Пошук

12.11.2021 08:08   Catholic.by
Фота Віктара Ведзеня

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, адказны за моладзь у беларускім каталіцкім епіскапаце, кіруе слова да юнакоў і дзяўчат на 36-ы Сусветны дзень моладзі на дыяцэзіяльным узроўні, што з гэтага года будзе адзначацца ва ўрачыстасць Хрыста Валадара, якая сёлета прыпадае на 21 лістапада.

Шчыра вітаю ўсіх вас, маладыя сёстры і браты, а асабліва вітаю тых, хто спадарожнічае моладзі і клапоціцца аб яе духоўным развіцці — святароў і сясцёр законных, катэхэтаў і аніматараў.

Мае дарагія сябры! Распачынаючы пастырскае служэнне ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, у гаміліі я выказаў нашу, дарослых людзей, занепакоенасць: мы, дарослыя, глядзім на вас з пяшчотай і неспакоем: ці знойдзеце вы дарогу? Ці пойдзеце шляхам праўды і дабра? Ці вашае жыццё будзе прыгожым не таму, што яно будзе пазбаўлена выпрабаванняў, цяжкасцяў і памылак; не таму, што яно будзе паспяховым, а таму, што вы выбераце шлях праўды і дабра? Тады ж за Папам Францішкам я заахвочваў вас: памятайце, вы патрэбныя Касцёлу!

Касцёлу патрэбная ваша маладосць, энтузіязм, а вам патрэбны Езус!

І гэта праўда. Бог не зайздросны, Бог не з’яўляецца супернікам вашай свабоды, а вера — гэта не шэраг забаронаў, а вялікае «так» радасці, нават калі яна патрабуе высілкаў. Памятайце: вера не з’яўляецца ворагам розуму, але яна шукае розуму гэтак жа, як розум мае патрэбу ў веры, каб быць дасканалым.

Следам за Святым Айцом Францішкам прашу вас: учыніце наш Касцёл маладым. Маладым і дынамічным дзякуючы вашай прысутнасці ў ім, вашай маладосцю, вашымі планамі і пытаннямі. Для гэтага, па словах Папы, трэба устаць з выгоднай канапы, адарвацца ад манітора ці тэлефона, трэба пералезці праз агароджу вашага падворка, трэба вырвацца з дабравольна абранай самотнасці і самаізаляцыі (з адгартацыі «Радасць Евангелля» Папы Францішка).

Мае дарагія маладыя сябры, па рашэнні Папы Францішка, пачынаючы з гэтага года, Сусветныя дні моладзі будуць праводзіцца не ў Пальмовую нядзелю, а ў свята Хрыста Валадара Сусвету, якое сёлета прыпадае на 21 лістапада.

Тэмай сёлетняга, 36-а Сусветнага дня моладзі на дыяцэзіяльным узроўні з’яўляюцца словы: «Устань. Я раблю цябе сведкам таго, што ты бачыў» (пар. Дз 26, 16). У лісце, падрыхтаваным з гэтай нагоды, Папа Францішак запрашае нас да разважання над сцэнай з жыця святога Паўла. Пантыфік нагадвае, што святы Павел, якога называлі «апосталам народаў», раней быў фарысеем і пераследаваў хрысціянаў. Аднак, заўважае Папа, Езус давярае таму, хто Яго пераследваў.

Кожны з нас, як Павел, можа пачуць у глыбіні свайго сэрца той голас, які кажа: «Я давяраю табе. Я ведаю тваю гісторыю і бяру яе разам з табою ў свае рукі. Нават калі ты часта быў супраць мяне, я выбіраю цябе і раблю цябе сваім сведкам». Божая логіка можа зрабіць найгоршага пераследніка вялікім сведкам, сцвярджае папа Францішак.

Таму ўстаньце і дайце сведчанне любові і павагі, якія можна ўвесці ў чалавечыя адносіны, у сямейнае жыццё, у дыялог паміж бацькамі і дзецьмі, маладымі і старымі.

Адкрыйцеся «для сюрпрызаў Бога», які хоча асвятліць сваім святлом шлях маладога чалавека, шлях кожнай чалавечай асобы.

Любая моладзь! Заахвочваю вас, адкрыемся ж, каб слухаць голас Бога праз нашых братоў і сясцёр, каб дапамагчы адзін аднаму падняцца, каб быць прарокамі новага часу, поўнымі надзеі на ўзор Марыі Панны: «Марыя ўстала і пайшла паспешна» (пар. Лк 1, 39). Таму ўстань, паспяшайся, дапамажы, накіруй, будзь праводнай зоркай, якая паказвае шлях.

Ад усяго сэрца вас благаслаўляю,

ваш спадарожнік ✠ Юзаф.

Абноўлена 23.11.2021 15:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа