Пошук

06.02.2019 14:14   Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота. tpi.it

6 лютага Кангрэгацыя Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў абнародавала дэкрэт аб унясенні неабавязковага ўспаміну св. Паўла VI у Агульны Рымскі каляндар.

Дакумент быў падпісаны 25 студзеня, у свята навяртання св. апостала Паўла. На пачатку ў дэкрэце сказана: «Езус Хрыстус, паўната чалавека, які жыве і дзейнічае ў Касцёле, запрашае ўсіх людзей на перамяняльную сустрэчу з Ім — „дарогай, праўдай і жыццём“ (гл. Ян 14, 6). Святыя прайшлі гэтым шляхам. Гэта зрабіў Павел VI па прыкладзе Апостала, чыё імя прыняў тады, калі Дух Святы выбраў яго Наступнікам Пятра».

Цяпер успамін св. Паўла VI можа адзначацца ва ўсім Касцёле з увагі на вялікае значэнне, якое мела дзейнасць гэтага Пантыфіка для паўсюднага Касцёла, а таксама на прыклад святога жыцця, дадзены ім Божаму народу.

Неабавязковы ўспамін св. Паўла VI ўпісаны на 29 мая — дзень яго прэзбітэрскага пасвячэння, якое адбылося ў 1920 г., паколькі ў дзень яго нараджэння для неба, 6 жніўня, адзначаецца свята Перамянення Пана.

Гэты новы ўспамін цяпер павінен быць уключаны ва ўсе літургічныя календары і кнігі, прызначаныя для цэлебрацыі св. Імшы і Літургіі гадзінаў.

Павел VI. Фота Getty Images

Павел VI (Джаванні-Батыста Манціні) нарадзіўся 26 верасня 1897 г. ў Канчэзіё ў італьянсім рэгіёне Брэша. 29 мая 1920 г. прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне. З 1924 г. быў супрацоўнікам папаў Пія ХІ і Пія ХІІ, адначасова займаючыся душпастырствам універсітэцкай моладзі.

Падчас Другой сусветнай вайны працаваў у Дзяржаўным сакратарыяце і дапамагаў знаходзіць прытулак для пераследаваных габрэяў і бежанцаў. Прызначаны пазней намеснікам Дзяржсакратара па агульных справах Касцёла, на гэтай сваёй пасадзе ўсталёўваў кантакты з прыхільнікамі экуменічнага руху, а стаўшы арцыбіскупам Міланскім атуліў дыяцэзію сваім пастырскім клопатам.

У 1958 г. быў узведзены папам Янам ХХІІІ у кардынальскую годнасць, а пасля яго смерці выбраны 21 чэрвеня 1963 г. ягоным наступнікам на катэдры св. Пятра.

Працягваючы распачатую сваімі папярэднікамі справу, паспяхова правёў і завяршыў Другі Ватыканскі Сабор. Будучы Папам, Павел VI упэўнена кіраваў Касцёлам у сучасным свеце. Ён здзейсніў шэраг пілігрымак з мэтай апостальскага служэння, імкнуўся да адзінства хрысціянаў і адстойваў фундаментальныя правы чалавечай асобы, перадусім — святое права на жыццё ад зачацця да натуральнай смерці. Акрамя таго, ў сваім вучэнні Павел VI казаў пра неабходнасць абароны міру, пра прагрэс народаў і інкультурацыю веры.

Павел VI падчас малітвы. Фота libertaepersona.org

У рэчышчы пастановаў Другога Ватыканскага Сабору ім была здзейснена літургічная рэформа, у якой Традыцыя Касцёла арганічна спалучана з новымі патрабаваннямі сучаснасці. Павел VI зацвердзіў новы каляндар, Рымскі Імшал, Літургію Гадзінаў, Пантыфікал і амаль увесь Рытуал, надаючы пры гэтым вялікую ўвагу больш поўнаму і актыўнаму ўдзелу Божага народа ў літургіі.

6 жніўня 1978 г., у свята Перамянення Пана, у папскай рэзідэнцыі ў Кастэль-Гандольфа Павел VI аддаў душу Пану Богу. Паводле ўласнай волі, быў пахаваны вельмі сціпла: так, як і жыў.

19 кастрычніка 2014 г. быў абвешчаны благаслаўлёным, а 14 кастрычніка 2018 г. кананізаваны папам Францішкам. З’яўляецца заступнікам пры складанай цяжарнасці, калі пад пагрозай жыццё маці і ненароджанага дзіцяці.

Абноўлена 06.02.2019 14:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа