Пошук

28.06.2019 14:09   Падрыхтавала: Юлія Шэдзько / Catholic.by

Падчас сёлетняга фэсту ў Будславе будзе прэзентавана беларускамоўнае выданне Youcat — катэхізісу для моладзі, які нядаўна выйшаў у свет у выдавецтвае «Pro Christo». Для чаго патрэбны асобны катэхізіс менавіта для моладзі?

Як сказаў у прадмове да выдання папа Бэнэдыкт XVI, «адрозніваюцца не толькі кантыненты і культуры народаў, якія іх насяляюць, але таксама ўнутры асобных грамадстваў існуюць розныя <…> „кантыненты“: рабочы думае інакш, чым земляроб, фізік — інакш, чым філолаг, прадпрымальнік — інакш, чым журналіст, малады чалавек — інакш, чым пажылы».

Кожная з катэгорый людзей у залежнасці ад узросту і жыццёвага досведу мае патрэбу ў сваім «перакладзе», каб пададзеная ў кнізе інфармацыя закранула сэрца, стала адказам на патрэбы і пытанні, якімі мы задаемся.

У форме пытанняў і адказаў у Youcat тлумачацца праўды хрысціянскай веры, сутнасць сакрамэнтаў, асновы этыкі паводле Божых запаведзяў. Каментары тэолагаў, напісаныя простай, даступнай моваю, падмацоўваюць цытаты Доктараў Касцёла, святых, вучоных на тую ці іншую тэму.

Дзякуючы гэтаму Youcat, хоць ён і створаны найперш для моладзі, будзе цікавы не толькі маладым. Зручны фармат выдання дазваляе зрабіць яго настольнай кнігай і заўсёды трымаць пад рукою. Форма «пытанне-адказ» будзе карыснаю для катэхетаў падчас падрыхтоўкі заняткаў па рэлігіі і для прапаведнікаў, а зручны прадметны паказальнік робіць кнігу яшчэ і даведнікам, дзе ў любы момант можна знайсці адказ на патрэбнае пытанне.

Няхай гэтая кніга стане для кожнага чытача захапляльным падарожжам «да пазнання праўды» (1 Цім 2, 4). Прыемнага чытання!

Абноўлена 28.06.2019 14:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа