Пошук

02.05.2019 15:20   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by

За дзень да пачатку мая — месяца, калі ў касцёлах перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам праходзяць традыцыйныя набажэнствы на ўшанаванне Панны Марыі, — у Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай пасля рэстаўрацыі вярнулася старажытная манстранцыя.

Як сведчыць надпіс, выгравіраваны на падстаўцы, гэты важны літургічны прадмет быў зроблены 280 гадоў таму, ў 1739 г. У старажытным інвентары будслаўскага касцёла зазначана, што гэтая манстранцыя была ўпрыгожана каштоўнымі камянямі: гранатамі, рубінамі, ізумрудамі і нават дыяментамі, аднак некаторыя камяні былі страчаны ў працэсе выкарыстання або пры іншых невядомых абставінах. Былі страчаны або пашкоджаны таксама некаторыя іншыя дэталі.

Пасля амаль трох стагоддзяў літургічнага ўжытку манстранцыя патрабавала рэстаўрацыі, якую прафесійна выканаў мастак-рэстаўратар Аляксандра Петракоў, супрацоўніка Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі.

Перад гэтым майстар аднавіў старажытны будслаўскі крыж-пацыфікал, пра што мы падрабязна пісалі на нашым партале.

Вяртаючы адноўленую манстранцыю ў будслаўскі санктуарый, рэстаўратар распавёў пра тое, што было зроблена ў працэсе аднаўлення, якое, аказваецца, было ўжо не першым за амаль тры стагоддзі існавання гэтага выдатнага твора сакральнага ювелірнага мастацтва.

Перадусім неабходна было аднавіць страчаныя дэталі. У гэтым карпатлівым працэсе майстру дапамагалі элементы, якія захаваліся. Так, адламаную гронку вінаграда ўдалося зрабіць паводле ўзору такога самага элементу дэкора, які, на шчасце, захаваўся на манстранцыі.

Такое капіяванне страчаных дэталяў на ўзор тых, якія захаваліся, на прафесійнай мове рэстаўратараў называецца «рэканструкцыяй паводле аналагу».

Цікава, што найбольш крохкі элемент манстранцыі — шкло, за якое змяшчаецца Гостыя, — захаваўся з даўніх часоў. Гэтае шкло мае цікавае характэрнае адценне, крыху зацемненае, што ўласціва менавіта для налібоцкага шкла, якое варылі мясцовыя майстры.

Сама манстранцыя, нягледзячы на адсутнасць прабірных клеймаў, зроблена са срэбра высокай пробы, хоць некаторыя пазнейшыя элементы былі выкананы з менш «чыстага» металу — білону, сплаву срэбра і медзі. Металічныя дэталі манстранцыі трох колераў: срэбра, срэбра з пазалотай і цёмнае срэбра з пацінай.

Важным элементам дэкора былі каштоўныя і паўкаштоўныя камяні, а таксама ўстаўкі з каляровага шкла — так званыя стразы.

На думку Аляксандра Петракова, гэтыя ўпрыгожанні часцей за ўсё губляліся і замяняліся на іншыя.

Частку камянёў падчас рэстаўрацыі ўдалося падабраць паводле захаваных аналагаў, і пасля адпаведнай агранкі, што было даволі складаным працэсам, яны занялі сваё месца на манстранцыі.

Там, дзе немагчыма было вызначыць, якія камяні выкарыстоўваліся ў арыгінале, з’явіліся бэзавыя аметысты, якіх раней на манстранцыі не было, але якія таксама часта выкарыстоўваліся для аздаблення манстранцый, выкананых у той самы час і ў тым самым стылі.

Адрэстаўраваная манстранцыя пасля вяртання ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай у першы дзень мая ўжо зноў выкарыстоўвалася па прызначэнні.

У ёй было змешчана Цела Хрыста ў белай Гостыі падчас адарацыі і маёвага набажэнства з удзелам прадстаўнікоў рухаў і супольнасцяў Касцёла на Беларусі, сустрэча якіх праходзіла ў гэты дзень у Будславе.

 

Абноўлена 02.05.2019 15:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа