Пошук

Панядзелак, 13 ліпеня 2009
13.07.2009 13:06
Мінск, 03.04.2009 г . Да ўвагі ўсіх святароў Рыма-каталіцкага Касцёла на Беларусі і каталіцкіх выдавецтваў Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі перадае да ведама вялебных святароў, а праз іх — усіх вернікаў, змест Ліста да Святога Айца Бэнэдыкта XVI , які быў прыняты на чарговым пасяджэнні ККББ 3 красавіка гэтага года і дасланы найдастойнейшаму адрасату. У лісце падаецца душпастырская праграма «Салідарныя з Папам», якая будзе рэалізавана да канца 2009 года. У гэтым дакуменце мы звяртаемся з заклікам да ўсіх, названых у Лісце , творча ажыццяўляць канкрэтную праграму, асвятляючы некаторыя яе пункты. Для кожнай дыяцэзіі вызначаны свой тыдзень, названы «Чуванне з Папам», падчас якога душпастыры павінны ў сваіх асяродках арганізаваць малітву ў інтэнцыі Святога Айца Бэнэдыкта XVI, а таксама знаёміць вернікаў з яго біяграфіяй і вучэннем. Кожны душпастыр арганізуе Папскі тыдзень у адпаведнасці са сваімі магчымасцямі і магчымасцямі вернікаў. Душпастыр архікатэдральнай парафіі павінен будзе паклапаціцца пра тое, каб у кожную першую нядзелю месяца святая Імша, якая транслюецца па радыё, цэлебравалася ў інтэнцыі Святога Айца, а святароў, якія будуць яе цэлебраваць, просім абвяшчаць у гаміліі папскае веравучэнне. Сёлетнія пілігрымкі ў дыяцэзіяльныя Марыйныя санктуарыі павінны насіць папскі характар. У абвяшчэнні папскага веравучэння трэба выкарыстоўваць энцыклікі, пасланні, і прамовы, з якімі можна пазнаёміцца на беларускай мове, а таксама па-руску і па-польску. Для зручнасці ў дадатку падаецца Бібліяграфічны каталог папскіх выказванняў, змешчаных на старонках часопісаў «Ave Maria» і «Дыялог». Акрамя таго, багатаю крыніцаю Папскага вучэння з’яўляецца часопіс L’Osservatore Romano , які выходзіць на многіх мовах, у тым ліку па-польску, Wiadomości KAI і Інтэрнэт. Дэканы ў выпадку патрэбы павінны аказваць дапамогу душпастырам сваіх дэканатаў у атрыманні папскага вучэння з пералічаных крыніцаў. Падчас тыдняў «Чуванне з Папам» было б добра змяшчаць партрэт Папы ў святынях на бачным месцы. «Салідарныя з Папам» — гэта першая праграма Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, цалкам прысвечаная Бэнэдыкту XVI. У Лісце сказана, што яе рэалізацыя стане для нас таксама «працягам падрыхтоўкі да доўгачаканай сустрэчы з Пятром нашага часу на беларускай зямлі». У сувязі з гэтым узнікае патрэба сабраць душпастырскі вопыт, карысны для распрацоўкі наступнай папскай праграмы. Выпрабаванаю формаю збору вопыта з’яўляецца хроніка душпастырскай дзейнасці паасобных парафій, санктуарыяў, міжпарафіяльных і дыяцэзіяльных падзей і г. д. Гэтым разам можна скласці парафіяльную хроніку пад назваю «Салідарныя з Папам 2009» (фармат А 4), у якой можна было б змясціць, напрыклад, праграму паасобных тыдняў (усяго іх запланавана сем), фотахроніку розных момантаў у рэалізацыі парафіяльнай папскай праграмы, творы мясцовай самадзейнасці (напрыклад, вершы), конкурс ведаў пра Папу і інш. Святары перададуць хронікі біскупам на першай малітоўнай сустрэчы духавенства ў 2010 годзе. Даручаючы вялебным святарам і ўсім, названым у Лісце , выкананне такіх важных душпастырскіх заданняў, спадзяемся, што любоў да Святога Айца і апостальскі запал падкажуць шмат творчых задумаў, магчымых для ажыццяўлення, дзеля будавання адзінства з Пятром нашага часу. На радасную і плённую рэалізацыю праграмы «Салідарныя з Папам» благаслаўляем біскупы Каталіцкага Касцёла ў Беларусі
13.07.2009 13:03
Дарагія браты ў святарстве! У адпаведнасці з рашэннем Святога Айца Бэнэдыкта XVI, 19 чэрвеня 2009 года ў паўсюдным Касцёле распачнецца Год святарства, дэвіз якога — «Вернасць Хрыста, вернасць святара». Ён будзе ўрачыста распачаты падчас Нешпараў урачыстасці Найсвяцейшага Сэрца Езуса. У Рым прыбудуць рэліквіі святога Яна Марыі Віянэя, які ў Год святарства будзе абвешчаны апекуном усіх святароў у свеце. Запланавана таксама публікацыя зборніка выказванняў Святога Айца на тэму жыцця і місіі святароў у наш час. Рыхтуючыся да гэтых падзеяў, мы жадаем нанава асэнсаваць велізарную ролю святароў у фармаванні рэлігійнага і грамадскага жыцця. Аднак выкананне гэтага задання залежыць ад духоўнай дасканаласці святара, ад яго асабістай святасці. Менавіта з гэтага павінны браць пачатак усе іншыя яго справы і дзеянні. Асабліва таму, што сучасны свет часта зводзіць людзей на аблудныя шляхі. На жаль, некаторыя святары таксама даюць сябе звесці. Таму мы далучаемся да словаў Слугі Божага Яна Паўла ІІ і настойліва просім усіх вас, дарагія браты ў святарстве: «Падобна да Езуса, <святар> павінен адмовіцца ад усялякай палітычнай дзейнасці, асабліва тады — а гэта амаль заўсёды непазбежна, — калі гэтая палітыка мае прадузяты характар, каб заставацца чалавекам для ўсіх на падставе братэрства, а таксама, калі гэта будзе прынята, духоўнага айцоўства» ( Генеральная аўдыенцыя, 28 ліпеня 1993 г. ). Таксама і Кангрэгацыя па справах духавенства выразна падкрэслівае, што «святар, з’яўляючыся служыцелем Касцёла, які з прычыны сваёй універсальнасці і каталіцкасці не можа звязвацца з аніякімі гістарычнымі абставінамі, павінен стаяць вышэй за любыя палітычныя прыхільнасці» ( Дырэкторый пра служэнне і жыццё святароў, 33 ). Папа Бэнэдыкт XVI даносіць да духавенства думку, што «вернікі чакаюць ад святароў толькі аднаго: каб яны былі спецыялістамі ў галіне сустрэчы чалавека з Богам. Ад святара не патрабуецца, каб ён быў прафесіяналам у эканамічных, будаўнічых ці палітычных справах. Ад яго чакаюць толькі аднаго — а менавіта, каб ён быў прафесіяналам у сферы духоўнага жыцця» ( Прамова ў варшаўскай катэдры, 25 мая 2006 г. ). Настойліва заахвочваем усіх вас няспынна звяртацца да вытокаў і быць з Хрыстом. Пакліканне да святарства і сакрамэнтальнага жыцця — гэта незвычайны Божы дар, што з’яўляецца праяваю вялікага плана Любові і Збаўлення, які Бог мае для кожнага чалавека і для ўсяго чалавецтва. Святы Павел, якога мы асаблівым чынам узгадваем у Год, прысвечаны яму, так піша ў Пасланні да Эфесцаў: «Благаслаўлёны Бог і Айцец Пана нашага Езуса Хрыста, які благаславіў нас у Хрысце ўсялякім духоўным благаслаўленнем на нябёсах, бо Ён выбраў нас у Ім перад стварэннем свету, каб мы былі святымі і беззаганнымі перад Ім у любові» ( Эф 1, 3–4 ). Дарагія браты ў святарстве, не паддавайцеся страху перад абліччам цяжкасцяў ці сумненняў. Памятайце пра вашае галоўнае заданне, даверанае вам Хрыстом — навучаць народы, і не дайце звесці сябе на аблудныя шляхі! Майце давер да Бога і верна ідзіце за Езусам, і так станеце сведкамі радасці, што струменіць з блізкай еднасці са Збаўцам. Ад усяго сэрца благаслаўляем усіх вас і тых, каму вы служыце. Каталіцкія біскупы Беларусі
13.07.2009 12:53
У Пленарным пасяджэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, якое прайшло 25 чэрвеня 2009 года ў памяшканні Сакратарыяту ККББ у Мінску па вул. Кальцова, 153, прынялі ўдзел усе члены ККББ. Прысутнічалі таксама Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч, сакратар Апостальскай Нунцыятуры ў Беларусі кс. прэлат Крыспін Вітальд Дубель, Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў у Беларусі кс. архімандрыт Ян Сяргей Гаек МІС. У сувязі з заканчэннем тэрміну паўнамоцтваў Старшыні, Віцэ-старшыні і Генеральнага сакратара ККББ на пачатку пасяджэння былі праведзены выбары на гэтыя пасады. Тайным галасаваннем было выбрана кіраўніцтва Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ў папярэднім складзе тэрмінам на наступныя 3 гады, згодна са статутам ККББ. Старшынём ККББ на новы тэрмін абраны Яго Эксцэленцыя Аляксандр Кашкевіч, біскуп Гродзенскі, Віцэ-старшынём — Яго Эксцэленцыя Уладзіслаў Блін, біскуп Віцебскі, Генеральным сакратаром — Яго Эксцэленцыя Антоні Дзям’янка, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Канферэнцыя Біскупаў чарговы раз выказалася аб тым, што пераклад літургічных тэкстаў павінен адпавядаць нарматывам, пададзеным у інструкцыі Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў Liturgiam authenthicam , а менавіта: пераклад літургічных тэкстаў рымскай Літургіі павінен рабіцца з лацінскай мовы і быць не столькі мастацкім творам, колькі дакладнай перадачай на нацыянальных мовах арыгінальных тэкстаў. Зробленыя пераклады літургічных тэкстаў на беларускую мову прызнаныя адпаведнымі гэтым патрабаванням. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч паведаміў прысутным аб набажэнствах, запланаваных падчас урачыстасці Маці Божай Будслаўскай, якія пройдуць 1–2 ліпеня ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе. Сабраныя абмеркавалі пытанні, звязаныя з падрыхтоўкай біскупаў да візіту Ad limina Apostolorum , які прызначаны на снежань бягучага года. У сувязі з Годам святарства сабраныя ўхвалілі ініцыятыву правядзення сустрэчы святароў і кансэкраваных асобаў з усёй Беларусі, якая адбудзецца ва ўспамін апекуна святароў святога Яна Марыі Віянэя 4 жніўня ў касцёле святых Сымона і Алены ў Мінску. Былі таксама абмеркаваны некаторыя іншыя справы, актуальныя для Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне.
Чацвер, 18 чэрвеня 2009
Аўторак, 15 ліпеня 2008
15.07.2008 17:29
Пра адпусты Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту Святая гадзіна Набажэнства да Духа Святога Набажэнства да Найсвяцейшай Тройцы Набажэнства да Найсвяцейшага Сэрца Езуса Навэнна да святога Юзафа Набажэнства да Божай Міласэрнасці Вяночак да Божай Міласэрнасці Навэнна перад святам Божай Міласэрнасці Літанія да Божай Міласэрнасці Набажэнствы на ўшанаванне мукі Пана Крыжовы шлях Збаўцы нашага Езуса Хрыста Крыжовы шлях «Шляхам церпячага Хрыста» Крыжовы шлях Міласэрнай Любові Яго Крыжовы шлях Крыжовы шлях Пакліканых Крыжовы шлях Ненароджаных Крыжовы шлях штодзённага Жыцця К Крыжовы шлях Пана нашага Езуса Хрыста (разважанні паводле кс. Рамано Гуардзіні) Крыжовы шлях Уцелаўлёнай Любові Курапацкі Крыжовы шлях Крыжовы шлях. Малітва маці за дзяцей Крыжовы шлях «Пане, памнож у нас веру» Крыжовы шлях “дасканалай любові” Крыжовы шлях “Найбольшая запаведзь” з разважаннямі благаслаўлёнай Маці Тэрэзы з Калькуты Крыжовы шлях “Добры Пастыр” Крыжовы шлях міласэрнасці Крыжовы шлях учынкаў міласэрнасці Крыжовы шлях для моладзі Крыжовы шлях “Па слядах міласэрнага Збаўцы, альбо з цемры граху да святла Божай міласэрнасці” Крыжовы шлях Бескарыслівай Любові Крыжовы шлях. Разважанні на тэму сям’і Крыжовы шлях у абарону жыцця Песні жальбы Набажэнствы да Маці Божай Святы ружанец Набажэнства першых суботаў месяца – перапрашэннe Беззаганнага Сэрца Марыі Гадзінкі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі
15.07.2008 16:35
Назва Гадзінкі паходзіць ад слова «гадзіна». У кляштарах малітвы, якія манахі адгаворваюць у пэўныя гадзіны дня, маюць назву Літургія гадзінаў (Liturgia horarum) . Спевы гімнаў і малітваў Гадзінак укладзеныя па прыкладзе Літургіі гадзінаў , адкуль іх асобныя назвы: Ютрань, Першая Гадзіна, Трэцяя Гадзіна, Нешпары і г. д. Малітва Гадзінак праслаўляе таямніцу Беззаганнага Зачацця Багародзіцы, якая Божаю ласкаю была захаваная ад першароднага грэху. Ютрань Пачынайце, вусны нашы,        Маці праслаўляці, Пачынайце гімн хвалы        радасна спяваці. Будзь нам, Маці міласэрна,        сталай дапамогай, Барані нас ад спакус і шатана злога. Хвала Богу ў Тройцы вечнай        і Айцу, і Сыну, І Святому Духу ўсцяж,        на вякі, няспынна. Як была пашана Пану,        хай заўсёды будзе — На зямлі хай праз вякі        Бога славяць людзі. Гімн Радуйся, Пані Святая, неба Валадарка, Ты светлая, як зорка,        што ўзыйшла над ранкам. Радуйся, поўная ласкі,        яснасць незямная, Ратуй нас ад шатана, Маці Прасвятая. Пані, Цябе сам Бог Моцны,        Творца чалавека, Абраў за Маці Слова,        што жыло спрадвеку. Слова, што свет сатварыла —        неба над зямлёю, Паіла ўсё жывое чыстаю вадою. Бог узлюбіў Цябе, Маці,        і ўчыніў святою, Адамаў грэх моц страціў,        Пані, прад Табою. Кантар: Выбраў Яе Бог і па-над усім узвялічыў. Н.: І абраў Яе, быццам дом, у якім сам прабывае. К.: Пані, пачуй малітвы нашыя. Н.: А просьбы нашы няхай да Цябе дойдуць. Молімся: Святая Марыя, Валадарка неба, Маці Пана нашага Езуса Хрыста і Пані свету, якая нікога не пакідаеш і нікім не пагарджаеш, глянь на нас, о наша Пані, ласкавым позіркам Тваёй міласэрнасці і выпрасі нам у свайго Сына дараванне нашых правінаў, каб мы, хто цяпер пра Тваё Беззаганнае Зачацце пабожным сэрцам разважае, маглі атрымаць у небе ўзнагароду вечнага жыцця; няхай жа нам так учыніць Табою народжаны Твой Сын, а наш Пан Езус Хрыстус, які з Айцом і Святым Духам жыве і валадарыць, у Тройцы Святой адзіны Бог на векі вечныя. Амэн. К.: Пані, пачуй маленні нашыя. Н.: А просьбы нашы няхай да Цябе дойдуць. К.: Праслаўляйма Пана. Н.: Богу хвала. К.: А душы верных памерлых праз Божую міласэрнасць няхай адпачываюць у супакоі вечным. Н.: Амэн. Першая гадзіна Будзь нам, Маці міласэрна,        вернай дапамогай, Барані нас ад спакус і шатана злога. Хвала Богу ў Тройцы вечнай        і Айцу, і Сыну, І Святому Духу ўсцяж,        на вякі, няспынна. Як была пашана Пану,        хай заўсёды будзе — На зямлі хай праз вякі        Бога славяць людзі. Гімн Радуйся, мудрая Маці,        дом святы для Бога, Які калоны здобяць велічна, прыгожа. Пошасцям свету Ты, Пані,        сталася бядою, Бо ва улонні маці ўжо была святою. Маці зямлі, Ты ў неба        і у святасць Брама, Якуба зорка ясна і анёлаў Пані. Пострах шатана, ратуй нас        ад яго напасцяў, Ты прыстань хрысціянаў        у горы і няшчасці. К.: Сам Яе сатварыў у Святым Духу. Н.: І над справамі рук сваіх Яе ўзвялічыў. К.: Пані, пачуй маленні нашыя. Н.: А просьбы нашыя няхай да Цябе дойдуць. Молімся: Святая Марыя, Валадарка неба, Маці Пана нашага Езуса Хрыста і Пані свету, якая нікога не пакідаеш і нікім не пагарджаеш, глянь на нас, о наша Пані, ласкавым позіркам Тваёй міласэрнасці і выпрасі нам у свайго Сына дараванне нашых правінаў, каб мы, хто цяпер пра Тваё Беззаганнае Зачацце пабожным сэрцам разважае, маглі атрымаць у небе ўзнагароду вечнага жыцця; няхай жа нам так учыніць Табою народжаны Твой Сын, а наш Пан Езус Хрыстус, які з Айцом і Святым Духам жыве і валадарыць, у Тройцы Святой адзіны Бог на векі вечныя. Амэн. Трэцяя гадзіна Будзь нам, Маці міласэрна,        вернай дапамогай, Барані нас ад спакус і шатана злога. Хвала Богу ў Тройцы вечнай        і Айцу, і Сыну, І Святому Духу ўсцяж,        на вякі, няспынна. Як была пашана Пану,        хай заўсёды будзе — На зямлі хай праз вякі        Бога славяць людзі. Гімн Радуйся, трон Саламонаў,        запавет Святога, Вясёлка з фарбаў райскіх        Творцы Незямнога. Ты, як агонь Майсееў,        Богам палымнееш, Як посах Ааронаў, нібы цвет квітнееш. Райская Брама замкнёна,        мёду пласт Самсона, Руно, што мацавала мужнасць Гедыёна. Сын Твой Святы і адзіны        Бог Праўдзівы з неба, Цябе ўсцярог ад грэху нашай маці Евы. Толькі Цябе, Маці Слова,        Бог абраў спрадвеку, Каб Ты была нявіннай,        і без плямаў грэху. К: Я жыву на вышынях. Н.: А трон мой у слупе аблокаў. К.: Пані, пачуй малітвы нашыя. Н.: А просьбы нашы няхай да Цябе дойдуць. Молімся: Святая Марыя, Валадарка неба, Маці Пана нашага Езуса Хрыста і Пані свету, якая нікога не пакідаеш і нікім не пагарджаеш, глянь на нас, о наша Пані, ласкавым позіркам Тваёй міласэрнасці і выпрасі нам у свайго Сына дараванне нашых правінаў, каб мы, хто цяпер пра Тваё Беззаганнае Зачацце пабожным сэрцам разважае, маглі атрымаць у небе ўзнагароду вечнага жыцця; няхай жа нам так учыніць Табою народжаны Твой Сын, а наш Пан Езус Хрыстус, які з Айцом і Святым Духам жыве і валадарыць, у Тройцы Святой адзіны Бог на векі вечныя. Амэн. Шостая гадзіна Будзь нам, Маці міласэрна,        вернай дапамогай, Барані нас ад спакус і шатана злога. Хвала Богу ў Тройцы вечнай        і Айцу, і Сыну, І Святому Духу ўсцяж,        на вякі, няспынна. Як была пашана Пану,        хай заўсёды будзе — На зямлі хай праз вякі        Бога славяць людзі. Гімн Радуйся, Тройцы сяліба,        Божая Святыня, Палац святы анёлаў,        дзеваў Храм нявінных. Ты суцяшэнне журботных,        сад удзячных думак, Ты сіла цярплівых, чысціні дарунак. О Благаслаўлёная Пані,        Ты зямля святая, Нявіннасці і цнотаў, дар таемны маеш. Быццам святы горад Божы,        ці на Усходзе брама, Любоўю, ласкай светлай        ззяеш, Беззаганна! К.: Быццам лілея паміж церняў. Н.: Так і мая ўмілаваная паміж дачок Адама. К.: Пані, пачуй малітвы нашыя. Н.: А просьбы нашы няхай да Цябе дойдуць. Молімся: Святая Марыя, Валадарка неба, Маці Пана нашага Езуса Хрыста і Пані свету, якая нікога не пакідаеш і нікім не пагарджаеш, глянь на нас, о наша Пані, ласкавым позіркам Тваёй міласэрнасці і выпрасі нам у свайго Сына дараванне нашых правінаў, каб мы, хто цяпер пра Тваё Беззаганнае Зачацце пабожным сэрцам разважае, маглі атрымаць у небе ўзнагароду вечнага жыцця; няхай жа нам так учыніць Табою народжаны Твой Сын, а наш Пан Езус Хрыстус, які з Айцом і Святым Духам жыве і валадарыць, у Тройцы Святой адзіны Бог на векі вечныя. Амэн. Дзевятая гадзіна Будзь нам, Маці міласэрна,        вернай дапамогай, Барані нас ад спакус і шатана злога. Хвала Богу ў Тройцы вечнай        і Айцу, і Сыну, І Святому Духу ўсцяж,        на вякі, няспынна. Як была пашана Пану,        хай заўсёды будзе — На зямлі хай праз вякі        Бога славяць людзі. Гімн Радуйся, прыстань уцёкшых,        вежа справядлівых, Прыгожая, як хорам,        узведзены Давідам. Ты пры зачацці любоўю,        ласкай палымнела, Ад яснасці той пекла ў немачы самлела. Мужная Панна Святая,        як сама Юдыта, Што люд свой ратавала,        у палон здабыты. Хлебам карміў увесь Егіпет,        слаўны сын Рахэлі, Марыі Сын ад смерці збавіў        свет збуцвелы. К.: Якая ж Ты прыгожая, наша Пані. Н.: А правіны грэху першароднага ў Табе не знайшлося. К.: Пані, пачуй малітвы нашыя. Н.: А просьбы нашы няхай да Цябе дойдуць. Молімся: Святая Марыя, Валадарка неба, Маці Пана нашага Езуса Хрыста і Пані свету, якая нікога не пакідаеш і нікім не пагарджаеш, глянь на нас, о наша Пані, ласкавым позіркам Тваёй міласэрнасці і выпрасі нам у свайго Сына дараванне нашых правінаў, каб мы, хто цяпер пра Тваё Беззаганнае Зачацце пабожным сэрцам разважае, маглі атрымаць у небе ўзнагароду вечнага жыцця; няхай жа нам так учыніць Табою народжаны Твой Сын, а наш Пан Езус Хрыстус, які з Айцом і Святым Духам жыве і валадарыць, у Тройцы Святой адзіны Бог на векі вечныя. Амэн. Нешпары Будзь нам, Маці міласэрна,        вернай дапамогай, Барані нас ад спакус і шатана злога. Хвала Богу ў Тройцы вечнай        і Айцу, і Сыну, І Святому Духу ўсцяж,        на вякі, няспынна. Як была пашана Пану,        хай заўсёды будзе — На зямлі хай праз вякі        Бога славяць людзі. Гімн Радуйся, о яснасць свету,        верных дапамога, Ты кроў дала і цела Сыну Пана Бога. Каб чалавек у даліне грэху не загінуў, А годным стаўся неба,        хвалы херубімаў. Промнямі сонца святога,        зіхаціць Марыя — Зачатая без грэху чыстая лілея. Цвет паміж церняў — Марыя        мужна змея топча, Як месяц ясны ў поўні,        цемру губіць ноччу. К.: Я ўчыніла, каб на небе няспынна ўзыходзіла сонца. Н.: І быццам імгліца ўсю зямлю агарнула. К.: Пані, пачуй малітвы нашыя. Н.: А просьбы нашы няхай да Цябе дойдуць. Молімся: Святая Марыя, Валадарка неба, Маці Пана нашага Езуса Хрыста і Пані свету, якая нікога не пакідаеш і нікім не пагарджаеш, глянь на нас, о наша Пані, ласкавым позіркам Тваёй міласэрнасці і выпрасі нам у свайго Сына дараванне нашых правінаў, каб мы, хто цяпер пра Тваё Беззаганнае Зачацце пабожным сэрцам разважае, маглі атрымаць у небе ўзнагароду вечнага жыцця; няхай жа нам так учыніць Табою народжаны Твой Сын, а наш Пан Езус Хрыстус, які з Айцом і Святым Духам жыве і валадарыць, у Тройцы Святой адзіны Бог на векі вечныя. Амэн. Напрыканцы дня Хай жа дасць нам Сын Твой любы ласку навяртання, Хай даруе нам грахі, не спашле карання. Будзь нам, Маці міласэрна,        вернай дапамогай, Барані нас ад спакус і шатана злога. Хвала Богу ў Тройцы вечнай        і Айцу, і Сыну, І Святому Духу ўсцяж,        на вякі, няспынна. Як была пашана Пану,        хай заўсёды будзе — На зямлі хай праз вякі        Бога славяць людзі. Гімн Радуйся, о Маці цноты,        святасці дзявочай, Напоўненая ласкай у вянку святочным. О Беззаганная Маці, чысціня анёлаў, Стаіш ля трона Бога — галава ў кароне. Ласку для нас спарадзіла,        ветлая, Прачыста. Ты грэшнікаў надзея,        тых, што тонуць, прыстань. Райская Брама для слабых,        грэшных абарона, Вядзі нас на сустрэчу з Богам на Сіёне. К.: Тваё імя, о Марыя, як алей духмяны. Н.: А Твае слугі моцна Цябе ўзлюбілі. К.: Пані, пачуй малітвы нашыя. Н.: А просьбы нашы няхай да Цябе дойдуць. Молімся: Святая Марыя, Валадарка неба, Маці Пана нашага Езуса Хрыста і Пані свету, якая нікога не пакідаеш і нікім не пагарджаеш, глянь на нас, о наша Пані, ласкавым позіркам Тваёй міласэрнасці і выпрасі нам у свайго Сына дараванне нашых правінаў, каб мы, хто цяпер пра Тваё Беззаганнае Зачацце пабожным сэрцам разважае, маглі атрымаць у небе ўзнагароду вечнага жыцця; няхай жа нам так учыніць Табою народжаны Твой Сын, а наш Пан Езус Хрыстус, які з Айцом і Святым Духам жыве і валадарыць, у Тройцы Святой адзіны Бог на векі вечныя. Амэн. Ахвяраванне Гадзінак Пані, прымі спеў Гадзінак,        што Табе мы ўзносім, З паклонам і пакорай дапамогі просім. Шляхам збаўленным, о Маці,        нас вядзі да раю. Прыбудзь да ложа смерці,        не пакінь пры сконе. Антыфона О Квеце Ружы, што грэх першародны амінула, і злога ўчынку бруду не спазнала. К.: Пры сваім Зачацці, о Пані, Ты была Беззаганнай. Н.: Маліся за нас да Бога Айца, бо Ягонага Ты нарадзіла Сына. Молімся: Божа, Ты праз Беззаганнае Зачацце Найсвяцейшай Панны падрыхтаваў свайму Сыну годнае прабыванне ў нявінным улонні, і праз заслугі будучай смерці Хрыста захаваў Яе ад усялякай правіны. Дазволь нам праз Яе заступніцтва дайсці да Цябе без грэху. Праз Пана нашага Езуса Хрыста, які з Табою жыве і валадарыць у еднасці Духа Святога, Бог праз усе вякі вечныя. Н.: Амэн.
15.07.2008 16:34
Падчас аб’яўленняў у Фаціме Маці Божая паабяцала тым, хто будзе перапрашаць Яе Беззаганнае Сэрца ў першыя суботы, што Яна будзе прысутнічаць у хвіліну іх смерці «разам з усімі ласкамі, патрэбнымі для збаўлення». Чаму ўстаноўлена менавіта пяць перапрашальных суботаў? « Дачка мая , – сказаў Езус сястры Люцыі, – прычына простая. Гэта датычыць пяці відаў знявагаў і абразаў, якімі зневажаецца Беззаганнае Сэрца Марыі ». Затым Збаўца ўказаў на гэтыя знявагі: Абраза Беззаганнага Зачацця; Абраза Яе Дзявоцтва; Абраза Яе Божага Мацярынства; Усе тыя знявагі, якімі імкнуцца адкрыта пасеяць у сэрцах дзяцей абыякавасць, пагарду і нават нянавісць да Беззаганнай Маці; Блюзнерствы, якімі зневажаюць Маці Божую ў Яе святых выявах.   Набажэнства першых суботаў павінна абудзіць у нас прагу пастаяннага перапрашэння Бога і Беззаганнага Сэрца Марыі за грахі, блюзнерствы і абыякавасць людзей. Тыя, хто практыкуе набажэнства першых суботаў, павінны вучыцца жыць у духу штодзённага перапрашэння, прыклад якога нам даюць фацімскія дзеці. Умовы перапрашэння Беззаганнага Сэрца Марыі: Споведзь у першую суботу месяца; Святая Камунія ў першую суботу месяца; Ружанец перапрашэння (5 таямніцаў). Разважанне над таямніцай (15 хвілін). Ружанец перапрашэння за знявагі, учыненыя Беззаганнаму Сэрцу Марыі Ён адгаворваецца так, як звычайны Ружанец, з той розніцаю, што пасля кожнай малітвы Вітай, Марыя...   дадаюцца наступныя заклікі, у кожнай таямніцы іншыя: Захавай і памнож у нас веру ў Тваё Беззаганнае Зачацце! Захавай і памнож у нас веру ў Тваё непарушнае Дзявоцтва! Захавай і памнож у нас веру ў Тваю годнасць сапраўднай Божай Маці! Захавай і памнож у нас праслаўленне і любоў да Тваіх абразоў! Распалі ва ўсіх сэрцах прагу набажэнства і любоў да Цябе. Малітва О Марыя, праз набажэнствы першых суботаў месяца прагну перапрасіць за пяць відаў знявагаў і абра2заў Твайго Беззаганнага Сэрца. Прымі гэта маё перапрашэнне за блюзнерствы, скіраваныя супраць Твайго Беззаганнага Зачацця, Твайго Дзявоцтва і Твайго Божага Мацярынства. Ахвярую Табе гэтае маё перапрашэнне, прашу прабачэння для тых, хто не прызнае Цябе за Маці ўсяго чалавецтва і хто сее ў сэрцах дзяцей абыякавасць, ігнараванне і нават нянавісць да Цябе. Урэшце прагну перапрасіць за знявагі, прычыненыя Табе тымі, хто дазваляе сабе апаганьваць Твае святыя выявы. Жадаючы суцешыць Тваё Беззаганнае Сэрца і дасягнуць спаўнення маіх просьбаў, прагну цяпер памаліцца гэты святы Ружанец. Адгаворваецца 5 таямніцаў, як пры звычайнай малітве на ружанцы, толькi ў чарговых дзесятках Ружанца пасля кожнай малітвы Вітай, Марыя чытаецца адпаведная просьба (гл. с. 452). Малітва анёла з Фацімы (перапрашaльнaя) О мой Езу, прабач нам грахі нашыя, захавай нас ад агню пякельнага, прывядзі ўсе душы на неба і дапамажы асабліва тым, каму найбольш патрэбна Твая міласэрнасць. ( Чытаецца пасля кожнай таямніцы ). Малітва на заканчэнне Каралева Ружанца святога, наша Фацімская Пані! Дзякую Табе за дапамогу, якую Ты мне аказала. Тваё фацімскае пасланне – гэта праява мацярынскай любові. Ты прагнеш усіх уратаваць і кожнага хочаш прывесці на неба. Хвала і праслаўленне Айцу і Сыну, і Духу Святому за гэту поўную велічы Каралеву неба, за Яе фацімскае пасланне і за выслухоўванне нашых просьбаў. Амэн. Малітва анёла з Фацімы Праслаўленнe Бога О Божа мой, веру ў Цябе, праслаўляю Цябе, давяраю Табе і люблю Цябе. Прашу ў Цябе прабачэння для тых, хто не верыць у Цябе, не праслаўляе Цябе, не давярае Табе і не любіць Цябе. Амэн. Малітва да Найсвяцейшай Тройцы О Найсвяцейшая Тройца, Айцец, Сын і Дух Святы. З глыбокаю пакораю хвалу Табе аддаю і ахвярую Табе Найсвяцейшае Цела і Кроў, Душу і Боскасць Пана нашага Езуса Хрыста, прысутнага на ўсіх алтарах усяго свету, як перапрашэнне за знявагі, святатацтва і абыякавасць, якімі Яго абражаюць. Праз бясконцыя заслугі Яго Найсвяцейшага Сэрца і праз заступніцтва Беззаганнага Сэрца Марыі прашу ў Цябе ласкі навяртання бедных грэшнікаў. Амэн.
15.07.2008 16:24
Cвяты ружанец Як маліцца на ружанцы Таямніцы Святога ружанца Cвяты Ружанец У старажытнасці быў цудоўны звычай ахвяраваць асабліва годным людзям вянкі, сплеценыя з ружаў. Хрысціяне ўшаноўвалі Хрыста, Маці Божую і святых, складаючы ружавыя вянкі на алтар. Ружанец (на лаціне rosarium – ружавы кветнік) – пэўны спосаб малітвы, паслядоўнасць якой адлічваецца, нібы па пялёстках ружы, што разгортваецца ярусамі па пяць малітваў у кожным. Малітва гэта спалучаная з роздумам пра падзеі з жыцця Езуса і Панны Марыі, што ўтвараюць чатыры часткі Ружанца – радасныя таямніцы, балесныя таямніцы, таямніцы святла і хвалебныя. Сам спосаб малітвы прыйшоў з хрысціянскага Усходу, дзе з’явіўся прыкладна ў ІІІ ст. Кожная асобная малітва (паклон) адзначалася вузельчыкам на вяроўцы. Праз пяць стагоддзяў ён прыйшоў на Захад, дзе атрымаў лацінскую назву Pater noster (ад першых словаў малітвы Ойча наш , адсюль і беларускія «пацеркі»). Сучасная форма Ружанца ўсталявалася ў 1470-х гадах праз дамініканаў Алана дэ Рупэ і Якуба Шпрэнгера і была ўпершыню надрукаваная ў 1481 г. У 1520 г. яна была асвечаная папам Львом Х і названая Ружанцам Найсвяцейшай Панны Марыі. Актуальнасць ружанцовай малітвы для нашага часу падкрэсліў папа Ян Павел ІІ. У 2002 г. Святы Айцец выдаў Апостальскі ліст Rosarium Virginis Mariae , у якім запрасіў нанава адкрыць Ружанец і дапоўніў яго новаю часткаю – таямніцамі святла, прысвечанымі публічнай дзейнасці Хрыста. Ружанец – «вянок ружаў» – нібы з найлепшых кветак сплецены з найдаражэйшых малітваў: Ойча наш , якой навучыў нас сам Пан Езус, і Вітай, Марыя , якою віталі Марыю Божы пасланец арханёл Габрыэль і святая Альжбета, маці Яна Хрысціцеля. Ружанцам завецца таксама нізка асаблівым чынам змацаваных пацерак (драўляных, касцяных, бурштынавых і інш.), дзе кожнаю пацеркаю адзначаецца асобная малітва. Як маліцца на ружанцы Звычайна Ружанец пачынаецца ўступнымі малітвамі, якія гаворацца на крыжыку і пяці першых пацерках. Зрабіўшы знак крыжа і кажучы У імя Айца , гавораць, трымаючы крыжык, Веру ў Бога Айца , затым на першай пацерцы – Ойча наш , на трох наступных – тры Вітай, Марыя і на пятай – Хвала Айцу . Ружанец складаецца з чатырох частак, у кожную з якіх уваходзяць пяць таямніцаў. У кожнай таямніцы на першай асобнай пацерцы гаворыцца Ойча наш , на дзесяці змацаваных разам пацерках – дзесяць Вітай, Марыя , і на наступнай, асобнай пацерцы – Хвала Айцу і Сыну , а таксама: О Марыя, без граху першароднага зачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае! На гэтай жа пацерцы гаворыцца і малітва, якую прасіла дадаваць пасля кожнае дзесяткі Маці Божая падчас свайго аб’яўлення ў Фаціме: О мой Езу, прабач нам грахі нашыя, захавай нас ад агню пякельнага, правядзі ўсе душы на неба і дапамажы асабліва тым, каму найбольш патрэбна Твая міласэрнасць. На гэтай жа пацерцы гаворыцца таксама і Ойча наш наступнай таямніцы. Пацеркі, якімі мы карыстаемся, маюць пяць дзесяткаў, падзеленых між сабою пяццю асобнымі пацеркамі. Таму, перабраўшы іх адзін раз, мы можам памаліцца толькі адну частку Ружанца. Каб згаварыць яго цалкам, неабходна перабраць пацеркі чатыры разы. На пачатку кожнай таямніцы звычайна прыгадваем яе сэнс і разважаем аб жыцці Езуса і Марыі. Разважанне – найважнейшы сэнс Ружанца. Без яго Ружанец падобны да цела без душы. Адгаворваючы Ружанец без разважанняў, мы часта ператвараем яго ў паўтарэнне слоў. Ёсць розныя спосабы разважання таямніцаў Ружанца. Напачатку можна разважаць, дапамагаючы сабе тэкстамі, пададзенымі ніжэй. Пазней, глыбей спасцігшы Ружанец, можна абапірацца на ўласныя разважанні. Гэты вянок малітваў і разважанняў называюць яшчэ «малым Евангеллем», «лесвіцаю ў неба». 1 «Веру ў Бога...» 1 раз 2 «Ойча наш...» 1 раз 3 «Вітай, Марыя...» 3 разы 4 «Хвала Айцу...» 1 раз 4 Назваць таямніцу Ружанца 4 «Ойча наш...» 1 раз 5 «Вітай, Марыя...» 10 разоў 6 «Хвала Айцу...» 1 раз 6 Назваць наступную таямніцу Ружанца 6 «Ойча наш...» 1 раз 7 «Вітай, Марыя...» 10 разоў Таямніцы Святога ружанца Радасныя таямніцы Звеставанне Найсвяцейшай Панне Марыі Адведзіны Паннай Марыяй святой Альжбеты Нараджэнне Езуса Хрыста Ахвяраванне Хрыста ў святыні Езуса знаходзяць у Ерузалемскай святыні Таямніцы святла Хрост Езуса ў Ярдане Езус аб'яўляе сябе на вяселлі ў Кане Абвяшчэнне Божага Валадарства і заклік да навяртання Перамяненне Езуса на гары Табор Устанаўленне Эўхарыстыі Балесныя таямніцы Малітва Езуса ў садзе Аліўным Бічаванне Езуса Укаранаванне Езуса цернем Езус нясе крыж на гару Кальварыйскую Укрыжаванне і смерць Езуса Хвалебныя таямніцы Уваскрасенне Хрыста Унебаўшэсце Хрыста Спасланне Духа Святога Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі Укаранаванне Найсвяцейшай Панны Марыі Радасныя таямніцы (молімся ў панядзелак і суботу) І. Звеставанне Найсвяцейшай Панне Марыі (пар. Лк 1, 26–38) У шосты ж месяц Бог паслаў анёла Габрыэля ў горад Галілейскі, які называўся Назарэт, да Дзевы, заручанай з мужам па імені Юзаф, з дому Давіда, а імя Дзевы – Марыя. Анёл, увайшоўшы да Яе, сказаў: «Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою». І сказаў Ёй анёл: «Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана. І вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус». Тады Марыя сказала: «Вось я, Слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова». ІІ. Адведзіны Паннай Марыяй святой Альжбеты (пар. Лк 1, 39–47) Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшалася ў горную краіну, у горад Юды. І ўвайшла ў дом Захарыі, і прывітала Альжбету. Напоўнілася Альжбета Духам Святым. І ўсклікнула моцным голасам, і сказала: «Благаслаўлёная Ты між жанчынамі і благаслаўлёны плод улоння Твайго!» І сказала Марыя: «Велічае душа мая Пана, і ўзрадаваўся дух мой у Богу, Маім Збаўцы». ІІІ. Нараджэнне Езуса Хрыста (пар. Лк 2, 6–11) Калі ж яны былі там, надышоў час нарадзіць Ёй. І нарадзіла Сына свайго, і паклала ў яслі, но не было ім месца ў заездзе. У той ваколіцы былі на полі пастухі, якія вартавалі ўначы свой статак. Раптам з’явіўся ім анёл Пана, і хвала Пана асвяціла іх, і вялікі страх ахапіў іх. І сказаў ім анёл: «Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народа, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан». ІV. Ахвяраванне Хрыста ў святыні (пар. Лк 2, 22– 35) Калі мінулі дні іх ачышчэння паводле закону Майсея, бацькі Езуса прынеслі Яго ў Ерузалем, каб прадставіць перад Панам. Быў у Ерузалеме чалавек, імя якога Сімяон. Ён узяў Яго на рукі, благаславіў Бога і сказаў: «Вочы мае ўбачылі збаўленне Тваё, якое падрыхтаваў Ты перад абліччам усіх народаў». І сказаў Марыі, Маці Яго: «Вось Гэты прызначаны на падзенне і на паўстанне многіх у Ізраэлi, і на знак, якому супраціўляцца будуць. І праз тваю душу пройдзе меч, каб выявіліся думкі многіх сэрцаў». V. Езуса знаходзяць у Ерузалемскай святыні (пар. Лк 2, 43–49) Засталося Дзіця Езус у Ерузалеме, і не заўважылі гэтага Ягоныя бацькі. Пасля трох дзён знайшлі Яго ў святыні. Ён сядзеў сярод настаўнікаў, слухаючы іх і пытаючыся ў іх. І сказала Яму Маці Ягоная: «Сыне, чаму Ты зрабіў нам гэтак? Вось айцец Твой і Я ў вялікім смутку шукалі Цябе». І сказаў ім: «Чаго вы Мяне шукалі? Ці вы не ведалі, што Мне трэба быць у тым, што належыць Айцу Майму?»   Таямніцы святла (молімся ў чацвер) І. Хрост Езуса ў Ярдане (пар. Мц 3, 16-17) Калі Езус ахрысціўся, адразу выйшаў з вады, і раскрыліся Яму нябёсы, і ўбачыў Духа Божага, які спускаўся, як голуб, і сыходзіў на Яго. І голас з неба прамовіў: «Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў». ІІ. Езус аб’яўляе сябе на вяселлі ў Кане (пар. Ян 2, 1. 3. 7-9. 11) У Кане Галілейскай было вяселле. І, калі не хапіла віна, Маці Езуса сказала Яму: «Не маюць віна». Езус сказаў: «Напоўніце збаны вадою». І кажа ім: «Цяпер зачарпніце і занясіце кіраўніку вяселля». Кіраўнік вяселля пакаштаваў ваду, што стала віном. Такі пачатак цудаў учыніў Езус у Кане Галілейскай. ІІІ. Абвяшчэнне Божага Валадарства і заклік да навяртання (пар. Мк 1, 14-15; Лк 8, 1) Пасля таго, як выдалі Яна, прыйшоў Езус у Галілею, прапаведуючы Евангелле Божае і кажучы, што настаў час і наблізілася Валадарства Божае: кайцеся і верце ў Евангелле. Пасля праходзіў Ён па гарадах і вёсках, прапаведуючы і абвяшчаючы Добрую Навіну аб Валадарстве Божым. ІV. Перамяненне Езуса на гары Табор (пар. Лк 9, 28-29. 35) Езус узяў з сабою Пятра, Яна і Якуба і ўзышоў на гару памаліцца. І калі Ён маліўся, выгляд твару Яго перамяніўся, і вопратка Ягоная стала бліскуча-белай. А з воблака пачуўся голас, які казаў: «Гэта Сын Мой выбраны, Яго слухайце». V. Устанаўленне Эўхарыстыі (пар. Мц 26, 26-28) І калі яны елі, Езус узяў хлеб, благаславіў, ламаў і даваў вучням, кажучы: «Бярыце і ешце; гэта Цела Маё». Потым узяў келіх і, падзякаваўшы, даў ім, кажучы: «Піце з яго ўсе;  бо гэта Кроў Мая новага запавету, якая будзе праліта за многіх дзеля адпушчэння грахоў».    Балесныя таямніцы (молімся ў аўторак і пятніцу) І. Малітва Езуса ў садзе Аліўным (пар. Лк 22, 41–45) Езус адышоў ад іх на адлегласць, што камень можна дакінуць, укленчыў і маліўся, кажучы: «Ойча, калі Ты хочаш, адхілі ад Мяне гэты келіх. Але не Мая воля, а Твая няхай станецца». І з’явіўся Яму Анёл з неба, суцяшаючы Яго. І, страшэнна пакутуючы, Ён маліўся яшчэ больш. І быў пот Ягоны, быццам кроплі крыві, што падалі на зямлю. Калі ўстаў пасля малітвы і прыйшоў да вучняў, Ён убачыў, што яны заснулі, змучаныя тугою. ІІ. Бічаванне Езуса (пар. Мц 27, 22–25, Ян 19,1) Кажа ім Пілат: «А што мне рабіць з Езусам, якога завуць Хрыстом?» Кажуць усе: «Няхай будзе ўкрыжаваны!» Пілат, убачыўшы, што нічога не дапамагае, а хваляванне ўзрастае, узяў ваду і абмыў рукі перад людзьмі, кажучы: «Невінаваты я ў гэтай крыві. Глядзіце самі». І ўвесь народ адказаў: «Кроў Яго на нас і на дзецях нашых!» Тады Пілат узяў Езуса і бічаваў Яго. ІІІ. Укаранаванне Езуса цернем (пар. Мц 27, 27–30) Тады жаўнеры намесніка, завёўшы Езуса ў прэторыю, сабралі каля Яго цэлую кагорту. Распранулі Яго і накінулі на Яго чырвоны плашч, сплялі вянок з церня і ўсклалі Яму на галаву, і далі Яму ў правую руку трысціну. Становячыся перад Ім на калені, насміхаліся з Яго, кажучы: «Вітай, Кароль Юдэйскі!» І плявалі на Яго, бралі трысціну і білі Яго па галаве. ІV. Езус нясе крыж на гару Кальварыйскую (пар. Мц 27, 31; Лк 23, 26–28) А калі высмеялі, знялі з Яго плашч і апранулі ў адзенне Ягонае, і павялі Яго на ўкрыжаванне. Калі павялі Яго, схапілі нейкага Сымона Кірынэйца, які вяртаўся з поля, і ўсклалі на яго крыж, каб нёс за Езусам. Ішло за Ім вялікае мноства людзей і жанчын, якія плакалі і галасілі па Ім. А Езус звярнуўся да іх і сказаў: «Дочкі ерузалемскія, не плачце па Мне, а плачце па сабе і па дзецях вашых». V. Укрыжаванне і смерць Езуса (пар. Ян 19, 17–27; Лк 23, 44–46) І, несучы для сябе крыж, Ён выйшаў на месца, якое называлася Месцам Чэрапа, па-габрэйску — Галгота. Там укрыжавалі Яго. А з Ім двух іншых, з аднаго і з другога боку, а пасярэдзіне Езуса. Стаялі ж каля крыжа Езуса Маці Ягоная і сястра Маці Ягонай, Марыя Клеопава, і Марыя Магдалена. Езус, убачыўшы Маці і вучня, які стаяў побач і якога Ён любіў, сказаў: «Жанчына, вось сын Твой». Потым сказаў вучню: «Вось Маці твая!» І з гэтага часу вучань узяў Яе да сябе. І было каля шостай гадзіны, і цемра ахінула ўсю зямлю аж да дзевятай гадзіны. Сонца зацьмілася, і заслона ў святыні разарвалася пасярэдзіне. І Езус закрычаў моцным голасам: «Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой». І, сказаўшы гэта, сканаў.   Хвалебныя таямніцы (молімся ў сераду і нядзелю) І. Уваскрасенне Хрыста (пар. Мц 28, 1–9) На світанні першага дня тыдня прыйшла Марыя Магдалена і другая Марыя паглядзець магілу. І вось стаўся вялікі землятрус, бо анёл Пана, які сышоў з неба, падышоў, адсунуў камень і сеў на ім. Выгляд жа ягоны быў, як маланка, і адзенне ягонае было белае, як снег. Ад страху перад ім задрыжэлі вартаўнікі і сталі, як мёртвыя. Анёл жа, прамаўляючы да жанчын, сказаў: «Не бойцеся, бо ведаю, што вы шукаеце Езуса ўкрыжаванага. Няма Яго тут, Ён уваскрос, як сказаў». І вось Езус, выйшаўшы ім насустрач, сказаў: «Вітайце!» Яны ж, падышоўшы, абнялі ногі Ягоныя і пакланіліся Яму. ІІ. Унебаўшэсце Хрыста (пар. Лк 24, 46–51; Дз 1, 10–11) Езус сказаў сваім вучням: «Так напісана, што Месія павінен цярпець і ўваскрэснуць на трэці дзень з мёртвых, і ў Ягонае імя павінна абвяшчацца пакаянне дзеля адпушчэння грахоў усім народам, пачынаючы ад Ерузалема. А вы сведкі гэтага». Потым вывеў іх аж да Бэтаніі і, падняўшы рукі свае, благаславіў іх. І, калі благаслаўляў іх, развітаўся з імі і ўзнёсся на неба. І калі яны пільна ўзіраліся ў неба, як Ён узыходзіў, вось два мужы сталі перад імі ў белым адзенні і сказалі: «Мужы галілейскія, чаго стаіце і ўглядаецеся ў неба? Гэты Езус, узяты ад вас на неба, прыйдзе таксама, як вы бачылі Яго, калі Ён узыходзіў на неба». ІІІ. Спасланне Духа Святога (пар. Лк 24, 49; Дз 2, 1–4) «А вы заставайцеся ў горадзе, пакуль не апранецеся ў моц з вышыні». Калі настаў дзень Пяцідзесятніцы, усе былі разам на адным месцы. І раптам узняўся шум з неба, нібы павеў моцнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе сядзелі яны. І з’явіліся ім языкі падзеленыя, быццам ад агня, і затрымаліся на кожным з іх. І напоўніліся ўсе Духам Святым, і пачалі гаварыць на іншых мовах, як Дух даваў ім прамаўляць. ІV. Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі (пар. Лк 1, 46–52) І сказала Марыя: «Велічае душа мая Пана, і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцы, Бо ўзглянуў Бог на пакору сваёй слугі, і цяпер благаслаўляць Мяне будуць усе пакаленні. Бо вялікае ўчыніў Мне Усемагутны, а імя Яго Святое. Паказаў моц сваёй правіцы, рассеяў тых, хто пыхлівыя сэрцам, скінуў магутных з трона і ўзвысіў пакорных». V. Укаранаванне Найсвяцейшай Панны Марыі (пар. Ап 12, 1.10) І вялікі знак з’явіўся ў небе: жанчына, апранутая ў сонца, і месяц пад ступнямі ног Яе, і на галаве Яе вянок з дванаццаці зорак. І пачуў я голас моцны, які казаў у небе: «Цяпер настала збаўленне, і сіла, і валадаранне Бога нашага, і ўлада Хрыста Ягонага, бо скінуты абвінаваўца братоў нашых, які дзень і ноч абвінавачваў іх перад Богам нашым».
15.07.2008 16:20
(навэнна распачынаецца ў Вялікую пятніцу) У першую нядзелю пасля Вялікадня – свята Божай Міласэрнасці. Дзень першы Молімся аб міласэрнасці для ўсяго чалавецтва: Езу найміласэрнейшы, толькі Ты літуешся над намі і прабачаеш нам. Не зважай на грахі нашыя, але на давер, які ўскладаем на бясконцую дабрыню Тваю, і прымі ўсіх нас да дому Найлітасцівейшага Сэрца свайго і не адпускай нас з Яго навекі. Просім Цябе праз любоў Тваю, якая яднае Цябе з Айцом і Духам Святым. Ойча спрадвечны, глянь вокам міласэрнасці сваёй на бедных грэшнікаў і на ўсё чалавецтва, якое ўкрыта ў Найлітасцівейшым Сэрцы Езуса, і дзеля Яго балеснай мукі акажы нам сваю міласэрнасць, каб мы праслаўлялі ўсемагутнасць Тваёй міласэрнасці на векі вечныя. Амэн. Чытаецца Вяночак да Божай Міласэрнасці.   Дзень другі Молімся за духавенства, праз якое на чалавецтва сыходзіць Божая Міласэрнасць: Езу найміласэрнейшы, ад Цябе сыходзіць усё добрае, памнож у нас ласку, каб мы годна выконвалі ўчынкі міласэрнасці, каб тыя, што на нас глядзяць, праслаўлялі Айца міласэрнасці, які ёсць у небе. Ойча спрадвечны, глянь вокам міласэрнасці сваёй на супольнасць абраных у вінаградніку сваім, на душы святарскія і манаскія, і адары іх моцаю свайго благаслаўлення, а дзеля пачуццяў Сэрца Сына свайго, у якім душы гэтыя прабываюць, удзялі ім моцы і святла свайго, каб маглі яны весці іншых па дарогах збаўлення, каб разам спявалі хвалу неспасцігальнай міласэрнасці Тваёй на векі вечныя. Амэн. Чытаецца Вяночак да Божай Міласэрнасці.   Дзень трэці Молімся за ўсіх хрысціянаў: Езу найміласэрнейшы, Ты ўсім надзвычай шчодра ўдзяляеш свае ласкі са скарбніцы міласэрнасці сваёй. Прымі нас да найлітасцівейшага Сэрца свайго і не адпускай нас навекі. Просім Цябе аб гэтым праз неспасцігальную любоў Тваю, якою палае Тваё Сэрца да Айца Нябеснага. Ойча спрадвечны, глянь вокам міласэрнасці сваёй на душы верныя як на спадчыну Сына свайго і дзеля Яго балеснай мукі ўдзялі ім сваё благаслаўленне і атуляй іх сваёю пастаяннаю апекаю, каб не страцілі любові і скарбу святой веры, але каб з усімі анёламі і святымі праслаўлялі бязмежную міласэрнасць Тваю праз вякі вечныя. Амэн. Чытаецца Вяночак да Божай Міласэрнасці.   Дзень чацвёрты Молімся за язычнікаў і няверуючых, якія яшчэ не ведаюць пра Божую Міласэрнасць: Езу найміласэрнейшы, Ты – святло ўсяму свету,  прымі да дому Найлітасцівейшага Сэрца свайго душы язычнікаў, якія Цябе яшчэ не ведаюць; няхай промні ласкі Тваёй асветляць іх, каб і яны разам з намі праслаўлялі незвычайную міласэрнасць Тваю, і не адпускай іх з дому Найлітасцівейшага Сэрца свайго. Ойча спрадвечны, глянь вокам міласэрнасці сваёй на душы язычнікаў і тых, хто Цябе яшчэ не ведае і хто прабывае ў Найлітасцівейшым Сэрцы Езуса. Прыцягні іх да святла Евангелля. Учыні, каб і яны праслаўлялі шчодрасць міласэрнасці Тваёй на векі вечныя. Амэн. Чытаецца Вяночак да Божай Міласэрнасці.   Дзень пяты Молімся за тых, хто застаецца па-за Касцёлам, каб вярнуліся ў яго супольнасць: Езу наймiласэрнейшы, Ты – сама дабрыня і не адмаўляеш у святле тым, хто просіць Цябе. Прымі да Найлітасцівейшага Сэрца свайго душы братоў нашых адлучаных, прыцягні іх сваім святлом да еднасці з Касцёлам і не адпускай іх з дому Найлітасцівейшага Сэрца свайго. Учыні, каб і яны праслаўлялі шчодрасць міласэрнасці Тваёй. Ойча спрадвечны, глянь вокам міласэрнасці сваёй на душы братоў нашых адлучаных, асабліва тых, хто растраціў даброты Твае і злоўжываў ласкамі Тваімі, і хто ўпарта прабывае ў сваіх грахах. Не глядзі на іх памылкі, але глядзі на любоў Сына свайго і на балесную муку Ягоную, якую Ён прыняў дзеля іх, таму што і яны прабываюць у Найлітасцівейшым Сэрцы Езуса. Учыні, каб і яны праслаўлялі вялікую міласэрнасць Тваю на векі вечныя. Амэн. Чытаецца Вяночак да Божай Міласэрнасці.   Дзень шосты Молімся за душы ціхія і пакорныя і за дзяцей: Езу наймiласэрнейшы, Ты сам сказаў: «Навучыцеся ад Мяне, бо Я цiхi i пакорны сэрцам» (Мц 11, 29), прымi да дому Найлiтасцiвейшага Сэрца свайго цiхiя i пакорныя душы i душы малых дзяцей. Няхай гэтыя душы прыводзяць у захапленне ўсё неба i будуць асаблiвым упадабаннем Айца Нябеснага, а таксама духмяным букетам перад тронам Божым, ад водару якога сам Бог мае асалоду. Няхай гэтыя душы пастаянна будуць у Найлiтасцiвейшым Сэрцы Тваiм i нястомна спяваюць гiмн любовi i мiласэрнасцi навекi. Ойча спрадвечны, глянь вокам мiласэрнасцi сваёй на душы цiхiя, пакорныя i на душы малых дзяцей, якiя прабываюць у доме Найлiтасцiвейшага Сэрца Езуса. Гэтыя душы найбольш падобныя да Сына Твайго, водар гэтых душаў узносiцца з зямлi i дасягае трона Твайго. Ойча мiласэрнасцi i ўсялякае дабрынi, прашу Цябе праз любоў i ўпадабанне, якiя маеш у гэтых душах, благаславi ўвесь свет, каб усе душы разам спявалi пашану мiласэрнасцi Тваёй праз вякi вечныя. Амэн. Чытаецца Вяночак да Божай Міласэрнасці.   Дзень сёмы Молімся за тых, хто асаблівым чынам ушаноўвае і праслаўляе Божую Міласэрнасць: Езу наймiласэрнейшы, Сэрца Тваё – сама любоў, прымi ў дом Найлiтасцiвейшага Сэрца свайго душы тых, хто асаблiва ўшаноўвае i праслаўляе велiч мiласэрнасцi Тваёй. Душы гэтыя, магутныя сiлаю самога Бога; сярод пакутаў i цяжкасцяў яны iдуць наперад, спадзеючыся на мiласэрнасць Тваю. Паяднаныя з Табою, о Езу, душы гэтыя нясуць усё чалавецтва на плячах сваiх. Яны не будуць асуджаныя сурова, а мiласэрнасць Твая атуліць iх у хвiлiну смерцi. Ойча спрадвечны, глянь вокам мiласэрнасцi сваёй на душы, якiя праслаўляюць i ўшаноўваюць невымоўную годнасць Тваю, Тваю неспасцiгальную мiласэрнасць, якiя прабываюць у Найлiтасцiвейшым Сэрцы Езуса. Душы гэтыя з’яўляюцца жывым Евангеллем, рукi iх поўняцца ўчынкамi мiласэрнасцi, а сэрцы, перапоўненыя радасцю, будуць спяваць песню мiласэрнасцi Найвышэйшаму. Прашу Цябе, Божа, акажы iм мiласэрнасць сваю паводле надзеi i даверу, якiя на Цябе ўскладалi. Няхай споўнiцца на iх абяцанне Езуса, якi сказаў ім, што душы, якiя будуць ушаноўваць гэтую неспасцiгальную мiласэрнасць Ягоную, сам Ён будзе баранiць у жыццi, а асаблiва ў хвіліну смерцi, як сваю хвалу. Амэн. Чытаецца Вяночак да Божай Міласэрнасці.   Дзень восьмы Молімся за душы ў чыстцы: Езу наймiласэрнейшы, якi сказаў: «Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны» (Лк 6, 36). Прымі ў дом Твайго Найлiтасцiвейшага Сэрца душы, якія пакутуюць у чыстцы. Ойча спрадвечны, глянь вокам мiласэрнасцi сваёй на душы, якiя пакутуюць у чыстцы,  i праз балесную муку Езуса Хрыста i праз горыч, якою было залiта Яго Найсвяцейшае Сэрца,  акажы ім мiласэрнасць сваю. Просім Цябе, каб глядзеў на iх не iнакш, як толькi праз раны Наймілейшага Сына свайго, бо верым, што дабрыня Твая і літасць бязмежныя. Амэн. Чытаецца Вяночак да Божай Міласэрнасці.   Дзень дзевяты Молімся за душы абыякавыя, якія былі прычынаю цярпенняў Хрыста Пана ў садзе Аліўным: Езу найміласэрнейшы, Ты – сама лiтасць,  увядзі ў святыню Найлiтасцiвейшага Сэрца свайго ўсе абыякавыя душы. Няхай у гэтым полымi Тваёй чыстай любовi адаграюцца гэтыя зледзянелыя, да мерцвякоў падобныя душы, якiя да гэтага часу выклікалі ў Цябе агiду. О Езу найлiтасцiвейшы, магутнасцю мiласэрнасцi сваёй прыцягнi iх да агню сваёй любовi і адары іх святой любоўю, бо Ты ўсё можаш. Ойча спрадвечны, глянь вокам мiласэрнасцi сваёй на душы абыякавыя, якiя прабываюць у Найлiтасцiвейшым Сэрцы Езуса. Ойча мiласэрнасцi, прашу Цябе: праз балесную муку Сына Твайго i праз трохгадзiннае кананне Яго на крыжы дазволь, каб i яны праслаўлялi бяздоннасць мiласэрнасцi Тваёй на векi вечныя. Амэн. Чытаецца Вяночак да Божай Міласэрнасці.
15.07.2008 16:19
Вяночак да Божай Міласэрнасці Пан Езус прадыктаваў святой Фаустыне ў Вільні 13–14 верасня 1935 года як малітву для суцішвання Божага гневу і перапрашэння за грахі нашыя і ўсяго свету. «Праз гэты Вяночак ты выпрасіш усё, калі тое, аб чым просіш, будзе згодна з Маёю воляю» («Дзённік», 1731). «Калі пры паміраючым чытаюць гэты Вяночак, суцішыцца Божы гнеў, і бязмежная міласэрнасць агорне душу» («Дзённік», 811). Молімся на звычайным ружанцы. Напачатку: Ойча наш... Вітай, Марыя... Веру ў Бога... На вялікіх пацерках: Ойча Спрадвечны, ахвярую Табе Цела і Кроў, Душу і Боскасць наймілейшага Сына Твайго і Пана нашага, Езуса Хрыста, каб перапрасіць за грахі нашыя і ўсяго свету ( 1 раз ). На малых пацерках: Дзеля Яго балеснай мукі будзь міласэрны да нас і да ўсяго свету ( 10 разоў ). На заканчэнне: Святы Божа, Святы Моцны, Святы Несмяротны, – змілуйся над намі і над усім светам! ( 3 разы ) Езу, давяраю Табе. Затым можна памаліцца літанію да Божай Міласэрнасці .
15.07.2008 16:14
Літанія да Найсвяцейшага Сэрца Езуса Прысвячэнне роду людскога Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса Перапрашэнне Найсвяцейшага Сэрца Езуса Малітва да Хрыста Валадара qqq Абяцанні, якія даў Езус Хрыстус св. Маргарыце Марыі Алякок для тых, хто ўшаноўвае Яго Боскае Сэрца: Дам ім усе неабходныя ласкі. Згода і спакой будуць панаваць у іх сем’ях. Буду суцяшаць іх у кожным смутку. Буду для іх бяспечным прытулкам пры жыцці, а асабліва – пры смерці. Удзялю шчодрае благаслаўленне ўсім іхнім пачынанням. Грэшнікі знойдуць у Маім Сэрцы крыніцу бясконцай міласэрнасці. Абыякавыя душы стануцца адданымі. Адданыя душы хутка дойдуць да вышыняў дасканаласці. Буду благаслаўляць дамы, дзе будзе знаходзіцца і ўшаноўвацца абраз Майго Сэрца. Святарам дам сілу зрабіць чулымі самыя зацвярдзелыя сэрцы. Імёны тых, хто будзе пашыраць гэтае набажэнства, будуць упісаны ў Маё Сэрца і застануцца ў Ім назаўсёды. Абяцаю ў шчодрай міласэрнасці Майго Сэрца, што ўсіх, хто на працягу дзевяці месяцаў у першыя пятніцы будзе прымаць святую Камунію, Мая ўсемагутная любоў адорыць ласкаю шчырага пакаяння; што не памруць ні ў стане без Маёй ласкі, ні без cвятых сакрамэнтаў, і што Сэрца Маё станецца для іх бяспечным прытулкам у часіну смерці. qqq Літанія да Найсвяцейшага Сэрца Езуса Кірые, элейсон,        Хрыстэ, элейсон,  Кірые, элейсон. Хрыстэ, пачуй нас,        Хрыстэ, выслухай нас. Ойча з неба, Божа,        – змілуйся над намі. Сыне, Адкупіцель свету, Божа,        – змілуйся над намі. Духу Святы, Божа,        – змілуйся над намі. Святая Тройца, адзіны Божа,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, Сына Айца Спрадвечнага,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, ва ўлонні Дзевы Маці Духам Святым створанае,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, са Словам Божым істотна з’яднанае,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, бязмежнай велічы,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, святыня Бога,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, сяліба Найвышэйшага,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, доме Божы і брама неба,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, палымнеючае вогнішча міласці,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, справядлівасці і любові скарбніца,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, дабрыні і любові поўнае,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, усіх цнотаў глыбіня бяздонная,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, усялякай хвалы найдастойнейшае,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, Валадар і з’яднанне ўсіх сэрцаў,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, у якім усе скарбы мудрасці і ўмеласці,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, у якім уся паўната Боства,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, упадабанне Айца Нябеснага,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, з паўнаты якога мы ўсе атрымалі,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, прага адвечных вышыняў,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, цярплівае і вялікай міласэрнасці,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, шчодрае для ўсіх, хто да Цябе звяртаецца,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, крыніца жыцця     і святасці,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, уміласціўленне за грахі нашыя,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, напоўненае знявагамі,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, злачынствамі нашымі змучанае,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, паслухмянае ажно да смерці,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, дзідай прабітае,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, крыніца ўсялякага суцяшэння,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, жыццё і ўваскрашэнне нашае,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, супакой і паяднанне нашае,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, жывая ахвяра за грахі нашыя,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, збаўленне тых, хто на Цябе спадзяецца,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, надзея тых, хто ў Табе памірае,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, радасць усіх святых,        – змілуйся над намі. Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету,        – даруй нам, Пане. Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету,        – выслухай нас, Пане. Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету,        – змілуйся над намі. С.: Езу ціхі і пакорны сэрцам, Н.: Учыні сэрцы нашыя да Твайго падобнымі. Молімся: Усемагутны вечны Божа, глянь на Сэрца наймілейшага Сына свайго, на хвалу і ахвяру, якую Ён складае Табе за нас, грэшных. Змілуйся над тымі, хто просіць Тваёй міласэрнасці і даруй ім у імя Сына свайго Езуса Хрыста. Які з Табою жыве і валадарыць на векі вечныя. Н.: Амэн. qqq Прысвячэнне роду людскога Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса С.: О Езу наймілейшы, Адкупіцель роду людскога, глянь на тых, хто пакорна схіляецца да падножжа Твайго алтара. Н.: Мы Твая ўласнасць і Табе належаць хочам. С.: Сёння кожны з нас шчыра аддаецца Найсвяцейшаму Сэрцу Твайму, каб яшчэ больш з’яднацца з Табою. Многія зусім не ведаюць Цябе, многія адвярнуліся ад Цябе, пагарджаючы запаведзямі Тваімі. Змілуйся над аднымі і другімі, о Езу найласкавейшы, і прытулі ўсіх да святога Сэрца свайго. Валадаром будзь нам, о Езу, – не толькі вернікам, якія ніколі не адступіліся ад Цябе, але і сынам марнатраўным, якія Цябе пакінулі. Н.: Дапамажы, каб як найхутчэй вярнуліся яны ў бацькоўскі дом і не згінулі ад нястачы і голаду. С.: Будзь Валадаром для тых, хто памылкова ці праз нязгоду адлучыўся ад Цябе, прывядзі іх да прыстанку праўды і адзінства веры, каб хутка настала адна аўчарня і адзін пастыр. Адары Касцёл Твой бяспечнаю свабодаю. Дай усім народам супакой і згоду. Учыні, каб на ўсёй зямлі, ад краю да краю, адзін узносіўся голас. Н.: Хвала Божаму Сэрцу, праз якое прыйшло для нас збаўленне. Яму хвала і пашана навекі. Амэн. qqq Перапрашэнне Найсвяцейшага Сэрца Езуса С.: Пане Езу Хрыстэ, мы, што сабраліся ў гэтай святыні, хочам пакланіцца Твайму Найсвяцейшаму Сэрцу, поўнаму бязмежнай любові. Усведамляючы сваю няўдзячнасць і зневажанне Тваёй любові, хочам перапрасіць Цябе за нашыя грахі. С.: За грэх бязвер’я, за знішчэнне веры ў сэрцах дзяцей і моладзі, за пагарджанне Тваімі запаведзямі ў нашым асабістым і грамадскім жыцці, за тое, што хоць і з’яднаныя мы з Табою праз святы хрост, але не імкнемся больш пазнаць і палюбіць Цябе. Н.: Даруй, Пане, даруй народу Твайму, бо навекі міласэрнасць Твая. С.: За знявагу святаў, за непатрэбную працу ў нядзелю і святочныя дні, а таксама за марнаванне часу коштам святой Імшы і нягоднае прыманне святой Камуніі, за ўсялякую абыякавасць у адносінах да Цябе, які прысутнічаеш у Найсвяцейшым Сакрамэнце. Н.: Даруй, Пане, даруй... С.: За разбіццё сужэнстваў і парушэнне сужэнскай вернасці, за забойства ненароджаных дзяцей, за грахі п’янства, за распусту і за кожны дрэнны прыклад, які мы далі нашым бліжнім. Н.: Даруй, Пане, даруй... С.: За нешанаванне грамадскай маёмасці, за несумленнасць у працы, за ўсялякую нядобразычлівасць і абыякавасць да патрэбаў людзей, за ўсё, што супярэчыць Тваёй запаведзі любові. Н.: Даруй, Пане, даруй... С.: За недахоп мужнасці ў вызнаванні Цябе і адказнасці за Твой Касцёл, за тое, што ставілі матэрыяльныя каштоўнасці вышэй за Цябе, за абыякавасць бацькоў і дарослых да хрысціянскага выхавання дзяцей і моладзі, за тое, што не сведчым аб Табе ў свеце, які нас акружае. Н.: Даруй, Пане, даруй... С.: Пане, пачуй малітвы нашыя. Н.: А просьбы нашыя няхай да Цябе дойдуць. Молімся: Сэрца Езуса, найдастойнейшае любові, у знак нашай удзячнасці і дзеля направы крыўды, нанесенай Табе праз нашыя правіны, аддаем Табе нашыя сэрцы і абяцаем, з ласкі Тваёй больш ніколі не абражаць Цябе. Просім, умацуй нас у гэтым пастанаўленні. Н.: Амэн. qqq Малітва да Хрыста Валадара Пане Езу Хрыстэ, прызнаем Цябе за Валадара сусвету. Усё, што сталася, створана для Цябе. Ажыццяўляй адносна нас усе Твае правы. Аднаўляем абяцанні, якія мы давалі ў час хросту. Выракаемся сатаны і ўсялякай яго пыхі, і ўсіх спраў ягоных і абяцаем жыць, як належыць добрым хрысціянам, а перадусім абавязваемся рабіць усё дзеля таго, каб перамаглі правы Бога і Твайго Касцёла. Боскае Сэрца Езуса, ахвяруем Табе нашыя добрыя памкненні дзеля таго, каб усе сэрцы прызналі Тваю святую каралеўскую ўладу і каб Валадарства Твайго супакою ўмацавалася ва ўсім свеце. Амэн.
15.07.2008 16:07
Малітоўныя заклікі Літанія да Найсвяцейшай Тройцы Малітва да Найсвяцейшай Тройцы Малітва св. Аўгустына да Найсвяцейшай Тройцы qqq Малітоўныя заклікі С.: У імя Айца і Сына, і Духа Святога. Н.: Амэн. Бог Айцец нас стварыў, Бог Сын нас адкупіў, Бог Дух Святы нас асвячае. Альбо Перакананыя ў гэтых бясконцых ласках, у духу ўдзячнасці і пакорнай просьбы молімся да Найсвяцейшай Тройцы: Цябе заклікаем, Цябе просім, о Найсвяцейшая Тройца! Н.: Цябе заклікаем, Цябе просім, о Найсвяцейшая Тройца! – Ратуй стварэнне, дай  суцяшэнне! – Спашлі Духа свайго ў сэрца маё! – Дапамажы ў патрэбе таму, хто просіць Цябе! – Даруй нам правіны дзеля Тваёй літасці! – Адхiлі голад, войны, учыні час спакойным! – Дай дар любові і пабожнасці! – Давай шчасце Твайму люду як свайму! – Сцеражы ў ім жывых, барані канаючых! – Дай нам быць у небе, просім Цябе! С.: Благаслаўлёны Ты, Пане, на небе. Н.: Праслаўлены і годны бясконцай хвалы навекі. С.: Пане, выслухай малітву нашу. Н.: А просьбы нашыя няхай да Цябе дойдуць. Альбо С.: Вызнаем нашую веру ў Бога ў Святой Тройцы Адзінага, паўтараючы: верым у Цябе. Н.: Верым у Цябе. – Божа Ойча ўсемагутны, які ў сваёй спрадвечнай мудрасці стварыў сусвет і няспынна яго аднаўляеш. – Божа Ойча, які ў сваёй бясконцай міласэрнасці справядліва кіруеш усім светам. – Сыне Божы, які з невыказнай любові да чалавека стаўся ва ўсім падобным да нас, акрамя граху. – Сыне Божы, які аддаў сваё жыццё на крыжы, каб збавіць чалавецтва. – Духу Святы, які сваім святлом адорваеш людзей ва ўсе часы. – Духу Святы, які ствараеш чыстыя сэрцы і напаўняеш іх любоўю. С.: Няхай будзе праслаўлена Найсвяцейшая Тройца і непадзельная еднасць, бо аб’явіла нам сваю міласэрнасць. Н.: Амэн. qqq Літанія да Найсвяцейшай Тройцы (для прыватнага чытання) Кірые, элейсон, Хрыстэ, элейсон, Кірые, элейсон. Хрыстэ, пачуй нас, Хрыстэ, выслухай нас. Ойча з неба, Божа,        – змілуйся над намі. Сыне, Адкупіцель свету, Божа,        – змілуйся над намі. Духу Святы, Божа,        – змілуйся над намі. Святая Тройца, адзіны Божа,        – змілуйся над намі. Найсвяцейшая Тройца, адзіны Божа, праз якога і ў якім усё існуе,        – змілуйся над намі. Найсвяцейшая Тройца, адзіны Божа, які Провідам сваім як Айцец усім кіруеш,        – змілуйся над намі. Найсвяцейшая Тройца, адзіны Божа, літасцівы, цярплівы і вялікай міласэрнасці,        – змілуйся над намі. Найсвяцейшая Тройца, адзіны Божа, Валадар над валадарамі, Пан над усімі пануючымі,        – змілуйся над намі. Найсвяцейшая Тройца, адзіны Божа, які не жадаеш згубы грэшнага чалавека,        – змілуйся над намі. Найсвяцейшая Тройца, адзіны Божа, які тых, хто пакутуе, атуляеш сваёю ласкаю,        – змілуйся над намі. Найсвяцейшая Тройца, адзіны Божа, імя якога – Бясконцая Міласэрнасць,         – змілуйся над намі. Будзь да нас літасцівы, – даруй нам, Пане. Будзь да нас літасцівы, – выслухай нас, Пане. Ад зла ўсялякага        – выбаў нас, Пане. Ад пажару, голаду, вайны і заразы        – выбаў нас, Пане. Ад раптоўнай і неспадзяванай смерці        – выбаў нас, Пане. Праз усемагутнасць Тваю, Бога Айца і Стварыцеля нашага,        – выбаў нас, Пане. Праз уцелаўленне, муку і смерць Тваю, Бога Сына, Збаўцы нашага,        – выбаў нас, Пане. Праз асвячэнне Тваё, Бога Духа Святога, Суцяшыцеля нашага,        – выбаў нас, Пане. Праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі і ўсіх святых Тваіх        – выбаў нас, Пане. Мы, нягодныя стварэнні Твае, просім Цябе        – выслухай нас, Пане. Каб мы Цябе, Бога нашага, усім сэрцам, усёю душою і ўсёю моцаю нашаю любілі,        – выслухай нас, Пане. Каб мы запаведзі Твае і навуку верна захоўвалі,        – выслухай нас, Пане. Каб згоду і супакой паміж уладаю і людзьмі        – выслухай нас, Пане. Ты памножыць меў ласку,        – выслухай нас, Пане. Каб край наш ад усялякіх суровых пакаранняў Тваёй справядлівасці захаваць меў ласку,        – выслухай нас, Пане. Каб нам грахі нашыя адпусціць і да хвалы Твайго Валадарства прыняць меў ласку,        – выслухай нас, Пане. Святы Божа, Святы Моцны, Святы Несмяротны,        – даруй нам, Пане. Святы Божа, Святы Моцны, Святы Несмяротны,        – выслухай нас, Пане. Святы Божа, Святы Моцны, Святы Несмяротны,         – змілуйся над намі. Молімся: Усемагутны вечны Божа, які даў сваім слугам у вызнаванні сапраўднай веры пазнаць хвалу Тройцы вечнай і ў сіле велічы ўслаўляць еднасць Боскасці, пакорна просім, каб мы сілаю гэтай веры заўсёды былі захаваныя ад усялякай небяспекі. Які жывеш і валадарыш на векі вечныя. Усе: Амэн. qqq Малітва да Найсвяцейшай Тройцы Дзякуем Табе, Божа, што меў ласку аб’явіць нам праўду аб сабе, адзіным Богу, які жывеш у Трох Асобах. Спрадвечны, святы і ўсемагутны Божа Ойча, спрадвечны, святы і ўсемагутны Сыне Божы, спрадвечны, святы і ўсемагутны Духу Святы, няхай праслаўляюць Цябе ўсе народы. Божа, у Тройцы адзіны, веру, што Ты прабываеш у нас дзякуючы асвячальнай ласцы, веру, што, атрымліваючы Божае жыццё, мы прымаем таксама і Цябе. Божа, Ты робіш нас высакароднымі, асвячаеш нас і ўзвышаеш, каб станавіліся мы годным памяшканнем для Цябе. Дзякуем Табе за гэтую вялікую ласку. Святы Божа, пакорна просім Цябе: кіруй намі, падтрымлівай у нас веру ў Тваю прысутнасць, дапамагай нам, каб ва ўсіх учынках мы памяталі пра сваю годнасць і праз хрысціянскае жыццё выказвалі сваю ўдзячнасць за ласку Твайго, Божа, жыцця ў нас. Удзяляй нам таксама, Божа ў Тройцы адзіны, вялікі дар трывання ў добрым да канца свайго жыцця, а пасля дазволь нам сузіраць Цябе тварам у твар, жыць з Табою вечна і цешыцца бясконцым прабываннем з Табою. Амэн. qqq Малітва св. Аўгустына да Найсвяцейшай Тройцы Усемагутны Пане, у Тройцы адзіны Божа, які быў, ёсць і будзеш навекі! Табе давяраю сёння і на ўсе часы душу, цела, пачуцці мае, усе думкі мае, словы і ўчынкі, веру і нястомнасць у добрым, каб Ты сцярог іх кожную хвіліну майго жыцця. Выслухай мяне, о Найсвяцейшая Тройца, і абарані мяне ад усялякага зла, асабліва ад кожнай нявернасці ў адносінах да Цябе, ад усіх нагодаў да граху і ад усіх бачных і нябачных непрыяцеляў. Прашу аб гэтым праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі, праз малітвы святых патрыярхаў, заступніцтва святых Апосталаў, вернасць мучанікаў, чыстасць паннаў і заслугі Тваіх выбраных слугаў. Амэн.
15.07.2008 16:03
Літанія да Духа Святога Малітва да Духа Святога Малiтва аб сямi дарах Духа Святога qqq Літанія да Духа Святога (для прыватнага чытання) Кірые, элейсон,        Хрыстэ, элейсон, Кірые, элейсон. Хрыстэ, пачуй нас,        Хрыстэ, выслухай нас. Ойча з неба, Божа,        – змілуйся над намі. Сыне, Адкупіцель свету, Божа,        – змілуйся над намі. Духу Святы, Божа,        – змілуйся над намі. Святая Тройца, адзіны Божа,        – змілуйся над намі. Духу Святы мудрасці,        – змілуйся над намі. Духу Святы розуму,        – змілуйся над намі. Духу Святы рады,        – змілуйся над намі. Духу Святы мужнасці,        – змілуйся над намі. Духу Святы ўмеласці,        – змілуйся над намі. Духу Святы пабожнасці,        – змілуйся над намі. Духу Святы боязі Божай,        – змілуйся над намі. Духу Святы,     Святло прарокаў і Апосталаў,        – змілуйся над намі. Духу Святы, наш Суцяшыцелю,        – змілуйся над намі. Будзь да нас літасцівы,        – даруй нам, Духу Святы, Божа. Будзь да нас літасцівы,        – выслухай нас, Духу Святы, Божа. Ад празмернага спадзявання на Божую міласэрнасць,        – выбаў нас, Духу Святы, Божа. Ад усялякай роспачы і сумнення ў Божай ласцы,        – выбаў нас, Духу Святы, Божа. Ад супраціўлення спазнанай праўдзе веры,        – выбаў нас, Духу Святы, Божа. Ад зайздрасці бліжняму, які мае Божую ласку,        – выбаў нас, Духу Святы, Божа. Ад закамянеласці сэрца,        – выбаў нас, Духу Святы, Божа. Ад смерці без пакаяння,        – выбаў нас, Духу Святы, Божа. Ад усялякіх злых і распусных учынкаў і думак,        – выбаў нас, Духу Святы, Божа. Ад раптоўнай і неспадзяванай смерці,        – выбаў нас, Духу Святы, Божа. Ад кары вечнай,        – выбаў нас, Духу Святы, Божа. Праз цудадзейную справу Тваю пры зачацці Езуса Хрыста,        – выбаў нас, Духу Святы, Божа. Праз прыйсце Тваё ў языках вогненных,        – выбаў нас, Духу Святы, Божа. Мы, грэшныя, Цябе просім,        – выслухай нас, Духу Святы, Божа. Каб Касцёл  Твой святы накіроўваць і захоўваць у згодзе меў ласку,        – выслухай нас, Духу Святы, Божа. Каб нас у пабожнасці і пакоры ўзмацніць меў ласку,        – выслухай нас, Духу Святы, Божа. Каб нас сталасцю і мужнасцю адарыць меў ласку,        – выслухай нас, Духу Святы, Божа. Каб думкі нашыя да жадання нябесных спраў узнесці меў ласку,        – выслухай нас, Духу Святы, Божа. Каб нас ачысціць і для годнага жыцця дзеля Цябе прысвяціць меў ласку,        – выслухай нас, Духу Святы, Божа. Каб нас у цярпенні нашым суцешыць меў ласку,        – выслухай нас, Духу Святы, Божа. Каб нас у міласці сваёй упэўніць меў ласку,        – выслухай нас, Духу Святы, Божа. Каб нас усіх да хвалы вечнай давесці меў ласку,        – выслухай нас, Духу Святы, Божа. Каб мы Цябе любілі і дзеля Цябе грахоў асцерагаліся,        – выслухай нас, Духу Святы, Божа. Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету,        – даруй нам, Пане. Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету,        – выслухай нас, Пане. Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету,        – змілуйся над намі. С.: Сэрца чыстае ствары ўва мне, Божа. Н.: І духа справядлівасці аднаві ў душы маёй. С.: Пане, выслухай малітвы нашыя. Н.: А просьбы нашыя няхай да Цябе дойдуць. Молімся: Прыйдзі, Духу Святы, напоўні сэрцы сваіх верных і запалі ў іх агонь Тваёй любові, які сабраў усе народы ў адзінстве веры, каб Твая ласка асвяціла нашыя сэрцы і ахоўвала нас ад усялякага зла. Праз Хрыста, Пана нашага. Н.: Амэн. qqq Малітва да Духа Святога Духу Святы, які сышоў у самым пачатку Касцёла на Апосталаў і верных, каб асвяціць іх розум, запаліць сэрцы і ўмацаваць у веры. Просім Цябе: будзь заўсёды таксама з намі, напаўняй нас Тваімі дарамі, прасвятляй у сумненнях, суцяшай у смутку, ратуй у небяспецы, выбаўляй ад памылак, падымай пры падзенні, кіруй намі мудрасцю Тваёй, яднай нас узаемнай хрысціянскай любоўю, каб усе мы жылі ў згодзе і святой еднасці як адна Божая сям’я. Давядзі ўсіх нас да шчаслівай вечнасці, каб там з усімі анёламі і святымі мы выказвалі Табе ўдзячнасць і хвалу на векі вечныя. Амэн. Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу... qqq Малiтва аб сямi дарах Духа Святога Дух Найсвяцейшы, Суцяшыцель, які асвячаеш душы нашыя! Дай мне дар мудрасці , каб асягнуў я і палюбіў спрадвечную Праўду і ніколі не аддаваў перавагі багаццям гэтага свету перад вечнымі. Асвяці мяне дарам розуму , каб спасціг, наколькі дазваляе недасканаласць людская, абвешчаныя Табою праўды веры. Асвяці мяне дарам рады , каб быў разважлівым пры небяспецы жыцця на зямлі і здзяйсняў волю Божую. Дай мне дар мужнасці , каб перамагаў спакусы ворага і пераносіў магчымы пераслед. Адары ўмеласцю , каб пераканаўся я ў сваёй нязначнасці і ў велічы спраў, Табою створаных. Каб усё адносіў да Бога паводле пачуццяў Сэрца Езуса і пагарджаў марнасцю гэтага свету. Дай мне дар пабожнасці , каб прывіў у сабе любоў да разважання ў малітве і ў тым, што адносіцца да службы Божай. Дай мне дар боязі Божай , каб старанна ўхіляўся ад усяго, што магло б пакрыўдзіць Цябе, каб баяўся граху больш, чым смерці, і гэта толькі з-за любові да Цябе. Да гэтых усіх дароў, о Духу Святы, дай дар пакаяння, каб аплакваў грахі свае і мог задаволіць Божую справядлівасць. Напоўні, Духу Святы, сэрца маё Божай любоўю, ласкаю і вытрымкаю, каб жыў я па-хрысціянску і памёр Амэн.
15.07.2008 16:02
Святая гадзіна адбываецца ў касцёле перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам альбо асабіста – на ўспамін малітвы Хрыста ў садзе Аліўным. Ахвяруецца ў інтэнцыі суцяшэння Божага Сэрца, якое вельмі цярпела ў садзе Аліўным за нашыя грахі. Вызнанне веры С.: Верым, Пане Езу Хрыстэ, што з бясконцай любові да нас Ты ўстанавіў Найсвяцейшы Сакрамэнт. Н.: О Езу, умацуй веру нашу! С.: Верым, што ў кожнай Імшы святой праз святарскае служэнне перамяняеш сваёю ўсемагутнасцю хлеб і віно ў Цела і Кроў сваю! Н.: О Езу, умацуй веру нашу! С.: Верым, што ў гэтай Найсвяцейшай Гостыі прысутнічаеш з Целам і Крывёю, Душою і Боствам як наш Бог і Збаўца! Н.: О Езу, умацуй веру нашу! С.: Верым, бо Ты сам гэта аб’явіў, бо так вучыць Твой святы Каталіцкі Касцёл! Н.: О Езу, умацуй веру нашу! С.: Верым больш, чым калі б бачылі Цябе вочы нашыя і рукі дакраналіся да ранаў Тваіх, бо пачуцці падмануць нас могуць, а вера – ніколі. Н.: О Езу, умацуй веру нашу! С.: О Езу, умацуй веру нашу, каб бачылі мы Цябе не толькі вачыма веры, але і вачыма любові, і былі заўсёды мілымі Сэрцу Твайму. Н.: Амэн. Ушанаванне С.: З найглыбейшаю вераю, пакораю і любоўю схіляемся да ног Тваіх, Божа ўсемагутны, і аддаем Табе пашану. Ушаноўваем Боства і Уцелаўленне Тваё, укрытае ў постаці хлеба. Н.: Прымі, Езу, нашу глыбокую пашану! С.: Ушаноўваем цела Тваё, за нас укрыжаванае, і кроў Тваю, за нас пралітую. Н.: Прымі, Езу, нашу глыбокую пашану! С.: Ушаноўваем Сэрца Тваё, для нас заўсёды адкрытае. Н.: Прымі, Езу, нашу глыбокую пашану! С.: Ушаноўваем Цябе за сябе і за тых, хто Цябе не ведае альбо, яшчэ горш, – словам і жыццём зневажае Цябе. Н.: Прымі, Езу, нашу глыбокую пашану! С.: Ушаноўваем Цябе з усімі душамі на зямлі і ў чыстцы, разам са святымі і анёламі ў небе, разам з Каралевай нашай Багародзіцай Марыяй. Н.: Прымі, Езу, нашу глыбокую пашану! С.: Ушаноўваем Цябе, Сыне Бога жывога, з Айцом і Духам Святым. Н.: Няхай будзе праслаўлёны Найсвяцейшы Сакрамэнт, цяпер і заўсёды, і на векі вечныя. Амэн. Удзячнасць С.: Прымі, о Езу, нашу ўдзячнасць за ўсе ласкі, асабліва за гэты бясцэнны дар Тваёй любові, за тое, што ўстанавіў Найсвяцейшы Сакрамэнт. Н.: Дзякуем Табе, Пане Езу! С.: За тое, што дваццаць вякоў ахвяруешся штодзённа на кожным алтары. Н.: Дзякуем Табе, Пане Езу! С.: За тое, што прысутнічаеш няспынна ў кожным касцёле ва ўсім свеце. Н.: Дзякуем Табе, Пане Езу! С.: За тое, што нас паклікаў да свайго Вячэрніка, якім з’яўляецца Твой святы Касцёл, і дазваляеш нам удзельнічаць у Вячэры нябеснай. Н.: Дзякуем Табе, Пане Езу! С.: За тое, што прымаеш нашыя пакланенні, слухаеш нашыя просьбы і благаслаўляеш Твой люд. Н.: Дзякуем Табе, Пане Езу! Перапрашэнне С.: Пане Езу, Божа ўсемагутны, з глыбіні сэрцаў нашых перапрашаем Цябе за ўсе знявагі, якія ад пачатку аж дагэтуль церпіш, за ўсе грахі, блюзнерствы і святатацтвы. Н.: Перапрашаем Цябе, Божа! С.: За ўсе занядбанні нядзельнай святой Імшы. Н.: Перапрашаем Цябе, Божа! С.: За занядбанне Велікоднай святой Камуніі, а таксама за недастойнае альбо непабожнае прыманне Цела і Крыві Тваёй. Н.: Перапрашаем Цябе, Божа! С.: За ўсялякія знявагі, учыненыя ў святынях Тваіх. Н.: Перапрашаем Цябе, Божа! С.: За ўсе грахі і нявернасць нашу. Н.: Перапрашаем Цябе, Божа! С.: За ўсялякую няўдзячнасць людскую. Н.: Перапрашаем Цябе, Божа! Ахвяраванне С.: Ахвяруем Твайму Божаму Сэрцу сябе саміх і ўсё, што маем, як і Ты аддаў нам сябе самога. Ахвяруем розум, каб Цябе ўсё лепш спасцігаў, і сэрца, каб Цябе ўсё мацней любіла, і волю, каб Тваёй волі усё больш верна служыла, і ўсё жыццё нашае, каб на хвалу Тваю палымнела, і ўсю вечнасць нашу, каб вечна шанаваць і любіць Цябе бясконца. Нашу шчырую волю ахвяры выказваем словамі: «У рукі Твае аддаю, Божа, сябе самога, жыццё і смерць маю». Н.: У рукі Твае аддаю, о Пане Божа! С.: Усе мае імкненні, намеры і працу. Н.: У рукі Твае аддаю, о Пане Божа! С.: Усе мае радасці і смуткі. Н.: У рукі Твае аддаю, о Пане Божа! С.: Удачы і няўдачы мае. Н.: У рукі Твае аддаю, о Пане Божа! С.: Усіх, каго люблю і хто мяне любіць. Н.: У рукі Твае аддаю, о Пане Божа! С.: Прыяцеляў, іх дабро і пасвячэнне, ворагаў і паяднанне нашае. Н.: У рукі Твае аддаю, о Пане Божа! С.: Сем’і нашы і ўсё грамадства. Н.: У рукі Твае аддаю, о Пане Божа! С.: Касцёл Твой і Святога Айца. Н.: У рукі Твае аддаю, о Пане Божа! С.: Галодных, прагнучых, асірацелых і бяздомных. Н.: У рукі Твае аддаю, о Пане Божа! Ойча наш... Суплікацыя Святы Божа, Святы Моцны, Святы Несмяротны, змілуйся над намі! ( Паўтараецца тройчы. ) Ад пажару, голаду, вайны і заразы,        – барані нас, Божа! Ад раптоўнай і неспадзяванай смерці,        – сцеражы нас, Божа! Каб Касцёл свой святы каталіцкі бараніць і ўзвышаць меў ласку,        – Цябе просім, Божа! Каб Айца Святога і ўсе духоўныя станы ў пабожнай еднасці захаваць меў ласку,          – Цябе просім, Божа! Каб нас у святой службе Тваёй умацаваць меў ласку,        – Цябе просім, Божа! Каб нас да шчырага пакаяння давесці меў ласку,        – Цябе просім, Божа! Каб ураджай даць і захаваць яго меў ласку,        – Цябе просім, Божа! Мы, грэшныя, Цябе, Бога, просім,        – выслухай нас, Божа! О, Езу, Езу, Езу,        – змілуйся над намі! О, Марыя, Панна і Маці Божая,        – заступіся за нас! Малітва праслаўлення Хай будзе Бог праслаўлёны. Хай славіцца імя Яго святое. Хай будзе праслаўлёны Езус Хрыстус,        сапраўдны Бог і Чалавек сапраўдны. Хай будзе ўзвялічана імя Хрыстова. Хай будзе праслаўлена        Найсвяцейшае Сэрца Езуса. Хай будзе праслаўлена        Найдаражэйшая Кроў Езуса. Хай будзе ўзвялічаны Езус Хрыстус        у Найсвяцейшым Сакрамэнце. Хай будзе праслаўлены        Дух Святы Суцяшыцель. Хай будзе ўшанавана        Найсвяцейшая Панна Марыя. Хай будзе ўшанавана        Яе святое і беззаганнае зачацце. Хай будзе ўшанавана        поўнае хвалы Яе ўнебаўзяцце. Хай будзе ўшанавана        імя Марыі, Панны і Маці. Хай будзе ўшанаваны святы Юзаф,        Яе прачысты абраннік. Хай славіцца Бог у сваіх анёлах        і ўсіх святых. Амэн.
15.07.2008 16:01
Уступная малітва С.: Пане Езу Хрыстэ, паглядзі літасціва на тых, хто пакорна схіляецца да падножжа Твайго алтара. Дай нам ласку моцнай веры ў цудадзейную прысутнасць Тваю на гэтым алтары, каб мы зразумелі, што Ты – наш найлепшы прыяцель і Айцец. Учыні, каб гэтыя хвіліны адарацыі ўзмацнілі нас у добрых імкненнях і абяцаннях. Просім, выслухай малітвы нашыя. Н.: Літасцівы Збаўца наш, вось мы стаім сёння перад Табою, нашым Уладаром і найлепшым прыяцелем. Прыходзім аддаць Табе найглыбейшую пашану і падзякаваць за ўсе бясцэнныя дабрадзейнасці Твае. Ахвяруем Табе гэтыя хвіліны малітвы каля трона Твайго: – за Айца Святога, біскупа нашага і ўвесь Касцёл святы; – за Айчыну нашу; – за нас саміх, за бацькоў і за родных нашых, а таксама ў інтэнцыі, у якой кожны з нас сёння асабліва жадае маліцца. С.: Пане Езу, бясконцая любоў Твая да нас прымусіла Цябе застацца з намі ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Ты знаходзішся тут – той самы, які хадзіў па свеце, навучаў, лячыў і так моцна палюбіў чалавека. Н.: Верым усёй душою, што Ты, о Езу, знаходзішся на гэтым алтары жывы, хоць укрыты, як Бог і як Чалавек. Верым, з любоўю глядзіш Ты ў гэтую хвіліну на нас, хоць мы не бачым Цябе, і не чуем голасу Твайго. Верым, што знаходзішся тут дзеля таго, каб мы маглі часта прыходзіць да Цябе як да найлепшага прыяцеля і Айца. Верым, што ў гэтым Найсвяцейшым Сакрамэнце прагнеш быць частым узмацненнем душ нашых. Ушанаванне С.: О Езу, Пане і Божа наш! Верым, што знаходзішся на гэтым алтары і аддаем Табе паклон у найглыбейшай пакоры і пашане разам з усімі Тваімі святымі і анёламі. Н.: Кланяемся Табе, о Езу. С.: З нашымі Анёламі Ахоўнікамі. Н.: Кланяемся Табе, о Езу. С.: З наймілейшай Маці Тваёй, Найсвяцейшай Паннай Марыяй. Н.: Кланяемся Табе, о Езу. Славім Цябе, благаслаўляем Цябе, дзякуем Табе, ушаноўваем Цябе, о Езу, які з любові да нас устанавіў Найсвяцейшы Сакрамэнт, каб у ім з намі заўсёды знаходзіцца і быць штодзённым узмацненнем для душ нашых. Праслаўляем Цябе за гэта, шануем і дзякуем. Перапрашэнне С.: О добры Езу, мы ўдзячныя Табе за ўсе дабрадзейнасці. Шкадуем, што мы так часта імі злоўжывалі, прагнем сёння Табе аддзячыць і перапрасіць Цябе: За занядбанне і неналежнае чытанне малітваў штодзённых. Н.: Перапрашаем Цябе, Пане! С.: За вымаўленне без належнай пашаны імёнаў святых. Н.: Перапрашаем Цябе, Пане! С.: За непабожныя паводзіны ў касцёле і няўважлівасць падчас святой Імшы. Н.: Перапрашаем Цябе, Пане! С.: За неналежную падрыхтоўку да святой Камуніі і абыякавасць пасля прыняцця Цябе ў сэрцы нашыя. Н.: Перапрашаем Цябе, Пане! С.: За гнеў, зайздрасць і назалянне іншым. Н.: Перапрашаем Цябе, Пане! С.: За нясціплыя думкі, жарты і ўчынкі. Н.: Перапрашаем Цябе, Пане! С.: За грахі ўсіх людзей. Н.: Перапрашаем Цябе, Пане! Надзея С.: Без Тваёй ласкі, о Езу, мы слабыя, але Ты падасі нам руку дапамогі. Н.: Давяраем Табе, о Езу! С.: Шмат спакусаў у свеце змагаецца за сэрцы нашыя, але Ты ўзмоцніш нашу добрую волю. Н.: Давяраем Табе, о Езу! С.: Абяцаем, што дойдзем калісьці да Цябе. Н.: Давяраем Табе, о Езу! С.: Найсвяцейшае Сэрца Езуса! Н.: На Цябе ўскладаем надзею! Любоў С.: Пане Езу, Ты ўмілаваў нас першы, сышоў з нябёсаў і стаўся чалавекам, быў маленькім дзіцяткам, цярпеў холад, нястачу, бяду. Н.: З любові да нас. С.: Працай рамесніка зарабляў на сваё жыццё трыццаць гадоў. Хадзіў па свеце, навучаючы і ўсім чынячы дабро. Н.: З любові да нас. С.: Дазволіў сябе мучыць, бічаваць, цернем каранаваць; нёс цяжкі крыж на гару Кальварыю, дазволіў сябе ўкрыжаваць. Н.: З любові да нас. С.: Але перад смерцю, каб нам аказаць яшчэ большую любоў, устанавіў Найсвяцейшы Сакрамэнт, застаўся з намі ў постаці хлеба і знаходзішся на гэтым алтары. Н.: З любові да нас. С.: О добры Езу, прагнем Цябе за гэта любіць. Н.: Мы хочам любіць Цябе, як любяць Цябе анёлы і святыя ў небе! С.: Мы хочам пакласці да ног Тваіх плён працы і дабрадзейнасцяў, годных Цябе! Н.: Мы хочам быць асвячанымі як найхутчэй! С.: Мы хочам пакорна прынесці Табе сэрцы нашыя, створаныя на падабенства Божага Сэрца Твайго. Н.: О добры Езу, не маем нічога, што было б годным Цябе і што маглі б ахвяраваць Табе, акрамя добрых нашых пажаданняў. С.: О Езу ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, наш найлепшы прыяцель і Ойча, усім сэрцам любім Цябе! Н.: О Езу ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, усім сэрцам любім Цябе! Больш за ўсе выгоды, больш за прыемнасці, больш за саміх сябе, больш за жыццё нашае! Любім толькі Цябе! Духоўная Камунія С.: О Езу, які прагнеш быць узмацаваннем душ нашых. Н.: Прыйдзі да нас! Прагнем прыняць Цябе, сумуем без Цябе, дай нам сябе самога, дай нам ласкі свае, асвяці і ўмацуй душы нашыя і застанься з намі назаўсёды. Хвіліна роздуму – размаўляй з Панам Езусам у сваім  сэрцы. С.: О Езу, мы Табе належым. Н.: Табе саміх сябе і ўсё, што маем, аддаем і разам з душою і целам аддаемся Табе навекі. Просьбы С.: Пане Езу Хрыстэ, Ты сказаў: «Калі чаго ў імя Маё просіце ў Айца, дасць вам» (Ян 16, 23). Н.: Каб мы маглі любіць Цябе ўсё больш. С.: Памолімся за Айца Святога і ўвесь святы Касцёл, за нашага біскупа і нашу дыяцэзію, за нашу парафію і нашых святароў. Н.: Ойча наш.. . С.: За нашых бацькоў, за родных нашых, выхавацеляў і настаўнікаў, за ўсіх хворых, засмучаных і пакутуючых, за ўсіх грэшнікаў, асабліва за тых, якія сёння адыдуць з гэтага свету. Н.: Ойча наш... С.: За нашу Айчыну і за тых, хто ёю кіруе, за згоду і супакой між народамі. Н.: Ойча наш... С.: За ўсіх памерлых, асабліва за памерлых бацькоў і родных нашых. Н.: Ойча наш... С.: Вечны адпачынак дай ім, Пане. Н.: А святло вечнае няхай ім свеціць. С.: Няхай адпачываюць у супакоі. Н.: Амэн.
15.07.2008 16:00
Касцёл не толькі заахвочвае да дабрачыннасці і пакаяння, але жадае таксама дапамагчы хрысціяніну праз заслугі Езуса Хрыста і святых атрымаць ад міласэрнага Айца адпушчэнне часовай кары за грахі. Хрысціянін, які ўчыніў грэх, пасля споведзі атрымлівае адпушчэнне віны і дараванне вечнай кары за гэты грэх. Аднак споведзь не выбаўляе нас ад часовай кары за грахі, якую нам трэба адбыць на зямлі альбо ў чыстцы. Ад гэтай часовай кары за нашыя грахі выбаўляе нас праз адпусты Касцёл па праву даручанай яму ўлады. Дзякуючы адпустам вернікі могуць атрымаць выбаўленне ад часовай кары за грахі для сябе, а таксама для душаў, якія знаходзяцца ў чыстцы. Папа Павел VI ліквідаваў адпусты, акрэсленыя канкрэтным часам (напр., колькасцю дзён ці гадоў), бо ў вечнасці няма часу. Поўнае альбо частковае адпушчэнне кары за грахі, звязана з выкананнем пэўных умоваў. Для атрымання адпусту трэба быць у стане ласкі,  прыняць святую Камунію, быць вольным ад  усялякай прывязанасці да якога-небудзь граху, нават лёгкага, прачытаць малітву ў інтэнцыі Святога Айца: Ойча наш... Вітай, Марыя... і Веру ў Бога... Некаторыя з гэтых умоваў могуць быць выкананы за некалькі дзён да альбо пасля ўзгаданых вышэй чынаў, звязаных з адпустам. Аднак пажадана, каб святая Камунія і малітва ў інтэнцыі Святога Айца мелі месца ў гэты ж дзень. Вось пералік некаторых поўных і частковых адпустаў, пададзеных Апостальскай Пенітэнцыярыяй 29 чэрвеня 1969 г.: за наведванне Найсвяцейшага Сакрамэнту – частковы адпуст ; за адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту на працягу 30 хвілін – поўны адпуст ; за атрыманне папскага  благаслаўлення (непасрэдна альбо па радыё ці тэлебачанні) Urbi et Orbi (гораду і свету) – поўны адпуст ; за ўдзел у рэкалекцыях, якія працягваюцца нават тры дні – поўны адпуст ; за наведванне могілак з 1 па 8 лістапада і малітву за памерлых – поўны адпуст ; у іншыя дні – частковы адпуст ; за ўдзел ва ўрачыстым эўхарыстычным абрадзе на заканчэнне эўхарыстычнага кангрэсу – поўны адпуст ; за чытанне малітвы Душа Хрыстова – частковы адпуст ; за пабожнае чытанне Святога Пісання на працягу 30 хвілін з належным ушанаваннем слова Божага – частковы адпуст ; за малітву на ружанцы (адной з частак Ружанца) з разважаннем таямніц у касцёле, у публічнай капліцы, у сям'і, у манаскай супольнасці, у пабожным таварыстве – частковы адпуст ; за наведванне касцёла ў дзень парафіяльнага адпусту ці ў дзень апекуна гэтага касцёла альбо капліцы – поўны адпуст .
15.07.2008 15:44
Кірые, элейсон,        Хрыстэ, элейсон, Кірые, элейсон. Хрыстэ, пачуй нас,        Хрыстэ, выслухай нас. Ойча з неба, Божа,        – змілуйся над намі. Сыне, Адкупіцель свету, Божа,        – змілуйся над намі. Духу Святы, Божа,        – змілуйся над намі. Святая Тройца, адзіны Божа,        – змілуйся над намі. Міласэрнасць Божая, бязмежная годнасць Стварыцеля,        – давяраем Табе. Міласэрнасць Божая, найбольшая дасканаласць Адкупіцеля,        – давяраем Табе. Міласэрнасць Божая, неспасцігальная любоў Асвяціцеля,        – давяраем Табе. Міласэрнасць Божая, незразуметая таямніца Святой Тройцы,        – давяраем Табе. Міласэрнасць Божая, праяўленне найвялікшай моцы Пана,        – давяраем Табе. Міласэрнасць Божая ў стварэнні духаў нябесных,        – давяраем Табе. Міласэрнасць Божая, якая кліча нас з небыцця да існавання,        – давяраем Табе. Міласэрнасць Божая, якая ахоплівае ўвесь сусвет,        – давяраем Табе. Міласэрнасць Божая, якая адорвае нас несмяротным жыццём,        – давяраем Табе. Міласэрнасць Божая, якая ахоўвае нас ад заслужанага пакарання,        – давяраем Табе. Міласэрнасць Божая, якая ўздымае нас з няшчасця граху,        – давяраем Табе. Міласэрнасць Божая, якая апраўдвае нас у Слове ўцелаўлёным,        – давяраем Табе. Міласэрнасць Божая, якая струменіць з ранаў Хрыстовых,        – давяраем Табе. Міласэрнасць Божая, якая сыходзіць з Сэрца Езуса,        – давяраем Табе. Міласэрнасць Божая, якая дае нам Найсвяцейшую Панну Марыю за Маці міласэрнасці,        – давяраем Табе. Міласэрнасць Божая ў аб’яўленні таямніцаў Божых,        – давяраем Табе. Міласэрнасць Божая ва ўстанаўленні паўсюднага Касцёла,        – давяраем Табе. Міласэрнасць Божая ва ўстанаўленні святых сакрамэнтаў,        – давяраем Табе. Міласэрнасць Божая ў сакрамэнце хросту і пакаяння,        – давяраем Табе. Міласэрнасць Божая  ў сакрамэнце алтара і святарства,        – давяраем Табе. Міласэрнасць Божая ў пакліканні нас да святой веры,        – давяраем Табе. Міласэрнасць Божая ў навяртанні грэшнікаў,        – давяраем Табе. Міласэрнасць Божая ў асвячэнні справядлівых,        – давяраем Табе. Міласэрнасць Божая ва ўдасканаленні праведнікаў,        – давяраем Табе. Міласэрнасць Божая, палёгка для хворых і церпячых,        – давяраем Табе. Міласэрнасць Божая, суцяшэнне змучаных сэрцаў,        – давяраем Табе. Міласэрнасць Божая, надзея для тых, хто ў роспачы,        – давяраем Табе. Міласэрнасць Божая, якая спадарожнічае ўсім людзям заўсёды і ўсюды,        – давяраем Табе. Міласэрнасць Божая, што апярэджвае нас ласкамі,        – давяраем Табе. Міласэрнасць Божая, супакой паміраючых,        – давяраем Табе. Міласэрнасць Божая, нябесная раскоша збаўленых,        – давяраем Табе. Міласэрнасць Божая, прахалода і палёгка душаў чыстцовых,        – давяраем Табе. Міласэрнасць Божая, карона ўсіх святых,        – давяраем Табе. Міласэрнасць Божая, невычэрпная крыніца цудаў,        – давяраем Табе. Баранку Божы, які праявіў найбольшую міласэрнасць у адкупленні свету на крыжы,        – даруй нам, Пане. Баранку Божы, які міласэрна ахвяруеш сябе за нас падчас кожнай святой Імшы,         – выслухай нас, Пане. Баранку Божы, які з бясконцай міласэрнасці адпускаеш грахі нашыя,        – змілуйся над намі. С.: Міласэрнасць Божая па-над усе Яго справы (гл. Пс 145, 9). Н.: Таму Міласэрнасць Пана праслаўляць буду навекі (гл. Пс 89, 2). Молімся: Божа, міласэрнасць Твая бязмежная, а скарбы літасці бясконцыя. Глянь на нас ласкава і ўмацуй нашу надзею на міласэрнасць Тваю, каб мы ніколі, нават у самых цяжкіх выпрабаваннях, не паддаваліся роспачы, але заўсёды з даверам згаджаліся з Тваёю воляю, бо Ты – сама Міласэрнасць. Праз Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара міласэрнасці, які з Табою і Духам Святым аказвае нам міласэрнасць навекі. Усе: Амэн.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа