Пошук

14.12.2025 19:15   Тэкст: Аляксандр Панчанка / Vatican News BY

Папа Леў XIV падчас Юбілею моладзі ў Рыме. Ілюстрацыйнае фота (@Vatican Media)

Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця зацвердзіла афіцыйную малітву Сусветных дзён моладзі, якія пройдуць з 3 па 8 жніўня 2027 года ў Сеуле. Тэкст падрыхтаваў карэйскі арганізацыйны камітэт форума па ініцыятыве мясцовага епіскапату.

Малітва натхнёная дэвізам Сусветных дзён моладзі 2027 года: «Будзьце адважнымі: Я перамог свет» (Ян 16, 33). Яна заклікае моладзь давяраць Хрысту і жыць паводле Евангелля сярод выклікаў сучаснасці.

Няхай кожны чалавек адкрые надзею

«Ойча наш, мы давяраем сябе Табе. Няхай маладыя людзі ва ўсім свеце знаходзяць суцяшэнне ў абдымках супольнасці Твайго Касцёла і глыбока ўдзельнічаюць у радасці камуніі і адзінства.

Пане, Езу Хрысце, Ты перамагаеш свет, цяпер і навекі. Няхай кожны чалавек адкрые надзею, якая заключана ў Тваім закліку да адвагі, разумеючы, што крыж любові і прабачэння гэта сапраўдная перамога над светам.

Духу Святы, Полымя Любові, сваёй дзівоснай рукой Ты пасеяў зерне веры ў Карэі. Запалі ў нашых сэрцах полымя веры карэйскіх мучанікаў, каб мы станавіліся вучнямі, якія жывуць паводле Евангелля міру, любові і праўды», гаворыцца ў тэксце.

Плён сумеснай працы

Малітва рыхтавалася групай з 77 прадстаўнікоў моладзі, духавенства, кансэкраваных асоб і душпастырскіх работнікаў Касцёла ў Карэі падчас адмысловых рэкалекцый. Адрэдагаваны тэкст быў ухвалены мясцовымі біскупамі і накіраваны ў Дыкастэрыю па справах свецкіх, сям’і і жыцця, якая зацвердзіла канчатковы варыянт.

«Гэта малітва за маладых людзей і за ўсіх, хто іх суправаджае, не толькі ў дні Сусветных дзён моладзі, але і цягам усяго перыяду падрыхтоўкі. Я спадзяюся, што, часта молячыся гэтай малітвай, мы адкрыем нашы сэрцы на ласку, якую Бог жадае выліць на Касцёл у Карэі, на наша грамадства, на паўсюдны Касцёл і на ўвесь свет»,

сказаў ксёндз Фрэнсіс Хі-Чхон Лі з арганізацыйнага камітэта СДМ-2027.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа