Пошук

15.12.2019 03:46   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

Увечары 14 снежня ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі распачалося чуванне моладзі, прысвечанае тэме, якую выбралі самі юнакі і дзяўчаты: «Быць, як Марыя і Юзаф, з’яднанымі ў Хрысце».

Абраўшы гэтую тэму, маладыя людзі выказалі імкненне браць прыклад са Святой Сям’і і далі адказ на заклік сёлетняга пастырскага года ў Касцёле на Беларусі, які праходзіць пад дэвізам «Сям’я — крыніца радасці і надзеі моладзі» і завершыцца ў свята Святой Сям’і.

Як паведамілі Catholic.by валанцёры, якія праводзілі рэгістрацыю ўдзельнікаў, у галоўную каталіцкую святыню сталіцы на чуванне прыбылі больш за паўтысячы юнакоў і дзяўчат з некалькіх дзясяткаў парафій Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а таксама з Віцебскай і Гродзенскай дыяцэзій.

Адвэнтавае чуванне распачалося святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Разам з ім Эўхарыстыю канцэлебравалі яго дапаможныя біскупы Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB, а таксама група святароў, якія займаюцца душпастырствам моладзі.

У вігілію Трэцяй нядзелі Адвэнту арцыпастыр звярнуў увагу на радасць, якая з набліжэннем Божага Нараджэння ўсё больш напаўняе сэрцы вернікаў, а таму гэтая нядзеля называецца на лаціне Gaudete, што перакладаецца як «радуйцеся».

«Назва гэтай нядзелі паходзіць ад словаў святога Апостала Паўла з Паслання да Філіпянаў: „Радуйцеся заўсёды ў Пану. Яшчэ раз кажу, радуйцеся! <…> Пан блізка» (Флп 4, 4–5). <…>

Падбадзёраныя апосталам народаў, мы павінны прасіць Бога ўмацаваць нашую радасць, калі перажываем перыяд чакання і падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння і ў далейшай перспектыве — да другога прыйсця Хрыста», — зазначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у прамоўленым падчас святой Імшы Божым слове.

У ім ён прапанаваў маладым удзельнікам чування разам паразважаць над сапраўдным значэннем радасці, бо, на думку іерарха, сучасны чалавек, асабліва малады, вельмі часта памыляецца ў імкненні да радасці і яе ўспрыманні.

«Шмат людзей зводзяць радасць да пачуцця прыемнасці або захаплення. На самай справе гэта далёка не так», — сцвердзіў арцыбіскуп. Ён дадаў, што радасць насамрэч выплывае з любові.

«Бог, які прыйшоў у гэты свет у вобразе чалавека, і ёсць сапраўднай крыніцай радасці. Гэта той Бог, які не толькі нас стварыў, але і прыйшоў, каб збавіць. <…> Таму мы павінны быць напоўненыя радасцю прысутнасці Бога, які нас збавіў сваёй пасхальнай таямніцай смерці і ўваскрасення і які праз Касцёл вядзе нас шляхам збаўлення да вечнай радасці ў небе», — падкрэсліў арцыпастыр.

Гаворачы пра выбраную моладдзю тэму чування «Быць, як Марыя і Юзаф, з’яднанымі ў Хрысце», арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуў увагу на тое, што гэты шлях да непрамінальнай радасці ўказваюць Марыя з Юзафам.

«Ці Марыя і Юзаф былі шчаслівымі? — Безумоўна, так, хоць іх жыццё было поўнае розных цяжкасцяў», — сцвердзіў ён.

Нагадаўшы пра тое, які складаны шлях давялося прайсці Марыі і Юзафу, каб праз іх у гісторыі чалавецтва здзейсніліся вялікія Божыя планы, іерарх адзначыў, што сапраўдная радасць — гэта быць з’яднанымі з Езусам як крыніцай радасці, якой ніхто не можа адабраць.

«Дзе сучасны чалавек шукае радасці і шчасця? Найчасцей у матэрыяльных каштоўнасцях і задавальненнях, якія прапануе свет і на што спакушае злы дух. Але <…> быць багатым не азначае быць шчаслівым. Статыстыка паказвае, што найбольш дэпрэсій, самазабойстваў, разводаў і т.п. здараецца менавіта сярод багатых».

Задумваючыся над тым, дзе сёння шукае задавальнення чалавек, асабліва малады, арцыпастыр канстатаваў, што ў час крызісу веры і страты надзеі многія шукаюць шчасця ў інтэрнэце, алкаголі, наркотыках, неўпарадкаваным сексуальным жыцці, азартных гульнях, магічных практыках. У сувязі з гэтым ён перасцярог маладых хрысціянаў, каб яны не паддаліся спакусе ілюзорнага шчасця, якое лопаецца, як мыльная бурбалка.

«Неабходна даверыцца Богу, як гэта зрабілі Марыя і Юзаф, каб быць шчаслівымі», — даў ён айцоўскую параду юнакам і дзяўчатам, заклікаўшы іх да чування на ўзор Марыі і Юзафа. «Няхай іх прыклад дапаможа вам належным чынам у духу чування і еднасці з Хрыстом падрыхтавацца да святаў Божага Нараджэння, каб яны сталі пачаткам новага жыцця ў Езусе — крыніцы радасці», — такім пажаданнем завяршыў сваю гамілію арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Апоўначы, адразу пасля святой Імшы, удзельнікі адвэнтавага чування моладзі падзяліліся з іерархамі, духавенствам і паміж сабою традыцыйнай аплаткай і абмяняліся святочнымі каляднымі пажаданнямі.

      

 

Абноўлена 16.12.2019 15:11
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа