Пошук

25.07.2018 19:11   Паводле: Vatican News / Catholic.by

25 ліпеня 1968 г. была афіцыйна абнародавана энцыкліка Паўла VI Humanæ Vitæ («Чалавечае жыццё»), прысвечаная абароне чалавечага жыцця і, у прыватнасці, пытанням кантрацэпцыі і так званага «кантролю за нараджальнасцю».

«Гэты папскі дакумент <…> з’яўляецца не столькі абвяшчэннем негатыўнага маральнага закону, а менавіта недапушчэння любога дзеяння, якое б мела на мэце зрабіць немагчымым нараджэнне, але, галоўным чынам, пазітыўным прадстаўленнем сужэнскай маралі адпаведна з яе місіяй любові і пракрэацыі», — так ахарактарызаваў энцыкліку сам Павел VI падчас агульнай аўдыенцыі 31 ліпеня 1968 г., праз тыдзень пасля яе публікацыі.

Звяртаючыся да вернікаў, ён прызнаўся, што на працягу чатырох гадоў скрупулёзнай працы над дакументам яго і вялікую групу экспертаў, якія прымалі ўдзел у падрыхтоўцы тэксту, не пакідала ўсведамленне вельмі вялікай адказнасці.

«Мы вывучалі, чыталі, абмяркоўвалі, колькі маглі, і таксама шмат маліліся», — прызнаваўся Павел VI.

«Другое пачуццё, якое заўсёды кіравала намі падчас працы, — гэта міласэрнасць, пастырская чуласць у адносінах да тых, хто пакліканы інтэграваць сваю індывідуальнасць у сужэнскае жыццё і ў сям’ю», — дадаў ён.

Нарэшце, паводле ягоных словаў, працу над энцыклікай натхняла надзея на тое, што хрысціянскія сужонкі зразумеюць наступнае:

«Нашае слова, якім бы строгім і цяжкім яно не здавалася, імкнецца быць тлумачэннем аўтэнтычнасці іх любові, пакліканай пераўтварацца, прыпадабняючыся да любові Хрыста да сваёй нявесты, якой ёсць Касцёл».

Энцыкліка Humanæ Vitæ адразу ж пасля публікацыі выклікала вялікі рэзананс, хвалю крытыкі і канфрантацыі, пераважна ў ліберальна-мадэрнісцкіх колах.

Нумар ватыканскай газеты «L'Osservatore Romano» з тэкстам энцыклікі «Humanæ Vitæ» © Vatican News

Дакумент у адпаведнасці з папярэднім маральным вучэннем Касцёла абараняе прынцып адказнага бацькоўства, згодна з якім у пытаннях перадачы жыцця муж і жонка не маюць права зыходзіць выключна з уласнай волі, але павінны дзейнічаць у згодзе з «творчым намерам Бога». Таму Касцёл афіцыйна забараніў выкарыстанне кантрацэптыўных сродкаў і прызнаў адзіным правамерным спосабам рэгулявання нараджальнасці выкарыстанне натуральных біялагічных рытмаў.

Энцыкліка Humanæ Vitæ да гэтага часу застаецца арыенцірам для далейшага развіцця маральнага вучэння Касцёла ў гэтай сферы, а яе аўтар, благаслаўлёны Павел VI, ужо сёлета будзе кананізаваны.

Абноўлена 25.07.2018 21:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.