Пошук

27.11.2025 13:15   а. Цімафей Т. Коцур OSBM / Vatican News UA / Пераклад і адаптацыя: catholic.by

Лагатып СДМ у Сеуле

23 лістапада, у дзень, калі Касцёл адзначаў на мясцовым узроўні Сусветны дзень моладзі, убачыла свет афіцыйная малітва, якая будзе суправаджаць юнакоў і дзяўчат падчас міжнароднай сустрэчы ў Сеуле з 3 па 8 жніўня 2027.

«Будзьце адважнымі: Я перамог свет» (Ян 16,33), — гэтымі словамі Езуса, узятымі з Евангелля ад Яна, натхнёная афіцыйная малітва, якая будзе суправаджаць маладых людзей і ўсю касцёльную супольнасць на шляху да наступнага Сусветнага дня моладзі, што будзе адзначацца ў міжнародным фармаце ў Сеуле 3-8 жніўня 2027 года.

У нядзелю 23 лістапада 2025 года ва Урачыстасць Хрыста Валадара, калі Сусветны дзень моладзі адзначаўся на дыяцэзіяльным узроўні, Сеульскі арганізацыйны камітэт СДМ апублікаваў малітву, якая, як адзначана ў паведамленні для прэсы, павінна стаць «заахвочваннем для моладзі даверыцца вечнай перамозе Хрыста і жыць Евангеллем надзеі, адзінства і міласэрнасці ў часы, пазначаныя выклікамі і глыбокімі зменамі».

Тэмы малітвы

Малітва закранае 5 аспектаў:

  • падзяка за Божае пакліканне і безумоўную Божую любоў да кожнага маладога чалавека;
  • даручэнне сябе Айцу, які збірае дзяцей у лучнасці і адзінстве;
  • канчатковая перамога Хрыста, якая заклікае кожнага да адвагі і аддання сябе, прызнаючы ў крыжы Трыумф любові і прабачэння;
  • заклік да Духа Святога, Агню любові, жывой памяці аб вытоках Касцёла ў Карэі, аб мучаніцтве і пладах святла, любові і праўды, якія сфармавалі яе гісторыю;
  • абавязак ісці наперад як сінадальны Касцёл, пілігрым у слуханні, распазнанні і супольнай адказнасці.

Малітва завяршаецца просьбай аб заступніцтве Найсвяцейшай Панны Марыі, апякункі Карэі, і святых заступнікаў СДМ 2027 у Сеуле.

Плод супольнага распазнання

Характар навізны мае паходжанне тэксту: першапачаткова ён быў ініцыяваны мясцовымі біскупамі, але затым ператварыўся ў агульны шлях слухання, малітвы і распазнання. Падчас спецыяльных двухдзённых рэкалекцый праводзіліся тэматычныя катэхізацыі, Эўхарыстычная адарацыя, Lectio Divina, а таксама напісанне і рэдагаванне тэксту. У рэкалекцыях прынялі ўдзел 77 чалавек, якія прадстаўляюць разнастайнасць Касцёла ў Карэі: моладзь, накіраваная з дыяцэзій і манаскіх інстытутаў, моладзь іншых культур, святары, манахі і манахіні, а таксама члены арганізацыйнага камітэта. Пасля разгляду першай версіі тэкст быў перададзены Карэйскай Канферэнцыі Біскупаў, а канчатковы варыянт быў ухвалены Дыкастэрыяй па справах свецкіх, сям'і і абароны жыцця.

Афіцыйная малітва СДМ 2027 у Сеуле

Умілаваны Пане ўсіх юнакоў і дзяўчат, дзякуем Табе за тое, што паклікаў нас да сваёй любові і бязмежнай міласэрнасці. Ойча наш, давяраемся табе. Хай жа юнакі і дзяўчаты ўсяго свету змогуць знайсці суцяшэнне ў абдымках Твайго Касцёла і глыбока перажыць радасць лучнасці і адзінства.

Пане Езу Хрыстэ, Ты перамагаеш свет, цяпер і навекі. Хай жа кожны чалавек зможа адкрыць надзею, якая ёсць у Тваім закліку да адвагі, разумеючы, што крыж любові і прабачэння з'яўляецца сапраўднай перамогай над светам.

 Духу Святы, Агонь любові, Тваёй цудоўнай рукой Ты пасеяў насенне веры ў Карэі. Запалі ў нашых сэрцах полымя веры карэйскіх мучанікаў, зрабі нас вучнямі, якія жывуць Евангеллем святла, любові і праўды.

Пане, молімся Табе, каб праз гэтую пілігрымку СДМ мы змаглі слухаць адзін аднаго, распазнаваць Тваю волю і станавіцца сінадальным Касцёлам, ідучы наперад разам з усім Божым народам. Амэн.

Маці Божая міласэрнасці і супакою, маліся за нас.

Святыя заступнікі Сусветных Дзён моладзі 2027 у Сеуле, маліцеся за ўсіх юнакоў і дзяўчат.

Абноўлена 27.11.2025 13:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа