Адказны за душпастырства моладзі біскуп Юзаф Станеўскі прапануе беларускім юнакам і дзяўчатам падчас летніх канікул разам прачытаць паслясінадальную Апостальскую адгартацыю папы Францішка Christus Vivit — «Хрыстус жыве», — напісаную ў форме ліста да моладзі.
Любая моладзь, дарагія браты і сёстры,
25 сакавіка, ва ўрачыстасць Звеставання Пана, у санктуарыі Святога Дома Марыі ў італьянскім горадзе Ларэта папа Францішак падпісаў паслясінадальную Апостальскую адгартацыю Christus vivit — «Хрыстус жыве». Яна стала вынікам працы многіх людзей Касцёла, якія клапоцяцца пра моладзь ва ўсім свеце. Адгартацыя — гэта ліст Святога Айца да моладзі. Аднак ён напісаны і адрасаваны не толькі моладзі, а ўсёй супольнасці Хрыстовага Касцёла.
Таму заахвочваю ўсіх да чытання адгартацыі Christus vivit і разважання над яе зместам.
Традыцыйна афіцыйныя дакументы Касцёла выдаюцца на лацінскай мове. Дзякуючы Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі на чале з ксяндзом доктарам Янам Крэмісам тэкст дакумента быў перакладзены на беларускую мову. Перакладзеную адгартацыю падрыхтавалі да друку браты з Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў у Беларусі на чале з кусташам братам Алегам Шэндам OFMCap.
Усім тым, хто прычыніўся да перакладу і выдання Апостальскай адгартацыі папы Францішка Christus Vivit, я ад імя моладзі шчыра дзякую за працу.
Цяпер мы цяпер можам пазнаёміцца з думкай Папы, чытаць гэты дакумент і трымаць яго ў руках у форме кнігі. Кніга — гэта таксама добры падарунак. Маючы свой экзэмпляр, я магу падкрэсліць і занатаваць на палях тое, што мне лягло на сэрца. Дзякуй яшчэ раз усім вам!
Аднак…
Сёння не кожны прызвычаены да чытання і, можа, лепш успрымае інфармацыю на слых. Таму я прапаную вам чытаць ліст Папы да моладзі разам. Гэта даступна і проста!
Малады чалавек (а значыць таксама адрасат папскага паслання), студэнт 6-га курса Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне Яўген Амасёнак здзейсніў аўдыёзапіс адгартацыі.
Ён сам чытае адгартацыю «ад сэрца», дзеліцца яе зместам і запрашае да «чытання разам».
Я дзякую Яўгену за гэтую моладзевую ініцыятыву: цяпер мы можам і слухаць, і чытаць, і рэалізаваць парады папы Францішка разам.
«Хрыстус жыве, Ён — наша надзея і самая прыгожая маладосць гэтага свету. Усё, да чаго Ён дакранаецца, становіцца маладым, зноў напаўняецца жыццём».
Дарагі сябра, дазволь, каб гэта здзейснілася і ў тваім жыцці, таму чытайма разам!