Пошук

02.05.2019 13:55   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Мікола Новікаў / Catholic.by

1 мая ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай прайшла сустрэча прадстаўнікоў рухаў і супольнасцяў Касцёла на Беларусі — першая падобная сустрэча такога маштабу.

Ініцыятарам правядзення сустрэчы стаў біскуп Юрый Касабуцкі, які падчас аплаткавай сустрэчы ў Мінску прапанаваў удзельнікам рэлігійных рухаў і супольнасцяў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі сабрацца разам, каб падзяліцца паміж сабою багаццем розных формаў духоўнага досведу.

У сустрэчы ў Будславе ўзялі ўдзел больш за паўтысячы прадстаўнікоў розных касцёльных рухаў і супольнасцяў, якія дзейнічаюць у Беларусі.

Аддаць пашану Маці Божай Будслаўскай у Нацыянальны санктуарый прыбылі ўдзельнікі рухаў Focolari, «Маці ў малітве», «Легiён Марыi», супольнасцяў «Каштоўная пярлiна» i «Хатнi Касцёл», руху «Святло-Жыццё», Шанштацкага руху, Апостальства дапамогi душам чысцовым, Таварыства Маці Божай Апякункі добрай смерці, Equipes Notre-Dame (супольнасць Маці Божай), «Сужэнскія сустрэчы», «Неакатэхуменальны шлях», а таксама iншых рэлігійных груп.

Распачалася сустрэча адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту ў будслаўскай базыліцы. Цела Хрыста ў белай Гостыі было выстаўлена ў старажытнай будслаўскай манстранцыі ўпершыню пасля таго, як гэты ўнікальны твор сакральнага мастацтва вярнуўся ў санктуарый пасля праведзенай у Мінску грунтоўнай рэстаўрацыі. Разважанні і спевы падчас адарацыі дапамагалі ўдзельнікам глыбей засяродзіцца на таямніцы Божага мацярынства Марыі — Маці Касцёла, які як містычнае Цела Хрыста з’яўляецца адной вялікай супольнасцю супольнасцяў.

Пасля адарацыі распачалася св. Імша, цэлебрацыю якой узначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр, які прыбыў у Будслаў на верталёце.

Гамілію падчас Эўхарыстыі прамовіў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, ініцыятар сустрэчы ў Будславе. Іерарх прадставіў вобраз Касцёла ў Велікодны перыяд як супольнасць апосталаў, сабраных на малітве разам з Маці Божай Марыяй.

Пры гэтым біскуп Касабуцкі звярнуў увагу на неабходнасць захавання еднасці ў адзіным Хрыстовым Касцёле, якую не можа парушаць разнастайнасць харызмаў і формаў служэння розных рэлігійных рухаў.

«Любоў і ўзаемапавага — гэта тое, што адрознівала першых хрысціянаў і прыцягвала да іх новых паслядоўнікаў. Гледзячы на іх любоў адзін да аднаго, людзі не жадалі больш жыць у нянавісці і агрэсіўнай канкурэнцыі, а хацелі навучыцца захоўваць паміж сабой мір і згоду. Яны разумелі, што магчымасць жыць так дае хрысціянам іх вера ў Езуса Хрыста, што гэта Яго моц напаўняе іх сэрца любоўю і робіць іх адкрытымі для бліжніх.

І вы таксама жывіце так, каб у сучасным свеце быць сведкамі ўваскрослага Хрыста і бязмежнай Божай любові, якая ахоплівае ўсіх людзей», — заклікаў удзельнікаў касцёльных рухаў і супольнасцяў біскуп Юрый Касабуцкі.

Пасля заканчэння св. Імшы ўдзельнікі сустрэчы скіраваліся ў новапабудаваны Дом пілігрыма, які гасцінна адчыніць свае дзверы для ўсіх, хто прыбывае ў Будслаў, каб ушанаваць Маці Божую ў Яе цудадзейным абразе.

Прадстаўнік Святога Айца ў Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр здзейсніў абрад благаслаўлення гэтага Дома пілігрыма, і цяпер ён носіць імя папы Францішка, якога так моцна чакаюць вернікі Беларусі на сваёй зямлі.

Пасля шчодрага пачастунку, прыгатаванага для ўдзельнікаў сустрэчы будслаўскімі парафіянамі, для дзяцей была прадугледжана забаўляльная праграма, а дарослыя зноў сабраліся ў святыні на Вяночак да Божай Міласэрнасці. Пасля малітвы адбылася кароткая прэзентацыя рухаў, прадстаўнікі якіх бралі ўдзел у сваёй першай сустрэчы ў санктуарыі Маці Божай Будслаўскай.

На заканчэнне сустрэчы біскуп Юрый Касабуцкі благаславіў усіх яе ўдзельнікаў на далейшы шлях, які кожнага з іх па-рознаму вядзе да адзінай мэты — Езуса Хрыста праз Яго Маці Марыю.

Пакідаючы Будслаў, удзельнікі сустрэчы шчыра дзякавалі за гасціннасць мясцовым парафіянам і іх пробашчу кс. Дзмітрыю Дубовіку. Многія пры гэтым выказвалі пажаданне, каб падобныя сустрэчы ператварыліся ў добрую традыцыю і каб дом Марыі ў Будславе стаў родным матчыным домам для прадстаўнікоў усіх рухаў і супольнасцяў Касцёла на Беларусі.

 

 

Абноўлена 02.05.2019 15:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.