
14 лістапада ў Ватыкане было абнародавана Пасланне Папы Францішка на 38-ы Сусветны дзень моладзі, які 26 лістапада пройдзе ў Касцёле на дыяцэзіяльным узроўні.
Кароткі агляд папскага паслання дае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.
Тэмай звароту Пантыфіка сталі словы, якія святы Павел скіраваў да рымскай хрысціянскай супольнасці ў часы жорсткага пераследу: Цешцеся надзеяй (Рым 12, 12). Гэта была тая «радасць надзеі», якую прапаведаваў сам апостал: яна вынікае з пасхальнай таямніцы Хрыста, сілы Яго ўваскрасення, а не з’яўляецца «плёнам чалавечых высілкаў, інтэлекту ці мастацтва», — напісаў Пантыфік, падкрэсліўшы, што гаворка ідзе пра «радасць, якая ўзнікае ў выніку сустрэчы з Хрыстом» і ўсведамлення таго, што з’яўляемся прынятымі і любімымі Нябесным Айцом.
«На жаль, многія вашы аднагодкі, якія перажываюць досвед вайны, гвалту, цкавання і розныя формы няшчасцяў, пакутуюць ад роспачы, страху і дэпрэсіі. Яны адчуваюць сябе ў цёмнай вязніцы, няздольнымі ўбачыць промні сонца. Гэта драматычным чынам паказвае высокі ўзровень самагубстваў сярод моладзі ў розных краінах», — напісаў ён.
Пантыфік перакананы, што перад абліччам шматлікіх трагедый мы «можам быць выразам» Божай любові, «якая нараджае радасць і надзею нават там, дзе гэта здаецца немагчымым». Папа паставіў у прыклад галоўнага героя мастацкага фільма «Жыццё цудоўнае» — «маладога бацьку, які з лагоднасцю і фантазіяй здолеў ператварыць жорсткую рэальнасць у своеасаблівую прыгоду і гульню, падарыўшы такім чынам свайму сыну «вочы надзеі», абараніўшы яго ад жахаў канцэнтрацыйнага лагера, захаваўшы яго нявіннасць і перашкодзіўшы чалавечаму злу скрасці ў яго будучыню.
Папа Францішак заўважыў, што сведкамі надзеі сярод самых жудасных праяваў чалавечай злобы былі не толькі выдуманыя персанажы: імі былі таксама шматлікія святыя, сярод якіх ён згадаў Максімільяна Кольбэ, Жазэфіну Бакіту, благаслаўлёных Юзафа і Вікторыю Ульмаў і іх сямёх дзяцей.
Папа спаслаўся на французскага філосафа Шарля Пегі, які называў боскія цноты — веру, надзею і любоў — трымя сёстрамі, якія ідуць разам, а надзею — найменшай з іх. Нягледзячы на «пакорны» характар гэтай цноты, без яе немагчыма жыць: «надзея — соль нашай штодзённасці», — падкрэсліў Святы Айцец.
Ён нагадаў, што надзея з’яўляецца плёнам Пасхі.
«Хрысціянская надзея — гэта не просты аптымізм і не фальшывы лек для даверлівых: гэта ўпэўненасць, укаранёная ў любові і веры ў тое, што Бог ніколі не пакіне нас саміх і захавае сваё абяцанне: „Калі нават пайду далінай смяротнага ценю, не буду баяцца зла, бо Ты са мною“ (Пс 23 (22), 4). Хрысціянская надзея — гэта не адмаўленне болю і смерці, гэта святкаванне любові ўваскрослага Хрыста, які заўсёды з намі, нават калі здаецца далёкім. Сам Хрыстус з’яўляецца для нас цудоўным святлом надзеі і кіраўніцтва ў нашай ночы, таму што Ён — „ясная ранішняя зорка“ (Christus vivit, 33)», — падкрэсліў пастыр паўсюднага Касцёла.
Святы Айцец папярэдзіў, што іскра надзеі можа згаснуць, таму яе трэба заўсёды бараніць, каб яна працягвала ззяць. У першую чаргу для гэтага патрэбна малітва. «Дарагая моладзь, калі густы туман страху, сумневаў і прыгнёту акружае вас і вы не можаце больш разгледзець сонца, станавіцеся на сцежку малітвы, бо калі больш ніхто не слухае мяне, працягвае слухаць Бог», — дадаў Пантыфік.
Іншы сродак для падтрымання надзеі — канкрэтныя штодзённыя рашэнні. Папа заклікаў выбіраць «лад жыцця, заснаваны на надзеі». Ён паставіў у прыклад прысутнасць моладзі ў сацыяльных сетках: калі там здаецца прасцей распаўсюджваць кепскія навіны, канкрэтным рашэннем будзе намер дзяліцца «словамі надзеі».
Папа Францішак заўважыў, што, выходзячы ўвечары на вуліцу, моладзь запальвае ліхтарыкі сваіх смартфонаў, каб асвятліць дарогу, а на канцэртах тысячы такіх агеньчыкаў ствараюць вельмі прыгожую карціну.
«Уначы святло дапамагае нам бачыць рэчы па новаму, і нават цемра набывае вымярэнне прыгажосці. Падобным чынам адбываецца са святлом надзеі, якім ёсць Хрыстус. Нашае жыццё становіцца асветленым Ім, Яго ўваскрасеннем. Разам з Ім мы бачым усё ў новым святле», — напісаў Пантыфік, нагадаўшы, што калі святому Яну Паўлу ІІ прадстаўлялі якую-небудзь праблему, ён пытаўся: «Як яна выглядае ў святле веры?»
Святы Айцец заклікаў моладзь дапамагаць аднагодкам, якія згубілі надзею; не дазваляць абыякавасці і індывідуалізму заразіць сабе; быць адкрытымі каналамі, па якіх надзея Езуса можа цячы і распаўсюджвацца ў тыя асяроддзі, у якіх яны жывуць.