Пошук

06.01.2020 08:00   Фота: Мікола Новікаў / Тэкст: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота Віктара Ведзеня

У нядзелю 5 студзеня ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі Апостальскі нунцый Габар Пінтэр узначаліў цэлебрацыю святой Імшы, падчас якой развітаўся з вернікамі нашай краіны, дзе завяршае сваю місію.

У развітальнай Эўхарыстыі ўзялі ўдзел усе беларускія біскупы на чале з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, духавенства і шматлікія вернікі.

Вітаючы ўдзельнікаў Эўхарыстыі, арцыбіскуп Габар Пінтэр, які быў прадстаўніком Святога Айца ў Беларусі з мая 2016 года, напачатку падзяліўся тым, што адчувае ў хвалюючыя хвіліны развітання:

«Мяне суправаджаюць розныя пачуцці: з аднаго боку — смутак і боль з-за таго, што я пакідаю зямлю і людзей, якія сталі мне дарагімі; з іншага боку — радасць, калі я гляджу на тое, што нам удалося дасягнуць разам у мінулыя гады. <…>

Мы перажылі разам розны досвед: добры, прыгожы, але таксама і складаны. Я веру ў вас, што вы зможаце працягнуць тое, што мы распачалі», — сказаў ватыканскі дыпламат.

А паколькі Апостальскі нунцый — гэта не толькі пасол, але таксама і біскуп, Габар Пінтэр пажадаў скласці ахвяру святой Імшы ў інтэнцыі ўсіх беларускіх вернікаў: за парафіі, рэлігійныя супольнасці і за сем’і.

Божае слова на святой Імшы прамовіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Іерарх падкрэсліў, што ў Божым Провідзе няма нічога выпадковага, і асаблівым чынам адзначыў вялікі ўнёсак сёмага ў сучаснай гісторыі Беларусі прадстаўніка Святога Айца, якім тры з паловай гады быў арцыбіскуп Габар Пінтэр, венгр па паходжанні.

«Будучы іншаземцам, Вы вельмі хутка сталі „беларусам“: вывучылі нашу мову, пазналі культуру, традыцыі і звычаі беларускага народа і Касцёла, — зазначыў арцыпастыр, звяртаючыся да Апостальскага нунцыя. — Не пабаюся сказаць, што, будучы прадстаўніком Папы, Вы сталі арганічнай часткай нашага Касцёла і беларускага грамадства. Як дзверы Нунцыятуры, будаўніцтва якой Вы завяршылі, так і дзверы Вашага сэрца заўсёды былі адкрытыя ўсім», — дадаў кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату.

Ён выказаў словы шчырай удзячнасці арцыбіскупу Габару Пінтэру за яго ўнёсак у адраджэнне і развіццё Касцёла на Беларусі, за адкрытасць, чалавечнасць і служэнне.

«Выконваючы волю Святога Айца, Вы адыходзіце, аднак застаецеся не толькі ў памяці нашага Касцёла і народа, але і ў памяці Бога, якому аддана служыце.

Няхай Божая Маці Будслаўская, якую Вы ўшаноўваеце і абраз якой змясцілі ў капліцы ў Нунцыятуры, апякуецца Вамі і выпрошвае ў свайго Сына патрэбныя ласкі для плённага служэння Касцёлу ў сонечным Гандурасе», — завяршыў гамілію пажаданнем Апостальскаму нунцыю арцыбіскуп Кандрусевіч.

Арцыбіскуп Габар Пінтэр у развітальнай прамове са свайго боку адзначыў, што, жывучы ў Беларусі, ён атрымаў досвед жывога Касцёла. Жыць, на думку іерарха, азначае радавацца, змагацца, адказваць на выклікі, перажываць смутак, прабываць у цішыні і засяроджанасці…

Радасць ён перадусім звязаў з тым, што ў беларускім Касцёле ўбачыў шмат актыўнай моладзі, якая бярэ ўдзел у жыцці сваіх парафій і адгукаецца на голас паклікання. Гаворачы пра змаганне і выклікі, арцыбіскуп, між іншым, падкрэсліў важнасць належнага выхавання духавенства і вернікаў, неабходнасць пераадольваць шкодную «спадчыну» гадоў атэізму, а таксама клапаціцца пра сем’і.

«Жыць таксама азначае перажываць смутак. Смутак — гэта не заўсёды кепска, бо ён з’яўляецца часткай нашага жыцця. <…>

Сёння я адчуваю смутак, таму што мне трэба пакінуць Беларусь і яе людзей, якіх я так палюбіў», — дадаў прадстаўнік Святога Айца, заклікаўшы не знеахвочвацца цяжкасцямі, а заўсёды спадзявацца на Божую моц і міласэрнасць. Пры гэтым ён распавёў прыпавесць пра стары збан, сэнс якой у тым, што Бог можа зрабіць вялікія рэчы нават з нашых недасканаласцяў.

Іерарх падкрэсліў, што цішыня і засяроджанасць патрэбныя ў жыцці для таго, каб знайсці сябе перад Богам, у Яго прысутнасці атрымаць сілы, падтрымку, суцяшэнне і прабачэнне. 

На заканчэнне прадстаўнік папы Францішка прывёў словы Святога Айца, які кажа, што стаць дарам для іншых надае сэнс жыццю.

«І гэта лепшы спосаб змяніць свет: мы самі змяняемся, Касцёл змяняецца, гісторыя змяняецца тады, калі мы пачынаем мяняць не іншых, а саміх сябе, робячы сваё жыццё дарам для іншых», — нагадаў ён словы Пантыфіка.

Арцыбіскуп Габар Пінтэр падзякаваў духавенству і вернікам Касцёла на Беларусі за ўсё атрыманае дабро, за супрацоўніцтва і адкрытасць, а напрыканцы запэўніў:

«Я заўсёды і ўсюды буду несці добрую славу пра ваш дарагі народ, які мне пашчасціла пазнаць у гэтыя гады. Да пабачэння!»

Абноўлена 06.01.2020 22:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа