Пошук

27.11.2019 17:40   Паводле: Vatican News
Фота: nationalpost.com

Візіт у Тайланд і Японію ўмацаваў блізкасць і любоў Папы да гэтых краін. Агульную аўдыенцыю, якая прайшла 27 лістапада ў Ватыкане, Пантыфік прысвяціў свайму падарожжу ў Азію.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец адзначыў, што Тайланд — старажытнае каралеўства, сёння вельмі моцна мадэрнізаванае. Ён распавёў пра свае сустрэчы з прадстаўнікамі дзяржаўных уладаў краіны і пра магчымасць скласці даніну пашаны «багатай духоўнай і культурнай традыцыі народа “прыгожай усмешкі”».

«Я ўхваліў намаганні, накіраваныя на падтрымку гармоніі паміж рознымі часткамі народа, а таксама на тое, каб эканамічнае развіццё магло быць карысным для ўсіх, каб былі залечаны раны, нанесеныя эксплуатацыяй, асабліва жанчын і дзяцей»,

— падзяліўся Папа.

«Будызм — неад’емная частка гісторыі і жыцця гэтага народа, таму я наведаў Вярхоўнага Патрыярха будыстаў, ідучы шляхам узаемнай павагі, які распачалі мае папярэднікі, на карысць пашырэння спагады і братэрства ў свеце. У гэтым кантэксце вельмі важнай стала экуменічная і міжрэлігійная сустрэча, як прайшла ў самым вялікім універсітэце краіны», — дадаў Святы Айцец.

Пантыфік высока ацаніў сведчанне Каталіцкага Касцёла ў Тайландзе, асабліва праз служэнне хворым і бедным. Ён прыгадаў пра свой візіт у Шпіталь св. Людовіка, пра сустрэчу з духавенствам і кансэкраванымі асобамі, біскупамі і мясцовымі езуітамі. Папа распавёў, што ў Бангкоку цэлебраваў дзве св. Імшы — з усім Божым народам і з моладдзю. Гэта, як заўважыў ён, дазволіла пераканацца, «што ў новай сям’і, заснаванай Езусам Хрыстом, ёсць таксама абліччы і галасы тайскага народа».

Гаворачы пра сваё падарожжа ў Японію, Святы Айцец адзначыў, што па прыбыцці ў Токіо адразу сустрэўся з мясцовымі біскупамі. З імі ён меў магчымасць абмеркаваць выклікі, што стаяць перад пастырамі «невялікага Касцёла, які з’яўляецца носьбітам жывой вады, Евангелля Езуса».

«“Абараніць кожнае жыццё” — гэта быў дэвіз майго візіту ў Японію, краіну, якая нясе на сабе раны атамных бамбардзіровак і з’яўляецца для ўсяго свету носьбітам фундаментальнага права на жыццё і мір»,

— сказаў Папа.

«У Нагасакі і Хірасіме я спыніўся на малітву, сустрэўся з тымі, хто выжыў, і сваякамі ахвяраў, зноў рашуча асудзіў атамную зброю і крывадушнасць тых, хто кажа пра мір, ствараючы і прадаючы зброю. Пасля гэтай трагедыі Японія прадэманстравала надзвычайную здольнасць змагання за жыццё; і яна засведчыла гэта таксама нядаўна, пасля “трайной катастрофы” 2011 г.: землятрусу, цунамі і аварыі на атамнай станцыі», — дадаў ён.

Па словах Святога Айца, каб бараніць жыццё, яго трэба любіць. Папа Францішак заўважыў, што ў найбольш развітых краіны існуе пагроза страты сэнсу жыцця.

«Першыя ахвяры адсутнасці сэнсу жыцця — гэта людзі маладога ўзросту, таму адна з сустрэч у Токіо была прысвечана ім. Я пачуў іх пытанні і мары, заахвоціў іх разам супрацьстаяць усім формам булізму, перамагаць страх і закрытасць, адкрываючыся на Божую любоў, у малітве і служэнні бліжняму. Іншую групу моладзі я сустрэў у Sophia University, разам з акадэмічнай супольнасцю. Гэты ўніверсітэт, як і ўсе каталіцкія навучальныя ўстановы, высока цэніцца ў Японіі», — сказаў Пантыфік.

Папа распавёў пра сустрэчу з імператарам Нарухіта, прадстаўнікамі ўладаў і дыпламатычнага корпусу, якіх заклікаў «да культуры сустрэчы і дыялогу, пазначанай мудрасцю і шырынёй далягляду».

«Застаючыся вернай сваім рэлігійным і маральным каштоўнасцям, адкрытай на евангельскае пасланне, Японія можа быць вядучай краінай на карысць больш справядлівага і мірнага свету, а таксама для гармоніі паміж чалавекам і навакольным асяроддзем», — перакананы Пантыфік.

Пастыр паўсюднага Касцёла завяршыў катэхезу заклікам даручыць яго Апостальскае падарожжа ў Тайланд і Японію Божай дабрыні і Яго Провіду.

Абноўлена 27.11.2019 17:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця