Пошук

29.06.2019 09:09   Catholic.by

Разам з катэхізісам для моладзі Youcat у Будславе падчас сёлетняга фэсту прэзентуюць таксама паслясінадальную Апостальскую адгартацыю папы Францішка Christus vivit — «Хрыстус жыве».

«Вы – сённяшні дзень Бога», — так звяртаецца папа Францішак да маладых людзей у паслясінадальнай Апостальскай адгартацыі Christus vivit — «Хрыстус жыве», напісанай у форме ліста да моладзі, якая ўжо выдадзена на беларускай мове.

Прэзентацыя запланавана пасля ўрачыстай св. Імшы, цэлебрацыю якой 6 ліпеня а 10-й гадзіне ўзначаліць арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Дакумент з’яўляецца вынікам працы Сіноду Біскупаў, які быў прысвечаны моладзі і праходзіў з яе ўдзелам. Папа Францішак на падставе выказаных меркаванняў, прапановаў і разважанняў звяртаецца да моладзі і заклікае яе не марнаваць каштоўнага часу маладосці на пустыя і нікчэмныя справы, але паглядзець на яе з перспектывы веры і вечных каштоўнасцяў.

«Пасля прачытання Божага слова, мы не можам проста сказаць, што маладыя людзі — гэта будучыня свету. Яны — яго сучаснасць, яны ўзбагачаюць яго сваім укладам.

Малады чалавек больш не дзіця. Ён знаходзіцца ў такім перыядзе жыцця, калі пачынае браць на сябе розныя абавязкі, удзельнічаючы разам з дарослымі ў развіцці сям’і, грамадства, Касцёла…»

(Christus vivit, п. 64).

Пераклад Апостальскай адгартацыі Christus vivit на беларускую мову здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Выданне ўбачыла свет дзякуючы падтрымцы Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў у Беларусі.

Набыць выданне Апостальскай адгартацыі Christus vivit на беларускай мове ў Будславе можна ў кавярні капуцынаў.

Абноўлена 16.07.2019 09:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа