Пошук

27.03.2020 14:37   Паводле: Іnterris.it / Фота: Іnterris.it / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by

Увечары пятніцы 27 сакавіка Папа Францішак у двары ватыканскай базылікі святога Пятра правядзе малітву аб выбаўленні свету ад пандэміі каранавірусу, для чаго ў Ватыкан быў дастаўлены цудадзейны крыж з аднаго з рымскіх касцёлаў.

Драўляны крыж з касцёла Сан-Марчэлло-аль-Корса, перад якім Святы Айцец маліўся 15 сакавіка, калі здзейсніў невялікую пешую пілігрымку па Рыме, лічыцца цудадзейным пасля таго, як у 1522 годзе ў Вечным горадзе спынілася эпідэмія «Вялікай чумы».

Як паведаміў сайт Interris.it, 26 сакавіка крыж даставілі ў Ватыкан, дзе перад ім адбудзецца малітва аб выбаўленні свету ад каранавірусу, падчас якой Папа Францішак удзеліць надзвычайнае благаслаўленне Urbi et orbi Найсвяцейшым Сакрамэнтам. У гэты час можна будзе атрымаць поўны адпуст пры захаванні звычайных умоваў.

Святы Айцец выказаў пажаданне, каб да малітвы далучылася як мага большая колькасць людзей ва ўсім свеце, таму набажэнства з двара базылікі святога Пятра будзе транслявацца анлайн з сінхронным перакладам на розныя мовы.

На адваротным баку дастаўленага ў Ватыкан цудадзейнага крыжа змешчаны імёны розных Пантыфікаў і гады касцёльных Юбілеяў. Укрыжаванне ўшанаваў пацалункам святы Ян Павел ІІ, што стала кульмінацыяй Дня прабачэння падчас Вялікага Юбілею 2000 года.

Традыцыя, якая называе ўкрыжаванне цудатворным, паходзіць з 23 мая 1519 года, калі пажар уначы цалкам знішчыў касцёл у гонар святога Папы Марцэла. На раніцу ад будынка нічога не засталося, але на папялішчы быў знойдзены некранутым драўляны крыж з галоўнага алтара святыні, а ля яго падножжа нават гарэла невялікая алейная лампадка.

Гэта моцна ўразіла вернікаў, многія з якіх з таго часу пачалі збірацца па вечарах у кожную пятніцу на супольныя малітвы.

8 кастрычніка 1519 года Папа Леў Х загадаў нанава адбудаваць знішчаны агнём касцёл.

Праз тры гады пасля пажару ў Рыме выбухнула эпідэмія «Вялікай чумы».

Людзі ўзялі крыж і панеслі яго ў працэсіі па вуліцах Вечнага горада, нягледзячы на забарону ўладаў, якія такім чынам імкнуліся перашкодзіць распаўсюджванню заразы. Укрыжаванне пранеслі па вуліцах да базылікі святога Пятра. Працэсія працягвалася 16 дзён: з 4 па 20 жніўня 1522 года. Па меры таго, як крыж набліжаўся, чума адступала, і ў кожным квартале людзі імкнуліся затрымаць святыню як найдаўжэй.

Пасля таго, як укрыжаванне вярнулася на сваё месца, эпідэмія цалкам скончылася.

З 1600 года працэсія з касцёла Сан-Марчэлло-аль-Корса стала неадменным атрыбутам Святога Года, у сувязі з чым ззаду на крыжы пачалі змяшчаць імёны Пантыфікаў і даты Юбілеяў.

Абноўлена 27.03.2020 15:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця