Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Зварот Старшыні ККББ з нагоды правядзення Агульнабеларускай навэнны да Найсвяцейшай Панны Марыі ў межах падрыхтоўкі да юбілею 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
Канферэнцыя Біскупаў
25.07.2016 14:25

Тэкст на польскай мове>>>

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, дарагія вернікі, людзі добрай волі!

Амаль 100 гадоў таму, калі атэістычная ідэалогія ўсё больш паглынала ахопленую эканамічнаю разрухаю і палітычным разладам Расійскую імперыю, 13 мая 1917 г. на самым захадзе Еўропы, у далёкай Фаціме ў Партугаліі, распачаліся аб’яўленні Божай Маці. Яны працягваліся да 13 кастрычніка таго ж года. У іх Найсвяцейшая Панна прадказала гісторыю Усходняй Еўропы, у тым ліку і Беларусі, у ХХ стагоддзі.  

Марыя як Божая Пасланніца жадала людзям дабра і імкнулася абараніць іх ад будучых наступстваў атэізму. У сваіх аб’яўленнях тром фацімскім пастушкам Яна паказала жахі пекла, прадказала завяршэнне Першай сусветнай вайны і адначасова заклікала да малітвы і навяртання, каб пазбегнуць трагічнага ўплыву атэістычнага рэжыму на маральнае жыццё людзей і развіццё ўсяго свету.

Ведаючы, што людзі Яе не паслухаюць, Марыя папярэдзіла аб пераследаванні Касцёла, распачацці Другой сусветнай вайны і згубным уплыве атэістычнай Расіі на ўвесь свет. Аднак у той жа час Марыя дала надзею, сцвярджаючы, што Яе Беззаганнае Сэрца затрыумфуе і Расія навернецца. Нашыя продкі жылі гэтаю надзеяй на працягу трох пакаленняў. Умоваю яе ажыццяўлення было прысвячэнне Расіі Беззаганнаму Сэрцу Марыі, якое павінен быў учыніць Папа Рымскі калегіяльна з біскупамі свету. Гэтую Яе просьбу выканаў святы Ян Павел II 25 сакавіка 1984 г., у свята Звеставання Пана. Як арханёл Габрыэль звеставаў Марыі наступленне новай эры збаўлення, гэтак жа і здзейснены вялікім прыхільнікам Марыі — Папам Вайтылам — акт ахвяравання свету Беззаганнаму Сэрцу Марыі стаў знакам новага часу свабоды веравызнання ў зняволеных атэістычным рэжымам частках свету.

У краінах былога Савецкага Саюза, у тым ліку ў Беларусі, а таксама ва Усходняй Еўропе Касцёл ужо чвэрць стагоддзя радуецца новым умовам свайго існавання і дзейнасці. Аднак, хоць няма афіцыйнай палітыкі атэізму, новыя часы прыносяць новыя выклікі і новыя «-ізмы». Найперш гэта выклікі секулярызму, лібералізму і маральнага рэлятывізму, якія нішчаць веру, і людзі ўсё часцей жывуць так, быццам Бога няма. Вялікую занепакоенасць выклікае нарастаючая хваля тэрарыстычных актаў і лакальных войнаў, што стварае пагрозу трэцяй сусветнай вайны ў яе гібрыднай форме. Новымі выклікамі становяцца амаль бескантрольная міграцыя, рост сацыяльнай несправядлівасці, этнаканфесійныя канфлікты, палітычны і эканамічны крызісы ў многіх краінах свету...

У такіх небяспечных абставінах мы павінны звяртацца да адзінай надзеі свету — Божай міласэрнасці. Яна ўжо праявілася ў ажыццяўленні фацімскага паслання. Трывожная сітуацыя ў сучасным свеце заклікае нас ізноў звярнуць на яго ўвагу, горача маліцца і навяртацца.

Нягледзячы на тое, што ўжо вядомыя ўсе тры фацімскія таямніцы, гэтае пасланне не страціла сваёй актуальнасці. Словы Божай Маці пра тое, што ўсё будзе добра, калі мы навернемся і будзем маліцца, у святле перажытых нашым народам ганенняў на веру і Касцёл заклікаюць нас перад абліччам выклікаў сучаснасці да пакаяння і паяднання з Богам.

Паўсюдны Касцёл рыхтуецца з удзячнасцю Богу і Марыі адзначыць юбілей 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў. Касцёл у Беларусі, лёс якога непасрэдна звязаны з імі, таксама прымае актыўны ўдзел у падрыхтоўцы да юбілею. Пра гэта сведчыць пастырская праграма апошніх трох гадоў: 2014 год быў прысвечаны малітве, 2015 — пакаянню, 2016 — надзеі ў міласэрнасці.

З мэтаю непасрэднай падрыхтоўкі і ўводзінаў у юбілей фацімскіх аб’яўленняў Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на 62-м Пленарным пасяджэнні, якое адбылося 24 мая 2016 г. у Гродне, вырашыла правесці Агульнабеларускую навэнну да Найсвяцейшай Панны Марыі. Навэнна будзе адбывацца ў першыя суботы месяца. Распачнецца яна 6 жніўня 2016 г., ва ўрачыстасць Перамянення Пана, і завершыцца 1 красавіка 2017 г. Тэксты навэнны падрыхтаваныя выдавецтвам «Про Хрысто», якому я шчыра дзякую. Усе матэрыялы будуць змешчаныя ў спецвыпуску часопіса «Ave Maria», на сайтах www.catholic.by і www.ave-maria.by.

Заахвочваю святароў, кансэкраваных асобаў і вернікаў не толькі актыўна ўдзельнічаць у навэнне, але і распаўсюджваць набажэнства першых суботаў месяца, каб такім чынам перапрасіць Марыю за грахі, якімі зневажаецца Яе Беззаганнае Сэрца, а таксама каб падзякаваць Ёй за апеку над намі. Даверым жа сябе Божай міласэрнасці, у якой наша надзея!

На ўдзел у навэнне і набажэнстве першых суботаў месяца ўсіх вас шчырым сэрцам благаслаўляю.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі
Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Мінск, 25 ліпеня 2016 г.
Свята св. Якуба, апостала

P.S. Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэты зварот вернікам 31 ліпеня 2016 г., у XVIII Звычайную нядзелю.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Канферэнцыя Біскупаў

18.03 07:00Пастырскае пасланне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на ўрачыстасць Звеставання Пана 2017
16.03 12:49Пасланне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на дзень «Карытас»
02.03 16:36Паведамленне з 64-га пленарнага (пазачарговага) пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
29.12 11:25Паведамленне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на свята Святой Сям'і
07.12 16:33Пастырскі ліст Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі
20.10 10:23Біскуп Яшэўскі прымае ўдзел у кангрэсе ў Рыме
12.10 17:58Паведамленне з 63-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
29.07 03:22Заклік Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі з нагоды распачацця Сусветных дзён моладзі ў Кракаве
25.07 14:25Зварот Старшыні ККББ з нагоды правядзення Агульнабеларускай навэнны да Найсвяцейшай Панны Марыі ў межах падрыхтоўкі да юбілею 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
13.07 11:17Паведамленне Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча пра свята св. Марыі Магдалены