Пошук

19.11.2025 20:13   Catholic.by

Выява ілюстрацыйная

Падчас Адвэнту 2025 года айцец Раман Шульц OP, пробашч парафіі святога Казіміра і святой Ядвігі ў Магілёве, заахвочвае да знаёмства з адным з дакументаў Другога Ватыканскага Сабору дагматычнай канстытуцыяй пра Божае Аб’яўленне Dei Verbum, а таксама да медытацыі і малітвы.

Як узнікла ідэя?

Святар ужо мае багаты досвед арганізацыі супольнага чытання розных кніг Бібліі ў часе Адвэнту для вялікай колькасці інтэрнэт-карыстальнікаў праз адмысловыя групы ў Viber і Telegram.

Самым вялікім стымулам для душпастыра выбраць сёлета дакумент Dei Verbum было тое, што да канца Юбілейнага года (да 06.01.2026) за пабожнае чытанне тэкстаў Другога Ватыканскага Сабору і Катэхізіса Каталіцкага Касцёла падчас рэкалекцый і фармацыйных сустрэч можна атрымаць поўны адпуст (Нормы ўдзялення адпусту падчас Звычайнага Юбілейнага 2025 года, ІІІ).

Магілёўскія вернікі, паводле айца Рамана, ужо чыталі і абмяркоўвалі некаторыя тэксты сабору ў межах катэхізацыі для дарослых, а гэтай адвэнтавай ініцыятывай хацелася б ахапіць большую колькасць людзей з усёй Беларусі.

Чытанне канстытуцыі Dei Verbum  пачнецца ў першую нядзелю Адвэнту, 30 лістапада, і скончыцца да Божага Нараджэння.

Далучыцца да сумеснага чытання можна, знайшоўшы суполку пад назвай DeiVerbum2025 у Viber і Telegram або скантактаваўшыся з айцом Раманам Шульцам OP па тэл.: +375 (29) 291-92-11 ці праз e-mail: schulzop@gmail.com. Таксама можна скарыстацца пададзеным побач QR-кодам.

Што такое Другі Ватыканскі Сабор і канстытуцыя Dei Verbum?

Другі Ватыканскі Сабор — гэта XXI Сусветны Сабор Каталіцкага Касцёла, які праходзіў у 1962-1965 гадах і прывёў да маштабнага абнаўлення касцёльнага жыцця праз шэраг рэформаў. Калі коратка: Касцёл, якім мы яго ведаем сёння, — гэта вынік Святога Сабору.

Dei Verbum — адна з чатырох саборных канстытуцый, якая мае пастырскі характар і прысвечаная Святому Пісанню як першаснай крыніцы літургіі і жыцця кожнага хрысціяніна.

Пасля малітваў, карпатлівай працы, шматлікіх паправак і галасаванняў саборных айцоў канстытуцыя была канчаткова прынятая і падпісаная 18 лістапада 1965 года святым Папам Паўлам VI.

Такім чынам, чытанне дакумента адбудзецца ў 60-ю гадавіну яго падпісання.

Другі Ватыканскі сабор. Фота: catholicnewsagency.com

«Паколькі мала хто з вернікаў ведае кнігу дакументаў Другога Ватыканскага Сабору, я палічыў мэтазгодным запрасіць усіх жадаючых азнаёміцца са зместам хоць бы некаторых з іх.

Варта падкрэсліць, што тэксты вельмі глыбокія і насычаныя Божым cловам, і хоць дакумент Dei Verbum кароткі (усяго 15 старонак і 26 пунктаў), аднак месцамі гэта няпростае чытанне, паколькі тычыцца Божага Аб’яўлення, якое змяшчаецца ў Святым Пісанні, у Традыцыі і голасе Настаўніцкага Інстытута Касцёла.

Акрамя таго, варта ўсвядоміць, што, калі святы Касцёл заахвочвае вернікаў да нейкай практыкі, а ў юбілейны год якраз да чытання саборных дакументаў, і звязвае з гэтым поўны адпуст, ён хоча падкрэсліць, што мы маем справу з чымсьці вельмі важным і каштоўным. Гэтае заахвочванне Касцёла звярнуцца да тэкстаў, напоўненых святлом Духа Святога, было галоўным матывам для чытання»,

— дзеліцца святар.

Ці дастаткова толькі чытаць дакумент, каб атрымаць адпуст?

Айцец Раман падкрэслівае, што атрыманне любога поўнага адпусту звязанае не толькі з пэўнымі практыкамі (як напрыклад, паўгадзінная адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, Ружанец у супольнасці, набажэнства Крыжовага шляху, паўгадзіннае чытанне Святога Пісання — найбольш папулярныя і даступныя для кожнага), але і з абавязковым выкананнем пэўных умоў:

  • стан асвячальнай ласкі (быць пасля сакрамэнтальнай споведзі);
  • прыняцце святой Камуніі;
  • малітва ў інтэнцыях Святога Айца;
  • адсутнасць прывязанасці да граху, нават лёгкага.

Гэтыя ж умовы патрэбна выканаць і для атрымання юбілейнага адпусту, звязанага з чытаннем саборных тэкстаў.

Гэта значыць, каб «здабыць» адпуст, патрэбныя рашучыя асабістыя намаганні і супрацоўніцтва з Богам. Вынікам прыняцця запрашэння да атрымання адпустаў, як адзначае айцец Раман, з'яўляецца:

  • асабістае навяртанне;
  • клопат аб умацаванні сяброўства з Панам Езусам;
  • уключэнне ў малітву Касцёла праз інтэнцыі Папы;
  • дапамога душам, якія пакутуюць у чыстцы.

«Хіба не цудоўнае поле для таго, каб ўзрастаць у любові да Бога, да блізкіх і да самога сябе?»

— падсумоўвае дамініканін.

Нагадваем, што тэксты дакументаў Другога Ватыканскага Сабору даступныя таксама на нашым сайце ў раздзеле «Бібліятэка» па спасылцы ТУТ>>>.

Абноўлена 21.11.2025 13:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа