Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Адбыўся ІІ Чэмпіянат па міні-футболе сярод святароў Беларусі
Беларусь
26.11.2013 15:00

ІІ Чэмпіянат па міні-футболе сярод каталіцкіх святароў Беларусі праходзіў 25 лістапада ў Лепелі. У спартыўнай сустрэчы беларускага духавенства ўдзельнічалі каманды з усіх дыяцэзій. На спаборніцтвы прыбыў таксама Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, які гуляў у камандзе Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Матчам папярэднічала Імша, якую ўзначаліў Мітрапаліт. Іерарх у гаміліі назваў II Чэмпіянат Беларусі па міні-футболе сярод святароў «падзеяй даволі неардынарнай для нашай краіны, дзе Касцёл больш традыцыйны».

«Памятаю, калі ў в. Адэльск, дзе я нарадзіўся, у палове 50-х гадоў мінулага стагоддзя прыехаў вельмі энергічны святар Пётр Барташэвіч, то ён адразу пачаў заахвочваць моладзь і міністрантаў займацца спортам. На выгане зрабіў футбольнае поле, дзе разам з намі гуляў у футбол. З аднаго боку, новага ксяндза вернікі вельмі любілі, бо быў адкрыты для ўсіх, пабожны і прамаўляў вельмі добрыя казанні. З іншага ж ім, асабліва старэйшым бабулькам, было вельмі цяжка пагадзіцца з тым, што ксёндз разам з дзецьмі бегае па полі і гуляе ў футбол. У іх уяўленні ксёндз – гэта той, які толькі моліцца, — адзначыў Мітрапаліт. — Так, сапраўды, святар – гэта найперш чалавек малітвы. Аднак добрае здароўе спрыяе нармальнаму выконванню яго абавязкаў. Прыказка кажа, што ў здаровым целе здаровы дух. Акрамя гэтага, спорт гартуе дух і цела, выхоўвае да адказнасці, салідарнасці, узаемадапамогі. Благаслаўлёны Папа Ян Павел II любіў спорт і шмат ім займаўся. У Ватыкане таксама ёсць свая футбольная каманда».

«На шматлікіх стадыёнах свету адбываецца гульня ў футбол, — дадаў іерарх. — Але ёсць яшчэ адзін стадыён. Гэта стадыён нашага жыцця, дзе адбываецца гульня за вечнае жыццё і дзе адбываецца барацьба дабра са злом. Гэты стадыён існуе на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва ад часоў граху нашых першых бацькоў. Поле гэтага стадыёну няроўнае і пашкоджанае першародным грахом, іншымі грахамі і нядобрымі ўчынкамі. Яго стан перашкаджае гульні, спрыяе таму, што мы лёгка чынім зло, якога не хочам, а не дабро, якога хочам».

Па словах арцыбіскупа, на «стадыён чалавечага жыцця» «Хрыстус паклікаў таксама і святароў». «Нават на футбольным полі мы павінны памятаць, што Хрыстус нас паклікаў і выбраў, каб гуляць у Яго камандзе і быць Яго сведкамі, там, дзе Ён нас патрабуе», — падкрэсліў іерарх, дадаўшы, што футбол можа дапамагчы святару «ў сталай чалавечай і пастырскай фармацыі і выконванні місіі абвяшчэння Евангелля». Мітрапаліт нагадаў, што нядаўна Папа Францішак прыняў каманды нацыянальных сборных па рэгбі Італіі і Аргенціны і сустрэўся з Прэзідэнтам Міжнароднай Федэрацыі футболу.

Поўны тэкст гаміліі>>>

«Футбольны матч працягваецца 90 хвілін, — адзначыў арцыбіскуп. — Таксама і жыццё чалавека мае свой канкрэтны час, свае ўмоўныя 90 хвілін. Боскі суддзя распачынае футбольны матч нашага жыцця і яго завяршае з той розніцай, што яго ўжо нельга паўтарыць. (...) У жыцці як у футболе. Як адна нядобрая перадача можа вырашыць лёс гульні, так і адна памылка можа паўплываць на ўсё жыццё». "Мы трапілі ў каманду Хрыста, у якой Ён з’яўляецца трэнерам, і для паспяховай жыццёвай гульні неабходна Яго слухаць і выконваць усе Яго патрабаванні", — падкрэсліў Мітрапаліт і заклікаў іудзельнікаў спаборніцтваў «заставацца ў гэтай камандзе Хрыста і разам з нашымі вернікамі быць нападаючымі неба, каб сваім сапраўды хрысціянскім жыццём узяць яго вароты».

Пасля Імшы прайшлі спаборніцтвы. Усяго адбылося шэсць матчаў, кожная з каманд гуляла па тры гульні: Пінская і Віцебская дыяцэзіі, Мінска-Магілёўская архідыяцэзія і Гродзенская дыяцэзія, Пінская дыяцэзія і Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Віцебская і Гродзенская дыяцэзіі, Гродзенская і Пінская дыяцэзіі, Мінска-Магілёўская архідыяцэзія і Віцебская дыяцэзія.

У выніку месцы размеркаваліся наступным чынам: 1-е - каманда Гродзенскай дыяцэзіі, 2-е - каманда Віцебскай дыяцэзіі, 3-е - каманда Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, 4-е - каманда Пінскай дыяцэзіі.

Падчас цырымоніі ўзнагароджвання ўсе чатыры каманды атрымалі кубкі, а каманды, якія занялі першыя тры месцы, — медалі.

І Чэмпіянат па міні-футболе сярод святароў Беларусі адбыўся ў лістападзе 2012 г. у Лідзе. У ім 1-е месца таксама заняла каманда святароў Гродзенскай дыяцэзіі.

З 24 па 28 лютага ў Беларусі пройдзе VIII Чэмпіянат Еўропы па міні-футболе сярод каталіцкіх святароў.

(AG)


Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.