Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
«Мяне хацелі назваць Люцыян»: што расказваюць беларускія святары і манахіні з тым жа імем, што і ў Папы Рымскага
Беларусь
02.12.2016 09:00

Імя Францішак у 2015 годзе стала самым папулярным сярод дзіцячых імён, якія італьянцы давалі сваім дзецям. Catholic.by распытаў беларускіх святароў і манахінь пра тое, як ім жывецца з гэтым імем і ці адчуваюць яны сябе асаблівымі.

Пробашч парафі Св. Андрэя Баболі кс. Францішак Кісель сваё імя атрымаў пры нараджэнні. У гонар св. Францішка яго назвала мама. У школе ж будучага святара ведалі як Франак, Франц.

У штодзённым жыцці я не так часта сустракаю людзей з імем Францішак, — прызнаецца прэлат. — Але з таго моманту, як новы Папа ўзяў імя Францішак, гэтае імя ва ўсіх на слыху».
Святар адзначыў, што яго грэе той факт, што зараз у яго адно імя з Папам Рымскім. «Гэта, безумоўна, радуе. Кожны раз, аднак, пры згадцы кімсьці Пантыфіка, трошкі ўздрыгваеш — бо прывык, што, звычайна, гэтым імем звяртаюцца да цябе».


Таксама святар прызнаўся, што яшчэ не меў магчымасці наведаць Рым і пабачыць Святога Айца ўжывую, але вельмі гэтага хоча.

«Сястра прывыкла жыць у сціпласці і абыходзіцца найменшым»

У Полацку ў супольнасці Сясцёр Служак Езуса ў Эўхарыстыі жыве сястра Францішка Гайлеш SJE. Манахіні ўжо 92 гады, і 70 з іх яна прысвяціла служэнню Богу.

Паводле слоў настаяцельніцы супольнасці, сваё імя с. Францішка атрымала пры нараджэнні: уступаючы ў кангрэгацыю, сёстры не бяруць сабе новае імя.

«Сястра Францішка шмат часу праводзіць на малітве і адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, — адзначае настаяцельніца Алена Панцялей SJE. — Яна любіць маліцца і заўсёды гэта робіць. Сястра прывыкла жыць у сціпласці і абыходзіцца найменшым. Святы Францішак таксама быў просты, жыў сціпла і клапаціўся пра ўбогіх. Гэтыя рысы ўласцівы і для сястры Францішкі».

Манахіня ўсё жыццё пражыла ў Беларусі. Уступіўшы ў супольнасць, с. Францішка жыла ў Друйскім кляштары, які быў зачынены ў сярэдзіне 1930-х.

«Сёння яна ўжо мала размаўляе, больш моліцца. Ціхая, не патрабуе шмат клопату пра сябе», — характарызуе пажылую манахіню с. Алена.
Сястра Францішка жыла ў цяжкія для веры ў Беларусі часы і, не маючы права адкрыта насіць габіт, вымушана была працаваць у пякарні. Паводле ўспамінаў, яна таемна праводзіла святара да тых, хто меў у ім патрэбу: ахрысціць дзіця, прыняць сакрамэнт ці ўзяць шлюб.

Сёння с. Францішка — адна з самых пажылых у сваёй супольнасці не толькі ў Беларусі (зараз тут працуюць 26 сясцёр), але і ў іншых кляштарах кангрэгацыі ў Польшчы, Расіі, Літве, Казахстане і Германіі.

«Мяне хацелі назваць Люцыян»

Пробашч парафіі Маці Божай Будслаўскай у Мінску кс. Францішак Рудзь быў самым малодшым дзіцём у сям’і. Святар прыгадвае, што спачатку бацькі хацелі назваць яго Люцыян.

«У нашай сям’і ўжо раслі Браніслаў, Яніна, Антон, Раман, Тадэвуш, Казімір і Ян, — расказвае святар. — І ў выніку бацькі далі мне імя Францішак».

Ксёндз прызнаецца, што дастаткова рэдка сустракае вакол сябе людзей з такім жа імем, як у яго. Аднак калі такое здараецца, звяртае на гэта ўвагу: «Нядаўна я хрысціў дзіця з падвойным імем. І другое імя ў яго было Францішак. Было прыемна, што нарадзіўся яшчэ адзін цёзка», — усміхаецца святар.



На пытанне Catholic.by, ці задумваўся святар над дарогай у манаскую супольнасць францішканаў, кс. Францішак адказаў, што такіх думак у яго не было: «З дзяцінства ў касцёле я бачыў прыклады служэння дыяцэзіяльных святароў, якія ў сваю чаргу і паўплывалі на маё далейшае пакліканне».

Нядаўна святар упершыню пабачыў Папу Францішка, калі прыбыў у Рым у складзе пілігрымкі ў Год Міласэрнасці.

«У Год Міласэрнасці я здзейсніў пілігрымку ў Вечны горад і прайшоў праз Брамы Міласэрнасці ў базыліках св. Пятра і св. Паўла за Мурамі. Таксама меў магчымасць пабачыць Пантыфіка, праўда, здалёк — Пантыфік цэлебраваў святую Імшу, у якой мы таксама прымалі ўдзел. Уражанні незабыўныя!»
 
Цікава ведаць:

Беларусы ў 2015 годзе найчасцей давалі сваім дзецям імёны Марыя (на другім месцы - Соф’я) і Арцём.

Ілья Лапато

Чытайце таксама:

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь

23.01 11:35Дзённік перэгрынацыі фігуры Маці Божай Фацімскай (Ждановiчы)
21.01 10:40У Беларусі праходзіць Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў (+матэрыялы да набажэнства)
19.01 14:47У 2017 годзе ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі пройдуць два сімпозіумы
19.01 14:07«Каталіцкі пілігрым» праанансаваў пілігрымкі на 2017 год
18.01 17:10«Калі я рэпецірую, мая жонка шчыльна закрывае ўсе дзверы»: Юрый Зісер пра арган і павагу да хрысціянства
16.01 12:22Пасол Беларусі пры Святым Пасадзе правёў шэраг сустрэч у Ватыкане
16.01 09:14Калядная радасць ад місіі «Чыстае сэрца»
14.01 12:29«Ён ведаў беларускую мову, слухаў споведзь на ёй»: беатыфікацыя біскупа Матулёніса пройдзе ў Вільнюсе
13.01 10:20Мітрапаліт Кандрусевіч: каталіцка-праваслаўны форум стаў спробай адказу на выклікі тэрарызму і пераследу хрысціянства ў свеце
11.01 16:14Апостальскі ліст папы Францішка «Misericordia et misera» на беларускай мове прэзентаваны ў Мінску