Пошук

14.10.2018 18:31   Catholic.by

14 кастрычніка, у 28-ю Звычайную нядзелю, на плошчы св. Пятра ў Рыме папа Францішак кананізаваў 7 благаслаўлёных: папу Паўла VI, арцыбіскупа Оскара Рамэра, мучаніка з Сальвадора, святароў Франчэско Спінэлі і Вінчэнцо Рамано з Італіі, сястру Марыю Катарыну Каспер з Германіі, сястру Назарыю Ігнасію Марч Месу з Іспаніі, юнака Нунцыё Сульпрыцыё з Італіі.

Кананізацыя выдатна ўпісалася ў Сінод Біскупаў, прысвечаны моладзі, які цяпер праходзіць у Ватыкане, бо Сінод быў заснаваны св. Паўлам VI як плён Другога Ватыканскага Сабору. Між іншым, св. Нунцыё Сульпрыцыё — юнак, які памёр ва ўзросце 19 гадоў і чый дэвіз жыцця быў «Эўхарыстыя і Марыя».

Ва ўрачыстай Імшы прынялі ўдзел каля 100 кардыналаў, каля 500 біскупаў і некалькі дзясяткаў тысяч вернікаў, якія запоўнілі плошчу св. Пятра і прылеглую вуліцу Канчыльяц'ёнэ.

Прысутнічалі таксама кіраўнікі або прадстаўнікі кіраўнікоў дзяржаў, адкуль паходзяць новыя святыя.

Гамілію папа Францішак збудаваў на чытаннях гэтай нядзелі. Найперш ён звярнуў увагу на сказанае ў Пасланні да Габрэяў, што Божае слова заўсёды жывое і дзейснае. Ва ўрыўку з Евангелля багаты юнак пытаецца ў Езуса, што трэба рабіць, каб дасягнуць вечнага жыцця. Езус кажа, што трэба захоўваць Божы закон. Малады чалавек пацвярджае, што робіць так усё жыццё. На гэта Езус адказвае: «Прадай усё, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе. Тады прыходзь і ідзі за Мною».

Як адзначыў Святы Айцец, гэтыя словы Езуса — імператыў для дасягнення дасканаласці. Недастаткова толькі выконваць той ці іншы Божы закон, але трэба яшчэ прынесці сябе ў дар — прынесці цалкам, а не часткова. Хрыстус, звярнуў увагу Папа, чакае ад нас радыкальнага жыцця згодна з Яго Евангеллем, каб вярнуцца да крыніцы радасці.

Абноўлена 14.10.2018 22:09
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа