Пошук

09.04.2018 13:55   Паводле: catholicnewsagency.com / Фота: lavocedelpopolo.it / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by

Сёлета, калі благаслаўлёны папа Павел VI будзе абвешчаны святым, Касцёл адзначыць 50-годдзе яго энцыклікі Humanæ Vitæ, прысвечанай абароне жыцця. У гэтым дакуменце знайшла выраз вялікая любоў благаслаўлёнага Папы да жыцця, якая праявілася таксама ў цудах, што праклалі шлях да яго беатыфікацыі і кананізацыі.

На думку а. Антоніё Марадза, пастулатара кананізацыйнага працэсу, дзякуючы гэтым цудам Павел VI і пасля смерці не перастаў быць дзейсным абаронцам зачатага жыцця, якое ён паслядоўна адстойваў у сваім веравучэнні з кафедры апостала Пятра.

У абодвух прызнаных цудах праз заступніцтва папы Паўла VI адбылося ўратаванне ненароджаных дзяцей, прычым у абодвух выпадках самім маці не пагражала смяротная небяспека. У абодвух выпадках гэта была ўжо не першая іх цяжарнасць. У абодвух выпадках яна магла скончыцца альбо абортам, альбо выкідышам ці сур’ёзнымі паталагічнымі наступствамі ў дзяцей. У абодвух выпадках лекары раілі зрабіць аборт. Нягледзячы на гэта, абодва дзіцяці з’явіліся на свет і ўвесь час пасля нараджэння добра сябе адчуваюць.

Гэтыя цуды сталі надзвычайным сведчаннем Божага пацвярджэння веравучэння Касцёла, змешчанага ў энцыкліцы Humanæ Vitæ, у якой, між іншым, сказана:

«У адпаведнасці з асноватворнымі прынцыпамі чалавечага і хрысціянскага бачання сужэнства, мы павінны яшчэ раз заявіць, што цалкам недапушчальным у якасці дазволенага сродку рэгулявання нараджальнасці з’яўляецца непасрэднае перарыванне ўжо распачатага працэсу цяжарнасці, а перадусім непасрэдны аборт, нават калі ён прадпрымаецца з тэрапеўтычных меркаванняў»

(пар. Павел VI. Энцыкліка Humanæ Vitæ, 14).

Менавіта ў такой сітуацыі апынулася ў 2014 г. Ванна Піраната, жонка Альбэрто Тальяфэры: калі яна была цяжараная другім дзіцем, ёй прапанавалі зрабіць аборт. На 13-м тыдні цяжарнасці жанчыну шпіталізавалі, выявіўшы пагрозу спынення цяжарнасці з-за заўчаснага разрыву амніяхарыяльных мембран, што выклікала ўцечку амніятычнай вадкасці, ці каляплодных водаў.

Лекары паведамілі, што ў такім выпадку можа быць выкідыш, але гэтага не здарылася, і праз некалькі дзён жанчыну выпісалі са шпіталя. Цяжарнасць працягвалася, хоць у пацыенткі па-ранейшаму назіралася страта крыві і ўцечка амніятычнай вадкасці.

У гэтай небяспечнай сітуацыі лекары з тэрапеўтычных меркаванняў параілі зрабіць аборт, але спадарыня Піраната і яе муж адмовіліся ад гэтага.

Адзін з сяброў нагадаў ёй, што папа Павел VI, які ў той час акурат быў абвешчаны благаслаўлёным, здзейсніў цуд для ненароджанага дзіцяці. Жанчына разам з мужам і сынам наведала святыню, дзе любіў бываць благаслаўлёны — касцёл Панны Марыі Ласкавай ў Брэшы, і пачала штодзённа маліцца праз яго заступніцтва аб паспяховым завяршэнні яе вельмі складанай цяжарнасці.

Нарэшце, нягледзячы на шэраг шпіталізацый і няспынную страту амніятычнай вадкасці, 25 снежня 2014 г. на свет з’явілася Аманда Паўла Тальяфэры.

Яна нарадзілася вельмі рана, у гестацыйным узросце, які складаў усяго 26 тыдняў, і была неадкладна дастаўлена ў неанатальнае аддзяленне інтэнсіўнай тэрапіі. Праз тры дні яе жыццю ўжо нішто не пагражала, і немаўлятка скіравалі ў шпіталь для далейшага медыцынскага нагляду. Яна была канчаткова выпісана 11 красавіка 2015 г. у добрым стане, атрымаўшы другое імя ў гонар благаслаўлёнага, які ўратаваў ёй жыццё.

Ванна Піраната з дачушкай Амандай Паўлай. © lavocedelpopolo.it
Ванна Піраната з дачушкай Амандай Паўлай. © lavocedelpopolo.it

Пастулатар кананізацыйнага працэсу Паўла VI адзначыў, што дзіця знаходзіцца пад няспынным кантролем і да гэтага часу са здароўем у дзяўчынкі ўсё добра. З медыцынскага пункту гледжання гэта можна лічыць цудам, паколькі дзіця на працягу трох месяцаў было практычна пазбаўлена неабходнай для яго нармальнага развіцця амніятычнай вадкасці, а таму цяжкія паталогіі ці нават выкідыш былі практычна непазбежнымі.

Зрэшты, гэты другі цуд, які адбыўся праз заступніцтва бл. Паўла VI, стаў падобным да таго, які праклаў шлях да яго беатыфікацыі. Той першы цуд адбыўся ў Злучаных Штатах ў 2001 г. Ненароджанае дзіця было ў крытычным стане пасля перанесенага разрыву органаў.

У гэтым выпадку таксама трэба было чакаць выкідышу або цяжкіх паталогій, таму і там лекары прапанавалі жанчыне зрабіць аборт з тэрапеўтычных меркаванняў.

Аднак маці адмовілася і па парадзе адной італьянскай законніцы пачала маліцца аб паспяховым заканчэнні цяжарнасці праз заступніцтва Паўла VI, чый беатыфікацыйны працэс тады праходзіў. Яе малітвы былі выслуханы: праз 8 месяцаў цяжарнасці жанчына нарадзіла здаровае дзіця, з якім да гэтага часу ўсё добра.

Першапачаткова пра цуд з нараджэннем Аманды Тальяфэры не было паведамлена тым, хто праводзіў працэс кананізацыі бл. Паўла VI, і а. Антоніё Марадза выпадкова даведаўся пра яго з інтэрв’ю, апублікаванага ў адной з мясцовых газет. Пастулатар палічыў гэта знакам ад самаго благаслаўлёнага Папы, які як быццам хацеў ім сказаць, каб яны больш не шуклі цуду, паколькі цуд ужо стаўся.

Абноўлена 11.04.2018 22:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа