Адказны за душпастырства моладзі біскуп Юзаф Станеўскі прапануе беларускім юнакам і дзяўчатам падчас летніх канікул разам прачытаць паслясінадальную Апостальскую адгартацыю папы Францішка Christus Vivit — «Хрыстус жыве», — напісаную ў форме ліста да моладзі.
У дакуменце, які складаецца з дзевяці раздзелаў, падзеленых на 299 пунктаў, Святы Айцец тлумачыць, што быў натхнёны «багаццем разважанняў і дыялогаў Сіноду», прысвечанага моладзі, які адбыўся ў Ватыкане ў кастрычніку мінулага года.
Студэнт 6-га курса Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне Яўген Амасёнак здзейсніў аўдыёзапіс адгартацыі.
- Уступнае слова ТУТ>>>
- Першы раздзел «Што Божае слова кажа пра моладзь?» ТУТ>>>
- Другі раздзел «Езус Хрыстус заўсёды малады» ТУТ>>>
- Трэці раздзел «Вы — cённяшні дзень Бога» ТУТ>>>
- Чацвёрты раздзел «Вялікая навіна для ўсіх маладых людзей» ТУТ>>>
- Пяты раздзел «Шляхі маладосці» ТУТ>>>
У шостым раздзеле, які называецца «Маладыя людзі з каранямі», папа Францішак кажа, што яму балюча глядзець на тое, як некаторыя людзі прапануюць моладзі будаваць будучыню без каранёў такім чынам, як быццам свет пачаў існаваць толькі цяпер.
Папа заклікае моладзь не дазваляць выкарыстоўваць сваю маладосць дзеля павярхоўнага жыцця, якое блытае прыгажосць са знешнім выглядам. Ён кажа, што ёсць свая прыгажосць і ў працаўніку, які вяртаецца дадому брудным пасля працы, і ў пажылой жанчыне, якая даглядае свайго хворага мужа, і ў вернасці сужонкаў, якія па-ранейшаму любяць адно аднаго на змярканні жыцця.
Святы Айцец падкрэслівае, наколькі важныя для моладзі адносіны са старэйшым пакаленнем, якія дапамагаюць ёй адкрываць жывое багацце мінулага і захоўваць памяць пра яго.
Але гэта не азначае, што маладыя людзі павінны безумоўна згаджацца з усім тым, што кажуць старэйшыя, і падтрымліваць усё тое, што яны робяць.
Калі і маладыя, і старыя адкрыюцца для Святога Духа, яны разам створаць цудоўнае ўзаемадапаўненне, — упэўнены Папа.
Сёння чытаем разам шосты раздзел адгартацыі «Хрыстус жыве». Пераклад Апостальскай адгартацыі Christus vivit на беларускую мову здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.