Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры

21 мая

Глыбокапаважаныя браты і сёстры, дарагія дзеці, якія першы раз у сваім жыцці прымеце святую Камунію!

1. Вось і настаў той дзень, калі наша парафіяльная супольнасць збіраецца вакол алтара разам з першакамунійнымі дзецьмі, якія прайшлі адпаведную падрыхтоўку і паспяхова здалі экзамены. Сёння іх свята. Позіркі бацькоў, дзядуляў і бабуляў, хросных, блізкіх і ўсёй парафіяльнай супольнасці скіраваны ў іх бок.

Сёння свята гэтых дзяцей, але адначасова і свята ўсёй парафіі, бо яна ўзбагачаецца групай тых, хто будзе прымаць актыўны ўдзел у Эўхарыстыі, каб утвараць адзіную супольнасць жывога Касцёла.  

2. Каб лепш зразумець значэнне той касцёльнай еднасці і супольнасці, у якую ўключаюцца першакамунійныя дзеці, дазвольце распавесці вам адну вельмі павучальную гісторыю. Дзеці звычайна любяць такія апавяданні.

Дык вось у адной сям’і было двое дзяцей — старэйшы хлопчык і малодшая дзяўчынка. Яны вельмі любілі пірожныя, якія пякла іх мама. Калі іх гатавала, увесь дом напаўняўся такім водарам, што дзеці не маглі дачакацца, каб нарэшце іх паспрабаваць. Напэўна, мы ўсе ў свой час былі такім ж.  

Аднойчы мама напякла многа такіх пірожных, аднак раніцай убачыла толькі два з іх. Яна сурова спытала ў дзяцей, куды дзеліся іншыя? Дзеці паднялі галаву ўверх і глядзелі на столь, нібы там яшчэ нехта іншы быў.  

Для мамы ўсё было зразумела, дзеці з’елі амаль усе пірожныя. Тады яна сказала, што гэтыя два яны атрымаць толькі тады, калі вернуцца са школы.

Хлопчык прыйшоў са школы хутчэй, імгненна з’яў сваё пірожнае і тое, якое было для сястры. Вядома, што сястра плакала і сказала пра гэта маме. Мама паклікала хлопчыка, не сварылася на яго, але сказала чакаць тату пакуль той не прыйдзе з працы. Хлопчык падумаў, што будзе моцна пакараны, яму не дазволяць гуляць, глядзець тэлевізар, спатыкацца з сябрамі і г.д.

На самой справе ён нават уявіць не мог, якім будзе пакаранне. Тата сказаў яму, што вельмі расчараваны яго паводзінамі, таму пакуль ён не выправіцца, будзе спажываць ежу адзін у сваім пакоі. Хлопчык падумаў, што не такое ўжо цяжкое пакаранне атрымаў, даюць есць, магу глядзець тэлевізар, чытаць кнігі і г.д.

Прыйшоў вечар. Хлопчык узяў сваю талерку і пайшоў у свой пакой. З апетытам паеў. Лёг у ложак і падумаў, што ўсё гэта выглядае не так дрэнна. Але потым пачуў звон пасуды і вясёлыя галасы, якія даносіліся са сталовага пакою, дзе былі яго тата, мама і сястрычка. Нечакана ён адчуў сябе адасобленым і зразумеў, што спажываць пасілкі асобна ад сям’і нялёгкая справа, як ён думаў да гэтага. З такімі думкамі ён накіраваўся ў супольны пакой, перапрасіў сястру, тату і маму і папрасіў дазволу вярнуцца да іх.

3. У той вечар хлопчык навучыўся праўдзе, што ў спажыванні пасілку важна не толькі сама ежа, але і асяроддзе, людзі, з якімі яна спажываецца, бо да іх супольнасці мы належым.

Вось чаму Езус пасля свайго змёртвыхпаўстання прыйшоў да сваіх вучняў і разам з імі спажываў рыбу. Такім чынам Ён хацеў пацвердзіць ім, што яны належаць да Яго, нягледзячы нават на тое, што ў апошнія дні зрабілі шмат памылак, а некаторыя нават адракліся ад Яго.

4. Дарагія дзеці, у гэтым сэнсе сённяшняя Першая Камунія з’яўляецца вельмі важнай як для вас, так і для ўсёй касцёльнай супольнасці. Эўхарыстыя — гэта адзін з сакрамэнтаў хрысціянскага прысвячэння. Ён нагадвае нам аб тым, да каго мы належым, — да Хрыста.

У сакрамэнце хросту Бог учыніў вас, дарагія дзеці, сваімі сынамі і дочкамі. Камунія, якую вы сёння прымаеце, з’яўляецца сапраўднай прысутнасцю Езуса ў вас. У святой Камуніі Езус прызнае кожнага з вас адным з тых, якія належаць да Яго.

Таму святая Камунія — гэта той хлеб, які мы павінны прымаць як мага часцей. У ім мы зведваем, што з’яўляемся Хрыстовымі і што Ён сапраўды нас любіць. Людзі, з якімі мы прымаем святую Камунію, таксама належаць да Хрыста. Такім чынам святая Камунія аб’ядноўвае нас як з Хрыстом, так і паміж сабой.

Дарагія дзеці!

Прымайце святую Камунію як мага часцей, каб харчавацца хлебам вечнага жыцця, быць з’яднанымі паміж сабой і з Езусам і такім чынам будаваць Касцёл як містычнае Цела Хрыста. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі
13.05 22:50Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы адведзін фігуры Божай Маці Фацімскай парафіі ў Вілейцы
13.05 13:20Гамілія біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі ва ўрачыстасць надання касцёлу Маці Божай Фацімскай у Баранавічах тытула санктуарыя
13.05 13:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Жодзіне з нагоды 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
11.05 15:50Гамілія падчас св. Імшы наведвання фігуры Божай Маці Фацімскай парафіі Cв. Юзафа ў Маладзечне
11.05 11:41Гамілія біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды 20-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Лагішынскай
07.05 14:12Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на IV Велікодную нядзелю