Пошук

23.11.2020 14:38   Паводле: Vatican News

Папа Францішак перанёс святкаванне Сусветнага дня моладзі на дыяцэзіяльным узроўні з Пальмовай нядзелі на ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Пантыфік паведаміў аб сваім рашэнні падчас цырымоніі перадачы сімвалаў Сусветных дзён моладзі, якая прайшла 22 лістапада ў базыліцы св. Пятра ў Ватыкане.

«У той час, калі мы рыхтуемся да наступных міжкантынентальных Сусветных дзён моладзі, я хацеў бы нагадаць пра яго святкаванне ў мясцовых Касцёлах. Праз 35 гадоў пасля ўстанаўлення Сусветных дзён моладзі, выслухаўшы розныя меркаванні, а таксама Дыкастэрыю па справах свецкіх, сям’і і жыцця, адказную за моладзевае душпастырства, я вырашыў перанесці дыяцэзіяльнае святкаванне Сусветнага дня моладзі з Пальмовай нядзелі на Нядзелю Хрыста Валадара, пачынаючы з наступнага года», — сказаў Папа.

Пантыфік зазначыў, што ў цэнтры ўвагі будзе заставацца таямніца Езуса Хрыста, Адкупіцеля чалавека, як гэта заўсёды падкрэсліваў заснавальнік і апякун Сусветных дзён моладзі св. Ян Павел ІІ.

«Дарагія юнакі і дзяўчаты, крычыце сваім жыццём пра тое, што Хрыстус жыве і валадарыць, што Хрыстус — Пан! Калі вы змоўкніце, закрычаць камяні», — дадаў Папа.

Пасля дэлегацыя з Панамы ўручыла сімвалы Сусветных дзён моладзі — крыж і копію іконы Маці Божай Salus Populi Romani — прадстаўнікам Партугаліі. Наступны моладзевы каталіцкі форум плануецца правесці ў 2023 г. у Лісабоне.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа