25 сакавіка, ва ўрачыстасць Звеставання Пана, у італьянскім марыйным санктуарыі ў Ларэта папа Францішак падпісаў паслясінадальную Апостальскую адгартацыю, прысвечаную моладзі. Дакумент, які на лаціне называецца Christus vivit — «Жыве Хрыстус», — будзе абнародаваны 2 красавіка.
Як паведаміла італьянская рэдакцыя партала Vatican News, падпісаўшы дакумент на алтары ў святым Доміку Марыі, прывезеным з Назарэта, дзе Ёй у момант Звеставання аб’явіўся арханёл Габрыэль, Святы Айцец даручыў гэты плён мінулагадовага Сіноду біскупаў Найсвяцейшай Панне.
Адгартацыя, напісаная ў форме ліста да моладзі, пачынаецца словамі Vive Cristo, esperanza nuestra, што ў перакладзе з іспанскай мовы, на якой напісаны арыгінальны тэкст, азначае «Жыве Хрыстус, наша надзея».
На пачатку адгартацыі папа Францішак паўтарае свой заклік да моладзі заўсёды разам з Богам імкнуцца «да будучыні невядомай, але якая дакладна прынясе дасягненні». З такім запрашэннем Пантыфік звярнуўся да юнакоў і дзяўчат 13 студзеня 2017 г., калі суправадзіў падрыхтоўчы дакумент Сіноду біскупаў лістом да маладых.
Тады Святы Айцец пісаў ім:
«Лепшы свет будуецца таксама дзякуючы вам, вашаму жаданню пераменаў і вашай шчодрасці. Не бойцеся слухацца Духа, які падказвае вам адважныя выбары; не марудзьце, калі сумленне кажа вам рызыкнуць, каб ісці следам за Настаўнікам.
Таксама і Касцёл жадае прыслухацца да вашага голасу, да вашых адчуванняў, да вашай веры, а таксама да вашых сумненняў і вашай крытыкі.
Дайце пачуць ваш крык: няхай ён гучыць у супольнасцях і дасягне слыху пастыраў».
Тэкст дакумента, падпісанага папам Францішкам у Ларэта, увабраў у сябе ўсё тое, пра што размаўлялі паміж сабою і са Святым Айцом удзельнікі перадсінадальнай сустрэчы моладзі, якая праходзіла ў Рыме ў сакавіку 2018 г.; тое, што абмяркоўвалі ў кастрычніку мінулага года сабраныя на Сінодзе біскупы і аўдытары; а таксама тое, чым жылі і чым дзяліліся юнакі і дзяўчаты з усяго свету падчас Сусветных дзён моладзі, якія праходзілі ў Панаме ў студзені гэтага года.
Такім чынам, апостальская адгартацыя «Жыве Хрыстус», напісаная ў форме ліста да моладзі, становіцца канкрэтным выразам слухання, дыялогу і супольнага шляху разам з моладдзю.