24 сакавіка 1980 года быў забіты арцыбіскуп Сан-Сальвадора Оскар Арнульфо Рамэра-і-Гальдамес. Гэты лацінаамерыканскі біскуп, застрэлены ў той час, калі ён цэлебраваў святую Імшу, сёлета будзе абвешчаны святым.
«Зялёнае святло» для яго кананізацыі даў папа Францішак 6 сакавіка, даручыўшы абнародаваць дэкрэт аб прызнанні цуду, здзейсненага праз заступніцтва благаслаўлёнага арцыбіскупа Рамэра. Гэтая вестка з вялікай радасцю была сустрэта на яго радзіме, у Сальвадоры, а таксама ва ўсёй Лацінскай Амерыцы.
Жыццё і дзейнасць арцыбіскупа Рамэра праходзілі ў жахлівы перыяд гісторыі Сальвадора.
Сваім прыкладам гэты пастыр даручанага яму Божага народа паказаў, якім чынам Касцёл можа заставацца астраўком міру ў той час, калі ўсё навокал ахоплена полымем нянавісці і насілля.
У складаных умовах біскуп Рамэра заўсёды заставаўся сябрам бедных і пакрыўджаных.
Ён нарадзіўся ў год Фацімскіх аб’яўленняў, 1917, у горным сальвадорскім мястэчку С’юдад-Бар’ёс, на памежжы з Гандурасам. У 12-гадовым узросце скончыў школу і стаў вучыцца на цесляра, але пазней вырашыў стаць святаром, хоць яго сям’я была супраць. Спачатку Оскар Рамэра вучыўся ў Сан-Мігеле, а завяршаў сваю тэалагічную адукацыю ў Рыме. Там у 1942 г. ён прыняў пасвячэнне, на якім з-за вайны ў Еўропе не змаглі прысутнічаць яго родныя.
Праз два гады не без цяжкасцяў ён вярнуўся ў Сальвадор і распачаў святарскае служэнне ў вясковай парафіі. Праз пэўны час быў пераведзены ў Сан-Мігель, дзе развіваў разнастайныя апостальскія групы, стварыў групу ананімных алкаголікаў, удзельнічаў у пабудове катэдральнага касцёла. Пасля быў прызначаны рэктарам міждыяцэзіяльнай семінарыі ў Сан-Сальвадоры, а ў 1966 г. стаў сакратаром Канферэнцыі біскупаў Сальвадора і заставаўся на гэтай пасадзе 23 гады. У гэты ж час ён стаў знакамітым прапаведнікам: яго палымяныя казанні трансліравалі пяць радыёстанцый Сан-Мігеля. Оскар Рамэра атрымаў біскупскае пасвячэнне ў 1970 г. Спачатку ён быў дапаможным арцыбіскупам Сан-Сальвадора, у 1974 годзе стаў біскупам Сант’яга-дэ-Марыя, а 23 лютага 1977 г. — арцыбіскупам Сан-Сальвадора.
Не мінуў і месяц з часу яго прызначэння сталічным арцыбіскупам, калі невядомыя ў вайсковай форме расстралялі ягонага сябра, святара езуіта Рутыльё Грандэ, арганізатара хрысціянскіх суполак сярод найбяднейшых сялянаў. Ягоная смерць аказала надзвычайны ўплыў на арцыбіскупа Рамэра, які заўважыў:
«Гледзячы на мёртвага Рутыльё, я падумаў: калі яго забілі за тое, што ён рабіў, значыць, мая чарга ісці тым жа шляхам».
Тады ж у краіне з’явіліся ўлёткі з надпісам «Будзь патрыётам! Забі святара!»
Арцыбіскуп заклікаў дзяржаўныя ўлады высветліць абставіны смерці сябра, аднак ягонае патрабаванне праігнаравалі. У прэсе пачалася кампанія супраць «святароў трэцяга свету», якіх абвінавачвалі ў «распальванні варажнечы і класавай барацьбы». У адказ арцыбіскуп Сан-Сальвадора рашуча выступіў супраць галечы, сацыяльнай няроўнасці, забойстваў і катаванняў.
Казанні і прамовы арцыбіскупа Рамэра былі крыніцаю праўды ў тыя часы, калі ўрад увёў жорсткую цэнзуру. Абараняючы бедных і прыгнечаных, арцыбіскуп рызыкаваў уласным жыццём. Ён заўсёды быў сярод простых людзей, выслухоўваў і, як мог, падтрымліваў іх:
«Я — пастыр, — казаў ён, — які разам са сваім народам пачаў пазнаваць прыгожую і цяжкую праўду: нашая хрысціянская вера патрабуе ад нас, каб мы прыніжалі саміх сябе ў гэтым свеце».
У 1979 г. да ўлады ў Сальвадоры прыйшла Рэвалюцыйная ўрадавая хунта, распачалася грамадзянская вайна. У бок арцыбіскупа Рамэра амаль штодня сыпаліся пагрозы. Ён выступіў з асуджэннем ЗША за аказанне вайсковай дапамогі новаму ўраду і ў лютым 1980 напісаў прэзідэнту Джымі Картэру, што гэта абвастрае несправядлівасць і рэпрэсіі, скіраваныя супраць людзей, якія змагаюцца за элементарныя чалавечыя правы. Аднак урад Злучаных Штатаў ніяк не адгукнуўся на зварот арцыбіскупа…
Сваёй актыўнай пазыціяй абаронцы правоў прыгнечаных арцыбіскуп Рамэра стаў вядомы і па-за межамі краіны. У лютым 1980 г. яму было нададзена званне ганаровага доктара Лувенскага каталіцкага ўніверсітэта. У сваёй прамове ў Лувене 2 лютага 1980 г., апавядаючы пра ганенні на Касцёл, арцыбіскуп Рамэра сказаў:
«Менш чым за тры гады больш за пяцьдзясят святароў пацярпелі ад нападаў, пагрозаў і паклёпаў. Шэсць з іх забітыя і прызнаныя мучанікамі; многіх катавалі, іншых выслалі з краіны. Аб’ектам пераследу сталі таксама пабожныя жанчыны. На дыяцэзіяльную радыёстанцыю, каталіцкія адукацыйныя ўстановы і хрысціянскія арганізацыі ўвесь час нападаюць, пагражаюць ім бомбамі. Некалькі кляштараў абрабавана».
Будучы ў Еўропе, арцыбіскуп Рамэра сустрэўся з папам Янам Паўлам II і падзяліўся са Святым Айцом заклапочанасцю тым, што адбываецца ў ягонай краіне.
24 сакавіка 1980 г. падчас св. Імшы ў капліцы шпіталя «Божага Провіду» арцыбіскуп Рамэра быў забіты стрэлам у галаву з вінтоўкі. Забойства адбылося праз дзень пасля казання, у якім ён заклікаў сальвадорскіх вайскоўцаў як пабожных хрысціянаў спыніць насілле і парушэнні правоў чалавека. А ў сваёй апошняй гаміліі, прамоўленай за некалькі хвілін да смерці, арцыбіскуп Сан-Сальвадора казаў пра зерне пшаніцы:
«Той, хто прысвячае сябе служэнню бедным праз любоў Хрыста, будзе жыць як пшанічнае зярнятка, якое памірае. Яно памірае толькі на першы погляд. Калі б яно не памірала, яно так і засталося б адным-адзіным зернейкам. Ураджай з’яўляецца дзякуючы зярнятку, якое памірае… Мы ведаем, што кожнае намаганне дзеля паляпшэння грамадства, асабліва калі гэтае грамадства ахоплена несправядлівасцю і грахом, — гэтае намаганне благаслаўляе Пан, яно прыемнае Пану, Пан патрабуе яго ад нас».
Забойства арцыбіскупа стала справаю рук правых «эскадронаў смерці», што пазней было сцверджана ў афіцыйным дакладзе ААН у 1993 г., а ў 2004 г. суд у ЗША прызнаў Альвара Рафаэля Саравію, актыўнага ўдзельніка эскадронаў смерці, вінаватым у падрыхтоўцы і ўдзеле ў забойстве арцыбіскупа.
Пахаванне арцыбіскупа Рамэра адбылося ў катэдральным касцёле Сан-Сальвадора. На пахавальную Імшу 30 сакавіка 1980 г. сабралася больш за 250 тысяч чалавек з розных краін свету. Падчас цырымоніі на плошчы перад катэдрай выбухнула бомба, пасля чаго прагучалі стрэлы; некалькі дзясяткаў чалавек загінулі. Пасля гэтых падзеяў грамадзянская вайна ў Сальвадоры доўжылася яшчэ 12 гадоў…
Адстойваючы добрае імя і светлую памяць сальвадорскага арцыбіскупа, папа Францішак звярнуў увагу на яго «падвойнае мучаніцтва»:
«Мучаніцтва монсеньёра Рамэра мела месца не толькі ў момант яго смерці: яно пачалося раней; але пачалося з пакутаў ад пераследу да яго смерці і працягнулася таксама пасля яе, таму што камусьці было недастаткова яго забіць: яго зняславілі, аплявузгалі, аблілі брудам.
Ягонае мучаніцтва працягнулася таксама ад рук яго братоў у святарстве і ў біскупстве. <…> Я кажу пра гэта не з чыіхсьці словаў. Я сам гэта чуў. Толькі Бог ведае гісторыю чалавека. І Ён бачыць, калі яго камянуюць самым цяжкім каменем, які толькі існуе ў свеце: языком».