Пошук

01.05.2019 15:09   Тэкст і фота: Мікола Гракаў / Catholic.by

1 мая ў Будславе Апостальскі нунцый арцыбіскуп Габар Пінтэр здзейсніў благаслаўленне Дома пілігрыма, які будзе насіць імя папы Францішка.

З гэтай мэтай прадстаўнік Папы ў Беларусі прыляцеў у Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай на верталёце ў суправаджэнні кс. каноніка Уладзіслава Завальнюка, ініцыятара пабудовы ў Будславе Дома пілігрыма.

Сустрэты на полі перад будслаўскай базылікай мясцовымі вернікамі і пілігрымамі, Апостальскі нунцый узначаліў перад цудатворным абразом Маці Божай св. Імшу з удзелам больш як пяці соцень прадстаўнікоў рэлігійных рухаў і супольнасцяў Касцёла на Беларусі, якія сабраліся ў першы дзень Марыйнага месяца ў галоўнай Марыйнай святыні нашай краіны на сваю першую падобную сустрэчу.

Звяртаючыся да іх, прадстаўнік Святога Айца, у прыватнасці, сказаў:

«Мы зноў сустрэліся ў доме нашай Маці і Валадаркі — Марыі, Маці Будслаўскай. Няма сумневу, што гэта Яна паклікала сёння сваіх дзяцей да сябе, таму што там, дзе нараджаецца і расце Божая справа, не можа не быць Маці.

Нагода гэтай сустрэчы ўпісаная Божым Провідам у развіццё і паглыбленне веры на нашай зямлі. Святы Ян Павел ІІ назваў хрысціянскія рухі і супольнасці, якія вы таксама прадстаўляеце, „дарам Святога Духа для нашых часоў“.

<…> Сёння мы будзем маліцца, каб хрысціянскія рухі і супольнасці былі жывымі Евангеллямі Хрыста і сведчылі жыццём пра еднасць, пра братнюю любоў, пра прымірэнне і пашану ў чалавечых адносінах, каб неслі Божую Любоў дзеля навяртання свету», — адзначыў арцыбіскуп Габар Пінтэр.

Пасля святой Імшы прадстаўнік Папы ў суправаджэнні Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага скіраваўся да Дома пілігрыма, што знаходзіцца насупраць санктуарыя. Перад абрадам благаслаўлення Апостальскі нунцый з высокай тэрасы звярнуўся да прысутных з кароткай прамовай, у якой, між іншым, падкрэсліў, наколькі важным з’яўляецца гэты аб’ект для мястэчка, выбранага Багародзіцай для свайго санктуарыя.

«Любыя браты і сёстры, сённяшні дзень сапраўды напоўнены важнымі, я б сказаў, знакавымі падзеямі не толькі для Нацыянальнага санктуарыя ў Будславе, але ў сілу таго, што ён нацыянальны, і для ўсяго Касцёла ў Беларусі», — сказаў напачатку прадстаўнік Святога Айца.

Ён дадаў, што Дом пілігрыма — гэта частка Божага плана; гэта дом, прытулак, падараваны Божым Провідам сваім дзецям, якія прыходзяць сюды шукаць збаўленне, надзею, сілы, мудрасць, радасць, сэнс.

«Гэты Дом, дарагія сябры, мае вялікі шанц быць напоўненым бацькоўскай Любоўю Айца і Маці: той самай, якою палаюць іх Сэрцы, каб пералівацца ў жыццё сваіх дзяцей. Даць гэты шанц у многім залежыць ад нас.

<…> Калі нашыя сэрцы будуць адкрытыя для Божай Любові, калі мы будзем жыць у любові братняй паміж сабой, калі будзем прымаць з любоўю таго, хто пастукаецца ў гэтыя дзверы, калі будзем прабачаць адзін аднаму, калі будзем шукаць перш за ўсё дабро для таго, хто знаходзіцца побач, не думаючы пра сябе, калі гэтыя сцены будуць чуць шчырыя словы „дзякуй“, „калі ласка“, „даруй“, і бачыць простыя жэсты: усмешку, клопат, падзяліцца хлебам, прыгатаваць гарбату, памаліцца за іншага… тысячы маленькіх жэстаў, падказаных творчай хрысціянскай любоўю, тады гэты дом сапраўды будзе домам-Сэрцам Айца і Маці, бацькоўскім домам для кожнага з нас, прытулкам, што лечыць збалелыя душы і дае адпачынак целу, тады мы ўбачым тут незлічоныя цуды Божай Любові», — завяршыў сваю прамову арцыбіскуп Габар Пінтэр.

Пасля гэтага ён благаславіў новы Дом пілігрыма ў Будславе, які з гэтага часу будзе насіць імя папы Францішка.

Абноўлена 02.05.2019 14:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця