Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі

Іванава, 20 мая

Паважаныя святары і кансэкраваныя асобы, прадстаўнікі ўлады і дыпламатычных пляцовак, дарагія браты і сёстры ў Хрысце!
Мы сабраліся ў гэтым санктуарыі, каб праславіць Бога ў Тройцы Адзінага за тое, што ў асобе св. Андрэя Баболі Ён даў нам мужнага святара і прыклад для наследавання. Няхай будзе праслаўлены Бог. Няхай будзе праслаўлены Бог у сваіх святых. Няхай будзе праслаўлены праз жыццё і мучаніцкую смерць св. Андрэя Баболі!

Санктуарый св. Андрэя Баболі ў Іванаве — гэта багатая рэлігійная, духоўна-культурная і матэрыяльная спадчына Касцёла і народа. Ён мае свой уласны воблік. Рэліквіі святога захоўваліся ў гэтым месцы нават у часы пераследу, калі святыня выкарыстоўвалася як клуб. Асаблівасць навакольных мясцін у тым, што яны сталі месцам апошняга душпастырства святога сярод палешукоў. Тут ён быў схоплены, тут пралілася яго мучаніцкая кроў. Санктуарый паўстаў для духоўных патрэбаў жыхароў Палесся, а таксама выконвае важную ролю ў жыцці мясцовай парафіі, наваколля і рэгіёну.

Сведчанне веры мучанікаў у Касцёле — гэта вялікі Божы дар, які заахвочвае чалавечае сэрца да навяртання. Жыццё і мучаніцкая смерць паслядоўнікаў Хрыста выклікае захапленне тым, колькі ўсяго можа вытрываць чалавек з любові да Збаўцы. Адным з такіх святых мучанікаў, які слаўна ўпісаўся ў гісторыю Касцёла, з’яўляецца Андрэй Баболя.

Будучы святы нарадзіўся 30 мая 1591 года ў Страхоціне каля Санока (Польшча). Яго род не быў занадта заможным, але і не быў бедным. Пры гэтым у сям’і з глыбокай адданасцю ставіліся да каталіцкай веры. У 20-гадовым узросце Андрэй Баболя ўступіў ў ордэн езуітаў у Вільні. Атрымаўшы філасофскую і тэалагічную адукацыю, прыняў святарскае пасвячэнне і быў накіраваны на душпастырскую працу. Андрэй Баболя вызначаўся імпульсіўным тэмпераментам, які можна было б акрэсліць як халерычны. Ён быў здольны да авантураў, упарты і нецярплівы, але крок за крокам выпраўляў свае заганы, праводзячы доўгія гадзіны на малітве перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Таксама ён цалкам прысвяціў сябе Маці Божай у Марыянскай садаліцыі. У святарстве ў Андрэя Баболі праявілася харызма прапаведніка, спаведніка, народнага місіянера. Ён умеў зацікавіць і моладзь. Яго называлі Апосталам Піншчыны, «душахватам», альбо лаўцом душ. Мучаніцтва св. Андрэя Баболі залічваецца да катэгорыі тых асоб, якія за веру прынялі самыя жудасныя катаванні ў гісторыі Касцёла.

Часам у нас можа ўзнікаць уражанне, што св. Андрэй Баболя — гэта постаць з далёкага мінулага. Але насамрэч ён вельмі блізкі нам, бо з’яўляецца носьбітам тых духоўных каштоўнасцяў, якія цэняцца ў кожнай гістарычнай рэчаіснасці. Ён блізкі нам праз вернасць і адвагу, праз любоў да Бога і бліжняга, блізкі праз тое, што, не клапоцячыся празмерна пра сябе, клапаціўся пра іншых, быў руплівы ў Божай справе. Блізкі нам праз ахвяру, складзеную з уласнага жыцця, якая з’яўляецца выразам найвялікшай любові. Пасля мучаніцкай смерці прайшло 360 гадоў. Святы Андрэй Баболя аддаў сваё жыццё за Хрыста, Касцёл і за веру 16 мая 1657 года. Гэта былі вельмія цяжкія часы для Касцёла.

У 1657 годзе казакі занялі Пінск. Асаблівую нянавісць яны праявілі да езуітаў. Соллю ў вачах быў для іх айцец Андрэй Баболя, бясстрашны прапаведнік Евангелля і Апостал еднасці Хрыстовага Касцёла. Становіцца страшна, калі ўяўляеш сабе, як катавалі і здзекваліся над святым Апосталам Палесся. Узрушвае яго вера і мужнасць, з якімі ён вытрымаў усе мукі. Папа Пій ХІІ прысвяціў Апосталу Палесся спецыяльную энцыкліку, у якой паказаў незвычайны гераізм непераможнага «атлета Хрыста», Добрага Пастыра, які аддаў жыццё за сваіх авечак.

Святы Андрэй Баболя хацеў іх сабраць у адзіным Хрыстовым Касцеле. Ён цярпеў ад таго, што не было адзінства хрысціян. Перажываў, што з-за чалавечай гордасці была разарвана адзіная шата Хрыста. Хацеў, каб ізноў стаў адзіны статак і адзіны пастыр.

Ён стаў мучанікам адзінства Хрыстовага Касцёла. Тых, да каго ён не дайшоў з Божым словам, з’яднаў праз мучаніцкую кроў. Да яго магілы пілігрымавалі хрысціяне розных канфесій. Святы Андрэй Баболя не перастаў быць апосталам і пасля смерці. Сваім скатаваным целам ён працягваў апостальства. Лёс яго рэліквій — гэта незвычайная гісторыя.

Мы верым, што св. Андэй Баболя ў небе моліцца за нас, жыхароў Палесся. Для тых, хто ведае яго біяграфію, гэта не сенсацыя. Калі яго яшчэ не было ў мартыралогу святых, ён ужо тады з’явіўся як абаронца прыгнечаных. Гэта было ў Пінску 16 красавіка 1702 года. Марцін Галэмбскі, рэктар езуіцкага калегіума, прабываў у сваёй келлі і моцна перажываў: хто ж дапаможа выратаваць горад ад пагрозы з боку непрыяцельскага войска шведаў, якое набліжаецца? Тады ў келлі з’явілася постаць і пачала дакараць рэктара: «Чаму ж ты не шукаеш дапамогі там, дзе трэба. Я — ваш брат Андрэй Баболя. Калі знойдзеце маю труну і аддзеліце яе ад іншых, то прыйду вам на дапамогу». Неадкладна былі праведзены пошукі труны. Тое, што ўбачылі манахі, выклікала ў іх вялікае здзіўленне. Цела Баболі ў труне не спарахнела, страшна знявечанае, яно заставалася там. Нябожчыка пераклалі ў новую труну і выставілі ў бакавой капліцы касцёла. Шведы не здабылі тады Пінск. Хворыя людзі, дакранаючыся да труны, выздараўлівалі. Пасля таго здарэння, якое адбылося праз 45 гадоў пасля смерці мучаніка, езуіты распачалі падрыхтоўку да беатыфікацыйнага працэса.

Кожны святы з’яўляўся знакам Бога для тых часоў, у якіх ён жыў. Але святы Андрэй Баболя з’яўляецца асаблівым знакам і для нашых часоў. Ён, які памёр больш чым тры з паловай стагоддзі таму, прамаўляе да людзей трэцяга тысячагоддзя. Ён для нас — прыклад непахіснай веры, якая не адступае і не гіне нават у неймаверным цярпенні. Веры, якая не баіцца пагроз і катаванняў, якая не вагаецца пакласці на вагу нават тое, што для кожнага найдаражэйшае, — жыццё.

І мы таксама павінны моцна трываць у веры, бо пагроза для веры была не толькі у часы св. Андрэя Баболі. Таксама і ў нашыя часы існуюць шматлікія выпрабаванні веры. Ёсць многа сілаў у сучасным свеце, якія хочуць высмеяць веру, падарваць аўтарытэт Касцёла, які веру абвяшчае і абараняе. Перад выклікамі сучаснага свету нам нельга забываць, што вера — гэта каштоўны скарб. Але ўслед за св. апосталам Паўлам памятайма, што гэты скарб мы носім у гліняных начыннях (пар. 2 Кар 4, 7).

Няхай святы Андрэй Баболя будзе для нас правадніком на шляху ўдасканалення і ўмацавання веры. Няхай тым, хто праз яго заступніцтва моліцца, выпрошвае ў Бога моц, каб ніколі не адысці ад веры. Няхай выпрошвае для нас усіх дары Духа Святога, каб мы штодня мужна вызнавалі веру і ёю жылі. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі
13.05 22:50Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы адведзін фігуры Божай Маці Фацімскай парафіі ў Вілейцы
13.05 13:20Гамілія біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі ва ўрачыстасць надання касцёлу Маці Божай Фацімскай у Баранавічах тытула санктуарыя
13.05 13:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Жодзіне з нагоды 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
11.05 15:50Гамілія падчас св. Імшы наведвання фігуры Божай Маці Фацімскай парафіі Cв. Юзафа ў Маладзечне
11.05 11:41Гамілія біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды 20-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Лагішынскай
07.05 14:12Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на IV Велікодную нядзелю