Пошук

01.11.2018 12:28   Паводле: "Радыё Марыя ў Беларусі" / Catholic.by
Фота выкарыстана ў якасці ілюстрацыі

З 1 па 8 лістапада католікі могуць атрымаць поўны адпуст за наведванне могілак і малітву ў інтэнцыях памерлых. Калі ў дзень наведвання няма магчымасці прыняць святую Камунію, гэта можна зрабіць у іншы дзень.

Падрабязней аб практыцы адпустаў у Касцёле расказвае канцлер курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кс. канонік Дзмітрый Пухальскі.

1. Што такое адпуст?

Кананічнае права Каталіцкага Касцёла вызначае адпуст як «адпушчэнне перад Богам часовага пакарання за грахі, ужо адпушчаныя ў тым, што датычыцца віны, які вернік атрымлівае на дакладна ўсталяваных умовах праз дзеянне Касцёла».

Што гэта азначае? Падчас споведзі святар адпускае чалавеку віну, але наступствы граху застаюцца. Атрымаць адпуст — гэта значыць ліквідаваць наступствы граху.

Усталёўваць адпусты можа толькі найвышэйшая ўлада Касцёла: Рымскі Пантыфік і тыя структуры, якім Папа дэлегуе гэтыя абавязкі. Як правіла, гэта Кангрэгацыі і Апостальская Пэнітэнцыярыя — адмысловы трыбунал, які займаецца ўсімі пытаннямі сакрамэнту пакаяння.

Першы адпуст быў удзелены ў 1019 годзе.

2. У чым розніца паміж поўным і частковым адпустам?

Адпуст бывае частковы або поўны ў залежнасці ад таго, якім чынам ён вызваляе ад пакарання за грахі: часткова або цалкам.

Поўны адпуст — гэта адпуст, калі чалавеку цалкам прабачаецца часовае пакаранне. Мы верым, што калі ахвяруем адпуст за памерлых, то чалавек поўнасцю ачышчаецца і ідзе ў неба.

Частковы адпуст — гэта, па сутнасці, кожная наша малітва, Ружанец ці Літанія. Ахвяруючы іх за памерлых, мы набліжаем іх збаўленне.

У гісторыі Касцёла былі часы, калі адпуст вымяраўся ў часе: за пэўную малітву можна было атрымаць адпуст на месяц, на паўгады, на год і г.д. Ад гэтай практыкі пазней адмовіліся, таму што немагчыма палічыць час адпусту, бо ў вечнасці няма часу.

3. За каго можна ахвяраваць адпуст?

Адпуст можна атрымаць за саміх сябе або ахвяраваць яго за кагосьці з памерлых. Ахвяраваць адпуст за іншых жывых людзей немагчыма.

Прабачэнне віны ўдзяляецца падчас споведзі толькі жывым. Дараванне наступстваў граху можна ахвяраваць за памерлых. Якраз за наступствы граху памерлыя і пакутуюць у чыстцы.

Нашыя малітвы і адпуст ніколі не бываюць марнымі: нават калі мы не ахвяруем іх за кагосьці канкрэтна, Пан Езус «перанакіруе» іх у інтэнцыі тых, каму гэта неабходна.

4. Колькі адпустаў можна атрымаць на працягу актаву ўсіх памерлых вернікаў (1–8 лістапада)?

З 1 па 8 лістапада поўны адпуст можна атрымаць за пабожнае наведванне могілак і малітву за памерлых. Гэты адпуст можна ахвяраваць толькі за памерлых.

Варта памятаць, што ў гэты перыяд адпуст можна атрымаць кожны дзень пры ўмове наведвання могілак і малітвы за памерлых. Прыняцце святой Камуніі дакладна ў гэты дзень для атрымання адпусту ў гэтым выпадку неабавязковае.

Асобна поўны адпуст можна атрымаць 2 лістапада за пабожны ўдзел у святой Імшы і малітву за памерлых. Такім чынам, 2 лістапада адпуст можна атрымаць два разы, ахвяраваўшы яго за двух памерлых.

5. Якія ўмовы атрымання адпусту?

Каб атрымаць адпуст, неабходна быць у стане асвячальнай ласкі пасля споведзі (неабавязкова спавядацца менавіта ў гэты дзень — можна зрабіць гэта загадзя), прыняць святую Камунію і памаліцца ў інтэнцыях Святога Айца (інтэнцыях, у якіх моліцца Пантыфік).

Важнай перадумовай з’яўляецца тое, што чалавек павінен быць ахрышчаны ў Каталіцкім Касцёле і не павінен быць экскамунікаваны (мець касцёльныя пакаранні).

Таксама чалавек павінен мець намер атрымаць адпуст. Калі такога ўсведамлення няма, то адпуст удзелены не будзе.

6. Якія адпусты можна атрымаць кожны дзень?

Ёсць чатыры адпусты, якія можна атрымаць кожны дзень па адным разе. Варта памятаць, што ў кожным з выпадкаў для атрымання адпусту трэба быць у стане ласкі (пасля споведзі), прыняць святую Камунію і памаліцца ў інтэнцыях Святога Айца.

А) Адпуст пасля адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту на працягу паўгадзіны. Калі чалавек на працягу паўгадзіны прымае ўдзел у адарацыі, ён атрымлівае поўны адпуст.

Такі адпуст можна атрымаць толькі адзін раз у дзень. Калі маліцца падчас адарацыі на працягу гадзіны, два адпусты чалавек не атрымае. Калі адарацыя трывае менш за паўгадзіны, то гэта частковы адпуст.

Б) Адпуст за пабожнае чытанне Святога Пісання на працягу паўгадзіны «з належным стаўленнем пашаны да Божага Слова і трактаваннем гэтага дзеяння як духоўнага чытання».

В) Адпуст за ўдзел у Крыжовым шляху. Але пры умове, што вернік удзельнічае ў ім там, дзе закладзена Крыжовая дарога са стацыямі (касцёл, Кальварыя і г.д.).

Падчас Крыжовага шляху важна не толькі чытаць прыпынкі мукі Пана Езуса, але і разважаць над імі. Варта таксама пераходзіць ад прыпынку да прыпынку, а не стаяць на месцы. Калі людзей шмат і для ўсіх магчымасці пераходзіць няма, то дастаткова, каб пераходзіў толькі той, хто вядзе Крыжовы шлях. Калі адна з гэтых умоў не выкананая, то адпуст частковы.

Маліцца, разважаючы над Крыжовым шляхам, можна і дома, але за гэта не будзе адпусту.

Г) Адпуст за прамаўленне часткі Ружанца з пяці таямніц у касцёле, у публічнай капліцы, у сям’і, законнай супольнасці або публічным зборы вернікаў.

Трэба прамовіць пяць дзясяткаў Ружанца без перапынку. Да малітвы трэба дадаваць разважанні. Таямніцы трэба называць поўнасцю: напрыклад, Таямніца першая — Малітва Езуса ў садзе Аліўным.

За такое адмаўленне Ружанца ўдзяляецца поўны адпуст. Калі магчымасці прыняць святую Камунію няма, яе можна прыняць пры бліжэйшай магчымасці.

7. Пра поўныя адпусты ў канкрэтныя дні

Ніжэй змешчаны пералік канкрэтных дзён літургічнага года, калі можна атрымаць поўны адпуст. Варта памятаць, што ў кожным з выпадкаў для атрымання адпусту трэба быць у стане асвячальнай ласкі (пасля споведзі), прыняць святую Камунію і памаліцца ў інтэнцыях Святога Айца.

1) 1 студзеня (Новы год), а таксама ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога — за пабожнае публічнае прамаўленне (або спяванне) гімну Veni Creator. Тэкст гімну павінен быць прачытаны поўнасцю;

2) у кожную пятніцу Вялікага посту пасля прачытання малітвы пасля прыняцця святой Камуніі (яе можна знайсці ў малітоўніках «Ойча наш») перад выяваю Езуса Укрыжаванага;

3) у Вялікі чацвер і ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Пана нашага Езуса Хрыста — за пабожнае прамаўленне гімну «Праслаўляй, язык, нястомна» (прынамсі два апошнія слупкі «Тамяніцу Сакрамэнту»). У Вялікі чацвер гэта робіцца пасля перанясення Пана Езуса ў цямніцу, а ва ўрачыстасць Божага Цела — пасля заканчэння працэсіі;

4) у Вялікую пятніцу за пабожны ўдзел у св. Імшы і цалаванне крыжа пасля адарацыі;

5) у Пасхальную вігілію і ў гадавіну свайго хросту падчас паўтарэння абяцанняў, дадзеных пры хросце (можна паўтарыць іх прыватна);

6) ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса за публічнае прамаўленне Акту падзякі Пану Езусу (ёсць у малітоўніку, не блытаць з малітвай «О, Езу наймілейшы, Адкупіцель роду людскога»). У іншыя дні за прамаўленне гэтай малітвы можна атрымаць часовы адпуст;

7) ва ўрачыстасць святых Апосталаў Пятра і Паўла за пабожнае цалаванне прадмету рэлігійнага культу: крыжыка, абразіка, ружанца, медаліка, шкаплера, якія благаславіць Папа ці біскуп. Пры гэтым трэба таксама прамовіць Вызнанне веры;

8) ва ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету за публічнае прамаўленне Прысвячэння роду людскога Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса («О, Езу наймілейшы, Адкупіцель роду людскога»: малітва, якая чытаецца пасля Літаніі да Найсвяцейшага Сэрца Езуса);

9) 31 снежня за публічнае прамаўленне гімну «Цябе, Бога, праслаўляем» з падзякай Богу за атрыманыя на працягу года ласкі;

10) за прыняцце Першай святой Камуніі або за пабожны ўдзел у цырымоніі Першай святой Камуніі (для бацькоў, хросных, знаёмых і г.д.);

11) за удзел у святой Імшы, якую ўпершыню цэлебруе новапрэзбітэр. Адпуст можна атрымаць толькі падчас першай такой Імшы. Таксама новапрэзбітэр можа папрасіць у Апостальскай Пэнітэнцыярыі дазвол на некалькі першых Імшаў, падчас якіх можна атрымаць поўны адпус;

12) за ўдзел у Эўхарыстычным набажэнстве, якое адбываецца на заканчэнне Эўхарыстычнага Кангрэсу;

13) за ўдзел у рэкалекцыях, якія працягваюцца прынамсі тры дні;

14) за пабожны ўдзел у некалькіх місійных навуках падчас урачыстага заканчэння парафіяльных місій;

15) за прыняцце папскага благаслаўлення Urbi et orbi (гораду і свету). Святы Айцец удзяляе яго ва ўрачыстасць Божага Нараджэння, ва ўрачыстасць Уваскрасення Пана або па сваім рашэнні. Гэтае благаслаўленне можна таксама прыняць «завочна»: падчас прамой трансляцыі па тэлевізары, у інтэрнэт-трансляцыі або па радыё;

16) пры наведванні адной з чатырох рымскіх базылік ва ўрачыстасць апекуна адпаведнай базылікі, у кожнае абавязковае свята або раз у год, калі вернік наведвае гэтую святыню;

17) за ўдзел у набажэнствах у т.зв. «стацыйных касцёлах» у Рыме (у перыяд Вялікага посту Рымская дыяцэзія кожны дзень вызначае, якая святыня будзе стацыйнай);

18) падчас пастырскай візітацыі біскупа ў парафію за ўдзел у набажэнстве;

19) за наведванне парафіяльнага касцёла ў дзень тытулярнага свята (напрыклад, у мінскай архікатэдры — 12 верасня, у касцёлах пад тытулам святых Апосталаў Пятра і Паўла — 29 чэрвеня) або 2 жніўня (свята Маці Божай Анёльскай — т.зв. агульны адпуст).

Калі касцёл носіць два тытулы, то поўны адпуст можна атрымаць толькі ва ўрачыстасць таго тытула, пад якім быў касцёл быў упершыню кансэкраваны;

20) за наведванне касцёла, у якім адбываецца Дыяцэзіяльны Сінод;

23) за пабожнае наведванне касцёла або ўшанаванне алтара ў дзень яго асвячэння;

24) за пабожнае наведванне касцёла або манаскай капліцы ў свята заснавальніка манаскага ордэна;

У наступнай частцы мы раскажам больш падрабязна пра ўмовы атрымання частковых адпустаў.

Абноўлена 26.11.2018 11:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа