Пошук

26.11.2019 18:20   Паводле: Vatican News
Фота: smapse.ru

26 лістапада, апошні дзень свайго Апостальскага візіту ў Японію, папа Францішак правёў у Sophia University ў Токіо. Навучальная ўстанова належыць Ордэну езуітаў.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, cпачатку ва ўніверсітэцкай капліцы Папа ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы, якую канцэлебравалі яго сабраты з Таварыства Езуса. Потым ён паснедаў у кампаніі кіраўніцтва ВНУ, а затым сустрэўся з пажылымі і хворымі святарамі, прысутнымі ў абедзеннай зале, і з супрацоўнікамі цэнтра.

Сёння Sophia University — гэта адукацыйнае аб’яднанне, якое складаецца з універсітэта, калегіума, школы сацыяльнай дапамогі і чатырох сярэдніх школ.

У прамове Пантыфік, падводзячы вынікі свайго «кароткага, але інтэнсіўнага» знаходжання ў Японіі, адзначыў, што, хоць у гэтай краіне «хрысціяне з’яўляюцца меншасцю», «іх прысутнасць тут адчуваецца».

«Я таксама заўважыў, што, нягледзячы на эфектыўнасць і парадак, якія характарызуюць японскае грамадства, можна ўбачыць, што чалавек хоча і шукае нечага большага: ёсць глыбокае жаданне стварыць больш гуманнае, спачувальнае і міласэрнае грамадства», — сказаў Папа.

Святы Айцец дадаў, што, паколькі «ўніверсітэты застаюцца галоўным месцам фарміравання будучых лідараў, неабходна, каб веды і культура ў поўным аб’ёме натхнялі ўсе аспекты навучальных устаноў, робячы іх усё больш інтэграцыйнымі і здольнымі ствараць магчымасці і сацыяльна заахвочваць».

Згадваючы назву ўніверсітэта, ён адзначыў, што «чалавеку заўсёды патрэбна сапраўдная Мудрасць — Сафія, каб кіраваць сваімі рэсурсамі канструктыўна і эфектыўна». Менавіта таму «ў грамадстве, настолькі канкурэнтным і тэхналагічна арыентаваным», універсітэт «павінен быць не толькі цэнтрам інтэлектуальнай фармацыі, але і месцам, дзе можа фарміравацца лепшае грамадства і надзея на будучыню».

Пантыфік высока ацаніў гуманістычную, хрысціянскую і міжнародную накіраванасць езуіцкага ўніверсітэта.

Ён выказаў перакананне, што гэты аспект тоеснасці ВНУ будзе ўзмоцнены на карысць «больш гуманнай, справядлівай і экалагічна адказнай адукацыі».

Папа звярнуў увагу на важнасць ігнацыянскай традыцыі, якая «павінна стымуляваць як выкладчыкаў, так і студэнтаў да стварэння атмасферы, спрыяльнай рэфлексіі і праніклівасці». Ён дадаў, што «ні адзін студэнт універсітэта не павінен скончыць яго, калі не навучыцца выбіраць, адказна і свабодна, тое, што ў сваім сумленні лічыць найлепшым».

Sophia University быў заснаваны ў 1913 г. У цяперашні час тут працуе дзевяць факультэтаў, 1,4 тыс. выкладчыкаў з 21 краіны і 13 тыс. студэнтаў, у тым ліку 1,5 тыс. замежных.

Пасля сумеснай фатаграфіі з кіраўніцтвам Святы Айцец пакінуў актавую залу ўніверсітэта і на аўтамабілі накіраваўся ў аэрапорт Ханэда. У 11.35 па мясцовым часе пасля кароткай цырымоніі развітання ён адляцеў у Рым, завяршыўшы сваё 32-е замежнае падарожжа, падчас якога наведаў Тайланд і Японію.

Абноўлена 02.12.2019 15:33
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа