Пошук

25.05.2023 13:06   Vatican News
Фота: Daniel Ibanez / CNA

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 24 мая прайшла на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане, Папа Францішак засяродзіўся на прыкладзе евангелізацыйнага запалу святога Андрэя Кіма Таэгона — першага карэйскага святара і мучаніка, жыццё якога «было і застаецца красамоўным сведчаннем руплівасці ў абвяшчэнні Евангелля».

Як паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец нагадаў, што каля 200 гадоў таму карэйская зямля была арэнай вельмі жорсткага пераследу хрысціянства, а вера ў Езуса Хрыста там азначала «гатоўнасць даць сведчанне да самай смерці».

Папа звярнуў увагу на два аспекты жыцця Андрэя Кіма. У першую чаргу ён распавёў, што з прычыны небяспечнай сітуацыі святы быў вымушаны весці размовы з хрысціянамі непрыкметна і заўсёды ў прысутнасці іншых людзей. Каб выявіць хрысціянскую тоеснасць суразмоўцы, Андрэй Кім спачатку карыстаўся таемным знакам, узгодненым загадзя, а потым пытаўся: «Ты вучань Езуса?»

«Паколькі пры размове прысутнічалі іншыя людзі, святы павінен быў казаць гэта шэптам, прамаўляючы вельмі мала словаў, толькі самыя галоўныя.

Такім чынам, для Андрэя Кіма выразам, які цалкам абагульняў хрысціянскую тоеснасць, быў выраз „вучань Езуса“», — патлумачыў Святы Айцец.

Папа падкрэсліў, што быць вучнем Пана значыць наследаваць Яго, ісці Яго шляхам. «Такім чынам хрысціянін па сваёй прыродзе з’яўляецца тым, хто прапаведуе і сведчыць пра Езуса. Кожная хрысціянская супольнасць атрымлівае ад Святога Духа гэтую тоеснасць, як і ўвесь Касцёл з дня Пяцідзясятніцы», — сказаў ён, падкрэсліўшы, што ад Святога Духа нараджаецца «евангелізацыйны і апостальскі запал, які набывае яшчэ большую каштоўнасць у неспрыяльным навакольным кантэксце». «Святы Андрэй Кім і іншыя карэйскія вернікі паказалі, што сведчанне Евангелля ў час пераследу можа прынесці вялікі духоўны плён», — дадаў Пантыфік.

Другі аспект жыцця святога Андрэя Кіма, на які звярнуў увагу пастыр паўсюднага Касцёла, датычыўся патаемнага прыняцця ім місіянераў з замежжа.

Гэта было нялёгкае заданне, бо тагачасны рэжым строга забараняў замежнікам трапляць на карэйскую тэрыторыю. Па гэтай прычыне евангелізацыяй у Карэі займаліся свецкія.

Папа распавёў, што падчас адной з такіх місій Андрэй Кім, стомлены доўгай дарогай, снежным надвор’ем і голадам, упаў на зямлю, рызыкуючы згубіць прытомнасць і замерзнуць. Але раптам ён пачуў голас, які сказаў яму: «Устань і ідзі!» Святы ўстаў і ўбачыў перад сабой быццам цень, які вёў яго.

Пантыфік падкрэсліў, што гэты досвед вялікага карэйскага сведкі дапамагае нам зразумець вельмі важны аспект апостальскай руплівасці: адвагу, неабходную для таго, каб падымацца пасля падзення.

«Якой бы цяжкой ні была сітуацыя, калі здаецца, што ў ёй няма месца для евангельскага паслання, мы не павінны здавацца і не павінны адмаўляцца ад самага важнага ў нашым хрысціянскім жыцці, а менавіта ад евангелізацыі», — зазначыў Святы Айцец.

Пантыфік заклікаў вернікаў углядацца ў прыклад святых і спрабаваць несці Евангелле ў свае штодзённыя асяроддзі: евангелізававаць сям’ю, евангелізаваць сяброў, казаць пра Езуса з сэрцам радасным і поўным энтузіязму.

«Гэтую здольнасць нам дае Святы Дух.

Давайце падрыхтуемся прыняць Святога Духа ў бліжэйшую Пяцідзясятніцу і будзем прасіць Яго аб ласцы евангелізацыйнай адвагі, ласцы евангелізавання, каб заўсёды несці пасланне Езуса», — сказаў на завяршэнне катэхезы Папа Францішак.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця