Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
«Пабачыўшы маё імя, людзі ў паліклініцы пачынаюць хрысціцца»: Як жывецца ў Беларусі Любові Хрыстовай?
Беларусь
10.01.2017 14:07

«Гэта прозвішча маё ад нараджэння, — кажа дзяўчына. — Мой дзядуля па бацькавай лініі мае балгарскія карані, а Хрыстовы у Балгарыі — прозвішча папулярнае».


Ілюстрацыйнае фота

Сябе яна просіць называць проста Люба — Люба Хрыстова. Дзяўчына не любіць павышанай увагі, таму на сустрэчу рэальную не адважваецца, просіць пагутарыць па тэлефоне.

А ў размове Люба простая і спагадлівая дзяўчына, любіць жартаваць і, мяркуючы па ўсім, да жыцця ўвогуле ставіцца з уласцівай ёй лёгкасцю. Падчас размовы дзяўчына распавядае пра гісторыю свайго імені і пра тое, як рэагуюць людзі, калі бачаць побач Хрыстову Любоў.

Любоўю дзяўчыну назвала мама, якой вельмі падабалася гэтае імя.

«Яшчэ так завуць маю бабулю. А Хрыстоў — балгарскае прозвішча. Дарэчы, у Балгарыі вельмі папулярны футбаліст Хрыстоў. Калі я была ў Балгарыі, то ўсе, калі чулі маё прозвішча, прымалі мяне за сваю», — смяецца дзяўчына.

Князь, Кароль і Любоў Хрыстова

Любоў Хрыстова нарадзілася ў Калінінградзе, але cёння жыве ў Мінску, дзе працуе адміністратарам у прыватнай фірме.

Да рэакцыі на сваё не зусім тыповае спалучэнне імя і прозвішча яна ўжо прывыкла: кампліменты дзяўчыне робяць часта, але здараліся і выпадкі, калі было няёмка.

Аднойчы ў паліклініцы адна з бабулек угледзела на медыцынскай картцы імя дзяўчыны і ...пачала хрысціцца.
«Зараз я да такіх выпадкаў ужо прызвычаілася. Але раней звышувага мне не вельмі падабалася. Заўжды, нават калі вучылася ў школе, у мяне ўсе пыталіся: а чаму цябе завуць Любоў Хрыстова? Хацелі ведаць сямейную гісторыю. І толькі настаўніца гісторыі спыталася адразу: Хрыстова —  прозвішча балгарскае?» — прыгадвае Люба.

У школе, па ўспамінах дзяўчыны, дзівам яе прозвішча не было. Да таго ж разам з ёй у адным класе вучыліся яшчэ Князь, Кароль і Цароў.

«А яшчэ не забудуся, калі аднойчы замяняла заняткі ў каледжы. Дык там у адну групу трапілі студэнты з такімі прозвішчамі як Крывашэй, Крыварук і Крывазуб. Гэта было займальна, бо як толькі я пачала чытаць імёны, правяраючы прысутнасць, усе ў класе пачалі хіхікаць», — усміхаецца дзяўчына.

Любоў — валанцёр і падарожніца


Любоў Хрыстова так і не пагадзілася даслаць у рэдакцыю свой здымак, каб праілюстраваць гэту гісторыю, таму і гэта фота — толькі ілюстрацыйнае

Вялікае захапленне Любы — падарожжы. Любімымі краінамі дзяўчына называе Шры-Ланку, Мексіку і Італію. Пры гэтым на пашпартным кантролі асаблівай увагі на Хрыстову Любоў памежнікі не звяртаюць.

Глядзі таксама:

«Калісьці я сама працавала ў кампаніі, дзе даводзілася мець справу з пашпартамі. Паверце, пасля таго, як праглядаеш іх дзясяткамі за дзень, нават з самых смешных прозвішчаў ужо не смяешся».

Акрамя падарожжаў Люба любіць катацца на сноўбордзе і падтрымліваць актыўны лад жыцця. Ужо некалькі гадоў дзяўчына прытрымліваецца вегетарыянства.

Гэтым летам дзяўчына спрабавала сябе ў якасці валанцёра ў рэабілітацыйным летніку. «Шмат маіх знаёмых працуюць валанцёрамі ў рэабілітацыйных летніках для душэўна хворых людзей. У адзін з такіх летнікаў валанцёрам сёлета ездзіла і я. Мне было важна зрабіць і свой уклад у гэту патрэбную справу».

Змяніць прозвішча?

Люба нарадзілася 28 верасня, што па яе прызнанні зусім недалёка ад ўспаміну св. Любові па царкоўным календары. «Хоць мая мама і веруючая, але спецыяльна спалучэнне прозвішча з імем бацькі мне не падбіралі — так атрымалася. Майго малодшага брата, напрыклад, завуць Уладзімір Хрыстоў».

Люба дадае, што ў дзяцінстве яе хрысцілі ў праваслаўі, але практыкуючай хрысціянкай яна сябе не лічыць і ў святыню ходзіць рэдка...

Пра тое, каб сваё прозвішча змяніць, дзяўчына ніколі не задумвалася. Але ў выпадку, калі прозвішча будучага мужа не спадабаецца, то хоча і надалей заставацца Хрыстовай Любоўю.

Ілья Лапато

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь

24.02 10:13Юрый Жыгамонт стане вядучым адной з праграм на беларускім «Радыё Марыі»
23.02 15:39У Харватыі завяршаецца чэмпіянат па міні-футболе. Беларускія святары згуляюць таварыскі матч з ветэранамі зборных
22.02 11:10На Youtube з’явіўся беларускі фільм «Шлях» ад ксяндзоў марыянаў
21.02 15:47Беларуская даследчыца падрыхтавала кнігу на аснове кляштарных хронік Гродна
20.02 12:49Якімі дзеці бачаць літургічныя прадметы ў касцёле?
20.02 10:51«Каталіцкі пілігрым» адкрыў новы маршрут — пілігрымкі ў Грузію
18.02 09:01Зборная каталіцкіх святароў Беларусі вырушае ў Харватыю на Чэмпіянат Еўропы па міні-футболе сярод святароў
17.02 12:08Дзённік перэгрынацыі фігуры Маці Божай Фацімскай (Клецк)
17.02 11:07Беларус, які змайстраваў арган з паперы: «Спачатку гэта задумвалася як музычная шкатулка» (+відэа)
16.02 12:04Госцем фестывалю «Магутны Божа» стане сусветна вядомы амерыканскі «Гарлем Госпел Хор»