх для яе адкрыцца.

Пасля гэтага францішканская моладзь праспявала Вяночак да Божай Міласэрнасці.

Заключным пунктам праграмы чування стала адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, якую цудоўным спевам упрыгожыла катэдральная моладзь.

Падчас чування праз паасобныя пункты праграммы моладзь разважала над рознымі аспектамі Божага Валадарства: еднасць з Богам, падрыхтаванае месца ў Божым Валадарстве, супольнасць святых, спаўненне ўсіх жаданняў і праслаўленне Бога тварам у твар.

На завяршэнне чування ксёндз Андрэй Бурак благаславіў прысутных і пажадаў, каб юнакі і дзяўчаты прыносілі добры плён у сваім жыцці і дзяліліся любоўю, якая чакае ўсіх у Божым Валадарстве. На знак гэтага кожны мог забраць з сабой яблык з урыўкам са Святога Пісання.

 

Абноўлена 18.12.2023 15:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця