2 красавіка афіцыйна апублікавана адгартацыя папы Францішка Christus vivit («Хрыстус жыве»), напісаная ў форме звароту да моладзі і да ўсяго Божага народа. Прапануем кароткі агляд зместу дакумента.
«Хрыстус жыве. Ён — наша надзея і найпрыгажэйшая маладосць гэтага свету. Усё тое, да чаго Ён дакранаецца, становіцца маладым, становіцца новым, зноў напаўняецца жыццём.
Таму першыя словы, з якімі я хачу звярнуцца да кожнага маладога хрысціяніна, такія: Ён жыве і хоча, каб ты жыў!»
Так пачынаецца паслясінадальная Апостальская адгартацыя папы Францішка, названая па першых словах лацінскага тэксту дакумента — Christus vivit («Хрыстус жыве»). Святы Айцец падпісаў дакумент ва ўрачыстасць Звеставання Пана 25 сакавіка ў Святым Доміку Марыі ў італьянскім санктуарыі ў Ларэта. Адгартацыя, тэкст якой Папа даручыў Багародзіцы, адрасавана «моладзі і ўсяму Божаму народу».
У дакуменце, які складаецца з дзевяці раздзелаў, падзеленых на 299 пунктаў, Святы Айцец тлумачыць, што быў натхнёны «багаццем разважанняў і дыялогаў Сіноду», прысвечанага моладзі, які адбыўся ў Ватыкане ў кастрычніку мінулага года.
Першы раздзел адгартацыі называецца «Што кажа Божае слова пра моладзь?». Папа Францішак нагадвае, што «ў той час, калі з моладдзю асабліва не лічыліся, пэўныя тэксты паказваюць, што Бог глядзіць па-іншаму», і коратка прадстаўляе маладых асобаў са Старога Запавету: Юзафа, Гедэона, Самуэля, караля Давіда, Саламона і Ерамію, вельмі маладую габрэйскую служанку Наамана і маладую Рут. Пасля гэтага Пантыфік звяртаецца да Новага Запавету, кажучы, што
«Езус, вечна малады, хоча даць нам заўсёды маладое сэрца».
Пры гэтым Святы Айцец адзначае, што «Езусу не падабалася, калі дарослыя з пагардай глядзелі на моладзь або дэспатычна выкарыстоўвалі яе для паслугаў.
Наадварот, Ён прасіў: „Большы сярод вас няхай будзе як меншы“ (Лк 22, 26). Для Яго ўзрост не даваў права на прывілеі, і калі камусьці менш гадоў, гэта не значыць, што ён менш важны».
Другі раздзел мае назву «Езус заўсёды малады». У ім папа Францішак разважае пра маладыя гады Езуса, узгадваючы евангельскае апавяданне пра тое, як у 12-гадовым узросце Езус вярнуўся ў Назарэт з Марыяй і Юзафам пасля таго, як яны адшукалі Яго ў ерузалемскай святыні. Пры гэтым Святы Айцец падкрэслівае, што мы не павінны думаць, быццам «Езус быў нелюдзімым падлеткам, або маладым чалавекам, які думаў толькі пра сябе. Яго адносіны з людзьмі былі як у юнака, які ў поўнай меры ўдзельнічае ў жыцці сям’і, моцна звязанай з жыццём мястэчка», прычым «ніхто не лічыў Яго маладым дзіваком, які трымаецца асобна ад іншых».
На думку Пантыфіка, гэтыя аспекты жыцця Езуса неабходна ўлічваць у душпастырстве моладзі, каб «не ствараць праектаў, якія будуць ізаляваць моладзь ад сям’і і ад свету або ператвораць яе ў выбраную меншасць, захаваную ад любой заразы». Наадварот, неабходныя «праекты, якія яе ўмацуюць, будуць ёй спадарожнічаць і павядуць насустрач іншым людзям, да шчодрага служэння і місіі».
Гаворачы далей пра маладосць Касцёла, папа Францішак заклікае:
«Папросім Пана Бога, каб Ён вызваліў Касцёл ад тых, хто жадае яго састарыць, прывязаць яго да мінулага, затармазіць, зрабіць нерухомым <…> Менавіта моладзь можа дапамагчы яму заставацца маладым».
На заканчэнне гэтага раздзелу Святы Айцец паказвае Марыю, дзяўчыну з Назарэта і Яе «так» як адказ «асобы, якая жадае ўдзельнічаць і рызыкаваць, якая можа зрабіць стаўку на ўсё, без ніякай іншай гарантыі, акрамя ўпэўненасці ў тым, што з’яўляецца носьбітам абяцання». Для Марыі «цяжкасці не былі прычынаю сказаць „не“», і такім чынам выконваючы сваю ролю, Яна стала «ўплывовым агентам Бога».
Папа прыгадвае таксама мноства маладых святых: св. Себасцьяна, св. Францішка Асізскага, св. Жанну д’Арк, св. Дамініка Савіо, св. Тэрэзу ад Дзіцяткі Езуса і многіх іншых, якія знаходзяцца ў сэрцы Касцёла.
У трэцім раздзеле, названым «Вы — гэта „цяпер“ Бога», Пантыфік зазначае, што моладзь — гэта не толькі будучыня свету, але і яго цяперашні час, паколькі яна ўзбагачае яго сваім унёскам.
У гэтай частцы дакумента Святы Айцец аналізуе цяжкасці і праблемы, з якімі сустракаецца сучасная моладзь.
Між іншым, ён звяртае ўвагу на сексуальнасць, адзначаючы, што маральныя нормы ў гэтай сферы часта становяцца прычынай «непаразумення і аддалення ад Касцёла», паколькі многімі ўспрымаюцца «як сфера асуджэння і прысуду». Між тым нямала юнакоў і дзяўчат гатовыя размаўляць на гэтую тэму.
Акрамя таго, пастыр паўсюднага Касцёла закранае такія важныя пытанні сучаснасці, як новыя формы перадачы інфармацыі і камунікацыі ў лічбавую эпоху, праблема мігрантаў, выкарыстанне непаўнагадовых, а эскейпізму, ці ўцёкам ад складанай і змрочнай рэчаіснасці, супрацьпастаўляе надзею Велікоднай раніцы.
У чацвёртым раздзеле пад назваю «Вялікае абвяшчэнне для ўсёй моладзі» папа Францішак абвяшчае юнакам і дзяўчатам тры вялікія праўды:
«Бог цябе любіць: ніколі не сумнявайся ў гэтым»; «Хрыстус цябе збаўляе»; «Ён жыве».
Пяты раздзел называецца «Шляхі моладзі».
«Любоў Бога і нашыя адносіны з Хрыстом, які жыве, не перашкаджаюць нам марыць і не патрабуюць ад нас звужаць нашыя далягляды. Наадварот, гэтая любоў штурхае нас наперад, стымулюе нас, кіруе да лепшага і прыгажэйшага жыцця. Слова „неспакой“ аб’ядноўвае шматлікія імкненні, якія ёсць у сэрцах маладых».
Маладосць не можа быць «адкладзеным часам», паколькі гэта «ўзрост выбараў» у прафесійнай, грамадскай, палітычнай сферах, а таксама выбару партнёра і магчымасці мець першых дзяцей.
Гаворачы пра ўзрастанне і сталенне, Папа звяртае ўвагу на важнасць духоўнага развіцця ў пошуку Бога і захаванні Яго слова. Таксама і дарослыя павінны сталець, не губляючы каштоўнасцяў маладога ўзросту.
У шостым раздзеле, які называецца «Моладзь з каранямі», папа Францішак кажа, што яму балюча глядзець на тое, як «некаторыя прапануюць моладзі будаваць будучыню без каранёў такім чынам, як быццам свет пачаў існаваць толькі цяпер». «Дарагая моладзь, не дазваляйце выкарыстоўваць вашую маладосць дзеля павярхоўнага жыцця, якое блытае прыгажосць са знешнім выглядам», таму што ёсць свая прыгажосць і ў працаўніку, які вяртаецца дадому брудным пасля працы, і ў пажылой жанчыне, якая даглядае свайго хворага мужа, і ў вернасці сужонкаў, якія па-ранейшаму любяць адно аднаго на змярканні жыцця.
Акрамя таго, Папа падкрэслівае, наколькі важныя для моладзі адносіны са старэйшым пакаленнем, якія дапамагаюць ёй адкрываць жывое багацце мінулага і захоўваць памяць пра яго.
Але гэта не азначае, што маладыя людзі павінны безумоўна згаджацца з усім тым, што кажуць старэйшыя, і падтрымліваць усё тое, што яны робяць. «Калі і маладыя, і старыя адкрыюцца для Святога Духа, яны разам створаць цудоўнае ўзаемадапаўненне», — упэўнены Папа.
Сёмы раздзел адгартацыі прысвечаны «Душпастырству моладзі».
У ім Святы Айцец тлумачыць, што маладыя людзі самі «з’яўляюцца дзеючымі асобамі моладзевага душпастырства, якім спадарожнічаюць і якіх вядуць, але якія вольныя творча і адважна шукаць заўсёды новыя шляхі».
Такім чынам, моладзевае душпастырства можа быць толькі ўзаемным, гэта значыць быць супольным шляхам па двух асноўных кірунках: у пошуку і ва ўзрастанні.
Святы Айцец жадае, каб касцёльныя структуры сталі адкрытымі асяродкамі, здольнымі прымаць моладзь. Акрамя таго, на яго думку, моладзевае душпастырства павінна быць місіянерскім.
У восьмым раздзеле, прысвечаным «Пакліканню», Святы Айцец піша:
«Асноўная рэч, якую неабходна распазнаць і адкрыць, — гэта тое, што ад кожнага маладога чалавека Езус жадае перадусім яго сяброўства».
Пакліканне — гэта заклік да місіянерскага служэння ў адносінах да іншых людзей. «Каб рэалізаваць сваё пакліканне, неабходна развіваць, узрошчваць і даглядаць усё тое, што мы маем. Не ідзе гаворка пра тое, каб выдумваць сябе, каб ствараць сябе з нуля, але пра тое, каб адкрыць сябе ў Божым святле і даць расквітнець уласнаму існаванню». Гэта звязана з двума асноўнымі момантамі: стварэннем новай сям’і і працай.
На заканчэнне гэтага раздзелу Святы Айцец гаворыць таксама пра «пакліканне да асаблівага прысвячэння», рэалізацыя якога дае магчымасць чалавеку, якога да гэтага кліча Бог, дасягнуць паўнаты жыцця.
Апошні, дзявяты раздзел адгартацыі «Хрыстус жыве» называецца «Распазнаванне». У ім Святы Айцец нагадвае, што «без мудрасці распазнавання мы лёгка можам ператварыцца ў марыянетак, аддадзеных на волю выпадковых акалічнасцяў».
«Распазнаванне праяўляецца ў намаганні вызначыць сваё ўласнае пакліканне. Гэта заданне, якое патрабуе часу ў самотнасці і цішыні, таму што гаворка ідзе пра вельмі асабістае рашэнне, якое ніхто не можа прыняць за нас.
<…> Дар паклікання стане, без сумнення, патрабавальным дарам. Божыя дары патрабуюць узаемадзеяння, і каб карыстацца імі, неабходна ўсур’ёз гэтым заняцца, неабходна рызыкнуць». Ад асобаў, якія дапамагаюць молладзі ў працэсе распазнавання, патрабуюцца тры якасці: увага да асобы, уменне адрозніць ласку ад спакусы, а таксама здольнасць зараней прадбачыць тое, што адчувае іншы і ў якім кірунку ён жадае ісці.
Папа Францішак завяршае адгартацыю пажаданнем:
«Дарагая моладзь, я буду шчаслівы бачыць, як вы бяжыце хутчэй за таго, хто марудзіць і баіцца. Бяжыце ж, калі вас прыцягвае гэтае Аблічча, якое мы ўшаноўваем у святой Эўхарыстыі і пазнаем у целе церпячага брата…
Касцёл мае патрэбу ў вашым імкненні, у вашай інтуіцыі, у вашай веры… І калі вы прыбяжыце туды, куды мы яшчэ не дабраліся, майце цярплівасць нас пачакаць».
Папа Францішак суправадзіў сваю адгартацыю паштоўкай наступнага зместу:
«Дарагі браце, я з радасцю дасылаю табе новую адгартацыю „Хрыстус жыве“ — ліст, напісаны да ўсёй моладзі і да ўсяго Божага народа, які я даручыў матчынаму заступніцтву Маці Божай у Ларэта. Няхай слуханне, дыялог і «супольны шлях», дасведчаны на Сінодзе, узрастаюць і распаўсюджваюцца ва ўсім Касцёле. Яднаючыся ў наследаванні Езуса Хрыста, прашу цябе не забывацца маліцца за мяне. Францішак».