Пошук

28.04.2026 19:36   Аляксандр Панчанка / Vatican News BY

Святыя апекуны СДМ-2027 у Сеуле

Святыя Ян Павел ІІ, Андрэй Кім Таэгон, Франчэска Саверыя Кабрыні, Жазэфіна Бакіта і Карла Акуціс выбраны апекунамі Сусветных дзён моладзі, якія пройдуць у Сеуле ў 2027 годзе.

«З нагоды кожных Сусветных дзён моладзі выбіраюцца святыя апекуны як прыклад веры для моладзі і як правадыры дзякуючы сведчанню іх жыцця і іх духоўнасці», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленні мясцовага арганізацыйнага камітэта.

Пяць святых

Нагадваецца, што святы Ян Павел ІІ (1920–2005) заснавальнік Сусветных дзён моладзі, які запомніўся ўвагай, надаванай маладым людзям, сям’і і годнасці чалавечага жыцця. Святы Андрэй Кім Таэгон (1821–1846) — першы карэйскі каталіцкі святар, сімвал веры і адвагі, які прыняў мучаніцтва ў маладым узросце. Святая Франчэска Саверыя Кабрыні (1850–1917) — місіянерка, вядомая сваім клопатам пра мігрантаў і бедных. Святая Жазэфіна Бакіта (1869–1947) — былая нявольніца, якая стала законніцай і сведкай надзеі, свабоды і веры, перамененай праз пакуты. Святы Карла Акуціс (1991–2006) малады святы лічбавай эпохі, жыццё якога застаецца прыкладам лічбавай евангелізацыі.

Працэс выбару і малітва

Выбар нябесных апекуноў форума пачаўся напрыканцы 2024 года з правядзення агульнанацыянальнага апытання сярод моладзі, работнікаў сферы моладзевага душпастырства і выхавацеляў, пасля якога адбыўся разгляд кандыдатур і канчатковае зацвярджэнне з боку мясцовага арганізацыйнага камітэта. Потым група маладых валанцёраў на працягу двух месяцаў вывучала жыццё і духоўнасць гэтых святых. Шляхам абмеркаванняў і сумесных разважанняў маладыя людзі падрыхтавалі спецыяльную малітву і сімвал для кожнага святога, імкнучыся вылучыць тое асаблівае сведчанне, якое кожны з іх дае сучаснай моладзі.

«Пазнай свайго святога апекуна»

На афіцыйным сайце СДМ-2027 у Сеуле і ў сацыяльных сетках мясцовы арганізацыйны камітэт размясціў матэрыялы, якія дапамагаюць моладзі лепш пазнаёміцца з жыццём, духоўнасцю і сведчаннем апекуноў сустрэчы. Адмысловая інтэрактыўная функцыя «Пазнай свайго святога апекуна», створаная ў выглядзе тэста, прапануе маладым людзям адказаць на шэраг пытанняў з некалькімі варыянтамі адказаў, каб даведацца, які з пяці святых апекуноў найбольш блізкі іх асобе.

Абноўлена 28.04.2026 19:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.