У сераду 22 кастрычніка каля пяцісот вернікаў з Беларусі, пераважна з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, разам са сваімі іерархамі і святарамі прысутнічалі на агульнай аўдыенцыі Папы Льва XIV на Плошчы Святога Пятра і здзейснілі пілігрымку да сэрца Каталіцкага Касцёла — Базылікі Святога Пятра.
«Уваскрасенне Езуса Хрыста — гэта падзея, якую можна бясконца сузіраць і над якой заўсёды варта разважаць: чым глыбей у яе ўнікаеш, тым больш напаўняешся дзівам, тым мацней яна цябе прыцягвае», — прыводзіць словы Святога Айца Беларуская рэдакцыя Vatican News.
Леў XIV у сваёй катэхезе адзначыў, што ўваскрасенне Хрыста, так як у выпадку вучняў з Эмаўс, можа аздаравіць ад адной з хвароб нашага часу — смутку, які з’яўляецца ўсюдыісным і ўсёпранікальным, прысутнічае ў штодзённасці многіх людзей, перамагае любое імкненне да радасці і пазбаўляе жыццё сэнсу і сілы.
Папа нагадаў, што Езус цярпліва выслухаў вучняў, дазволіў ім выказаць сваё расчараванне, а потым папракнуў іх за слабую веру і пачаў тлумачыць Святое Пісанне, дзе гаворыцца, што Збаўца павінен быў цярпець, памерці і ўваскрэснуць. Тады сэрцы вучняў зноў запалалі надзеяй. Яны запрасілі таямнічага спадарожніка застацца з імі і раздзяліць пасілак, і нарэшце пазналі Яго ў жэсце ламання хлеба, напоўніўшыся радасцю.
«Езус не ўваскрос толькі на словах, але ў рэальнасці, у сваім целе, якое захоўвала знакі мукі — вечную пячатку Яго любові да нас. Перамога жыцця — не пустое слова, а канкрэтны факт»,
— сцвердзіў Святы Айцец.
Папа пажадаў, каб нечаканая радасць вучняў з Эмаўса стала для нас лагодным падбадзёрваннем у хвіліны выпрабаванняў, таму што Уваскрослы Езус «робіць магчымым немагчымае».























