Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас Імшы ІІ Чэмпіянату Беларусі па міні-футболе сярод святароў

Лепель, 25 лістапада 2013 г.

Трэнерам з’яўляецца Езус

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1. Сёння ў Лепелі праходзіць II Чэмпіянат Беларусі па міні-футболе сярод святароў. Гэта падзея даволі неардынарная для нашай краіны, дзе Касцёл больш традыцыйны. Памятаю, калі ў в. Адэльск, дзе я нарадзіўся, у палове 50-х гадоў мінулага стагоддзя прыехаў вельмі энергічны святар Пётр Барташэвіч, то ён адразу пачаў заахвочваць моладзь і міністрантаў займацца спортам. На выгане зрабіў футбольнае поле, дзе разам з намі гуляў у футбол.

З аднаго боку, новага ксяндза вернікі вельмі любілі, бо быў адкрыты для ўсіх, пабожны і прамаўляў вельмі добрыя казанні. З іншага ж ім, асабліва старэйшым бабулькам, было вельмі цяжка пагадзіцца з тым, што ксёндз разам з дзецьмі бегае па полі і гуляе ў футбол. У іх уяўленні ксёндз – гэта той, які толькі моліцца. Так, сапраўды, святар – гэта найперш чалавек малітвы. Аднак добрае здароўе спрыяе нармальнаму выконванню яго абавязкаў. Прыказка кажа, што ў здаровым целе здаровы дух. Акрамя гэтага, спорт гартуе дух і цела, выхоўвае да адказнасці, салідарнасці, узаемадапамогі і г.д. Благаслаўлёны Папа Ян Павел II любіў спорт і шмат ім займаўся. У Ватыкане таксама ёсць свая футбольная каманда. Такім чынам, у сучасным свеце святар на стадыёне ці ў спартыўнай зале – гэта ўжо нармальная справа. Больш за тое, занятак спортам дапамагае святару ў непасрэдным кантакце з моладдзю і яе евангелізацыі.

2. Перад Евангеллем мы спявалі: “Чувайце і будзьце гатовы, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў тую гадзіну, калі вы не думаеце” (Мц 24, 42.44). Гэтыя словы на пачатку апошняга тыдня літургічнага года заклікаюць да духоўнага чування. Праз тыдзень распачынаецца Адвэнт і новы літургічны год. Касцёл ізноў будзе заклікаць да чування, каб належным чынам падрыхтавацца да Божага Нараджэння і другога прыйсця Хрыста. Аднак Хрыстус прыходзіць да нас таксама ў сакрамэнтах, і Ён прыйдзе ў хвіліну завяршэння нашага зямнога жыцця. Мы не ведаем, калі гэта адбудзецца, таму неабходна быць гатовым у кожную хвіліну.

Слова “чувайце” таксама можна адрасаваць і футбалістам. Яны павінны чуваць, бо ў кожную хвіліну супернік можа забіць гол, ад якога будзе залежаць канцавы вынік гульні. Поле роўнае, а мяч круглы, і ўсе маюць аднолькавыя шансы. Усё залежыць ад падрыхтоўкі і якасці гульні. На шматлікіх стадыёнах свету адбываецца гульня ў футбол, які з’яўляецца самым папулярным відам спорту і прыцягвае мільёны гледачоў, якому пакланяюцца маладыя і старыя.

3. Але ёсць яшчэ адзін стадыён. Гэта стадыён нашага жыцця, дзе адбываецца гульня за вечнае жыццё і дзе адбываецца барацьба дабра са злом. Гэты стадыён існуе на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва ад часоў граху нашых першых бацькоў. Поле гэтага стадыёну няроўнае і пашкоджанае першародным грахом, іншымі грахамі і нядобрымі ўчынкамі. Яго стан перашкаджае гульні, спрыяе таму, што мы лёгка чынім зло, якога не хочам, а не дабро, якога хочам.

У жыцці, як і ў спорце, асабліва ў футболе, калі мы перамагаем нашу слабасць або спраўляемся з жыццёвымі цяжкасцямі, тады становімся мацнейшымі. Кожная перамога цешыць, мабілізуе і дадае ўпэўненасці ў сабе. Самы вялікі шанс на перамогу маюць тыя, хто кіруецца евангельскім менталітэтам пераможцы. Такіх людзей не цікавіць гульня ў нічыю або параза. Менталітэт пераможцы азначае адвагу прапанаваць самому сабе жыццё ў любові, праўдзе, свабодзе і святасці. Тады параза становіцца перамогай, як бы парадаксальна гэта ні гучала.

4. На гэты стадыён чалавечага жыцця Хрыстус паклікаў таксама і святароў. Паклікаў па імені, таксама як паклікаў апосталаў, паклікаў у сваю каманду, каб потым праз яе абвяшчаць Евангелле свету. Футбол – гэта таксама евангелізацыйны спорт, дзе Давід нярэдка перамагае Гальёта, дзе перамагаюць тыя, якія аддаюць гульні сябе саміх да канца, дзе пыха чэмпіёнаў неадкладна караецца, а слабыя і бедныя дазнаюць суцяшэнне.

Для нас, святароў, футбол не з’яўляецца найважнейшай справай, бо інакш мы былі б не слугамі алтара, а спрабавалі б сябе ў прафесійным футболе. Аднак нават на футбольным полі мы павінны памятаць, што Хрыстус нас паклікаў і выбраў, каб гуляць у Яго камандзе і быць Яго сведкамі, там, дзе Ён нас патрабуе.

Футбол у жыцці святара не самы важны, аднак ён можа дапамагчы яму ў сталай чалавечай і пастырскай фармацыі і выконванні місіі абвяшчэння Евангелля свету. Смак футболу месціць у сабе цяжкія трэніроўкі, барацьбу на полі, змаганне са стомленасцю і супернікам, горкі смак паразы і радасць перамогі. Гэта як на рыбалцы: без труда не выцягнеш рыбку з пруда, а лічыцца тое, што ў сетцы. Менавіта ў футболе лічыцца мяч у сетцы ці забіты гол.

5. Дарагія браты і сёстры!

Напэўна, для Лепеля сённяшняя падзея з’яўляецца знакавай, бо ўпершыню тут адбываецца Чэмпіянат Беларусі па міні-футболе сярод святароў. Гэтую падзею можна ўспрыняць як нейкую сенсацыю. Але на самой справе яна з’яўляецца яшчэ адной лекцыяй духоўнага жыцця.

Два дні таму Святы Айцец Францішак прыняў каманды нацыянальных сборных па рэгбі Італіі і Аргенціны. Папа падкрэсліў, што ў рэгбі трэба бегчы да мэты і гэта вельмі важна. Такі забег схіляе думаць пра жыццё, бо ўвесь час мы імкнёмся да мэты. Прычым у рэгбі напачатку акцыі ўдзельнічаюць усе гульцы, а потым адзін імкнецца да мэты. Таму гэта гульня калектыўная, хаця толькі адзін даходзіць да мэты, зарабляе пункты Аднак пры гэтым выігрывае ўся каманда.

Папа таксама папрасіў рэгбістаў, каб ён сам з яго супрацоўнікамі складаў адну каманду і каб яна шчасліва бегла да мэты.

Нам, футбалістам, будзе цікава і тое, што Святы Айцец Францішак на прыватнай аўдыенцыі прыняў Прэзідэнта Міжнароднай Федэрацыі футболу Юзафа Блаттэра (пар. http://www.fronda.pl/a/papiez-o-rugby,32185.html). У футболе, як і ў рэгбі, усе гуляюць разам, гол забівае адзін, а выігрывае ўся каманда.

6. Дарагія браты і сёстры! 

Вядома, што нармальны футбольны матч працягваецца 90 хвілін. Суддзя аб’яўляе яго распачацце і завяршэнне. Таксама і жыццё чалавека мае свой канкрэтны час, свае ўмоўныя 90 хвілін. Боскі суддзя распачынае футбольны матч нашага жыцця і яго завяршае з той розніцай, што яго ўжо нельга паўтарыць. Жыццёвага матчу рэваншу не бывае. Зямное жыццё – гэта гульня за найвышэйшую стаўку, а менавіта за вечнасць. У жыцці як у футболе. Як адна нядобрая перадача можа вырашыць лёс гульні, так і адна памылка можа паўплываць на ўсё жыццё. Як жа не змарнаваць вызначанага Богам часу, каб не рабіць памылак, а калі яны і выдарацца, то як направіць сітуацыю?

Адказ просты. Дзякуючы сакрамэнту хросту мы трапілі ў каманду Хрыста, у якой Ён з’яўляецца трэнерам, і для паспяховай жыццёвай гульні неабходна Яго слухаць і выконваць усе Яго патрабаванні. Імі ж з’яўляецца нязменны Божы закон. Напэўна, не заўсёды гэта лёгка і нярэдка прыходзіць думка ўсё пакінуць, бо так і так не пераможам. Не! Трэба памятаць аб тым, што, пакуль мяч у гульні, то ўсё магчыма, таксама і перамога. Сапраўднай паразай з’яўляецца не паражэнне, але адмаўленне ад барацьбы. У жыццёвай барацьбе нашай дапамогай з’яўляецца Бог, які ніколі нас не пакіне. Нават калі мы адвернемся ад Яго, Ён працягвае сваю руку дапамогі нам.

Таму застанемся, дарагія браты і сёстры, у гэтай камандзе Хрыста і разам з нашымі вернікамі будзем нападаючымі неба, каб сваім сапраўды хрысціянскім жыццём узяць яго вароты. Амэн.

Адноўлена 25.11.2013 15:08
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі