Пошук

13.07.2019 17:48   Catholic.by
Езус з настаўнікамі Закону. Мастак Генрых Фердынанд Гофман / valtorta.org

Адказны за душпастырства моладзі біскуп Юзаф Станеўскі прапануе беларускім юнакам і дзяўчатам падчас летніх канікул разам прачытаць паслясінадальную Апостальскую адгартацыю папы Францішка Christus Vivit — «Хрыстус жыве», — напісаную ў форме ліста да моладзі.

У дакуменце, які складаецца з дзевяці раздзелаў, падзеленых на 299 пунктаў, Святы Айцец тлумачыць, што быў натхнёны «багаццем разважанняў і дыялогаў Сіноду», прысвечанага моладзі, які адбыўся ў Ватыкане ў кастрычніку мінулага года.

Студэнт 6-га курса Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне Яўген Амасёнак здзейсніў аўдыёзапіс адгартацыі.

Другі раздзел мае назву «Езус Хрыстус заўсёды малады».

У ім папа Францішак разважае пра маладыя гады Езуса, узгадваючы евангельскае апавяданне пра тое, як у 12-гадовым узросце Езус вярнуўся ў Назарэт з Марыяй і Юзафам пасля таго, як яны адшукалі Яго ў ерузалемскай святыні.

Пры гэтым Святы Айцец падкрэслівае, што мы не павінны думаць, быццам Езус быў нелюдзімым падлеткам, або маладым чалавекам, які думаў толькі пра сябе.

Яго адносіны з людзьмі былі як у юнака, які ў поўнай меры ўдзельнічае ў жыцці сям’і, моцна звязанай з жыццём мястэчка, прычым ніхто не лічыў Яго маладым дзіваком, які трымаецца асобна ад іншых.

На думку Пантыфіка, гэтыя аспекты жыцця Езуса неабходна ўлічваць у душпастырстве моладзі, каб не ствараць праектаў, якія будуць ізаляваць моладзь ад сям’і і ад свету або ператвораць яе ў выбраную меншасць, захаваную ад любой заразы. Наадварот, неабходныя праекты, якія яе ўмацуюць, будуць ёй спадарожнічаць і павядуць насустрач іншым людзям, да шчодрага служэння і місіі.

Гаворачы далей пра маладосць Касцёла, папа Францішак заклікае:

«Папросім Пана Бога, каб Ён вызваліў Касцёл ад тых, хто жадае яго састарыць, прывязаць яго да мінулага, затармазіць, зрабіць нерухомым <…> Менавіта моладзь можа дапамагчы яму заставацца маладым».

На заканчэнне гэтага раздзелу Святы Айцец паказвае Марыю, дзяўчыну з Назарэта і Яе «так» як адказ «асобы, якая жадае ўдзельнічаць і рызыкаваць, якая можа зрабіць стаўку на ўсё, без ніякай іншай гарантыі, акрамя ўпэўненасці ў тым, што з’яўляецца носьбітам абяцання». Для Марыі «цяжкасці не былі прычынаю сказаць „не“», і такім чынам выконваючы сваю ролю, Яна стала «ўплывовым агентам Бога».

Папа прыгадвае таксама мноства маладых святых: св. Себасцьяна, св. Францішка Асізскага, св. Жанну д’Арк, св. Дамініка Савіо, св. Тэрэзу ад Дзіцяткі Езуса і многіх іншых, якія знаходзяцца ў сэрцы Касцёла.

Сёння чытаем разам другі раздзел адгартацыі «Хрыстус жыве». Пераклад Апостальскай адгартацыі Christus vivit на беларускую мову здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

Працяг ТУТ>>>

Абноўлена 16.07.2019 17:20
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа