Пошук

16.03.2020 11:25   Відэа: Vatican News / Фота: giornaledibrescia.it / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота: giornaledibrescia.it

У нядзелю 15 сакавіка ў другой палове дня Папа Францішак нечакана выйшаў з Ватыкана, каб памаліцца аб выбаўленні ад пандэміі перад цудадзейным абразом Маці Божай Збаўлення рымскага народа і перад Укрыжаваннем, якое калісьці выратавала Рым ад чумы.

Як паведаміла італьянская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец на пачатку пятай гадзіны скіраваўся ў базыліку святой Марыі Вялікай (Santa Maria Maggiore), дзе памаліўся аб выбаўленні ад пандэміі каранавірусу перад цудадзейнай іконай Багародзіцы Salus populi Romani — «Збаўленне рымскага народа».

Фота: giornaledibrescia.it

Пасля гэтага Пантыфік наведаў адзін з найстарэйшых касцёлаў Вечнага горада Сан-Марчэлло-аль-Корса, дзе ўзнёс малітву ў той самай інтэнцыі перад драўляным Укрыжаваннем, якое ўратавала Рым ад «вялікай чумы» XVI стагоддзя.

Такім чынам, выйшаўшы па-за ватыканскія муры ў Трэцюю нядзелю Вялікага посту, Папа Францішак жадаў падкрэсліць сваю блізкасць да ўсіх, хто церпіць, і прасіць для іх заступніцтва Маці Божай.

Як адзначыў кіраўнік прэс-службы Святога Пасаду Матэо Бруні, Святы Айцец з асабістай ініцыятывы скіраваўся ў базыліку святой Марыі Вялікай, адкуль па вуліцы Дэль Корса пешкі як пілігрым прайшоў у касцёл Сан-Марчэлло-аль-Корса. У гэтай святыні захоўваецца цудадзейнае Укрыжаванне, якое ў 1522 годзе ў працэсіі пранеслі па вуліцах Рыма, каб пакласці канец «Вялікай чуме», што лютавала ў той час у Вечным горадзе.

У сваіх малітвах перад іконай Маці Божай і Укрыжаваным Папа Францішак прасіў аб выбаўленні ад пандэміі, што апанавала Італію і свет, аб аздараўленні шматлікіх хворых, аб вечным жыцці для ахвяраў вірусу, а таксама аб суцяшэнні і падтрымцы для іх родных і блізкіх.

Сваёю малітваю Святы Айцец агарнуў таксама супрацоўнікаў службы аховы здароўя, лекараў і ўсіх тых, хто ў гэтыя дні прыкладае намаганні для пераадолення страшнай навалы.

Абноўлена 16.03.2020 12:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця