Пошук

Аўторак, 21 ліпеня 2009
21.07.2009 16:03
Жывое слова Божае і дзейснае (Гбр 4, 12) Умілаваныя ў Хрысце браты ў біскупскім і святарскім служэнні, кансэкраваныя асобы, вернікі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі! 1. У пастырскі год Божага слова, на пачатку Вялікага посту вітаю вас словамі з Паслання да Габрэяў: «Жывое слова Божае і дзейснае» (Гбр 4, 12) . Яно павінна заахвоціць нас да пакаяння і навяртання, бо гэта — праграма Вялікага посту. Хрыстус звярнуўся да сваіх слухачоў са словамі «Кайцеся і верце ў Евангелле» (Мк 1, 15) , якія мы чулі ў Папяльцовую сераду падчас пасыпання нашых галоваў попелам. На парозе Вялікага посту паставім сабе пытанне: ці слухаем мы слова Божае, ці прымаем яго, ці пакідае яно ў нас свой след, ці вядзе да пакаяння, ці перамяняе нас духоўна, ці ўмацоўвае яно нашу веру? Бо, як падкрэслівае Папа Бэнэдыкт XVI, Вялікі пост становіцца для нас падараванаю Божым Провідам нагодаю больш глыбока спасцігнуць сэнс і значэнне нашага быцця хрысціянамі, а таксама заахвочвае нас нанава адкрыць Божую міласэрнасць (пар. ПВП 2008) . Гэты час ласкі, які пачынаецца, час нашага навяртання, павінен дапамагчы нам жыць у адпаведнасці са словам Божым (пар. Як 1, 22) , а не быць толькі пасіўнымі яго слухачамі, якія падманваюць саміх сябе і робяць выгляд, што ў жыцці можна кіравацца прынцыпамі, адрознымі ад евангельскіх. 2. Слова Божае людзі чуюць найперш праз прапаведаванне Евангелля. У сувязі з гэтым ІІ Ватыканскі Сабор заклікае, каб касцёльнае прапаведаванне брала выток і натхненне са Святога Пісання (пар. VD, 21) . Таму ў абноўленай Літургіі шчодра прадстаўлена Божае слова. Яго скарб трэба набліжаць праз прапаведаванне Добрай Навіны. Зразумела, што перад абліччам выклікаў сучаснасці чалавеку патрэбна абгрунтаванае на Бібліі, жывое і актуалізаванае абвяшчэнне Евангелля. Слуга Божы Ян Павел ІІ вучыць, што пропаведзь, якая грунтуецца на біблейскіх тэкстах святой Імшы, дапамагае вернікам глыбей пазнаваць таямніцы веры і прынцыпы хрысціянскага жыцця (пар. СТ, 48) . Карыстаючыся выразам святога апостала Паўла, што «вера залежыць ад пачутага» (Рым 10, 17) , кардынал Ёзаф Ратцынгер, цяперашні Папа Бэнэдыкт XVI, вучыць, што вера — гэта ўспрыманне таго, што пачута, а не выдумана чалавекам (пар. ВХ, с. 54) . Акрамя слухання Божага слова неабходна таксама яго чытаць і разважаць над ім. Сёння нескладана набыць рэлігійную літаратуру. Усё больш людзей чытаюць не толькі Біблію, але і малітвы Літургіі гадзінаў. У многіх парафіях праводзяцца сустрэчы па вывучэнні Бібліі. На сайце Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі з’явіўся вельмі актуальны раздзел: Lectio Divina — «Духоўнае чытанне». У той жа час відавочна, што ўзровень рэлігійнага і маральнага жыцця пакідае жадаць лепшага, пра што сведчыць небяспечнае распаўсюджванне секулярызму, маральнага рэлятывізму, лібералізму, спажывальніцтва, прапаганда безадказнай і неабмежаванай свабоды, адмаўлення ад хрысціянскіх каштоўнасцяў і каранёў, з якіх мы выраслі. Для больш дзейснага абвяшчэння Добрай Навіны ІІ Ватыканскі Сабор заклікае слугаў слова звяртацца да Святога Пісання, сумленна яго чытаючы і вывучаючы, а вернікаў заахвочвае пазнаваць Хрыста праз чытанне, слуханне і вывучэнне Боскага Пісання (пар. DV 25) . Тут дарэчы будзе ўзгадаць словы кардынала Ёзафа Ратцынгера пра тое, што «сведчанне пра Бога змаўкае там, дзе мова становіцца толькі тэхнікай паведамлення пра „штосьці“» (ВХ с. 58) . Але ж мы павінны прапаведаваць не «штосьці», а «Кагосьці», гэта значыць — Бога. Такім чынам, недахопы ва ўспрыманні Божага слова крыюцца таксама ў тым, што яно часта ўспрымаецца не як Божае, а як чалавечае слова. Гэта асабліва актуальна для сучаснага чалавека, які жыве сярод імклівай плыні словаў і інфармацыі. Яму неабходна глыбокае асэнсаванне таго, чым сапраўды з’яўляецца Божае слова, і ўсведамленне яго прыроды. Чалавечае слова служыць для наладжвання кантактаў і перадачы інфармацыі. Яно можа суцешыць і можа параніць, можа служыць для прадстаўлення праўды і яе скажэння ці нават утойвання. Сучасны свет перажывае абясцэньванне слова. Лавіна словаў, якая валіцца на чалавека ў сродках масавай інфармацыі, вядзе да таго, што ён становіцца слаба ўспрымальным да значнай і прынцыпова важнай для яго інфармацыі. На скіраванае да яго слова ён нярэдка рэагуе павярхоўна або нават абыякава, выбіраючы толькі тое, што больш яму падыходзіць. На жаль, пры недахопе веры, рэлігійнай і тэалагічнай падрыхтоўкі такая рэакцыя часта пагаршаецца тым, што Божае слова ўспрымаецца як чыста чалавечае. Акрамя таго, чалавек не свабодны ад спакусы маніпуляцыі. Нездарма Папа Бэнэдыкт XVI асцерагае, што сёння некаторыя людзі імкнуцца сфальсіфікаваць слова Хрыста і выключыць з Евангелля «нязручныя» для сучаснага чалавека праўды. Можна ўбачыць таксама спробы стварыць уражанне, што ўсё адносна і што праўды веры залежаць ад гістарычнай сітуацыі і чыста чалавечай ацэнкі (пар. Гамілія Бэнэдыкта XVI на плошчы Пілсудскага ў Варшаве 26 мая 2006 г.) . Адгаворка, што, быццам, «мяне гэта не датычыцца або не цікавіць» з’яўляецца частым і характэрным адказам на Божае слова тых, хто не жадае будаваць сваё жыццё на хрысціянскіх запаведзях. Магчыма, гэта выглядае і смешна, але ў некаторых сучасных культурах не сціхаюць спрэчкі пра тое, чаму слова Бог — мужчынскага роду, а не жаночага ці ніякага. Абмяркоўваюцца таксама пытанні, чаму Касцёл выказваецца супраць эўтаназіі, абортаў, разводаў, аднаполых саюзаў ці выкарыстання стваловых клетак для кланавання, калі многія гэтага жадаюць, а парламенты некаторых краінаў нават дэмакратычным шляхам прымаюць адпаведныя законы. У той жа час асноўная мэта абвяшчэння Божага слова, як вучыць Папа Павел VI, — моцай Евангелля перамяніць вобраз чалавечага жыцця, які супярэчыць словам Пана і Яго планам збаўлення (пар. EN 19) . Цытуючы словы благаслаўлёнай маці Тэрэзы з Калькуты пра тое, што самая вялікая беднасць чалавека — гэта няведанне Хрыста, яе думку працягвае Святы Айцец Бэнэдыкт XVI, які сцвярджае, што асноўны ўнёсак Касцёла ў развіццё чалавецтва заключаецца ў прапаведаванні праўды Хрыста (пар. ПВП 2006) . А таямніцу чалавека і яго Боскае пакліканне вернікі пазнаюць менавіта праз Аб’яўленне (GS 22) . Таму першачарговая задача Касцёла заключаецца ў тым, каб схіліць слухачоў да разважання над прыродай і функцыяй Божага слова, каб у іх сэрцах спелі глыбокія і поўныя павагі адносіны да яго, і каб яно прынесла шчодры духоўны плён. 3. Слова Божае неабходна разумець як аб’яўленне Божага плану збаўлення, які рэалізуецца ў Хрысце. Гэта таксама жывое прапаведаванне Евангелля, яго нястомнае абвяшчэнне. Нездарма першыя хрысціяне просяць Бога: «Дай слугам Тваім з усёй адвагаю абвяшчаць слова Тваё» (Дз 4, 29) , а святы апостал Павел кажа, што для прапаведавання Божага слова не можа быць абмежаванняў (пар. 2 Цім 2, 9) : «Гора мне, калі я не абвяшчаю Евангелля» (1 Кар 9, 16) . Для належнага ўспрымання Божага слова неабходна мець спецыяльны ўнутраны настрой, пра які гаворыць Хрыстус у дыспуце з юдэямі: «Хто ад Бога, той слухае словы Божыя: вы таму не слухаеце, што вы не ад Бога» (Ян 8, 47) . У прыпавесці пра сейбіта Хрыстус звяртае ўвагу не толькі на ўтоеную, унутраную моц Божага слова, але і на тое, якім розным можа быць слуханне (пар. Мц 13, 1–23) , што становіцца мерай разумення гэтага слова. Таму заўсёды актуальным застаецца напамін з Апакаліпсіса святога Яна: «Хто мае вушы, няхай слухае тое, што Дух гаворыць Касцёлам» (Ап 2, 7) . 4. «Жывое слова Божае і дзейснае» (Гбр 4, 12) , і здольнае змяняць жыццё чалавека. Гісторыя хрысціянства ведае шмат прыкладаў гэтага. Узгадаем пакліканне апосталаў. На заклік Хрыста простыя рыбакі становяцца лаўцамі чалавечых душаў (пар. Мц 4, 18–22) . Словы Пана «Ідзі за Мною» (Мц 9, 9) робяць мытніка Левія руплівым апосталам Мацвеем. Сведка смерці святога дыякана Стэфана (пар. Дз 7, 58 – 8, 1) і ганіцель Касцёла Саўл (пар. Дз 8, 3 – 9, 1–2) падчас падарожжа ў Дамаск раптоўна быў аслеплены яркім святлом з неба і страціў зрок, але пачаў бачыць вачыма душы, калі пачуў словы Пана: «Я Езус, якога ты пераследуеш» (Дз 9, 5) , і стаў апосталам Паўлам, выбраным начыннем Пана (пар. Дз 10, 15) . Тая ці іншая ўсвядомленая і прынятая ўсім сэрцам думка Святога Пісання або яе тлумачэнне можа карэнным чынам змяняць лёсы людзей. Так, святы Аўгустын, які марнаваў сваё жыццё, атрымлівае ласку навяртання і становіцца вялікім хрысціянскім мысліцелем і святым. Францыск Асізскі замест багацця і прыбытковай купецкай справы выбірае служэнне беднага вандроўнага прапаведніка. Святая Эдыта Штайн адмаўляецца ад кар’еры прафесара філасофіі і ўступае ў ордэн кармэлітак, а потым пацвярджае сваю вернасць пакліканню мучаніцкай смерцю ў Асвенціме. Святы Рафал Каліноўскі, які па адукацыі быў ваенным інжынерам, пакідае службу і таксама становіцца манахам кармэлітам. 5. Лепшаму ўспрыманню Божага Слова павінны паспрыяць інтранізацыя Бібліі ў парафіі, сем’ях і невялікіх парафіяльных групах, арганізаванае вывучэнне Святога Пісання, сумесная малітва Літургіі Гадзінаў, духоўнае чытанне — Lectio Divina , пастаноўка інсцэніровак на біблейскія сюжэты, чытанне па ролях урыўкаў з Бібліі і суправаджэнне іх адпаведнымі каментарамі, прагляд і абмеркаванне фільмаў на біблейскія тэмы, арганізацыя конкурсаў біблейскіх ведаў, правядзенне свята «Дзень Бібліі» і шмат іншых ініцыятываў. 6. Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Няхай Вялікі пост, які ўжо распачаўся, стане для нас часам ласкі, часам выпрабавання нашага сумлення адносна абвяшчэння Божага Слова і яго ўспрымання. Няхай Вялікі пост дапаможа прымаць Божае Слова такім чынам, каб яно стала крыніцаю надзеі і вяло да шчырага пакаяння і веры ў Евангелле (пар. Мк 1, 15) , а значыць да навяртання. Няхай не застануцца незапатрабаванымі новыя магчымасці абвяшчэння Евангелля, якія мы атрымалі дзякуючы Божаму Провіду. Няхай кожны веруючы чалавек на парозе Вялікага Посту ўсклікне: «Кажы, Пане, бо слухае слуга Твой» (пар. 1 1 Сам 3, 9) , слухае, каб прыняць Тваё Слова і кіравацца ім. Няхай Марыя, якая 150 гадоў таму аб’явіўшыся ў Люрдзе, заклікала да малітвы і навяртання, дапамагае нам весці велікапоснае «духоўнае змаганне», каб мы маглі святкаваць Вялікдзень духоўна адноўленымі (пар. ПВП 2008) . На гэты шлях абвяшчэння і ўспрымання Божага Слова, даручаючы ўсіх вас Марыі, якая захоўвала ў сэрцы сваім словы пра свайго Сына Езуса Хрыста (пар. Лк 2, 19) , ад усёй душы благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Мінск, 2 лютага 2008 г. Свята Ахвяравання Пана       Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні: ІІ Ватыканскі Сабор. Пастырская канстытуцыя пра Касцёл у сучасным свеце Gaudium et spes (GS). II Ватыканскі Сабор. Дагматычная канстытуцыя пра Божае аб’яўленне Dei verbum (DV). Павел VI. Апостальская адгартацыя Evangelii nuntiandi (EN). Ян Павел II. Апостальская адгартацыя Catechesi tradendae (CT). Бэнэдыкт XVI. Пасланне на Вялікі пост 2006 г. (ПВП 2006). Бэнэдыкт XVI. Пасланне на Вялікі пост 2008 г.(ПВП 2008). Йозеф Ратцингер. Введение в христианство. Брюссель, 1988 (ВХ). Гамілія Бэнэдыкта XVI на плошчы Пілсудскага ў Варшаве 26 мая 2006 г. .
21.07.2009 15:30
Умілаваныя ў Хрысце Пану! Святам Святой Сям’і заканчваецца чарговы год малітвы ў інтэнцыі зачатых, але яшчэ ненароджаных дзяцей. Ад усяго сэрца мы хочам падзякаваць усім тым, хто распачаў акцыю духоўнага ўсынаўлення. Вы рашыліся на працу штодзённай малітвы і выконвалі добрыя ўчынкі, каб ратаваць найменшыя і найслабейшыя чалавечыя істоты. Вы сталі на абарону тых, хто не можа сам сябе абараніць. Малітваю і ахвяраю вы ахоўвалі іх ад смяротнага прысуду, які вынеслі ім бацькі, блізкія або ўрачы. Дзякуючы вашай дзевяцімесячнай малітве шмат маці прынялі рашэнне нараджаць і выхоўваць сваіх дзяцей. Імёны і прозвішчы людзей, якія распачалі акцыю духоўнага ўсынаўлення, былі запісаныя ў спецыяльныя парафіяльныя кнігі. Памяць пра іх будзе жыць. Яны застануцца ў гісторыі як сучасныя героі, якія не паддаліся модзе, але заўсёды стаялі на варце праўды і жыцця, г. зн. на баку Бога і Евангелля Жыцця. Сучасны свет прапануе іншы стыль жыцця. Ён высмейвае ўсялякія каштоўнасці, заахвочвае пакланяцца сабе і свайму целу, забывае пра ахвяранасць, пасвячэнне. У ім расце эгаізм і адсутнасць адказнасці. Гэта вядзе да крызісу сужэнства і сям’і, што ў сваю чаргу з’яўляецца небяспекаю для зачатых дзяцей. Гэта яны, як першыя, становяцца ахвярамі моды выгоднага жыцця. Гэта для іх не хапае месца ў сэрцы бацькоў і ў секулярызаваным грамадстве, і ў выніку — аборт або смерць зачатага дзіцяці на розных этапах яго жыцця. На жаль, у наш час нават хрысціяне часта ідуць за духам гэтага свету. Умілаваныя, мы не павінны паддавацца гэтай фальшывай «мудрасці» сучаснага свету. Як веруючыя людзі, мы маем сілы, каб жыць інакш. Падмацоўваючыся Евангеллем і Целам Хрыста, узмацняючы Божую ласку ў святых сакрамэнтах, мы ў стане крочыць Божымі сцежкамі незалежна ад моды, якая пануе ў свеце. Не будзем жа забываць пра вялікую годнасць, якою мы адораныя. Мы — дзеці Божыя. Давайце будзем шанаваць і развіваць гэтую годнасць як у сабе, так і ў іншых. Будзем жа сцерагчы яе так, як Марыя са святым Юзафам сцераглі Дзіцятка Езуса. Усіх людзей, якія абвяшчаюць Евангелле Жыцця словам, малітваю і прыкладам ад усяго сэрца благаслаўляем. Каталіцкія Біскупы Беларусі
21.07.2009 15:27
Браты ў святарскім і біскупскім служэнні, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры ў Хрысце! 1. 2008 год, які распачынаецца, у Каталіцкім Касцёле будзе адзначаны шэрагам выключна важных падзеяў, якія датычацца абвяшчэння Божага слова і яго значэння ў жыцці як кожнага верніка, так і ўсяго Касцёла. Гэта перадусім чарговы Сінод Біскупаў, прысвечаны слову Божаму ў жыцці і місіі Касцёла, які будзе праходзіць у Ватыкане ў кастрычніку, а таксама Год нястомнага прапаведніка Божага слова язычнікам святога апостала Паўла, які распачнецца 28 чэрвеня. Кіруючыся меркаваннямі больш поўнага ўдзелу ў пастырскай праграме Паўсюднага Касцёла, Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі прыняла рашэнне прысвяціць гэты год слову Божаму як крыніцы надзеі. Гэта таксама перагукаецца з вучэннем Святога Айца Бэнэдыкта XVI, пададзеным у яго апошняй энцыкліцы Spe salvi — «У надзеі мы збаўленыя», у якой Папа дае сведчанне Бібліі пра надзею (Spe salvi, 4–9) .   2. У эпоху ўзрастання секулярызму, маральнага рэлятывізму, што вядзе да адмаўлення трываласці і нязменнасці маральнага закона, прапаганды «цывілізацыі смерці» і адыходу ад «цывілізацыі жыцця», негатыўных адносінаў да маральных каштоўнасцяў, панавання духу спажывальніцтва і іншых заганаў сучаснага свету толькі Хрыстус застаецца нашай надзеяй. Ён, Слова Божае, спрадвеку існае ва ўлонні Айца (пар. Ян 1, 18) , так палюбіў нас, што дзеля нас і нашага збаўлення прыняў чалавечую натуру. Бог аб’явіўся нам з чалавечым абліччам і сэрцам, падзяліў з намі нашае жыццё ва ўсім, акрамя граху. Вызнанне гэтай праўды знаходзіцца ў сэрцы хрысціянскай веры, якая заснавана на вялікіх евангельскіх каштоўнасцях і таму можа станоўча ўплываць на жыццё, гісторыю і культуру розных народаў, — навучае Ян Павел ІІ (пар. Еcclesia іn Еuropa, 19) . Таму толькі звярнуўшыся да Хрыста, можна зноў знайсці страчаную надзею, якая надае жыццю сэнс. Хрыстус жа жыве і дзейнічае ў сваім Касцёле, у якім Ён праз Духа Святога працягвае сваю збаўчую справу (пар. Dei Verbum 7; пар. Еcclesia іn Еuropa, 22) . Перад Унебаўшэсцем Хрыстус звярнуўся да Апосталаў са словамі: «Ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку» (Мц 28, 19–20) . Ідучы за гэтым запаветам Пана, Касцёл нястомна абвяшчае Евангелле надзеі (пар. Еcclesia іn Еuropa, 45) , каб свет паверыў і жыў надзеяй. Гэта місія Касцёла, бо вера нараджаецца са слухання. Як жа можна паверыць, не пачуўшы? А як можна пачуць, калі ніхто не абвяшчае? (пар. Рым 10, 14.17) , — падкрэслівае святы Апостал Павел.   3. Святое Пісанне часта называюць «Кнігай надзеі». І сапраўды, Стары Запавет — гэта час месіянскай надзеі. Новы Запавет — час яшчэ не спраўджанай надзеі чакання другога прыйсця Хрыста ў хвале. Надзея Старога Запавету здзейснілася праз прыйсце ў свет Сына Божага і Яго збаўчую місію. Пакаленні людзей Новага Запавету жывуць надзеяй Яго новага прыйсця ў хвале. Пра надзею апавядаюць ужо першыя старонкі Старога Запавету. Можа гэта выглядае і парадаксальна, але пакаранне за грэх прабацькоў адначасова стала крыніцаю надзеі. Бог сказаў злому духу: «устанаўлю варожасць паміж табою і паміж жанчынаю, і паміж патомствам тваім, і паміж яе патомствам. Яно сатрэ табе галаву, а ты сатрэш яго пяту» (Быц 3, 15) . Гэтыя словы сталі прадказаннем перамогі над сіламі зла і такім чынам далі надзею. Таму нездарма гэты тэкст называецца «Протаевангеллем» ці «першай Добрай Навіной». Надзеяй на ўдзел у гэтай перамозе жыло чалавецтва да часу прыйсця ў свет Хрыста і Яго Уваскрасення. Гэтую надзею абуджалі, падтрымлівалі і ажыўлялі запаветы Бога з выбраным народам. Прадметам гэтых запаветаў часта былі матэрыяльныя і зямныя даброты, благаслаўленне, урадлівасць, дастатак малака і мёду ў зямлі абяцанай і г.д. (пар. Быц 12, 1-3; 49; Зых 3, 8.17) . Усё гэта давала надзею на будучыню. Увесь Стары Запавет — гэта час надзеі на прыйсце ў свет Месіі і адкупленне з няволі граху, а надзея, народжаная ў момант абвяшчэння Богам Протаевангелля, стала пачаткам часу месіянскага чаканння. Новы Запавет паказвае асаблівую сувязь чалавечай надзеі з абяцаннямі Бога. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла вучыць, што «надзея — гэта багаслоўская цнота, праз якую мы жадаем як нашага шчасця Валадарства Нябеснага і вечнага жыцця, ускладаючы наша спадзяванне на абяцанні Хрыста і абапіраючыся не на свае ўласныя сілы, але на падтрымку ласкі Духа Святога» (ККК 1817) . Святы Апостал Павел — гэта апостал і адначасова багаслоў надзеі. У Пасланні да Эфесцаў ён гаворыць, што ахрышчаныя сталіся спадкаемцамі ў Хрысце, на якога раней спадзяваліся (пар. Эф 1, 11-12) . У пасланні да Рымлянаў вучыць пра надзею шчасця вечнага: «Бо мы збаўлены праз надзею» (Рым 8, 24) . «Дзякуем Богу і Айцу нашага Пана Езуса Хрыста, заўсёды молячыся за вас, бо мы пачулі пра вашую веру ў Хрысце Езусе і пра любоў, якую маеце да ўсіх святых дзеля надзеі, што захавана для вас у нябёсах» (Клс 1, 3–5) , — кажа святы Павел у Пасланні да Каласянаў. Таму жыццё хрысціяніна — гэта трыванне ў надзеі будучай хвалы. Апостал народаў асабліва падкрэслівае ролю Святога Пісання для цноты надзеі: «Усё, што напісана было раней, напісана дзеля нашага павучэння, каб мы праз вытрываласць і заахвочванне Пісанняў мелі надзею» (Рым 15, 4) . Таму на тых, хто абвяшчае Евангелле, ускладзена асаблівая адказнасць за абвяшчэнне надзеі. «Гора мне, калі я не абвяшчаю Евангелля» (1 Кар 9, 16) , — усклікае апостал Павел.   4. У жыцці кожнага чалавека і грамадства надзея павінна быць задаткам будучыні. Гэта тая цнота, якая не толькі пакідае след у гісторыі чалавецтва, але і стварае яе, каб з Божай дапамогай весці людзей ў будучыню. Пры гэтым неабходна звярнуць увагу на сувязь, якая існуе паміж надзеяй і верай, прычым у аспекце таго, што вера з’яўляецца надзеяй, як вучыць Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у сваёй энцыкліцы пра збаўленне праз надзею (пар. Spe salvi, 2) . Ужо Другі Ватыканскі Сабор падкрэсліў, што кожны чалавек павінен ісці шляхам жывой веры, якая абуджае надзею і дзейнічае праз любоў (пар. Lumen gentium, 41) , а Слуга Божы Ян Павел ІІ у сваёй Апостальскай адгартацыі «Касцёл у Еўропе» адзначае, што наша спадзяванне ўкаранёна ў Хрысце і грунтуецца на веры ў Збаўцу (пар. Ecclesia in Europa, 18–22) , якога абвяшчае Евангелле. Такім чынам, трэба з надзеяй верыць у існаванне таго, што павінна стаць прадметам нашага пазнання ці валодання. Нярэдка слова «надзея» азначае тое самае, што і «вера». Нездарма Бэнэдыкт XVI кажа, што «надзея» па сваёй сутнасці з’яўляецца цэнтральным словам біблейскай веры (пар. Spe salvi, 2) . Надзея павінна рэалізавацца ў супрацоўніцтве з Богам. Усё залежыць ад самога чалавека і ад яго добрай волі. Бог нас ні да чаго не прымушае, Ён толькі заклікае да цнатлівага жыцця. Бэнэдыкт XVI у сувязі з гэтым навучае, што чалавеку патрэбны Бог, каб мець надзею (пар. Spe salvi, 23) . У надзеі знаходзіць крыніцу імкненне чалавека пазнаваць існуючы свет і авалодваць ім. У залежнасці ад таго, чым мы імкнемся валодаць, нашая надзея можа быць праўдзівай і памылковай. Прыкладам апошняй з’яўляецца імкненне да матэрыяльных дабротаў як жыццёвай мэты, а таксама імкненне да бяздзейнага і амаральнага жыцця, наркотыкаў, алкаголю, насілля, несправядлівасці і гэтак далей. Другі Ватыканскі Сабор нагадвае, што нельга цешыць сябе памылковай надзеяй, і навучае, што сярод трывогаў нашага часу Касцёл не губляе надзеі і заўсёды імкнецца несці апостальскую вестку сучаснаму свету: «вось цяпер час спрыяльны» для таго, каб перамяніліся сэрцы, «вось цяпер дзень збаўлення» (пар. 2 Кар 6, 2; Gaudium et spes, 82) . Хрысціянін павінен жыць надзеяй і не можа быць абыякавым да таго, што з’яўляецца прадметам гэтай надзеі. Таму святы апостал Павел заклікае, каб багатыя спадзяваліся не на багацце, а на Бога (пар. 1 Цім 6, 17) . Надзея дапамагае пераадольваць неймаверныя цяжкасці і выпрабаванні. Гэта пацвярджаюць тыя, хто прайшоў праз ссылкі і канцэнтрацыйныя лагеры. Дзень пры дні яны жылі надзеяй як быццам насуперак надзеі (пар. Рым 4, 18) . Папа Бэнэдыкт XVI ставіць у прыклад в’етнамскага кардынала Нгуен ван Туана, які правёў у зняволенні трынаццаць гадоў, дзевяць якіх — у ізаляцыі. У сітуацыі, здавалася б, поўнага адчаю магчымасць слухаць Бога і размаўляць з Ім умацоўвала ў ім сілу надзеі (пар. Spe salvi, 32) . Тут таксама варта згадаць і Сведку веры кардынала Казіміра Свёнтка, які, хоць атрымаў спачатку смяротны прысуд, а потым быў асуджаны на ссылку ў лагеры, без рэшты даручыў сябе Богу і на Яго ўсклаў сваю надзею, якая яго не падвяла. Як бачым, нястомная надзея на лепшае з’яўляецца неад’емнаю часткаю сутнасці хрысціянства. Надзея з’яўляецца таксама «лекам» ад усялякіх «хваробаў», перадусім — недасканаласцяў і недахопаў. Як прырода не зносіць пустэчы, якая павінна быць запоўнена, так і ў сэрцах веруючых надзея выпраўляе недасканаласці і дапаўняе недахопы. Зло — гэта адсутнасць дабра, або маральная пустэча, таму надзея, якая запаўняе гэтую пустэчу, з’яўляецца эквівалентам дабра. Пажаданне «лепшай будучыні», дзякуючы самому пажаданню «паляпшэння», становіцца канструктыўным і нясе надзею. Жыццё кожнага чалавека — гэта чаканне, якое без надзеі было б пустой тратай часу. Дзякуючы цноце надзеі чаканне становіцца прадуктыўным, а жыццё чалавека — своеасаблівым перыядам адвэнту, які дае надзею на вечнае жыццё, пра што цудоўна кажа Святы Айцец Бэнэдыкт XVI. Дзякуючы надзеі мы можам супрацьстаяць цяжкасцям сучаснага жыцця і яго выклікам. І хоць хрысціяне не ведаюць, што іх чакае ў будучыні, тым не менш, яны ўпэўненыя, што іх жыццё не скончыцца пустэчаю. Усё гэта гарантуе ім якасна новае жыццё на гэтай зямлі (пар. Spe salvi, 1–2) .   5. Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Жыццё чалавека па Божай задуме павінна быць напоўнена надзеяй і імкненнем да вызначанай мэты. Таму святы Апостал Павел шкадуе аб лёсе язычнікаў, якія бядуюць, не маючы надзеі (пар. 1 Тэс 4, 13) . Аўтар Паслання да Габрэяў кажа, што надзея для душы — гэта бяспечны і моцны якар (пар. Гбр 6, 19) , а кардынал Ёзаф Ратцынгер, сённяшні Папа Бэнэдыкт XVI, падкрэслівае, што надзея, скіроўваючы чалавека да сузірання Божага аблічча, вядзе да сапраўднага духоўнага аздараўлення і насычэння (пар. W drodze do Jezusa Chrystusa, с. 29) . Год, які распачынаецца, — Год Божага слова як крыніцы надзеі — павінен наблізіць нас да Хрыста, якога мы пазнаем у Святым Пісанні, каб няўхільна трымацца вызнання надзеі (пар. Гбр 10, 23) і ніколі не адступаць ад яго (пар. Гбр 10, 35) . Сёння, ва ўрачыстасць Трох Каралёў, мы сузіраем таямніцу Аб’яўлення Пана. Бэтлеемская зорка, як сімвал надзеі, прывяла іх да Дзіцяці Езуса, у якім вачамі веры яны распазналі доўгачаканага Месію. Святы Грыгорый Назіянзскі кажа, што з Аб’яўленнем Бога завяршылася эпоха астралогіі, бо, пачынаючы з гэтага моманту, зоркі чалавечых лёсаў рухаюцца ўжо па арбітах, вызначаных Хрыстом. Гэта значыць, што надалей ужо не законы космасу ці прыроды, як меркавалі да Хрыста, кіруюць светам і чалавекам, але Бог-Асоба (пар. Spe salvi, 5) . У асобе трох Магаў, якіх традыцыя называе Каралямі, Бог аб’явіў сябе народам. Сёння праз сваё Слова Ён аб’яўляе сябе нам, людзям ужо XXI стагоддзя, аб’яўляе як надзею, бо пазнаць Бога — азначае атрымаць надзею (пар. Spe salvi, 3) . Таму няхай абвяшчэнне Евангелля надзеі стане нашай славай і сэнсам існавання, як заклікае Слуга Божы Ян Павел ІІ (пар. Ecclesia in Europa, 45) , каб кожны чалавек спадзяваўся на слова Пана (пар. Пс 130(129), 5) . Няхай Слова Божае, якое дае надзею, будзе святлом на нашым шляху (пар. Пс 119(118), 105) , каб мы не заблукалі ў свеце, поўным неонавых агнёў і адначасова прасякнутым духоўнаю цемраю. Год, які распачынаецца, няхай спрыяе ўмацаванню міжхрысціянскіх адносінаў, асабліва Каталіцкага Касцёла з Праваслаўнай Царквою. Бо Святое Пісанне разам з Традыцыяй з’яўляецца крыніцай веры як для католікаў, так і для праваслаўных. Менавіта яно і агульная пазіцыя адносна асноўных праблемаў сучаснага свету з яго выклікамі дазваляюць нам сцвярджаць, што значна больш ёсць таго, што нас аб’ядноўвае, чым таго, што падзяляе. Даручаючы ўсіх вас Марыі, Маці надзеі, на шлях абвяшчэння і захоўвання Божага Слова як крыніцы нашай надзеі ад усяго сэрца благаслаўляю ў Імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Мінск, 1 студзеня 2008 г. Урачыстасць Святой Багародзіцы Марыі
21.07.2009 15:16
Быць гатовым да прыйсця Хрыста Шаноўныя браты ў біскупскім і святарскім служэнні, кансэкраваныя асобы, вернікі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі! 1. Сардэчна вітаю ўсіх вас і віншую з пачаткам новага літургічнага года, які распачынаецца Адвэнтам. Слова «адвэнт» мае лацінскае паходжанне і азначае «прыйсце», якога чакаюць. Узнікае лагічнае пытанне: каго ж мы чакаем, хто павінен прыйсці? Касцёл адказвае: Хрыстус. Але ж Ён ужо прыйшоў, і 7 гадоў таму мы святкавалі Вялікі Юбілей двухтысячагоддзя Нараджэння Хрыста. Так, сапраўды, гістарычны Адвэнт скончыўся. Аднак мы жывем, чакаючы другога прыйсця Хрыста ў хвале. І кожны літургічны год зноў і зноў прапануючы нам таямніцу нашага збаўлення, вядзе да гэтай мэты. У гэтай таямніцы асаблівае і найбольш важнае месца займае таямніца Уцелаўлення Бога, гэта значыць — таямніца Нараджэння Хрыста, да якой Касцёл вядзе нас у перыяд Адвэнту. 2. У сённяшнім Евангеллі мы чуем недвухсэнсоўны заклік: чуваць і быць гатовымі да прыйсця Хрыста, бо мы не ведаем ні дня, ні гадзіны, калі Ён прыйдзе (пар. Мц 24, 44) . Таму неабходна абудзіцца са сну, як заклікае ў Пасланні да Рымлянаў святы Апостал Павел (пар. Рым 13, 11) . Гэта не што іншае, як праграма Адвэнту. З мэтаю яе рэалізацыі на «авансцэне» Адвэнту з’яўляецца «адвэнтавы» прарок — святы Ян Хрысціцель, становячыся своеасаблівым звяном паміж Старым і Новым Запаветамі. З перыяду напружанага чакання Збаўцы ён уводзіць чалавецтва ў рэальнасць Яго прысутнасці ў гэтым свеце. Менавіта ён заклікаў пакаяцца і падрыхтаваць дарогу Пану, які надыходзіць (пар. Мц 3, 2–3) , і менавіта ён прадставіў Яго людзям, кажучы: «Вось Ягнё Божае; вось Той, хто бярэ на сябе грахі свету» (пар. Ян 1, 29) . Заклік святога Яна Хрысціцеля падрыхтаваць шлях Пану, які надыходзіць, не страціў сваёй актуальнасці і ў наш час. Усім добра вядома, што па дрэннай, няроўнай, выбоістай дарозе або па горнай дарозе са шматлікімі крутымі паваротамі, са стромымі ўздымамі і спускамі ехаць небяспечна, і далёка па ёй не заедзеш. Але ж для поўнага і гарманічнага развіцця чалавека недастаткова мець добрыя дарогі, развітую інфраструктуру і эканоміку. Неабходна звярнуць увагу і на яго ўнутраную, духоўную складальную. Якая яна сёння ў чалавека, які жыве ўжо ў XXI стагоддзі, у постмадэрнісцкі час? Ці прысутнічае ў нашым штодзённым жыцці Хрыстус? Ці з’яўляемся мы Яго сведкамі? Што аб’ядноўвае нас з Касцёлам — жыццё ў ласцы, ці, можа, толькі пасведчанне хросту? Сапраўдныя, яўныя мы хрысціяне ці ананімныя? Ці з гатоўнасцю мы адчыняем дзверы Хрысту, які прыходзіць у Евангеллі, у сакрамэнтах і ў служэнні Касцёла? Ці, можа, гэтыя дзверы зачынены на сем замкоў? Магчыма, на шляху да нашага сэрца мноства завалаў, а дарога стромкая, выбоістая, з незлічонымі спускамі і ўздымамі? Такімі перашкодамі з’яўляюцца нашыя грахі. Менавіта яны ўскладняюць шлях Пану, які надыходзіць. А без Яго, як Ён сам кажа, мы нічога не можам зрабіць (пар. Ян 15, 5) . А зрабіць трэба нямала. Куды ні кінем позірк — паўсюль праявы амаральнасці і рэлігійнай абыякавасці, і гэта ва ўмовах, калі існуюць вялікія магчымасці для ўзрастання ў веры, у цнотах і ў хрысціянскім сведчанні. Сучасная сям’я перажывае крызіс. Яе знішчаюць разводы і сужэнская нявернасць. Бачым, што ў пагардзе знаходзіцца бясцэнны Божы дар — чалавечае жыццё, якое забіваюць яшчэ да нараджэння. Прычым усё гэта адбываецца са згоды маці і, нярэдка, пад уплывам бацькі; здзяйсняецца ў абсталяваных па апошнім слове тэхнікі медыцынскіх кабінетах; ажыццяўляецца ўрачамі, якія далі клятву Гіпакрата і пакліканыя захоўваць жыццё. Але ж эмбрыён — гэта ўжо чалавек, гэта жыццё: кожны з нас у свой час быў эмбрыёнам. Да ўжо звыклага, на жаль, п’янства далучаецца наркаманія, якая знішчае чалавека, асабліва маладога. Квітнее прастытуцыя, а безадказная эратычная любоў вядзе да дэградацыі чалавека, які становіцца «таварам», як гаворыць Папа Бэнэдыкт XVI у сваёй першай энцыкліцы «Бог ёсць любоў» (пар. DCE, 4–5) . Чумой нашага часу стаў СНІД, які распаўсюджваецца вельмі хутка. Шмат маладых людзей паводзяць сябе на паказ амаральна, нават не задумваючыся пра тое, што ўводзяць у спакусу іншых, асабліва дзяцей. У свеце так шмат праяваў сацыяльнай несправядлівасці, насілля, тэрарызму, міжнацыянальных канфліктаў, ксенафобіі і іншых жахлівых з’яваў!.. Прычына гэтых і іншых праблемаў сучаснага грамадства — яго секулярызацыя, якая праяўляецца найперш у рэлігійнай неадукаванасці і абыякавасці, ва ўзрастанні амаральнасці, у адсутнасці пачуцця граху, у маральным рэлятывізме, што адмаўляе непарушнасць маральных нормаў, у такім жыцці, як быццам Бог не існуе. Яго месца ўсё часцей і часцей займае імкненне да ўзбагачэння і задавальненняў. Але ж хлеба і відовішчаў (гэта значыць задавальненняў) прагнулі таксама старажытныя рымляне. А дзе сёння тая вялікая і магутная Рымская імперыя?! Жыццё без Бога вядзе да таго, што замест стварэння цывілізацыі любові і жыцця чалавецтва стварае цывілізацыю несправядлівасці, нянавісці і смерці. Прычым гаворка ідзе як пра фізічную смерць — бо цывілізаваны свет старэе, — так і пра смерць духоўную, бо, жывучы амаральна, створаны паводле вобразу і падабенства Божага чалавек (пар. Быц 1, 27) губляе сваё Боскае аблічча. Словам, сучасны чалавек заражаны бацылаю сур’ёзнай духоўнай хваробы. Гэта — вірус бездухоўнасці з усімі наступствамі, якія ён цягне за сабою, што відаць простым вокам. 3. Таму цалкам натуральна ўзнікае пытанне: што рабіць? Дзе шукаць выратавання? Які ўрач і з дапамогай якіх лекаў можа вылечыць сучаснага, духоўна хворага чалавека? Калі фарысеі папракалі Хрыста ў тым, што Ён ходзіць у дамы мытнікаў і сустракаецца з грэшнікамі, Езус адказаў ім, што лекар патрэбны хвораму, а не здароваму (пар. Мц 9, 12) . Гэта значыць, што ў духоўным сэнсе гэтым лекарам з’яўляецца Ён сам. Хрыстус можа вылечыць таксама сучасны свет, які тоне ў грэшным віры секулярызму. Аднак для таго, каб урач паставіў дыягназ і прадпісаў адпаведныя лекі, неабходна спачатку прыйсці да яго на прыём. У нашым выпадку неабходна сустрэцца з Хрыстом, перадусім у сакрамэнце пакаяння. Умоўна кажучы, трэба пайсці «на прыём» да святара — у канфесіянал. Нездарма Хрыстус кажа аздароўленым пракажоным: «Ідзіце, пакажыцеся святарам» (Мц 8, 4) , каб тыя пацвердзілі аздараўленне. Толькі святар Новага Запавету, які дзейнічае ад імя Хрыста, словамі малітвы разграшэння можа вылечыць ад граху. Вялікі ў сваёй міласэрнасці Бог (пар. Эф 2, 4) у сакрамэнце пакаяння сам прыходзіць да нас і нас лечыць. У размове з самаранкай Езус кажа пра жывую ваду, якую Ён дае (пар. Ян 4, 6–15) . Тая вада — гэта неабходная для збаўлення Божая ласка. 4. Сапраўдны сэнс Нараджэння Хрыста, да якога мы рыхтуемся падчас Адвэнту, — гэта Яго нараджэнне ў нашых душах праз Божую ласку. Для таго, каб Хрыстус — лекар нашых душаў — нарадзіўся ў нашых сэрцах і іх аздаравіў, неабходна падрыхтаваць, расчысціць для Яго шлях. Калі мы чакаем госця, то рыхтуемся да яго візіту. Ці можа быць госць, больш важны за Хрыста? У вышэй-шай ступені неразважлівым мы б назвалі тапельца, які не хапаецца за пададзены яму выратавальны круг. Не будзем прыпадабняцца да яго і пастараемся выкарыстаць кожную магчымасць для нашага духоўнага адраджэння. «Вось стаю каля дзвярэй і стукаюся. Калі хто пачуе Мой голас і адчыніць дзверы, увайду да яго і буду вячэраць з ім, а ён са Мною» (Ап 3, 20) , — кажа Хрыстус. Адзін мастак, натхнёны гэтымі словамі, намаляваў карціну: Хрыстус стаіць каля дзвярэй і стукаецца. Яго маленькі сын уважліва паглядзеў на выяву і сказаў: «Тата, ты дрэнна намаляваў гэтую карціну, бо ў дзвярах няма ручкі, і той чалавек, які ў іх стукаецца, не зможа ўвайсці, нават калі яго і запросяць». На гэта мастак адказаў: «Сыне мой, гэты чалавек — Хрыстус, і стукаецца Ён у дзверы нашых сэрцаў, якія можна адчыніць толькі знутры». Сапраўды, ніхто, акрамя нас саміх, не зможа адчыніць дзверы нашых сэрцаў і ўпусціць туды Хрыста. Ніхто, акрамя нас, не зможа падрыхтаваць Яму шлях да нас. Гэта павінны зрабіць мы самі, і гэта — асноўная і найбольш важная задача Адвэнту. Нездарма святы Аўгустын кажа: «Ты, Божа, стварыў мяне без майго ўдзелу, але збавіць мяне без мяне самога не зможаш». Бог прапануе збаўленне, але рашэнне пакідае чалавеку, шануючы свабоду яго волі. Людзі з нецярплівасцю чакаюць святаў Божага Нараджэння. У крамах ужо пачалася перадсвяточная мітусня. Мы клапоцімся пра падарункі, якіх асабліва чакаюць дзеці. Усё больш папулярным становіцца зімовы адпачынак у калядны час, і людзі загадзя плануюць, як яго правесці. Аднак гэтыя клопаты не павінны засланіць ад нас таго галоўнага, што трапна акрэсліў наш суайчыннік Адам Міцкевіч: «Чалавек, ты верыш, што Бог нарадзіўся ў Бэтлеемскай стаенцы, але бяда табе, калі Ён не народзіцца ў тваім сэрцы». 5. Для збаўлення яшчэ не дастаткова толькі верыць у тое, што крыху больш за дзве тысячы гадоў таму ў бедным бэтлеемскім заездзе адбыўся цуд Богаўцелаўлення, дзякуючы якому ў свет прыйшоў Бог з чалавечым абліччам і сэрцам, а сама чалавечая прырода была ў гэты час абагаўлёная, напоўніўшыся Боскасцю. Неабходна, каб гэтае абагаўленне стала нашым лёсам, гэта значыць, каб нашыя сэрцы сталі Бэтлеемам нашага часу і каб у іх нарадзіўся Бог. Знамянальна тое, што Адвэнт, які сёння распачынаецца, мы перажываем у Год паклікання да святасці і ў 90-ю гадавіну аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме, а таксама тое, што ў новым Літургічным годзе мы будзем адзначаць 150-гадовы юбілей аб’яўленняў Маці Божай у Люрдзе, дзе Яна пацвердзіла догмат пра сваё Беззаганнае Зачацце. Абвяшчэнне ўсіх трох частак фацімскай таямніцы не азначае яе завяршэння. Фацімская таямніца надалей актуальная, бо яна перадусім заклікае да малітвы, да пакаяння і навяртання. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас свайго візіту ў Бразілію 13 мая гэтага года сказаў, што фацімскія аб’яўленні з іх моцным заклікам да навяртання і пакаяння з’яўляюцца найбольш значнымі прароцтвамі сучаснасці (Бэнэдыкт XVI, Малітва Regina caeli, санктуарый у Апарэсідзе, 13 мая 2007 г.) . Праўда веры пра Беззаганнае Зачацце Найсвяцейшай Панны Марыі — гэта вельмі актуальны ў наш час заклік да духоўнай, маральнай чысціні. Усё гэта павінна асаблівым чынам стымуляваць нас да духоўнага адраджэння і імкнення да святасці ў гэты час падрыхтоўкі да Божага Нараджэння. Сёння, распачынаючы Адвэнт, прыслухаемся да словаў святога Апостала Паўла, які заклікае абудзіцца са сну (пар. Рым 13, 14) , і да закліку святога Яна Хрысціцеля падрыхтаваць шлях Пану, які надыходзіць (пар. Мц 3, 3) . Няхай жа не будзе страчаны гэты каштоўны час Адвэнту. Няхай стане ён часам ласкі, які дапаможа нам годна падрыхтавацца да святаў Нараджэння Хрыста і перажыць іх як таямніцу Богаўцелаўлення, што рэалізуецца ў нашым жыцці. На гэтым шляху духоўнага адраджэння даручаю ўсіх вас Марыі — Маці адвэнтавага чакання — і ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, і Сына, і Духа Святога. Амэн. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Рым-Мінск, 25 лістапада 2007 г. Ва ўрачыстасць Хрыста Валадара
Субота, 18 ліпеня 2009
18.07.2009 18:51
Браты і сёстры ў Хрысце Пану! 21 верасня 2007 года Святы Ацец Бэнэдыкт XVI прызначыў Яго Эксцэленцыю Арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які да гэтага часу з’яўляўся Мітрапалітам архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве, Мітрапалітам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. На працягу года я спаўняў абавязкі Апостальскага Адміністратара Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і жадаў бы сёння з гэтай нагоды выказаць сваю шчырую ўдзячнасць усім тым, хто працаваў на карысць Касцёла. Сардэчную падзяку выказваю сваім найбліжэйшым супрацоўнікам, святарам — як законнікам, так і дыяцэзіяльным святарам, — за добрасумленную працу на жніве Пана. Свае словы скіроўваю ў адрас клерыкаў з просьбай вытрываць у пакліканні. Дзякую сёстрам і братам законным за супрацоўніцтва і дапамогу ў розных служэннях, а таксама за іх працу. Дзякую ўсім тым, хто з дапамогаю друкаванага слова і аўдыёвізуальных сродкаў пашыраў Добрую Навіну ў чалавечых сэрцах. Дзякую вам, народзе Божы, за веліч вашых сэрцаў у прыняцці Божых праўдаў і за вашае сведчанне веры ў розныя перыяды гісторыі Касцёла на Беларусі. За ўсё ўчыненае вамі дабро і зразуменне няхай усіх вас благаславіць Добры Бог. У нашых малітвах будзем з удзячнасцю памятаць пра папярэдняга Мітрапаліта кардынала Казіміра Свёнтка. Будзем маліцца за арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча. Ад вашага і ад свайго імя я даслаў арцыбіскупу тэлеграму з віншаваннямі. Пра дзень урачыстага ўваходу ў мінскую архікатэдру арцыбіскупа Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча будзе зроблена спецыяльнае паведамленне. Біскуп Антоні Дзям’янка Апостальскі Адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
18.07.2009 18:46
Зварот Мiтрапалiта Тадэвуша Кандрусевiча да духавенства, кансэкраваных асобаў, свецкіх вернікаў i ўсiх людзей добрай волi ў сувязi з прызначэннем арцыбiскупам Мiтрапалiтам Мiнска-Магiлёўскiм   Глыбокапаважаныя святары, манахi i манахiнi, вернiкi, усе людзi добрай волi! 1. У свята святога Мацвея, апостала і евангелiста, 21 верасня 2007 года Святы Айцец Бэнэдыкт XVІ прызначыў мяне новым Мiнска-Магiлёўскiм Мiтрапалiтам. У гэты такі важны для мяне дзень з патрэбы сэрца звяртаюся да вас як ваш новы i адначасова былы бiскуп. Бог пiша гiсторыю, i мы — у Ягоных руках. 25 лiпеня 1989 г., у дзень святога Апостала Якуба, Слуга Божы Ян Павел II прызначыў мяне Мiнскiм бiскупам у якасцi Апостальскага Адмiнiстратара для католiкаў лацiнскага абраду ў Беларусi. Так што сваё бiскупскае служэнне я пачынаў у Айчыне. Гэта быў асаблiвы час, час пачатку духоўнага адраджэння Бацькаўшчыны пасля многiх дзесяцiгоддзяў зняволення Касцёла. Я добра памятаю той энтузiязм, з якiм мы бралiся за адбудову каталiцкiх структураў, змагалiся за вяртанне касцёлаў, шукалi святароў, утваралi Вышэйшую духоўную семiнарыю ў Гродне, каб рыхтаваць сваiх, беларускiх, слугаў алтара, друкавалi катэхiзісы, iмшалы i рэлiгiйную лiтаратуру на беларускай мове.   2. 13 красавiка 1991 года Апостальская Сталiца ўстанавiла новыя структуры Каталiцкага Касцёла ў Беларусi, Расii i Казахстане. Ксёндз прэлат Казiмiр Свёнтэк быў прызначаны першым Мiнска-Магiлёўскiм арцыбiскупам Мiтрапалiтам i адначасова Апостальскiм Адмiнiстратарам Пiнскай дыяцэзii, а ксёндз Аляксандр Кашкевiч — ардынарыем Гродзенскай дыяцэзii. Я быў пераведзены ў Маскву Апостальскiм Адмiнiстратарам для католiкаў лацiнскага абраду Еўрапейскай часткi Расii.   3. Больш за 16 гадоў я прысвяцiў служэнню ў Расii, дзе трэба было клапацiцца як пра адраджэнне Каталiцкага Касцёла, так i пра наладжванне адносiнаў з іншымi веравызнаннямi (перш за усё — з Рускай Праваслаўнай Царквою) i з грамадствам. Практычна трэба было распачынаць з пачатку. Дзякуючы ахвярнай працы святароў, манахаў i манахiняў, простых вернiкаў нам сумесна ўдалося адрадзiць зруйнаваны багаборчым рэжымам Касцёл у Расii. Былi ўстаноўленыя яго нармальныя структуры. У Санкт-Пецярбургу дзейнiчае Вышэйшая духоўная семiнарыя «Марыя — Каралева Апосталаў». Буйна развiлася выдавецкая дзейнасць. Толькi ў архiдыяцэзii Мацi Божай у Маскве за гэты час было выдадзена больш за 600 найменняў розных рэлiгiйных кнiг. Выходзiць штотыднёвік «Святло Евангелля». Выдадзены два тамы Расiйскай каталiцкай энцыклапедыi i ўжо здадзены ў друк трэцi. Выдаецца 6 часопiсаў. У Маскве i Санкт-Пецярбургу ёсць свае каталіцкія радыёпраграмы. У сталiцы Расii знаходзiцца велiчная i вельмi прыгожая катэдра, каля якой пабудаваныя новая курыя з залай для канферэнцый i парафiяльны дом. Устаноўлены i актыўна дзейнiчаюць патрэбныя для нармальнага функцыянавання касцёльныя камiсii i дабрачынныя арганiзацыi. Нямала было зроблена для развiцця мiжхрысцiянскага i мiжрэлiгiйнага дыялогу, хоць у гэтай галiне яшчэ неабходна шмат працы, ахвяры i малiтвы. Каталiцкi Касцёл у Расii хоць i малы, але за апошнiя 16 гадоў ён стаў неaд’емнай часткай расiйскага грамадства i робiць усё магчымае для яго духоўнага адраджэння. Я ад’язджаю з Расii, пакiдаючы ў ёй частку свайго сэрца.   4. У той самы час Каталiцкi Касцёл — гэта Сусветны Касцёл, якiм кiруе наступнiк святога апостала Пятра. У волi Папы Рымскага я заўсёды бачыў i сёння бачу волю самога Бога. Гэта — крэда майго святарскага i бiскупскага служэння. Таму з пачуццём велiзарнай адказнасцi я прымаю новае прызначэнне, якое вяртае мяне ў родную Беларусь. Я вяртаюся, каб далей працягнуць распачатае 18 гадоў таму назад служэнне першага бiскупа на Беларусi ў сучаснай яе гiсторыi i — з вялiкай удзячнасцю — тую вялікую і неацэнную працу, якую выканаў у Мiнска-Магiлёўскай архідыяцэзii i ў Касцёле на Беларусi Сведка веры кардынал Казiмiр Свёнтэк i ў апошнi год — Апостальскi Адмiнiстратар бiскуп Антонi Дзям’янка. Сёння мы можам бачыць пэўную пераемнасць. У 1991 годзе кардынал Казiмiр Свёнтэк змянiў мяне, цяпер я атрымаў накiраванне туды, дзе ён ахвярна служыў да 2006 года.   5. Дарагiя святары Мiнска-Магiлёўскай архiдыяцэзii! Вы несяце галоўную адказнасць за духоўны стан нашых парафiй, супольнасцяў i вернiкаў. Дзякуючы за ахвярную працу, сёння звяртаюся да вас як ваш новапрызначаны бiскуп: заўсёды будзьце верныя свайму святарскаму паклiканню; будзьце «спецыялiстамi» па сустрэчы чалавека з Богам i вядзiце людзей да Яго, як да гэтага заклiкае Святы Айцец Бэнэдыкт XVI. Няхай Эўхарыстыя, слова Божае i святарскiя абяцанні будуць для вас крынiцаю сiлы, патрэбнай для спаўнення вашых нялёгкiх абавязкаў. Спадзяюся на плённае супрацоўнiцтва i адкрыты дыялог.   6. Дарагiя манахi, манахiнi i асобы кансэкраванага жыцця! Манаства з’яўляецца багаццем усяго Касцёла. Як няма манаства без Касцёла, так i няма манаства па-за Касцёлам. Жадаю росквiту i плённай працы для розных харызмаў манаства, якiя сваiм суквеццем узбагачаюць мясцовы Касцёл. Спадзяюся на вашу дапамогу, супрацоўнiцтва і далейшае сумленнае служэнне духоўнаму адраджэнню, будаўнiцтву касцёльнай супольнасцi Мiнска-Магiлёўскай архiдыяцэзіi.   7. Дарагiя вернiкi! Бiскуп, святары, манахi, манахiнi, вернiкi — усе разам яны складаюць сапраўдны Касцёл, iмя якому — Народ Божы. Вернiкi — яго галоўная частка. Бiскуп разам са святарамi, прадстаўнiкамi iнстытутаў манаства i супольнасцяў кансэкраванага жыцця паклiканы служыць для вас. Менавiта да вас перш за ўсё мяне пасылае Святы Айцец Бэнэдыкт XVI, каб мы ўсе разам маглi працаваць для праслаўлення Бога і збаўлення душаў. Словамi святога Аўгустына кажу сёння вам: «Хачу быць для вас усiх бiскупам i разам з вамi быць хрысцiянiнам».   8. З глыбокай надзеяй звяртаюся да прадстаўнікоў іншых канфесiй i рэлiгiй. Усе мы паклiканыя садзейнiчаць адраджэнню i ўмацаванню духоўнасцi ў нашай краiне, а таксама развiццю дыялога як памiж намi, так i з грамадствам. Са словамi вялiкай павагi i ўдзячнасцi я асобна звяртаюся да Мiтрапалiта Мiнскага i Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусi Фiларэта. Перад небяспечнымi выклiкамi сучаснага секулярызму i маральнага рэлятывiзму Каталiцкi Касцёл i Праваслаўная Царква займаюць аднолькавыя пазiцыi i гатовыя супрацоўнiчаць у справе абароны i ўкаранення хрысцiянскiх каштоўнасцяў. Спадзяюся, што наша супрацоўнiцтва будзе развiвацца далей i прынясе добры плён для нашай Бацькаўшчыны.   9. Звяртаюся да дзяржаўных уладаў Рэспублiкi Беларусь, Мiнска i Магiлёва, іншых адмiнiстратыўных цэнтраў нашай архiдыяцэзіi. Каталiцкi Касцёл iснуе ў Беларусi на працягу многiх стагоддзяў i мае сваю традыцыю. Пасля многiх дзясяцiгоддзяў зняволення ён зноў устаў на ногi i дынамiчна развiваецца. I дзяржаўныя ўлады, i Касцёл — усе мы разам павiнны служыць людзям. Недастаткова клапацiцца толькi пра матэрыяльны дастатак чалавека, бо ён, акрамя цела, мае i душу, якая, у сваю чаргу, патрабуе належнай павагi i апекi. Вядома, што духоўна здаровы i маральны чалавек будзе добрым i сумленным грамадзянiнам. Перад намi паўстаюць тыя ж самыя пытаннi i праблемы. Гэта, перш за усё, праблемы сям’i, дэмаграфii, алкагалiзму, наркаманii, выхавання моладзi, развiцця дабрачыннасцi i г.д. Молячыся за дзяржаўныя ўлады, я спадзяюся на ўзаемнае паразуменне ў нашых адносiнах i плённае ўзаемадзеянне на карысць Айчыне.   10. Паважаныя браты i сёстры, усе людзi добрай волi! У 1991 годзе, калi я атрымаў прызначэнне ў Расiю, я працытаваў кнiгу Быцця, калi Бог сказаў Абраму: «Выйдзi са сваёй роднай зямлi i з дому айца твайго ў зямлю, якую табе пакажу» (Быц 12, 1) . Сёння Божым Провiдам я вяртаюся на сваю родную зямлю. У кнiзе Зыходу гаворыцца, што Iзраэль перамагаў амалiкiцянаў, калi Майсей малiўся з паднятымi ўгору рукамi. Але калi яму было цяжка доўга трымаць iх паднятымi, тады Аарон i Ор падтрымлiвалi iх (пар. Зых 17, 11–13) . Давяраючы сваё служэнне ў Мiнска-Магiлёўскай архiдыяцэзii Божай Мацi i Апекуну Беларусi святому Мiхалу Арханёлу, прашу вас малiцца за мяне, каб я мог годна выканаць даручанае Богам праз Папу Бэнэдыкта XVI служэнне ў Беларусi, каб мы ўсе маглi перамагчы зло, пераадолець секулярызм, маральны рэлятывiзм i лiбералiзм на хвалу Пана i для збаўлення людзей. Дэвiзам свайго бiскупскага служэння я выбраў словы Quis ut Deus — «Хто ж як Бог». Па-старагабрэйску гэта — iмя святога Арханёла Міхала, апекуна Беларусі. Дарагiя суайчыннiкi! Для вас Бог заўсёды быў на першым месцы. Давайце супольна зробiм усё магчымае, каб небяспечныя выклiкi нашага часу не аддалiлi нас ад Яго i каб Ён заўсёды ўзмацняў нас i заставаўся крынiцай нашай радасцi i надзеi! На гэты шлях няхай усiх нас благаславiць усемагутны Бог: Айцец + i Сын, i Дух Святы. Арцыбіскуп Мiтрапалiт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевiч Масква, 21 верасня 2007 г. Свята св. Мацвея, апостала i евангелiста
18.07.2009 18:24
І. Значэнне адпачынку: час, прысвечаны Богу Сёння мы сабраліся, каб у Імя Божае распачаць пілігрымку ў Будслаў. Магчыма, многія людзі, гледзячы на вас, будуць здзіўляцца: чаму час уласнага адпачынку вы прысвячаеце рэлігійным мэтам? Няўжо не лепш было б паехаць куды-небудзь на мора або, прынамсі, на лецішча? Аднак нам нельга забывацца пра тое, што чалавек з’яўляецца адзінствам душы і цела. Адпачынак чалавека — гэта не толькі «перадых» для змучанага цела, але таксама дыханне для душы. А чалавечая душа адпачывае толькі ў кантакце з Богам, і гэты кантакт нясе з сабою адкрыццё сэнсу жыцця чалавека і дае сілы любіць бліжняга. У такім свеце, якім ён з’яўляецца сёння, — прасякнутым духам спаборніцтва, шалёным імкненнем да поспеху, — умацаванне цела і духу проста неабходнае. Асабліва гэта датычыць людзей, якія жывуць у горадзе, бо ўмовы іх жыцця часта пазбаўленыя месца для цішыні, роздуму ці адпачынку на ўлонні прыроды. Бэнэдыкт XVI сказаў такія словы пра час летняга адпачынку: «Канікулы — гэта таксама дні, калі можна прысвяціць больш часу малітве, чытанню і разважанням над глыбінным сэнсам жыцця (...). Час канікулаў — гэта таксама выключная нагода для таго, каб сузіраць невымоўную прыгажосць прыроды, цудоўную „кнігу“, даступную ўсім, вялікім і малым» (17.07.2005 г.) . Таму пілігрымка, напоўненая малітвай і слуханнем Божага Слова, злучаная з сузіраннем прыроды, рэкаў і лясоў, з’яўляецца вельмі добрым спосабам правесці частку свайго адпачынку. Так павінен адпачываць чалавек, які шануе праўду пра тое, што ў яго ёсць не толькі цела, але і душа. Той, хто клапоціцца выключна пра адпачынак цела, няхай не здзіўляецца, што пазней яму не хапае духоўных сілаў, сталай веры, здольнай супрацьстаяць спакусам роспачы, дэпрэсіі, уцёкам ад сваёй штодзённасці, імкненню да поспеху за кошт іншых і нават за кошт уласнай сям’і. Кантакт з прыродай дапамагае чалавеку бачыць сябе такім, які ён ёсць. Мы адкрываем, што з’яўляемся стварэннем малым, але выключным. Мы можам усвядоміць, што наш дух адкрыты на Бясконцасць і таму «здольны адкрыць Бога». Пытанне пра сэнс жыцця можа дапамагчы нам убачыць у навакольным свеце дабро, прыгажосць і дзеянне Божага Провіду. Такая сустрэча з прыродай адкрывае нас для пакланення і малітвы.   ІІ. Усе мы пілігрымуем да Бога Пілігрымка ў Будслаў з’яўляецца своеасаблівым сімвалам нашага жыцця, гэта як бы вандраванне ў дом Нябеснага Айца. На шляхі пілігрымкі ў дом Спрадвечнага ўваходзіць той, хто распачынае духоўную або ўнутраную пілігрымку. Гэта імкненне да святасці. У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла напісана: «Святасць немагчымая без самаадрачэння і духоўнай барацьбы. Духоўнае развіццё прадугледжвае аскезу і пакаянне, якія паступова вядуць да жыцця ў супакоі і радасці благаслаўленняў» (ККК 2015) . Першым крокам аскезы і пакаяння з’яўляецца пазнанне самога сябе, а для гэтага неабходныя намаганні і адрачэнні. У пасланнях Апосталаў чытаем такія словы: «Калі кажам, што не маем граху, ашукваем саміх сябе, і няма ў нас праўды» (пар. 1 Ян 1, 8–9) . Такім чынам, кожны чалавек мае ў сабе пэўную супярэчнасць, якая знішчае ў ім належныя адносіны да рэчаў, да іншых асобаў і да Бога. У сучасным свеце наша ўнутраная супярэчнасць праяўляецца ў нястрымным імкненні да багацця, улады, прэстыжу і выгоднага жыцця. Ачышчэнне ад гэтых наступстваў першароднага граху з’яўляецца крытэрыем сталай індывідуальнасці і веры. Святы Аўгустын нагадвае нам пра вельмі важны прынцып, які пабуджае нас да працы над сабою: «Бог стварыў цябе без цябе, але Ён не збаўляе цябе без цябе». Колькі ж падчас пілігрымкі мы маем бясцэнных нагодаў для таго, каб пазнаць саміх сябе, колькі разоў мы адкрывалі розныя праявы нашага эгаізму і пыхі, якія ў нашым штодзённым жыцці не заўважаем? Са здзіўленнем мы можам прачытаць у Катэхізісе, што вынікам адмовы ад аскезы, змяншэння чуйнасці ў адносінах да сябе, занядбання імкнення да святасці з’яўляецца дэпрэсія і заняпад духу (пар. ККК, 2733) — сучасныя хваробы чалавека. Аскеза вядзе да пазнання ўласнай слабасці, да адкрыцця таго, што наша воля вельмі лёгка паддаецца розным спакусам. Чалавек, які практыкуе адрачэнне і пакаянне, прыходзіць да пакоры як першага плоду аскезы. Чалавек пакорны не здзіўляецца свайму ўбоству, бо яно вядзе яго да большага даверу і дапамагае вытрываць у пастаянстве. Дэпрэсія і заняпад духу — гэта вынік адкрыцця свайго ўбоства, пра якое мы не падазравалі. Мы ўражаны ўласнай слабасцю і не можам прымірыцца з такім абліччам саміх сябе. Ва ўнутранай пілігрымцы да святасці мы не адны. Езус становіцца для нас сябрам у Эўхарыстыі. Еднасць з Ім праз спажыванне Яго Цела і Крыві вызваляе ў нас сілы дабра, якое перамагае зло ў нашым сэрцы. Такім чынам можа распачацца перамена свету — з сэрца чалавека, які імкнецца да святасці. Бэнэдыкт XVI так акрэсліў неабходныя сродкі для зямнога вандравання: «Для таго, каб ісці наперад у зямной пілігрымцы да Нябеснай Айчыны, нам усім неабходны спажытак Слова і Хлеба вечнага жыцця, якія з’яўляюцца непадзельнымі» (22.02.2006 г.) .   ІІІ. Пілігрымка мае на мэце паглыбленне сувязі з Марыяй Вы пілігрымуеце да Маці Божай Будслаўскай, каб шукаць у Яе падтрымкі ва ўнутраным пілігрымаванні да святасці, скарбу нашага жыцця, які ні іржа не знішчыць, ні злодзей не скрадзе, і за які варта аддаць усё, што маем, нават жыццё, як гэта ўчыніў святы Андрэй Баболя, трохсотпяцідзесятую гадавіну мучаніцкай смерці якога мы адзначалі ў маі гэтага года. Марыя з’яўляецца нашай найпершай дапамогай, бо, хоць сярод усіх чалавечых стварэнняў Яна была найбліжэй да Бога, але як пакорная Слуга з дня ў дзень вандравала ў своеасаблівай пілігрымцы веры (пар. Lumen gentium, 58) . Яна была здольная нястомна разважаць у сваім сэрцы пра словы, якія Бог скіраваў да Яе, і праз Святое Пісанне, і праз падзеі жыцця Яе Сына. Яна таксама можа навучыць нас слухаць Езуса ў падзеях нашага жыцця, спрабуючы бачыць у іх пасланні Божага Провіду. Урэшце, слухаць Яго ў братах, асабліва ў малых і ўбогіх, для якіх сам Езус патрабуе нашай дзейснай любові. Слухаць Хрыста і быць паслухмяным Яго голасу — гэта частка нашага пілігрымавання да святасці. Найсвяцейшая Панна ўсім сваім жыццём увасабляла таямніцу Эўхарыстыі. Эўхарыстычны Хлеб, які мы прымаем, — гэта беззаганнае Цела Яе Сына. Бэнэдыкт XVI нагадаў у энцыкліцы пра Эўхарыстыю пра тое, што «хрысціянская старажытнасць акрэслівала гэтым самым выразам — Corpus Christi — Цела, народжанае з Дзевы Марыі, Цела Эўхарыстычнае, а таксама тое Цела, якім з’яўляецца Касцёл» (Sacrosanctum Concilium, 15) . Марыя вызнала сваю «эўхарыстычную веру» яшчэ да таго, як была ўстаноўлена Эўхарыстыя. Гэта здзейснілася праз факт ахвяравання Ёю свайго дзявочага ўлоння, каб магло здзейсніцца Уцелаўленне Божага Слова. Марыя з’яўляецца для нас найпершай неабходнай дапамогай у нашай зямной пілігрымцы ў Нябесную Айчыну. Менавіта ў Яе школе мы можам вучыцца прымаць спажытак Божага Слова і Хлеба жыцця вечнага, якія Бэнэдыкт XVI назваў непадзельнымі і неабходнымі для кожнага пілігрыма. Пілігрымка ў Будслаў з’яўляецца своеасаблівым знакам. Мы, народы Усходняй Еўропы, нагадваем усяму кантыненту пра яго хрысціянскія карані. Гэтая пілігрымка з’яўляецца ўвасабленнем гарачага жадання Слугі Божага Яна Паўла ІІ, які ў 1982 годзе ў Сант’яго-дэ-Кампастэла заклікаў: «Я, біскуп Рыма і пастыр паўсюднага Касцёла, звяртаю да цябе, Еўропа, з Сант’яго заклік, поўны любові: абудзі сама сябе, знайдзі сама сябе, будзь сабою, адкрый свае пачаткі; ажыві свае карані, ажыві тыя сапраўдныя каштоўнасці, якія ўчынілі тваю гісторыю цудоўнай, а тваю прысутнасць сярод іншых кантынентаў — благаслаўлёнай».
18.07.2009 18:07
Шаноўныя святары, вялебныя законныя сёстры, паважаныя катэхеты і настаўнікі, дарагія бацькі, умілаваныя дзеці і моладзь! Хутка ўжо празвініць апошні званок у 2006/07 катэхетычным і навучальным годзе. Ён будзе знакам заканчэння гадавой працы, а таксама пачаткам канікул. Прыйшоў час заслужанага адпачынку для вучняў і настаўнікаў. Амаль ва ўсіх парафіях на тэрыторыі нашай архідыяцэзіі праводзілася катэхізацыя, злучаная з немалымі клопатамі і ахвярнай працай святароў, законных сясцёр, катэхэтаў і вучняў. Менавіта праз іх Евангелле Езуса Хрыста было данесена да нашых дзяцей і моладзі. Сёння жадаю ўзгадаць усіх іх і выказаць ад свайго імя і ад імя катэхетычнага аддзела Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі вялікую падзяку і належную пашану за іх ахвярнасць, адданне без рэшты сваіх сіл, духоўных і фізічных, каб у гэты нялёгкі час дэмаралізацыі ўказваць веруючым людзям праўдзівую дарогу. Сваю ўдзячнасць скіроўваю да дырэктараў школ і настаўнікаў, за тое, што яны сваёю паставаю, поўнаю чалавечнасці і высокіх маральных каштоўнасцяў, выхоўвалі маладое пакаленне, дапамагаючы юнакам і дзяўчатам станавіцца добрымі і адказнымі грамадзянамі нашай краіны. Сардэчна дзякую бацькам, якія з клопатам пра духоўнае развіццё сваіх дзяцей рупіліся аб іх рэгулярнай прысутнасці на катэхізацыйных занятках у парафіях. Асаблівую пахвалу выказваю моладзі і дзецям за іх адказны падыход і вернае выкананне свайго хрысціянскага абавязку пастаянна паглыбляць рэлігійныя веды. Падчас Эўхарыстычнай Ахвяры з нагоды заканчэння катэхетычнага і навучальнага года заахвочваю ўсіх вас шчыра дзякаваць Пану Богу за ўсе атрыманыя ў гэтым годзе ласкі. 10 чэрвеня, ва ўрачыстасць Божага Цела, мы ўсе як адна сям’я, з’яднаная супольнасць архідыяцэзіі, будзем дзякаваць Богу за пасеянае зерне падчас рэлігійнага навучання. Няхай актыўны ўдзел дзяцей, моладзі, бацькоў і катэхетаў у гэтай урачыстасці будзе сведчаннем нашай веры. Усім вернікам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, як тым, якія навучаюць, таксама і тым, якія вучацца, сардэчна жадаю, каб перажывалі глыбокую радасць ад таго, што катэхізацыя займае належнае месца ў жыцці нашага Касцёла. Усіх тых, хто клапоціцца пра будучыню і далейшае развіццё рэлігійнага навучання, ад усяго сэрца благаслаўляю. Мінск, 14.05.2007 г. † Біскуп Антоні Дзям’янка Апостальскі Адміністратар Sede vacante et ad nutun Sanctae Sedis Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
18.07.2009 17:57
Быць сведкам веры сёння Умілаваныя ў Хрысце мае дыяцэзіяне! У гэтым годзе мы адзначаем 350-ю гадавіну мучаніцкай смерці святога Андрэя Баболі, якую ён прыняў у Янаве (у цяперашні час — Іванава) 16 мая 1657 года ад казакаў, ворагаў Каталіцкага Касцёла. Кім быў гэты мучанік? Святы Андрэй Баболя быў манахам-езуітам. Манаскую і святарскую фармацыю ён прайшоў ва ўстановах свайго ордэна. Святарскае пасвячэнне прыняў 12 сакавіка 1622 года ў Вільні. Чым ён займаўся? Настаяцелі даручалі св. Андрэю розныя абавязкі, з якімі ён цудоўна спраўляўся. Ён быў настаўнікам і выхаваўцам свецкай моладзі і тых, хто рыхтаваўся да манаства, мадэратарам Марыянскай Садаліцыі ў шматлікіх езуіцкіх школах, напрыклад, у Браневе, Пултуску, Полацку, Нясвіжы. Члены Марыянскай Садаліцыі ўпрыгожвалі набажэнствы і працэсіі, працавалі, не чакаючы ўзнагароды, у шпіталях, прытулках і вязніцах. Яны былі сведкамі веры. Святы Андрэй спаўняў таксама абавязкі настаяцеля ў Нясвіжы, Бабруйску, Пінску. Акрамя таго ў Пінску ён спаўняў абавязкі прапаведніка, рэктара Калегіума і мадэратара Марыянскай Садаліцыі. Многія праваслаўныя ахвотна слухалі яго казанні і катэхезы, аддавалі сваіх дзяцей у калегіум. Часта гэта быў іх шлях навяртання ў каталіцызм. Найбольш ахвотна наш святы спаўняў абавязкі прапаведніка і вандроўнага місіянера. Каго называлі вандроўным місіянерам? Гэта быў святар-законнік, які хадзіў з вёскі ў вёску, вучыў малітвам, праўдам святой веры, хрысціў, спавядаў, цэлебраваў святую Імшу, удзяляў святую Камунію, злучаў пары сакрамэнтам сужэнства, узмацняў у веры католікаў, шчыра дапамагаў жадаючым перайсці з праваслаўя ў каталіцызм, набліжаў людзям Хрыста, а тым самым уздымаў чалавечыя каштоўнасці і ўзровень жыцця. Дзейнасць і папулярнасць св. Андрэя сталі прычынаю яго мучаніцкай смерці. Якімі былі абставіны мучаніцтва? Еўропа знаходзілася ў стане міжусобных канфліктаў. На Русі казакі, якія валодалі баявымі навыкам і мелі прагу да незаконнага ўзбагачэння, былі выкарыстаныя ворагамі Каталіцкага Касцёла, каб знішчаць святыні і кляштары, забіваць свецкіх католікаў і святароў, асабліва уніятаў і езуітаў. У маі 1657 г. на Пінск, Янаў і іх ваколіцы напалі казакі. Як свецкія католікі, так і духоўныя асобы шукалі прытулку ў лясах і суседніх мясцовасцях. Казакі ж рабавалі, што хацелі, хапалі, каго хацелі, і забівалі, як хацелі. І вось, 15 мая ў Гарадку яны схапілі і забілі а. Шымона Маффона, езуіта, а на наступны дзень, пасля паўдня, схапілі а. Андрэя Баболю ў вёсцы Перадзела каля Янава. Яго мучылі незвычайна жорстка. Здзекі над ім працягваліся дзве гадзіны і скончыліся ў 15.00. Яго бічавалі, білі па твары так, што выбілі некалькі зубоў, вырывалі пазногці на руках, сціскалі галаву дубовымі абручамі. Пасля гэтага а. Андрэя звязалі вяроўкаю, прывязалі да двух коней і пагналі ў Янаў, каб паставіць яго перад сваімі завадатарамі. Тыя працягнулі лютыя здзекі з дапамогаю шабляў, нажоў, агню і прыладаў, якія знайшліся на бойні. Урэшце, яго падвесілі за ногі да столі, галавою ўніз, і калі казакам надакучыла чакаць смерці Божага слугі, яны абрэзалі вяроўку. Калі Апостал любові і адзінства хрысціянаў упаў на зямлю, яго дабілі, двойчы ўдарыўшы шабляю па шыі. Ян Павел ІІ сказаў: «Ён памёр, аддаючы сваё жыццё за каталіцкую веру, замучаны з нянавісці да каталіцкай веры хрысціянамі, якія не былі католікамі» (29.05.1988 г.) . Святога мучаніка пахавалі ў Пінску, у крыпце езуіцкага касцёла. Культ святога Андрэя Толькі праз сорак пяць гадоў, 16 красавіка 1702 года, труну з целам Андрэя Баболі дасталі з зямлі, па ўказанні самаго святога, якое ён даў у сне рэктару калегіума ў Пінску Кіпрыяну Гадэбскаму. Адкрыўшы труну, прысутныя ўбачылі, што цела Андрэя захавалася нятленным, з усiмi слядамi катаванняў. Яго паклалі ў новую труну, якую змясцілі на ўзвышэнні пасярод касцёльнай крыпты. Да рэліквій пачалі прыбываць шматлікія пілігрымы. Людзі атрымлівалі незвычайныя ласкі. Асаблівым праяўленнем клопату св. Андрэя пра жыхароў Піншчыны быў прызнаны той факт, што іх абмінула эпідэмія, якая з сярэдзіны 1709 і да канца 1710 года забрала тысячы ахвяраў у Польшчы і Літве. У 1712 годзе быў распачаты беатыфікацыйны працэс, але толькі 30 кастрычніка 1853 г. Папа Пій IX абвясціў Андрэя Баболю благаслаўлёным . Яго культ распаўсюджваўся ў Польшчы, Літве, на Русі. У 1918 г. польскія біскупы звярнуліся да Папы Бэнэдыкта XV з просьбай аб кананізацыі благаслаўлёнага Андрэя. Пасля шматлікіх даследаванняў заяўленых цудаў, 17 красавіка 1938 года ва ўрачыстасць Уваскрасення Пана Папа Пій XI абвясціў Андрэя Баболю святым . Духоўны партрэт нашага апекуна Святы Андрэй меў высакародны характар. Пакорны, сціплы, ён не клапаціўся пра выгоды, быў працавітым, мужным, але імпульсіўным, запальчывым, упарта абараняў свае меркаванні, з-за чаго меў шмат клопатаў у манаскім жыцці. У кантактах з вызнаўцамі іншых рэлігій ён быў ураўнаважаны, хоць і бескампрамісны ў тым, што датычылася вернасці Евангеллю і Касцёлу. Яго называлі «душахватам», «лаўцом душаў», «Апосталам Піншчыны», святым. Святы Андрэй — Апякун Пінскай дыяцэзіі У 1925 годзе, калі была створана Пінская дыяцэзія, біскуп Зыгмунт Лазінскі атрымаў ад Апостальскай Сталіцы дазвол на тое, каб бл. Андрэй Баболя быў абвешчаны яе Апекуном. З 1926 г. кожны год 16 мая ў Янаве адбываліся ўрачыстасці з удзелам біскупа Зыгмунта Лазінскага, а пазней — біскупа Казіміра Букрабы. Іх называлі «янаўскімі ўрачыстасцямі». У іх прымалі ўдзел вернікі лацінскага і ўсходняга абрадаў не толькі з Пінскай дыяцэзіі, але таксама з розных мясцовасцяў Польшчы. Другая сусветная вайна, атэістычны палітычны рэжым, рэпатрыяцыя палякаў, ператварэнне янаўскага касцёла спачатку ў склад збожжа, потым — у дом культуры і, урэшце, у склад розных прадметаў мясцовага гарвыканкама — усё гэта зрабіла немагчымым развіццё культу св. Андрэя ў Янаве і пілігрымкі на месца яго мучаніцтва. Толькі пасля рэгістрацыі парафіі ў 1991 г. і вяртання касцёла, якое адбылося 21 кастрычніка 1994 года, з 16 мая 1995 года ізноў пачалі адбывацца пілігрымкі жыхароў Беларусі на месца мучаніцкай смерці святога Андрэя Баболі. Але ўжо з 199 0 года кожны год 16 мая ў Янаў прыбывалі аўтобусныя пілігрымкі з Польшчы, Велікабрытаніі, ЗША, Аргентыны, Аўстраліі, Украіны. Дыяцэзіяне моляцца да св. Андрэя. З нагоды кананічнай біскупскай візітацыі парафіяне даручалі сябе апецы святога. Былі надрукаваны розныя малітвы, абразкі і брашуры на беларускай мове, якія знаёмяць з асобаю святога апекуна, а з нагоды юбілею, які мы цяпер адзначаем, быў адчаканены медалік з выяваю святога Андрэя Баболі. Святкаванне юбілею 350-ю гадавіну мучаніцкай смерці святога Андрэя Баболі наша дыяцэзія будзе святкаваць на працягу цэлага года. Гэта будзе Год святога Андрэя Баболі — сведкі веры. Святкаванне распачнецца навэннай, якая будзе адпраўляцца ў кожнай парафіі з 7 па 15 мая. 16 мая мы будзем перажываць галоўную ўрачыстасць у Іванаве з удзелам Апостальскага Нунцыя, біскупаў Беларусі, з вашым удзелам, дарагія дыяцэзіяне, а таксама з удзелам вернікаў з дэканатаў Нясвіжа, Бабруйска, Полацка, на тэрыторыі якіх працаваў св. Андрэй і якія ў цяперашні час належаць да Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і да Віцебскай дыяцэзіі. Усіх сардэчна запрашаем! Няхай жа нас будзе як мага больш! Гэта — вялікая ўрачыстасць святога Андрэя і наша! Дайце сведчанне сваёй веры і ўдзячнасці Божаму Провіду за святога Андрэя Баболю! Прыходзьце пешкам або прыязджайце на транспарце, але заўсёды арганізавана з вашымі душпастырамі. Пасля галоўнай урачыстасці распачнецца перыяд святых Місій у парафіях нашай дыяцэзіі ў адпаведнасці з зацверджаным каляндарным планам. Шаноўныя вернікі! Святыя Місіі — гэта вялікая і адказная духоўная праца кожнага верніка і парафіяльных супольнасцяў, Божая праца ўсёй дыяцэзіі згодна з заклікам: «Сёння быць сведкам веры!» . Мы сталі веруючымі людзьмі дзякуючы нашым бабулям, дзядулям, бацькам, родным, святарам, катэхеткам, дзякуючы падзеям веры. Цудоўна, што ў працэсе нашага чалавечага развіцця нам спадарожнічаюць сведкі веры. За гэты дар нам трэба дзякаваць Богу! Жыццё кожнага хрысціяніна, у залежнасці ад таго, наколькі кожны яго жыццёвы выбар адпавядае веры, з’яўляецца сведчаннем прысутнасці Хрыста ў ім і праз яго там, дзе ён жыве і працуе. Некаторыя асобы могуць даць гераічнае сведчанне веры, вытрываць у найцяжэйшых выпрабаваннях, часам нават да праліцця крыві. Гэтыя сведкі веры маюць выключны ўплыў на фармаванне веры ў сэрцах і розумах людзей. Такім сведкам веры з’яўляецца святы Андрэй Баболя. Святым Місіям перш за ўсё будуць спадарожнічаць рэліквіі і абраз святога Андрэя , а таксама мой аповед пра гісторыю рэліківій святога Андрэя , запісаны на магнітафонную стужку, і выстава . У парафіях абдудзецца таксама конкурс пад назваю: «Што я ведаю пра святога Андрэя Баболю?» . Рэліквіі нашага святога апекуна, місіянера-вандроўніка будуць спадарожнічаць нашай духоўнай працы. Яны будуць нагадваць нам пра Божага апостала, які надалей вандруе з адной мясціны ў другую, несучы святарскае служэнне, служэнне сведкі веры, пацверджанай жыццём і мучаніцтвам. Падчас святой Імшы перад рэліквіямі святога мы хочам публічна ўшанаваць нашага апекуна, узгадаць яго прыклад сведчання веры, выпрабаваць сваю веру, чэрпаць духоўныя сілы, неабходныя для таго, каб жыць згодна з Божымі запаведзямі, аднавіць у сабе жаданне адзінства ўсіх хрысціянаў. Бог праз служэнне святога Андрэя Баболі набліжаецца да нас, да кожнага з нас паасобку і да ўсёй дыяцэзіяльнай супольнасці. Будзем жа гатовыя прыняць Яго прысутнасць і дзейнасць! Дапаможам адно аднаму аднаўляць хрысціянскае жыццё, каб быць сведкамі веры сёння! Я разлічваю на тое, што вы добра ўсвядомілі гэтыя заданні, якія мы хочам здзейсніць з дапамогаю святога Андрэя. Вельмі хачу, каб напрыканцы святых Місій кожны вернік з радасцю ўсклікнуў: «„Ужо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус!“ (Гал 2, 20) . Я, разам са святым Андрэем, належу Хрысту, Яго Касцёлу і разам з ім усклікаю: „Мая вера вядзе да збаўлення, навяртайцеся!“». Я ўскладаю надзею на Божы Провід і веру, што так станецца! На гэтую боска-чалавечую працу ад усяго сэрца благаслаўляю вас усіх. Кардынал Казімір Свёнтэк Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі
18.07.2009 17:55
Ёсць падзеі, якія мелі месца ў гісторыі толькі аднойчы, але іх значэнне стварае ў наступныя гады новую гісторыю, дае прыклад паводзінаў і становіцца крыніцаю надзеі для вернікаў. Такая падзея адбылася 350 гадоў таму 16 мая 1657 года, калі ў Янаве Палескім (сёння — горад Іванава Брэсцкай вобласці) загінуў руплівы місіянер, каталіцкі святар Андрэй Баболя, які стаў 49-й ахвярай з ордэна езуітаў у выніку крывавага пераследу тых часоў. Постаць святога Андрэя Баболі блізкая для Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, бо ён працаваў у Нясвіжы і Бабруйску. Акрамя таго, ён займаўся душпастырствам у Вільне, Пінску і Янаве Палескім (Іванаве), дзе і быў жорстка забіты казакамі. Пасля заканчэння школы Андрэй Баболя прайшоў навіцыят у Вільні, там жа ўступіў у ордэн езуітаў і прыняў святарскае пасвячэнне. Хутка ён стаў вядомы як добры арганізатар і выдатны прапаведнік. Людзі не толькі ахвотна слухалі яго, але, больш за тое, навярталіся і змянялі сваё жыццё. Сваім навучаннем Андрэй Баболя прывабліваў не толькі католікаў, але таксама праваслаўных і пратэстантаў, за што яго называлі «душахватам». Аўтарытэт і слава яго пастаянна ўзрасталі, выклікаючы разам з тым нянавісць ворагаў. Пасля сваёй мучаніцкай смерці ён таксама меў велізарны ўплыў на вернікаў, калі пры труне святога пачалі адбывацца незвычайныя рэчы: здзяйсняліся цуды, людзі атрымлівалі розныя ласкі. Да яго труны ішлі каралі і простыя людзі, ішлі прасіць і дзякаваць, бо ўсім па Божай волі ён прыходзіў на дапамогу. Папа Пій XI, які раней маліўся да Андрэя Баболі, просячы дапамогі ў хвіліны небяспекі, абвясціў яго святым, а ягоны Наступнік Пій ХІІ назваў святога «непераможным змагаром Хрыста» (Энцыкліка Invicti Athletae Christi ад 16 мая 1957 г.). Безумоўна, св. Андрэя Баболю можна назваць вялікім святым пры жыцці і пасля смерці. Але які шлях вёў да дасягнення такой вялікай святасці, што нават Папы Рымскія заахвочвалі вернікаў ісці за яго прыкладам? У год, прысвечаны святасці, паразважаем крыху над шляхам святога Андрэя Баболі да хрысціянскай дасканаласці. У жыцці святога Андрэя Баболі, як у жыцці многіх іншых святых, шлях да святасці ішоў праз працу над сабою і праз барацьбу з расчараваннямі. Падчас вучобы ў семінарыі гэты малады здольны шляхціц, нягледзячы на руплівасць у манаскім жыцці, перажыў цяжкія паражэнні ў вучобе, не дасягаючы таксама заўважных вынікаў ва ўнутраным жыцці. Слабасць натуры, з якой Андрэй Баболя сутыкнуўся ў першыя гады манаскага жыцця, выклікала бязлітасную крытыку з боку духоўных кіраўнікоў. Часцей за ўсё яму даводзілася чуць дакоры за прывязанасць да асабістага меркавання, за празмерную імпульсіўнасць, абумоўленую яго тэмпераментам, а таксама за выбухі раздражнення. Яго таксама крытыкавалі за няўменне валодаць эмоцыямі і захоўваць маўчанне. Манах, які абяцае паслухмянасць і пры гэтым адчувае моцную прывязанасць да свайго меркавання і ўласнай волі, безумоўна, мае шмат нагодаў для таго, каб пераканацца ў сваёй духоўнай слабасці. Імпульсіўнасць і выбухі раздражнення сведчаць пра бунт прыроды супраць таго, што пярэчыць асабістым імкненням і намерам асобы. Бясспрэчна, гэта дапамагло Андрэю Баболю пазбавіцца ад добрага меркавання пра сябе. Знікла таксама яго высокае меркаванне пра ўласныя інтэлектуальныя здольнасці. Хоць падчас вучобы ён і атрымліваў добрыя адзнакі, аднак у выніку спазнаў у гэтай галіне поўнае паражэнне. На самым важным экзамене ex universa (па ўсім курсе тэалогіі), на якім вырашалася пытанне аб наданні студэнту навуковай ступені і, у пэўнай ступені, вызначалася яго будучае становішча ў ордэне, толькі адзін з чатырох экзаменатараў прызнаў веды Андрэя Баболі дастатковымі. Астатнія паставілі яму незадавальняльныя адзнакі. Пахіснутая ўпэўненасць ва ўласных інтэлектуальных здольнасцях стала для Андрэя Баболі чарговым крокам на шляху адыходу ад амбіцый, звязаных з навукаю і становішчам у ордэне. Перад допускам да чацвёртага манаскага шлюбу, які прыносяць святары ў Таварыстве Езуса (яму на працягу пэўнага часу адмаўлялі ў допуску з прычыны нездавальняльных вынікаў на экзамене), духоўны кіраўнік атрымаў параду звярнуць яго асаблівую ўвагу на ўсялякія хібы і недасканаласці. Вядома, усё гэта спрыяла больш поўнаму адрачэнню ад самога сябе і схіляла шукаць дапамогі Божай ласкі. Шлях святога Андрэя Баболі да хрысцінскай дасканаласці з’яўляецца ажыццяўленнем словаў Езуса Хрыста: «Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад самога сябе» (Лк 9, 23) . Для кожнага з нас крыніцаю надзеі з’яўляецца тое, што Божая ласка можа дапамагчы пераадолець усе перашкоды на шляху да дасягнення святасці. Апошні дакумент Бэнэдыкта ХVІ паказвае нам Эўхарыстыю як крыніцу навяртання і энергіі для маральнай перамены. Таму я заахвочваю ўсіх вернікаў не адступаць перад цяжкасцямі, непазбежнымі ў барацьбе з уласным эгаізмам, імкненнем да выгодаў і пыхаю, і мужна крочыць да святасці. Будзем жа старацца як мага часцей прымаць поўны ўдзел у святой Імшы і прасіць заступніцтва святога Андрэя Баболі. Напрыканцы я хацеў бы скіраваць некалькі словаў да моладзі, якая стаіць перад выбарам жыццёвага шляху. Не бойцеся ісці за голасам паклікання, каб прысвяціць сваё жыццё выключнаму служэнню Хрысту. Вашыя слабасці або недахоп здольнасцяў — гэта не прычына, каб сказаць Богу «не» ў адказ на Яго пакліканне да святарства або манаскага жыцця. Святы Андрэй Баболя павінен быў шмат змяніць у сабе, каб стаць вялікім святым пры жыцці і пасля смерці. Яго грунтоўная праца над сабою і дзеянне ласкі, што сыходзіла з Эўхарыстыі, далі неверагодны плён, якога ён сам нават не чакаў. У маі мы ўшаноўваем Маці Божую, якую святая Альжбета назвала благаслаўлёнаю, бо Марыя паверыла, што ў Бога няма нічога немагчымага. Заахвочваю вас даручаць Багародзіцы сваё жаданне жыць выключна для Хрыста. Яна дапаможа вам паверыць, што вашыя слабасці і абмежаванасць — нішто перад абліччам Божай велічы і ласкі, якая сыходзіць з Эўхарыстыі. У хвіліны роспачы і абыякавасці ўзгадвайце пра шлях да святасці святога Андрэя Баболі. Несумненна, гэта быў адзін з самых цяжкіх шляхоў барацьбы з самім сабою. Цяпер у Янаве Палескім, сучасным Іванаве, што прыблізна ў 30-ці кіламетрах ад Пінска, знаходзіцца санктуарый святога Андрэя Баболі. З нагоды 350-годдзя мучаніцкай смерці святога 16 мая а 15-й гадзіне там адбудуцца рэлігійныя ўрачыстасці. Далучымся ж духоўна да тых, хто моліцца на месцы мучаніцкай смерці святога Апекуна нашай зямлі. Амэн. З памяццю ў малітве Біскуп Антоні Дзям’янка Апостальскі Адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Мінск, 20.04.2007 г.
18.07.2009 17:51
Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры! «Дзень поўны радасці настаў: сёння Пан Хрыстус з гробу ўстаў, аллелюя!» У словах велікоднай песні адлюстравана галоўная прычына радасці, якая напаўняе нас у гэтыя святочныя дні. Ёсць шмат прычын для радасці. Нас цешыць надыход вясны, якая абудзіла зямлю ад зімовага сну, аздобіла яе кветкамі і напоўніла паветра водарам аднаўлення. Мы радуемся новаму буянню жыцця, якое на нейкі час замерла, а цяпер ізноў працягваецца і імкнецца дарыць плады. Але найбольшую радасць дае нам уваскрасенне Хрыста. Пасля крывавай мукі, смерці і пахавання Хрыстус устае з памерлых без усялякага ўмяшальніцтва звонку. Уваскрасенне стала завяршэннем Яго пасхальнай ахвяры і пацвердзіла прадказанні, у якіх Ён неаднаразова сведчыў пра гэта. Езус аб’яўляецца жанчынам, якія прыбеглі да гробу, каб намасціць Яго цела, а пазней прыходзіць да апосталаў у зачынены Вячэрнік, дзе яны прабываюць у страху, збянтэжаныя смерцю свайго Настаўніка. Словы, з якімі ўваскрослы Пан Езус звяртаецца да жанчынаў, напоўнены радасцю велікоднай таямніцы. Гэтыя словы скіраваны таксама і да нас. Разам з пажаданнямі, Езус паказвае нам каштоўнасці хрысціянскага жыцця — духоўную радасць і ўнутраны супакой, які вынікае з усведамлення добра выкананых абавязкаў. Уваскрослы Хрыстус вітае сваіх вызнаўцаў, якія радуюцца Яго змёртвыхпаўстанню і жывуць надзеяй на ўласнае ўваскрашэнне. Асаблівым чынам Ён звяртаецца да тых, хто ачысціў сваю душу ў сакрамэнце пакаяння, і жадае ім вытрываць ў добрых намерах і не вяртацца больш да грахоў, але, жывучы ў стане асвячальнай ласкі, заўсёды захоўваць духоўную еднасць з Уваскрослым. Вітаючы Апосталаў, Хрыстус жадае ўсім сапраўднага супакою. Пра супакой Ён часта гаварыў у сваіх прамовах: «Супакой пакідаю вам, супакой мой даю вам. Не так, як свет дае, Я вам даю» (Ян 14,27) . Супакой Хрыста адрозніваецца ад супакою свету. Супакой свету — гэта мір, адсутнасць вайны паміж народамі, узаемаразуменне і эканамічнае развіццё. Усталяваць супакой у свеце складана, бо для гэтага неабходна згода паміж народамі. Вось чаму для дасягнення міру мы павінны спачатку прыняць супакой Хрыста, які ўплывае на супакой у свеце і фармуе яго. На гэтую праўду часта звяртаў нашую ўвагу Слуга Божы Ян Павел II, выразна падкрэсліваючы, што «не будзе супакою ў свеце, калі не будзе яго ў сем’ях і ў чалавечых сэрцах». Калі мы прымем Хрыстовы супакой і будзем рэалізаваць яго згодна з Евангеллем, калі нашыя ўчынкі будуць падпарадкаваныя Божым запаведзям, а канстытуцыяй сучаснага свету стане вучэнне Хрыста, то аблічча зямлі зменіцца да лепшага. Я прашу і заклікаю вас да гэтага, а таксама хачу выказаць усім вам святочныя пажаданні, якія плывуць з перапоўненага велікоднай радасцю сэрца. Усім тым, хто любіць Хрыста, я жадаю знайсці крыніцу радасці і супакою ў сваіх сэрцах, якія штораз больш будуць палаць любоўю, як у вучняў на дарозе ў Эмаус. Тым, хто адчувае сябе самотным і разгубленым, каго трывожыць уласны лёс або лёс блізкіх, я жадаю ўсвядоміць, што ўваскрослы Хрыстус як пераможца ідзе па жыцці побач з вамі, і знайсці ў Ім крыніцу сапраўднай радасці і супакою. Тым, хто плача з прычыны страты блізкага чалавека, я жадаю знайсці супакой у надзеі, якую дае ўваскрасенне Хрыста. Ён паказаў, што смерць — гэта не канец чалавечага жыцця, і паабяцаў, што некалі ўваскрасіць усіх нас. Памятайце пра гэга, і няхай малітва за памерлых блізкіх суцішыць ваш боль ад расстання з імі. Тым, хто спрабуе пераадолець свае ўласныя слабасці або дапамагчы зрабіць гэта сваім блізкім, я жадаю моцнай надзеі на тое, што зло можна перамагчы, таму што яго ўлада не бязмежная. У гэтым вам таксама дапаможа ласка Уваскрослага. Хворым і тым, хто церпіць фізічна або духоўна — гэта значыць, усім тым, хто мае ўдзел у таямніцы Хрыстовага Крыжа, я жадаю сілы веры, каб спасціглі пасхальны сэнс сваіх цяжкіх перажыванняў. Жадаю таксама надзеі, якая выплывае з таго, што мука Хрыста была толькі ўступам да радасці Велікоднай раніцы. Святочнымі пажаданнямі і малітвай я атуляю таксама ўсіх вас, дарагія браты і сёстры іншых хрысціянскіх канфесій, а асабліва вернікаў Праваслаўнай Царквы, якія сёння разам з намі перажываюць радасць Хрыстова ўваскрасення. Уваскрослы Хрыстус разбурыў мур варожасці паміж людзьмі і даў магчымасць аб’яднацца ў Ім і стаць, як першыя хрысціяне, адным сэрцам і адной душою. Сёлетнія святы сімвалічна паказваюць на гэтае адзінства. Дык няхай жа любоў Хрыста яшчэ больш распаліць і аб’яднае нашыя сэрцы. Няхай Марыя, якая радуецца ўваскрасенню Сына, і якую вы акружаеце такой пашанай і любоўю, апякуецца ўсімі намі, якія ў Вялікую пятніцу сталі яе сынамі і дочкамі. Я жадаю ўсім, каб праз часты ўдзел у Эўхарыстыі штораз лепш пазнавалі Уваскрослага «ў ламанні хлеба», як вучні па дарозе ў Эмаус. На радаснае і плённае перажыванне Велікодных святаў ад усяго сэрца благаслаўляю.   Біскуп Аляксандр Кашкевіч Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
18.07.2009 17:48
Чаму вы шукаеце жывога сярод мёртвых? Яго тут няма; Ён уваскрос (Лк 24, 5–6). Гэтыя словы прамовіў Анёл да жанчын у велікодную раніцу. Яны пасля свята Пасхі прыйшлі да грабніцы, каб выканаць традыцыйныя абрады над нябожчыкам, чаго не паспелі зрабіць падчас пахавання. Прыйшлі ў смутку ад страты свайго Настаўніка і Цудатворцы, якога чалавечая нянавісць пазбавіла жыцця. Але сутыкнуліся з фактам знікнення цела Хрыста з грабніцы, куды яно было пакладзена ў Вялікую пятніцу, калі блізкія вучні, зняўшы яго з крыжа, з пашанаю пахавалі. Толькі хвіліну ў іх была няўпэўненасць, разгубленасць і слёзы. Незнаёмы каля грабніцы запытаўся: «Жанчына, чаго ты плачаш? Каго шукаеш?» (Ян 20, 15). І ў Ім Марыя пазнае Таго, каго лічыла памерлым… Імкліва развіваліся падзеі ў велікодную раніцу. Вестку пра ўваскрасенне Хрыста перадавалі з вуснаў у вусны жыхары Ерузалема і іншых мясцовасцяў. Дзякуючы першым сведкам пустой грабніцы пра падзеі велікоднай раніцы даведаліся многія, а сёння ведае ўвесь свет. Сёння мы святкуем тую вялікую падзею. Гэта не проста нейкая сенсацыя: хрысціяне называюць яе таямніцаю. Але гэта здарылася. Першы раз у гісторыі чалавецтва грабніца апусцела. Пан не памёр, але спіць — так разважае Касцёл у Вялікую суботу. Ён перамог смерць. Пустая грабніца сведчыць пра той факт, што Езус уваскрос. Ён адчыніў брамы раю, якія былі зачыненыя перад чалавекам з прычыны першароднага граху нашых прабацькоў Адама і Евы. Вось чаму надзея велікоднай раніцы не пакідае абыякавымі жыхароў зямлі. «Хрыстос уваскрос з памерлых», — так гучыць велікодны спеў вернікаў. Ён прайшоў праз адхлань і сваім уваскрасеннем прынёс радасць тым праведнікам, якія перад Яго прыйсцем адышлі з гэтага свету. Мы штодзённа згадваем пра гэта, прамаўляючы Сімвал веры. Адзіная пустая грабніца ў гісторыі чалавецтва сведчыць пра тое, што жыццё змяняецца, але не сканчваецца. Яно працягваецца ў іншым вымярэнні. Езус сустракаецца з вучнямі, дазваляе дакрануцца да ранаў на Яго руках і да свайго прабітага боку. Вучні пераконваюцца ў тым, што гэта не з’ява і не сон — гэта іх Настаўнік, якога яны слухалі, які быў забіты бязбожнікамі. Гэта іх умілаваны Месія, якога пахавалі ў новай грабніцы. Ён уваскрос! Уваскрасенне адбылося нечакана, вучні не былі падрыхтаваныя да такога развіцця падзеяў, але пасля сустрэчы з Уваскрослым жыццё тых, хто шчыра паверыў, грунтоўна перамянілася. Яны сталі сведкамі ўваскрасення і пачалі абвяшчаць у свеце таямніцу велікоднай раніцы, пустой грабніцы Хрыста, і гэтаму цалкам прысвяцілі сваё жыццё, як сведчаць Дзеі Апосталаў. Да прыняцця таямніцы велікоднай раніцы кожны католік рыхтуецца на працягу перыяду Вялікага посту, які папярэднічае святу. Так, як вучні Езуса, як жанчыны, якія першыя ўбачылі пустую грабніцу, няхай кожны з нас атрымае адноўленую ласку моцнай веры. Вера ва Ускрослага Хрыста няхай дапамагае хворым людзям з трывалаю надзеяй несці цяжкі крыж хваробы. Тым, хто дапамагае хворым, церпячым, нямоглым, святло Хрыстовага ўваскрасення няхай будзе крыніцаю новых сілаў у іх ахвярным служэнні. Разважанне пра цуд уваскрасення Езуса няхай дапамагае ўсім, ад каго шмат у чым залежыць будучы лёс чалавецтва, бескампрамісна служыць праўдзе і несці людзям дабро і надзею. Няхай Уваскрослы дапаможа кожнаму ў пошуках свайго месца ў жыцці, свайго служэння ў грамадстве. Дзякуючы разважанням пра таямніцу ўваскрасення тыя, каго Хрыстус кліча да асаблівага служэння ў Яго Касцёле, няхай па прыкладзе апосталаў прымуць мужнае рашэнне і стануць на шлях абвяшчэння Добрай Навіны ў сённяшнім секулярызаваным свеце. У свеце, які з цікаўнасцю разглядае старыя і новыя тэорыі знікнення Хрыста; у свеце, які да сённяшняга дня сумняваецца ў тым, што грабніца сапраўды апусцела. Выбар святарскага паклікання, выбар манаскага жыцця ў сучасным свеце — гэта яскравае сведчанне для ўсіх, што ў велікодную раніцу грабніца сапраўды была пустою. Вестка пра ўваскрасенне Пана няхай дадасць мужнасці ўсім бацькам у выхаванні дзяцей у адпаведнасці з маральнымі нормамі Касцёла — супольнасці, заснаванай Хрыстом. Няхай з нашых вуснаў сёння і на працягу ўсяго Велікоднага перыяду ўсе навокал пачуюць вокліч радасці і надзеі: «Хрыстос уваскрос! — Сапраўды уваскрос! Аллелюя!». Біскуп Антоні Дзям’янка, Апостальскі Адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
18.07.2009 17:28
Свята Нараджэння Пана папярэджвае Адвэнт — перыяд радаснага чакання, таму сутнасцю гэтага свята з’яўляецца звышнатуральная радасць. Паразважаем пра адну з крыніцаў радасці Божага Нараджэння. (...) Нараджэнне Пана гаворыць нам, што чалавек — не справа выпадку ці дзеяння сілаў прыроды. Як піша святы Ян Багаслоў, чалавек не з’яўляецца плодам жадання цела ці жадання мужа (пар. Ян 1, 13). Яго пачатак — у Богу, які жадае, каб ён існаваў. Для яго прыйсця Бог рыхтуе свет, стварыўшы яго і няспынна падтрымліваючы яго існаванне. Чалавек нараджаецца з Божага жадання падзяліцца шчасцем любові, каб прабываць у гэтым стане на ўсю вечнасць. Ніводзін чалавек, нават няверуючы, не з’яўляецца сіратою. У кожнага ёсць Айцец, які радуецца існаванню свайго любага дзіцяці. Хтосьці можа не ведаць гэтага Айца, бо яму ніхто пра Яго не сказаў; хтосьці можа скептычна ставіцца да Яго — насамрэч, такі скепсіс заўсёды беспадстаўны, — і цяпер пра Яго забыўся. Святое Пісанне вельмі прыгожа і яскрава паказвае гэтую праўду: «Ці забудзецца жанчына пра сваё немаўля? Але калі б нават і забылася, я не забудуся пра цябе. Не бойся, чарвяк Якубе, люд Ізраэля» (пар. Іс 49, 15; 41, 14). Няведанне Бога або забыццё пра Яго не змяняе таго факту, што Ён з’яўляецца Нябесным Айцом, крыніцаю існавання кожнага чалавека. Наяўнасць Айца, а тым больш Бога Айца нясе з сабою незвычайны дар. Айцец з’яўляецца сімвалам дзейснай дапамогі, клопату пра задаволенне нашых патрэбаў — «хлеба нашага штодзённага». Кожны з нас у сваім жыцці можа карыстацца дапамогаю ўсемагутнага Нябеснага Айца. Сваім клопатам Ён ахоплівае ўсе нашыя клопаты. Як гаворыць Евангелле, нават валасы ў нас на галаве палічаныя. Гэта азначае, што ў нашым жыцці няма такіх справаў, якімі Бог не цікавіўся б, нават калі гаворка ідзе пра такую дробязь, як выпадзенне аднаго воласа. Малое дзіцятка развіваецца, калі адчувае любоў бацькоў. Атмасфера любові з’яўляецца глебаю, на якой развіваюцца нашыя здольнасці, якая дае сілы для пераадолення слабасцяў і стымулюе няспыннае развіццё. Такую любоў дае не толькі любячы чалавек, а перадусім Бог Айцец, з любові якога мы нарадзіліся. Св. Павел сказаў: «Усё магу ў тым, хто ўзмацняе мяне» (пар. Флп 4, 13). Усё магу, таму што я не сірата, таму што маю Нябеснага Айца, спрыянне якога заўсёды мяне суправаджае. Св. Павел адчуваў сам да сябе пагарду, такую моцную, што нават прасіў Хрыста выбраць сабе іншага чалавека, каб той стаў Ягоным апосталам. Хрыстус адказаў яму на гэта: «Хопіць табе Маёй ласкі» (пар. 2 Кар 12, 9). Кожны з нас у хвіліну сутыкнення з абмежаванасцю сваёй натуры і грэшнасцю можа разлічваць на ласку, гэта значыць, на бескарыслівую дапамогу Нябеснага Айца. Наша радасць ад Божага айцоўства, якою прасякнуты нашыя сэрцы, выяўляецца таксама і знешне. Яна такая вялікая, што не варта яе пакідаць толькі сабе. Таму мы рыхтуем вігілійную вячэру, на якой дзелімся аплаткаю і дорым адзін аднаму падарункі як знак прабачэння. Радасць вядзе нас ад сям’і да супольнасці Касцёла, каб разам з ёю ўдзельнічаць у Пастэрцы, услухоўвацца ў спеў калядак. У нашых дамах мы ставім елачкі, што сваім зялёным колерам нагадваюць нам пра надзею, якая нараджаецца ў свята Нараджэння Пана. Асаблівым месцам нашых малітваў становяцца бэтлеемскія яслі, дзякуючы якім мы можам задумацца пра Божае Айцоўства. На надыходзячае Божае Нараджэнне хацеў бы пажадаць усім адкрыць Божае Айцоўства. Маю цвёрдую надзею, што гэтая праўда веры, якую мы можам сузіраць штодня, верне сэнс нашаму жыццю, учыніць нас людзьмі непахіснай надзеі перад абліччам жыццёвых цяжкасцяў і дасць нам здольнасць развівацца і перамяняцца.   Апостальскі Адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Антоні Дзям’янка
18.07.2009 17:19
1. Адвэнт — час радаснага чакання Божага Нараджэння Святкаванню таямніцаў Божага Нараджэння папярэднічае перыяд падрыхтоўкі, які мы называем “Адвэнт”. Гэтае слова ў старажытным Рыме азначала афіцыйны візіт, адведзіны дзяржаўнага саноўніка пасля прыняцця пасады. У язычніцтве гэтым жа словам называлі штогадовае прыбыццё боства ў святыню. У хрысціянстве гэтым словам мы акрэсліваем прыйсце Хрыста да чалавецтва. Адвэнт мае падвойны характар. Гэта час падрыхтоўкі да ўрачыстасці Нараджэння Пана, калі ўспамінаецца першае прыйсце Хрыста, а таксама час, калі мы скіроўваем нашыя думкі да прыйсця Хрыста на сканчэнні вякоў. Гэтыя дзве прычыны ўказваюць на Адвэнт як на час радаснага чакання. Таму перыяд Адвэнту падзяляецца на дзве часткі. Дзень 17 снежня з’яўляецца мяжой гэтага падзелу. Пра важнасць Адвэнту сведчаць розныя набажэнствы і аздабленне святыні ў гэты перыяд. У нас традыцыйнаю адметнасцю Адвэнта з’яўляюцца святыя Імшы, якія называюцца “рараты”. Іх назва паходзіць ад першых словаў спеву на ўваход — “Rorate coeli” (“Крапіце, нябёсы, з вышыняў...”) (пар. Іс 45, 8). Рараты — гэта святая Імша, якая традыцыйна цэлебруецца на світанні ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі. У шматлікіх парафіях вялікая колькасць дзяцей збіраецца на гэтай Эўхарыстыі — з ліхтарыкамі, зробленымі дома ці ў нядзельнай школцы. Неабходна падкрэсліць, што намаганні душпастыраў падтрымліваць гэтую традыцыю вельмі патрэбныя для рэлігійнага выхавання дзяцей і моладзі. З цэлебрацыяй раратняй святой Імшы звязана запальванне свечак. Раратняя свечка сімвалізуе Найсвяцейшую Панну Марыю — Дзянніцу (Зорку Ранішнюю), якая з’яўляецца “перад узыходам” Сонца — Езуса Хрыста. Ад раратняй свечкі мы адрозніваем дзве іншыя свечкі, такія, як пасхал і грамнічная. У перыяд Адвэнту ў нашых касцёлах можам заўважыць змешчаныя на вянку 4 свечкі, якія сімвалізуюць 4 нядзелі Адвэнту. Свечка, зялёны колер і форма (кола) вянка маюць сваё значэнне: святло праўды, надзея, жыццё і Бог. У цэласнасці адвэнтавы вянок з’яўляецца вобразам супольнасці, якая ў любові і радасці чакае свайго Пана. Усе гэтыя адвэнтавыя сімвалы павінны нагадваць нам, што неабходна паклапаціцца пра тое, каб унутрана, духоўна падрыхтавацца да Божага Нараджэння. Адвэнт — гэта час незвычайнага дзеяння шчодрай ласкі. Гэта спазнала святая Тэрэза ад Дзіцятка Езуса. У сваім дзённіку пад назвай “Гісторыя адной душы” яна апісвае вельмі цяжкое выпрабаванне, якое называе ласкай Божага Нараджэння. Яна піша, як аднойчы пасля яе вяртання з пастэркі Езус дапусціў, што з вуснаў свайго любімага таты, які называў яе сваёю прынцэсаю, яна пачула поўную раздражнення заўвагу. Словы бацькі літаральна наскрозь прабілі яе сэрца. Але менавіта ў гэты момант яна атрымла ад Бога гэтую незвычайную ласку, дзякуючы якой змагла павесці сябе так, нібы нічога не чула і, замест таго, каб займацца сабою, пачаць прыносіць радасць іншым. Ласка перавярнула сілу яе духа і праз дзесяць гадоў безвыніковай барацьбы з уласнай празмернай эмацыянальнай уражлівасцю, ва ўзросце чатырнаццаці гадоў яна была ў адну хвіліну ад яе вызвалена. Святая так піша ў сваім дзённічку: “Мяне сапраўды ўсё засмучала, цяпер жа наадварот: добры Бог аказвае мне такую ласку, што ніводная часовая справа не саб’е мяне з ног. Калі падумаю пра тое, як было раней, то мяне ахоплівае ўдзячнасць за тыя дабрадзействы, якімі адарылі мяне Нябёсы; я настолькі змянілася, што цяпер мяне проста не пазнаць”. Варта падрыхтаваць сваю душу, каб мы таксама спазналі аздараўляльную моц ласкі ў перыяд Божага Нараджэння. 2. Новы касцёльны год прысвечаны імкненню да святасці Касцёльны год, які распачынаецца, прысвечаны імкненню да святасці. Мы павінны нанава нагадаць сабе, што святасць, з’яднанне нашай волі з Божай Воляй, з’яўляецца мэтай нашага жыцця і крыніцай шчасця ўжо тут, на зямлі. Адвэнт, радасны час чакання нараджэння Езуса, указвае нам на адзін са слупоў, на якіх трымаецца будынак нашай святасці. Трапна сказала пра гэта святая Тэрэза з Лізьё: “Езус не патрабуе вялікіх учынкаў, але адзіна таго, каб мы даверыліся Яму і былі ўдзячнымі”. Сапраўдная радасць выяўляецца ва ўдзячнасці. Хто ўдзячны, той бачыць дзеянне Бога ў сваім жыцці, бачыць прысутнасць Бога ў сваёй штодзённасці. Святасць развіваецца дзякуючы ўдзячнасці. Ніхто з нас не можа палюбіць Бога, падпарадкаваць сваю волю Божай Волі, калі не ўбачыць Божай любові да сябе. Удзячнасць — гэта стан душы, якая бачыць любоў Бога і дзякуючы гэтаму здольная адказаць любоўю на любоў. Святая Тэрэза адзначае, што “ўдзячнасць больш за ўсё прыцягвае ласкі Божыя; калі мы дзякуем за дабрадзействы, Бог узрушаны і спяшаецца даць нам дзесяць новых ласкаў, а калі мы працягваем дзякаваць з такой жа шчырасцю, то як жа нязмерна памнажаюцца ласкі!”. У час Адвэнту мы можам адказаць на заклік да святасці, які скіроўвае да нас Святы Айцец Бэнэдыкт XVI, імкнучыся як найчасцей узбуджаць у душы акты ўдзячнасці Богу. Быць можа, варта ў вячэрнім рахунку сумлення задаць сабе пытанне: за што я сёння павінен падзякаваць Богу, чым Бог асабліва мяне адарыў? Дзякуючы гэтым намаганням Адвэнт можа стаць радасным часам не толькі тэарэтычна, але таксама ў штодзённым жыцці. Святы Бонавэнтура перасцерагае нас, што калі мы не дзякуем Богу, то ў нашай душы з’яўляецца супрацьлегласць ўдзячнасці, а менавіта — няўдзячнасць. А яна, паводле святога, з’яўляецца коранем усялякага зла, таму што нараджае ў душы пыху і самаўпэўненасць, перакананне (магчыма, падсвядомае) у тым, што мы ўсё заслужылі самі. Вельмі часта ў жыцці мы адчуваем вынікі няўдзячнасці. Гэта смутак, скаргі і прэтэнзіі. Гэтыя пачуцці вельмі моцна ўскладняюць імкненне да святасці. Яны могуць паралізаваць нашую волю і давесці нас да незадаволенасці і нават да азлобленасці. Удзячнасць жа чыніць так, што ўвесь навакольны свет мы можам пачаць успрымаць як атуляючыя нас абдымкі Любячай Прысутнасці Бога. У святле веры мы можам убачыць на рэчах, якія нас акружаюць, сціплыя надпісы: “Дар ад Пана Бога”, “Дар Любячай Прысутнасці”. І не толькі на прадметах, якія нам служаць, але таксама на падзеях, сітуацыях, людзях. Па меры таго, як нашая ўдзячнасць будзе паглыбляцца, мы пачнём чуць, што ўвесь свет кажа пра Любоў. Бо ўсе Божыя дары, якія нас акружаюць, шэпчуць, паўтараюць, усклікаюць: “Я люблю цябе такім, які ты ёсць. Таму Я побач з табою, клапачуся пра цябе, даю табе ўсё, што табе неабходна кожны дзень”. Такое перажыванне свету дае нашай волі незвычайны дынамізм да навяртання, імкнення да святасці. Святы Ян Багаслоў нагадвае нам пра тое, што мы любім Бога, бо Ён першы нас палюбіў. 3. Эўхарыстыя — школа ўдзячнасці На сімпозіуме, які адбыўся ў Мінску 25 лістапада гэтага года і які быў прысвечаны Слузе Божаму Яну Паўлу ІІ, прэфект Кангрэгацыі каталіцкай адукацыі кардынал Грахалеўскі ў гаміліі ўказваў на розныя аспекты святой Імшы ў вучэнні Вялікага Папы. Між іншым, кардынал нагадаў, што святая Імша — гэта Эўхарыстыя, а значыць — падзяка. Можна сказаць, што яна з’яўляецца месцам узрастання ва ўдзячнасці. Слуга Божы Ян Павел ІІ называў удзячнасць менавіта “эўхарыстычным станам” ( Mane nobiscum Domine , 26). Ад усяго сэрца заахвочваю ўсіх, каб у гэты перыяд Адвэнту мы паклапаціліся пра ўдзячнасць Богу і людзям, бо гэты стан духу будуе святасць у нашых душах. Будзем жа выкарыстоўваць тое, што дае нам традыцыя — раратнія святыя Імшы. Будзем старацца як мага часцей карыстацца гэтай Школай Удзячнасці. Я вельмі спадзяюся, што калі мы будзем адказваць на гэты заклік, нас асаблівым чынам будзе весці Маці Божая. Яна спазнала, як прысутнасць зачатага Езуса пад Яе сэрцам дапамагла Ёй праспяваць “Magnificat”, гімн удзячнасці Богу. Дзівосны гімн удзячнасці, у якім Маці Божая, напоўненая прысутнасцю Езуса, была здольная ўбачыць Божыя дары не толькі ў сваім жыцці, але таксама ў гісторыі свайго народа, а таксама ў гісторыі збаўлення ўсяго чалавечага роду. Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Антоні Дзям’янка.
18.07.2009 17:05
Апошнім часам закранаецца праблема дзяцей, пазбаўленых апекі бацькоў. Дзякуй Богу, у нашай краіне няма дзяцей пакінутых, дзяцей, якія б заставаліся на вуліцах нашых гарадоў без ніякай апекі. Дзяржава спяшаецца дапамагчы гэтым дзецям, стварае для іх інтэрнаты і дзіцячыя дамы. Асаблівай пашаны заслугоўваюць тыя асобы, якія працуюць выхавацелямі ў дзіцячых дамах, служаць дзецям, памяншаючы такім чынам іх цярпенні, выкліканыя стратай сям’і. Неабходна таксама ўзгадаць пра розныя грамадскія арганізацыі, прыватных спонсараў са свету бізнесу, якія для сіротаў арганізоўваюць адпачынак у нашай краіне і за мяжой. Іх самаадданую працу Слуга Божы Ян Павел ІІ назваў супрацоўніцтвам у справе стварэння цывілізацыі любові. На жаль, нават найлепш упарадкаваныя дзіцячыя дамы не заменяць сямейнай атмасферы. Нішто і ніхто не дасць столькі цяпла дзецям, колькі можа даць штодзённае жыццё ў поўнай і любячай сям’і. Касцёл заклікае сужэнствы і хрысціянскія сем’і прыйсці на дапамогу дзецям-сіротам. Найлепшая дапамога — гэта падзяліцца атмасферай сямейнага цяпла і ўзяць такое дзіця на выхаванне. Такім чынам можна дзейсна перадаць дзецям традыцыі нашых продкаў і бясцэнны дар веры. Дзеці — гэта будучыня грамадства, будучыня нацыі і Касцёла. Усыноўленае дзіця, выхаванае ў сям’і веруючых, сустракаецца ў штодзённым жыцці са сведчаннем дабрыні Бога, адчувальна перажывае благаслаўленне, якое нараджаецца тады, калі чалавек становіцца на шлях веры. Таму я вельмі прашу сужэнствы і сем’і, якія маюць адпаведныя хатнія і матэрыяльныя ўмовы, адкрыць свае сэрцы і прыняць на выхаванне адно ці некалькіх дзяцей-сіротаў. Са шматгадовай душпастырскай практыкі я ведаю, што такое дзіця часта становіцца падтрымкай для бацькоў у старасці. Будзем таксама памятаць пра заслугу перад Богам: «Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых найменшых, тое Мне зрабілі». Прыкладам для нас з’яўляюцца сем’і з нашай краіны і з-за мяжы, якія чакаюць сваёй чаргі, каб усынавіць дзяцей-сіротаў, часта хворых або калекіх. Нават калі сем’і не маюць адпаведных матэрыяльных умоваў для таго, каб узяць назаўсёды да сябе дзіця-сірату, я заклікаю не зачыняць сваіх дамоў для сіротаў. Можна дапамагаць такім дзецям, запрашаючы іх да сябе з нагоды розных святаў, значных датаў у жыцці дзіцяці, напрыклад, з нагоды дзён нараджэння ці імянінаў, на час школьных канікулаў. Дзяржаўны закон прадугледжвае і такія кантакты сем’яў з сіротамі. Гэтым законам ужо карыстаюцца і прадстаўнікі іншых хрысціянскіх веравызнанняў. Важнай і вострай праблемай з’яўляецца праблема дапамогі хворым дзецям, пазбаўленых сем’яў, дзецям, якія жывуць у спецыяльных установах. Нават тады, калі мы не ў стане матэрыяльна дапамагчы дзецям-сіротам, мы можам дапамагаць ім духоўна. Мы можам памятаць пра іх у нашых малітвах, прасіць добрага Бога, каб на іх жыццёвым шляху Ён паставіў людзей, якія адкрыюць свае сэрцы на іх патрэбы. Усіх тых, хто клапоціцца пра матэрыяльнае забеспячэнне і выхаванне дзяцей-сіротаў і інвалідаў, усіх, хто распрацоўвае законы на карысць сіротаў, усіх, хто прыняў у свае сем’і гэтых дзяцей, я шчыра благаслаўляю.   Апостальскі Адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Антоній Дзям’янка
18.07.2009 15:37
25 лютага Яго Эмінэнцыя кардынал Казімір Свёнтэк, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, звярнуўся да святароў з наступным распараджэннем: Да святароў, якія нясуць душпастырскае служэнне ў Беларусі Шаноўныя святары, да вас, напэўна, дайшлі звесткі аб стане здароўя Святога Айца Яна Паўла ІІ, а таксама аб Яго вялікім клопаце пра тое, каб былі рэалізаваны ўсе заданні Касцёла таксама падчас Яго неабходнага прабывання ў клініцы Джэмэлі. Я ўпэўнены, што вы, шаноўныя святары, ужо распачалі з вернікамі малітвы ў інтэнцыі здароўя Святога Айца, і за гэтую паставу сардэчна вам удзячны. Праз гэты ліст жадаю даць сведчанне маёй лучнасці з вернымі перад Панам Богам ў гэтым сыноўскім абавязку. Гэтым лістом аддаю распараджэнне: няхай вернікі трываюць на малітвах дома, у святынях, катэхетычных класах, і моляцца, напрыклад, святы Ружанец, Вяночак да Божай Міласэрнасці, Літанію да Маці Божай ці іншую выбраную малітву; няхай усе, па магчымасці, прымаюць на сябе разважлівыя ўстрыманні і спаўняюць добрыя ўчынкі; няхай падчас кожнай святой Імшы ў малітве вернікаў гучыць заклік у інтэнцыі здароўя Святога Айца; няхай ва ўсіх набажэнствах Велікага посту, падчас адарацый Найсвяцейшага Сакрамэнту і рэкалекцый прысутнічае малітоўны знак еднасці з церпячым Святым Айцом. Спадзяюся, што любоў да Святога Айца і Касцёла падкажа і іншыя акты пабожнасці ў гэтай важнай інтэнцыі. З пастырскім благаслаўленнем. Кардынал Казімір Свёнтэк
Аўторак, 14 ліпеня 2009
14.07.2009 14:51
У ліпені 2008 г. у Івянцы (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) адбылася Міждыяцэзіяльная сустрэча моладзі, у якой прынялі ўдзел звыш дзвюх тысяч маладых людзей з усёй Беларусі. Сустрэча атрымала станоўчыя водгукі, а многія ўдзельнікі выказваліся аб жаданні прыехаць сюды на наступны год. У гэтым годзе ізноў запрашаем моладзь у Івянец, дзе 25–26 ліпеня адбудзецца МАЛІТОЎНАЯ СУСТРЭЧА МОЛАДЗІ (МСМ) Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Да ўдзелу ў сустрэчы запрашаем таксама моладзь з іншых дыяцэзій нашай краіны. Сустрэча беларускай каталіцкай моладзі заснавана на праслаўленні Бога праз малітву і спевы. У праграме прадугледжаны час на Эўхарыстыю, катэхезу, адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, сведчаннні, а таксама канцэрты гуртоў  «Arka Noego» і «2Тм2–3» («Tymoteusz»). Удзельнікі сустрэчы будуць прымаць удзел у перэгрынацыі абраза Езуса Міласэрнага і рэліквіяў благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі. Тэмай сустрэчы стануць сакрамэнты хросту і канфірмацыі. Падчас сустрэчы адбудзецца таксама індывідуальнае аднаўленне сакрамэнту хросту і магчымасць атрымаць сакрамэнт канфірмацыі (для папярэдне падрыхтаваных ў сваіх парафіях кандыдатаў). Сустрэча распачынаецца 25 ліпеня (субота) у 10.00 Рэгістрацыя ўдзельнікаў пачнецца 24 ліпеня (пятніца) у 15.00. Для тых, хто прыедзе 24 ліпеня, прадугледжана вячэрнія праграма  ад 18.00. Начлег удзельнікаў будзе арганізаваны ў палатачным гарадку на тэрыторыі касцёла. Просім па магчымасці ўзяць з сабой уласныя палаткі і спальныя мяшкі Пасілак забяспечваюць арганізатары сустрэчы Для ўдзелу ў сакрамэнце хросту ці канфірмацыі неабходна пасведчанне ад пробашча Заахвочваю маладых людзей да актыўнага ўдзелу ў сустрэчы і прашу душпастыраў аказаць моладзі неабходную дапамогу ў арганізацыі даезду і прабывання ў Івянцы. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
14.07.2009 11:48
Найдастойнейшаму спадару д-ру Франчэска Франджаллі Сакратару Сусветнай арганізацыі турызму З Ватыкана, 8 верасня 2006 г. Шаноўны спадару, З нагоды Сусветнага дня турызму, які адбудзецца 27 верасня гэтага года, я з радасцю перадаю вам сардэчнае прывітанне Яго Святасці Бэнэдыкта XVI разам з пажаданнем, каб гэтае значнае мерапрыемства дапамагло падкрэсліць станоўчы патэнцыял турызму, таму што яго натхняюць чалавечыя і духоўныя каштоўнасці. Тэма, якую прапануе сёлета гэтая Сусветная арганізацыя, — «Турызм узбагачае» — дае магчымасць паразважаць над тым, як яшчэ далей вызначыць культуру падарожжа і перамяшчэння людзей так, як яна прадстаўлена рознымі формамі сучаснага турызму. У той жа час яна дае магчымасць прааналізаваць значныя эканамічныя і фінансавыя інтарэсы, а таксама шматлікія сацыяльныя, рэлігійныя, культурныя, палітычныя і экалагічныя аспекты, да якіх сучасныя глабальныя аб’ёмы турызма прыцягваюць адказную ўвагу дзяржаваў і народаў. Турызм, бясспрэчна, з’яўляецца крыніцаю дабрабыту, бо ён дапамагае функцыянаванню нацыянальных эканомік і складае асноўную частку унутранага валавага прадукту і плацёжнага балансу большасці краінаў. Акрамя таго, розныя заняткі, звязаныя з турыстычнай дзейнасцю, даюць працу мільёнам людзей, якія належаць да самых разнастайных сацыяльных катэгорый. Засноўваюцца міжнародныя фінансавыя карпарацыі і разнастайныя нацыянальныя прадпрыемствы, якія такім узроставым катэгорыям, як моладзь і пенсіянеры, аблягчаюць перамяшчэнне з мэтай турызма ва ўсе поры года. Мільёны людзей і сем’яў займаюцца турызмам; гэта спрыяе стварэнню працоўных асацыяцый, сямейных і калектыўных кааператываў; гэта закранае горад і вёску, датычыць горных і прыморскіх рэгіёнаў, а таксама мясцінаў з адметнай прыродаю ці культурным значэннем. Турызм таксама з’яўляецца цудоўнай магчымасцю і несумненнай крыніцаю для мастацтва і народных промыслаў. Да таго ж, дзякуючы новым сучасным тэхналогіям (інтэрнэт, самалёты, караблі, аўтамагістралі, хуткасныя цягнікі і г. д.) пераадолены ўсе адлегласці ў часе і ў прасторы, і турыст можа лёгка трапіць у любы куток зямлі. Ва ўзаемнай гасціннасці, якая адбываецца паміж наведвальнікам і прымаючым бокам, можа здзяйсняцца абмен зямнымі дабротамі і культурны абмен, што робіць чалавечае суіснаванне больш братэрскім і салідарным. Як неаднаразова нагадвала гэтая Сусветная арганізацыя, турызм — гэта перш за ўсё справа людзей. Таму узбагачэнне, якое ён дае, не павінна быць толькі эканамічным ці матэрыяльным. Гэта лепш дапамагае зразумець назіранне, зробленае ІІ Ватыканскім Саборам: «Больш-менш агульнае змяншэнне працоўнага часу з кожным днём павялічвае магчымасці многіх людзей. Неабходна правільна выкарыстоўваць вольны час для адпачынку і ўмацавання здароўя душы і цела (…), дзякуючы падарожжам у іншыя краіны (турызм), праз што ўдасканальваецца духоўны свет чалавека, а людзі ўзбагачаюцца знаёмствам адных з другімі» (Канст. Gaudium et spes , 61). Турызм можа спрыяць сапраўднаму чалавечаму і грамадскаму развіццю дзякуючы большым магчымасцям для дзялення дабротамі, для плённага культурнага абмену, для доступу да хараства прыроды і мастацтва, для супастаўлення розных менталітэтаў, традыцый і рэлігій. Падарожжы духоўна ўзбагачаюць чалавека, які кіруецца ў дарогу для таго, каб адкрыць штосьці новае, у якога з’яўляецца стымул даведацца, якія адказы далі іншыя людзі на вялікія пытанні быцця. Асабліва ў наш час турызм можа выяўляць асноўнае патрабаванне чалавечай асобы — павялічваць веды і адчуваць, што чалавек з’яўляецца ў той жа час носьбітам культуры і дабра. Каб гэта стала магчымым, абавязкова патрэбная сур’ёзная падрыхтоўка, якая выключае спантаннасць і павярхоўнасць. Таму пажадана, каб дзяржавы, асацыяцыі турыстычных агентаў, універсітэцкія і культурныя ўстановы, прафсаюзы, якія дзейнічаюць у гэтым сектары, спрыялі набыццю адпаведнай кампетэнцыі і давалі канкрэтныя гарантыі па прёме турыстаў. Вельмі важна, каб пачала ажыццяўляцца пераканаўчая адукацыйная дзейнасць, прысвечаная каштоўнасцям турызму, у адносінах да людзей і ў абарону асобаў, супольнасцяў і прыродных і культурных багаццяў прымаючых краінаў. Толькі такім чынам гэтыя «новыя арэапагі», якімі з’яўляюцца турызм і вольны час, стануць крыніцаю сапраўднага чалавечага ўзбагачэння для ўсіх, не выключаючы і тых, хто жыве ў менш спрыяльных умовах, якія склаліся з натуральных ці грамадска-культурных прычынаў. Яго Святасць заклікае ўсіх, хто ўдзельнічае ў дзейнасці заслугоўваючай павагі Сусветнай арганізацыі турызму, кожнаму ў межах сваёй кампетэнцыі прыкласці канкрэтныя намаганні, каб турызм перажываўся як магчымасць для чалавечага і духоўнага ўзбагачэння. Такім чынам, турызм можа стаць яшчэ адной плённай крыніцаю сапраўднага ўзбагачэння чалавецтва; на самай справе, дзякуючы яму людзі і культуры абменьваюцца каштоўнасцямі ведаў і дабрабыту, справядлівасці і свабоды, прыгажосці і міру, якія даюць жыццю поўны сэнс. Разам з гэтым пажаданнем ён запэўнівае ў асаблівай малітоўнай памяці і для ўсіх просіць Божага благаслаўлення. Я таксама з радасцю далучаю маё шчырае прывітанне і, карыстаючыся нагодаю, запэўніваю ў сваёй глыбокай павазе. Кардынал Анджэло Садано Дзяржаўны Сакратар
Панядзелак, 13 ліпеня 2009
13.07.2009 17:28
Да Канферэнцый Біскупаў, нацыянальных і міжнародных інстытутаў і арганізацый, неўрадавых арганізацый і асацыяцый, да ўсіх людзей добрай волі.   1. Сусветны дзень барацьбы са СНІДам, арганізаваны ў гэтым годзе UNAIDS (Аб’яднанай праграмай ААН па ВІЧ/СНІД) пад лозунгам «Спыні СНІД. Выканай абяцанне» з’яўляецца заклікам да ўсіх і, перш за ўсё, да тых, хто займае адказныя пасады ў галіне барацьбы з ВІЧ/СНІДам, зноў аднавіць і асэнсаваць абавязак няспыннага прадухілення распаўсюджвання гэтай пандэміі, а таксама клопату пра тых, хто пацярпеў ад яе, асабліва ў бедных краінах, каб затрымаць і павярнуць назад тэндэнцыю росту распаўсюджвання ВІЧ-інфекцыі.   2. Папская Рада Душпастырства Аховы Здароўя далучаецца да нацыянальных і міжнародных арганізацый, у прыватнасці, да UNAIDS, якая кожны год праводзіць кампанію па барацьбе са СНІДам, каб супрацьпаставіць гэтаму злу, што блукае па планеце і выклікала глабальны крызіс, акцыю такую ж глабальную і супольную. Вернасць кіраўнікоў дзяржаваў і прадстаўнікоў урадаў Дэкларацыі абавязку барацьбы з ВІЧ/СНІДам 2001 г. стала важным момантам у абуджэнні свядомасці і ў фармаванні палітычнай прыхільнасці на сусветным узроўні ў абарону моцнага, глабальнага і рашучага супрацьстаяння эпідэміі і адказам сусветнай супольнасці.   3. Эпідэміялагічная сітуацыя ВІЧ/СНІД-краінаў выклікае ўсё большы неспакой. Палічана, што ў 2005 г. колькасць хворых СНІДам склала каля 40,3 мільёна, з іх 2,3 мільёна — гэта падлеткі ва ўзросце да 15 гадоў. Год за годам колькасць людзей, інфіцыяваных гэтым вірусам, працягвае расці. У 2005 г. 4,9 мільёна чалавек заразіліся ВІЧ, з іх 700 тысяч — падлеткі да 15 гадоў; у 2005 г. 3,1 мільёна чалавек памерлі ад СНІДа, з іх 570 тысяч — маладыя людзі, якія не дасягнулі 15 гадоў. ВІЧ/СНІД працягвае сеяць смерць ва ўсіх краінах па ўсім свеце.   4. Лепшае лячэнне — гэта прадухіленне заражэння ВІЧ/СНІД, які, як належыць памятаць, можа перадавацца трыма шляхамі: праз кроў, ад маці да дзіцяці, праз палавыя кантакты. Колькасць выпадкаў заражэння праз пераліванне крыві і іншыя кантакты з крывёю інфіцыяванага чалавека ў цяперашні час значна знізілася. Аднак, вельмі вялікую ўвагу трэба па-ранейшаму прысвячаць таму, каб выключыць гэты шлях інфіцыявання, асабліва ў цэнтрах, якія займаюцца пераліваннем крыві і праводзяць хірургічныя аперацыі.   Мы павінны дзякаваць Пану Богу за тое, што перадача інфекцыі ад маці да дзіцяці можа кантралявацца праз адпаведныя лекавыя прэпараты. Барацьба за прадухіленне распаўсюджвання захворвання гэтым шляхам павінна быць узмоцнена дзякуючы дзейнасці грамадскіх арганізацый у розных краінах свету, якія забяспечваюць неабходнымі медыкаментамі інфіцыяваных маці.   Трэці шлях распаўсюджвання інфекцыі — перадача палавым шляхам — па-ранейшаму застаецца асноўным. Яго буянню шмат у чым спрыяе геданістычная культура, якая абясцэньвае сексуальнасць, зводзячы яе да звычайнай забавы, і не бачыць у ёй больш глыбокага сэнсу. Радыкальнае прадухіленне гэтага спосабу перадачы павінна наступіць дзякуючы правільнаму разуменню і выкарыстанню сексуальнасці: сексуальная актыўнасць, у сваім сапраўдным значэнні, з’яўляецца поўнай і абсалютнай праяваю плоднай любові.   Гэтая паўната можа рэалізоўвацца толькі ў сужэнстве, якое з’яўляецца непаўторным і непарыўным. Такім чынам, надзейны спосаб прадухілення заражэння гэтым шляхам ляжыць ва ўмацаванні трываласці сямейнага саюзу.   У гэтым мае свой глыбокі сэнс шостая запаведзь, Божы закон, які з’яўляецца апірышчам, стрыжнем у надзейным прадухіленні распаўсюджвання СНІДу праз палавыя кантакты.   5. Бачачы цяжкае сацыяльнае, культурнае і эканамічнае ствновішча, у якім знаходзяцца многія краіны, неабходна памятаць, што абарона і падтрыманне здароўя іх насельніцтва стане праяваю ўзаемнай альтруістычнай любові, так неабходнай самым гаротным і слабым, якія змагаюцца з галечаю на ўзроўні індывіда і грамадства. Законы, якія не прысвячаюць належнай увагі стварэнню роўных для ўсіх умоваў аховы здароўя, павінны быць перагледжаны. Здароўе з’яўляецца дабром само па сабе, і, можна сказаць, што «яго стан — гэта закладная грамадства». Таму права на яго ахову павінна гарантавацца ўсім жыхарам зямлі; належыць праводзіць даследванне рэсурсаў, якія можна выкарыстаць для выздараўлення кожнага чалавека, у тым ліку па забеспячэнні элементарнай апекі і лячэння, у якіх па-ранейшаму адмаўляецца большасці насельніцтва зямлі. Права на ахову здароўя павінна, аднак, суправаджацца абавязкам захоўваць нормы паводзінаў і ладу жыцця, якія накіраваныя на абарону здароўя, і адмовіцца ад тых, якія разбураюць здароўе.   Каталіцкі Касцёл працягвае рабіць свой унёсак як у прадухіленне распаўсюджвання ВІЧ/СНІД, так і ў клопат пра інфіцыяваных і і іх сем’і на ўзроўні медычнай апекі і дапамогі, а таксама на сацыяльным, духоўным і пастырскім узроўнях. 26,7% цэнтраў дапамогі тым, хто пакутуе ад ВІЧ/СНІД у свеце, з’яўляюцца каталіцкімі. Лакальныя Касцёлы, рэлігійныя інстытуты і свецкія асацыяцыі з любоўю, пачуццём адказнасці і ў духу міласэрнасці рэалізуюць мноства праектаў і праграм, звязаных з трэнінгам, адукацыяй, абаронаю і дапамогаю, а таксама духоўнаю падтрымкай хворых людзей.   7. На падставе інфармацыі, што паступае ад лакальных Касцёлаў і каталіцкіх інстытутаў з усяго свету, акцыі ў галіне СНІДу фактычна можна падзяліць на наступныя катэгорыі: спрыянне кампаніям сенсібілізацыі, адукацыйныя праграмы па прадухіленні захворвання і догляду за хворымі, падтрымка сіротаў, размеркаванне медыкаментаў і прадуктаў, хатняя апека, адкрыццё шпіталяў, стварэнне цэнтраў і тэрапеўтычных таварыстваў, праца якіх звязана з апекаю і дапамогаю інфіцыяваным ВІЧ/СНІД, праца з урадамі, апека ў турмах, катэхізацыя, стварэнне сістэмаў дапамогі праз Інтэрнэт, стварэнне груп дапамогі хворым людзям.   12 верасня 2004 г. Папа Ян Павел ІІ заснаваў фонд «Добры самарытанін» для падтрымкі гэтых неацэнных і годных пахвалы памкненняў, які быў даручаны Папскай Радзе Душпастырства Аховы Здароўя; пазней фонд быў зацверджаны таксама Папам Бэнэдыктам XVI дзеля таго, каб дзякуючы атрыманым ахвяраванням аказваць эканамічную дапамогу хворым і найбольш патрабуючым людзям ва ўсім свеце, у тым ліку і ахвярам ВІЧ/СНІД. На працягу першага года працы Фонда значная фінансавая дапамога на куплю лекаў была аказаная лакальным Касцёлам у Амерыцы, Афрыцы і Еўропе.   8. Я б хацеў унесці некалькі прапановаў, вызначыўшы асноўныя кірункі працы тых, хто на розных узроўнях удзельнічае ў барацьбе з ВІЧ/СНІД: Хрысціянскія супольнасці павінны працягваць падтрымліваць стабільнасць сям’і і вучыць дзяцей правільна разумець сексуальнасць як дар Пана Бога, поўнае любові і плоднае самаахвяраванне. Урады павінны прысвячаць першачарговую ўвагу здароўю сваіх нацый і праяўляць клопат пра хворых на СНІД, грунтуючыся на прынцыпах адказнасці, салідарнасці, справядлівасці і законнасці. Фармацэўтычная індустрыя павінна спрыяць эканамічнай даступнасці антывірусных прэпаратаў для лячэння ВІЧ/СНІД і тых прэпаратаў, якія неабходныя для лячэння апартуністычных, умоўна-патагенных інфекцый. Навукоўцы і работнікі аховы здароўя павінны аб’яднаць свае намаганні і зрабіць усё магчымае для пашырэння біямедыцынскіх даследванняў у галіне ВІЧ/СНІД па стварэнні новых і эфектыўных лекавых прэпаратаў, здольных спыніць гэтае бедства. Сродкі масавай інфармацыі павінны распаўсюджваць сярод насельніцтва шчырую, аб’ектыўную і праўдзівую інфармацыю пра гэтую з’яву і пра метады яе прадухілення, адмовіўшыся ад усялякіх карыслівых памкненняў. 9. На заканчэнне я хачу прывесці словы Папы Бэнэдыкта XVI, звернутыя да біскупаў Паўднёвай Афрыкі падчас іх візіту Ad Limina 10 чэрвеня 2005 г.: «Браты Біскупы, я падзяляю вашую глыбокую занепакоенасць спусташэннем, выкліканым СНІДам і спадарожнымі захворваннямі. Асабліва я малюся за ўдоваў, сіротаў, маладых маці і за тых, чыё жыццё было разбурана гэтай бязлітаснай эпідэміяй. Настойліва прашу вас працягваць барацьбу з гэтым вірусам, які не толькі забівае, але і з’яўляецца сур’ёзнаю пагрозай для эканамічнай і сацыяльнай стабільнасці кантынента». Кардынал Хав’ер Ласано Барраган Прэзідэнт Папскай Рады Душпастырства Аховы Здароўя Пераклад рэдакцыі часопіса «Ave Maria»
13.07.2009 17:23
Ваша Святасць, Святы Ойча! Ад імя партыкулярнага Касцёла Беларусі, як Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, з нагоды візіту «ad limina Apostolorum» складаю Вашай Святасці належную пашану як Наступніку Святога Пятра — Галаве ўсяго Каталіцкага Касцёла, а таксама шчырую падзяку за бацькоўскую турботу аб Каталіцкім Касцёле на Беларусі. (…) Візіт «ad limina Apostolorum» , ужо другі за перыяд аднаўлення структур і ўстанаўлення касцёльнай іерархіі на Беларусі, дае нам, біскупам, магчымасць паказаць Апостальскай Сталіцы актуальны стан Каталіцкага Касцёла на Беларусі, яго дасягненняў, а таксама праблем, якія існуюць у ягонай дзейнасці. Вось найважнейшыя статыстычныя дадзеныя, што датычаць партыкулярнага Касцёла на Беларусі на 31 снежня 2001 года: Колькасць вернікаў   1.200.000 Колькасць парафій   400 Колькасць святароў   360     у тым ліку мясцовых   160 Колькасць мясцовых новапрэзбітэраў   100 Колькасць законнікаў (з-за мяжы)   160 Колькасць законніц   350     у тым ліку мясцовых   140 Колькасць клерыкаў   150 Спрыяльны мінулы перыяд пабудовы і адбудовы святыняў і стварэння касцёльных структур дазволіў цяпер накіраваць касцёльную дзейнасць на адбудову і пабудову ўнутранага Касцёла ў чалавечых душах, якія былі прыгнятаныя ў нядаўнім яшчэ атэістычна-матэрыялістычным рэжыме. Праведзены Сінод у трох дыяцэзіях, устаноўленая 3-гадовая душпастырская праграма павялічылі і паглыбілі працэс адраджэння Каталіцкага Касцёла на Беларусі. Новая евангелізацыя стварае евангелізаваную і евангелізацыйную супольнасць, зместам якой з’яўляецца хрысціянскае сведчанне і касцёльная самасвядомасць. Ваша Святасць, мы, біскупы з Беларусі, бязмежна Табе, Святы Айцец, адданыя ў выкананні даручаных нам заданняў, пакорліва просім пра Апостальскае Благаславенства для цэлага мясцовага Касцёла, паслядоўнікі якога з вялікаю тугою чакаюць прыезду ўлюбёнага Святога Айца на Беларусь. Кардынал Казімір Свёнтэк Прэзідэнт Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа