Пошук

07.08.2018 13:43   Паводле: Vatican News / Catholic.by
© Vatican Media

6 жніўня раніцай, у свята Перамянення Пана і саракавую гадавіну з дня смерці благаслаўлёнага папы Паўла VI, папа Францішак маліўся ў гроце базылікі св. Пятра перад магілай свайго папярэдніка.

Джаванні Батыста Манціні, пантыфікат якога працягваўся пятнаццаць гадоў, памёр сорак гадоў таму ўвечары 6 жніўня 1978 г. у папскай летняй рэзідэнцыі ў Кастэль-Гандольфа.

14 кастрычніка ў Ватыкане пройдзе ўрачыстая кананізацыя Паўла VI. Пасланне благаслаўлёнага Папы працягвае заставацца важным для чалавецтва, падкрэсліў пастулатар яго кананізацыйнага працэсу італьянскі рэдэмптарыст кс. Антоніё Мараца.

«Папа Францішак вырашыў, што Павел VI будзе кананізаваны разам з арцыбіскупам Рамэра, які з’яўляецца мучанікам, і іншымі „святымі міласэрнай любові“», — нагадаў кс. Мараца.

Ён падкрэсліў, што кананізацыя здзяйсняецца ў Касцёле для таго, каб прадставіць прыклад хрысціянскага жыцця і мець яшчэ аднаго асаблівага заступніка перад Богам.

Гаворачы аб актуальнасці вучэння Паўла VI, пастулатар звярнуў увагу на той факт, што менавіта гэтаму Папу давялося завяршаць Другі Ватыканскі Сабор.

«Праз сорак гадоў пасля яго смерці Касцёл працягвае крочыць тым шляхам, які быў распачаты на Саборы, трымаючыся вучэння папы Манціні», — сказаў ён. Гэта шлях, якому ўласцівая асаблівая ўвага да чалавека як вобразу Бога, што характарызавала Паўла VI з самага пачатку святарскага жыцця.

«Яго спадчына заключаецца менавіта ў вялікім імпульсе, які ён даў Касцёлу: мы павінны мець такую ўвагу да чалавека, якую мае Бог, глядзець на яго з міласэрнасцю, што, як нам дапамагае зразумець папа Манціні, складаецца з пяшчоты, клопату, разумення абмежаванасці чалавека, без непатрэбнага асуджэння, але ў канструктыўным рэчышчы», — падкрэсліў пастулатар.

Асаблівую ўвагу кс. Мараца звярнуў на клопат Паўла VI пра чалавечае жыццё. Па яго словах, гэты Папа заўсёды марыў напісаць энцыкліку, прысвечаную сужэнскай любові і здольнасці чалавека даваць жыццё, якой яго адарыў Бог.

Святар звярнуў увагу на тое, што два цуды, якія паслужылі падставай для беатыфікацыі і будучай кананізацыі, былі звязаныя менавіта з жыццём ва ўлонні маці.

«Такім чынам, мы можам назваць папу Манціні абаронцам жыцця, якое нараджаецца, бо абедзве мамы і сем’і маліліся праз заступніцтва папы Манціні ў безнадзейнай для іх яшчэ не народжаных дзяцей сітуацыі», — сказаў пастулатар, падкрэсліўшы, што ў другім выпадку маліцца праз заступніцтва Паўла VI жанчыне параіў гінеколаг. Гэта адбылося менавіта ў час яго беатыфікацыі, у кастрычніку 2014 г.

Абноўлена 08.08.2018 01:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.