Адказны за душпастырства моладзі біскуп Юзаф Станеўскі прапануе беларускім юнакам і дзяўчатам падчас летніх канікул разам прачытаць паслясінадальную Апостальскую адгартацыю папы Францішка Christus Vivit — «Хрыстус жыве», — напісаную ў форме ліста да моладзі.
У дакуменце, які складаецца з дзевяці раздзелаў, падзеленых на 299 пунктаў, Святы Айцец тлумачыць, што быў натхнёны «багаццем разважанняў і дыялогаў Сіноду», прысвечанага моладзі, які адбыўся ў Ватыкане ў кастрычніку мінулага года.
Студэнт 6-га курса Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне Яўген Амасёнак здзейсніў аўдыёзапіс адгартацыі.
- Уступнае слова ТУТ>>>
- Першы раздзел «Што Божае слова кажа пра моладзь?» ТУТ>>>
- Другі раздзел «Езус Хрыстус заўсёды малады» ТУТ>>>
- Трэці раздзел «Вы — cённяшні дзень Бога» ТУТ>>>
- Чацвёрты раздзел «Вялікая навіна для ўсіх маладых людзей» ТУТ>>>
- Пяты раздзел «Шляхі маладосці» ТУТ>>>
- Шосты раздзел «Маладыя людзі з каранямі» ТУТ>>>
- Сёмы раздзел «Пастырства моладзі» ТУТ>>>
У восьмым раздзеле, прысвечаным «Пакліканню», Святы Айцец піша:
Асноўная рэч, якую неабходна распазнаць і адкрыць, — гэта тое, што ад кожнага маладога чалавека Езус жадае перадусім яго сяброўства.
Пакліканне — гэта заклік да місіянерскага служэння ў адносінах да іншых людзей. Каб рэалізаваць сваё пакліканне, неабходна развіваць, узрошчваць і даглядаць усё тое, што мы маем.
Не ідзе гаворка пра тое, каб выдумваць сябе, каб ствараць сябе з нуля, але пра тое, каб адкрыць сябе ў Божым святле і даць расквітнець уласнаму існаванню. Гэта звязана з двума асноўнымі момантамі: стварэннем новай сям’і і працай.
На заканчэнне гэтага раздзелу Святы Айцец гаворыць таксама пра пакліканне да асаблівага прысвячэння, рэалізацыя якога дае магчымасць чалавеку, якога да гэтага кліча Бог, дасягнуць паўнаты жыцця.
Сёння чытаем разам восьмы раздзел адгартацыі «Хрыстус жыве». Пераклад Апостальскай адгартацыі Christus vivit на беларускую мову здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.