У Папскім універсітэце Святога Крыжа ў Рыме адбылася міжнародная канферэнцыя з нагоды 60-годдзя дагматычнай канстытуцыі Другога Ватыканскага Сабору пра Касцёл Lumen Gentium, якая паяднала мінулае і будучыню.
Як паведаміла 21 лістапада Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, навукоўцы з розных краін сабраліся ў Рыме, каб абмеркаваць гістарычнае значэнне і сучасную актуальнасць аднаго з найважнейшых дакументаў апошняга Сабору.
Першы дзень быў прысвечаны гістарычнаму развіццю эклезіялогіі, або багаслоўскага вучэння пра Касцёл, да часоў Другога Ватыканскага Сабору. У дакладах быў прадстаўлены сістэматычны аналіз тэм, узнятых у Lumen Gentium.
Удзельнікі канферэнцыі засяродзіліся на сувязі паміж сінадальнасцю і місіяй Касцёла, перасцерогшы ад стварэння занадта жорсткіх структур ці празмернай свабоды ў практыкаванні сінадальнага стылю.
У канферэнцыі «Касцёл як Таямніца, Камунія і Місія — Lumen gentium праз 60 гадоў» узялі ўдзел прадстаўнікі чатырох навуковых устаноў: Папскага ўніверсітэта Святога Крыжа (Рым), універсітэта Навары (Іспанія), Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла II (Польшча) і Тэалагічнага факультэта ўніверсітэта ў Лугана (Швейцарыя).
Міжнародны характар форуму падкрэслівае значнасць дагматычнай канстытуцыі для ўсяго Касцёла і яе ўплыў на сучаснае разуменне сінадальнасці.