Пошук

01.05.2019 17:17   Тэкст: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by

Фота Віталія Палінеўскага

Май месяц у Касцёле асаблівым чынам прысвечаны Маці Божай. Традыцыйныя маёвыя набажэнствы — гэта малітвы, якія на працягу гэтага прыгожага веснавога месяца праводзяць у касцёлах, а таксама каля прыдарожных каплічак і крыжоў.

Маці Божая Марыя адыграла асаблівую ролю ў гісторыі збаўлення, пра што сведчыць Святое Пісанне і аўтэнтычная хрысціянская традыцыя. Яе пасрэдніцтва мы бачым на вяселлі ў Кане Галілейскай, дзе Яна просіць свайго Сына Езуса дапамагчы маладым у складанай сітуацыі, у якую яны трапілі з-за недахопу віна. Езус не адмаўляе сваёй Маці, хоць яшчэ і не прыйшоў Яго час, каб аб’явіць сябе людзям як Месію (пар. Ян 2, 3–9).

Паміраючы на крыжы, Хрыстус не проста даручае Марыю свайму вучню. Апошнія словы Збаўцы гучаць як Ягоны запавет, у адпаведнасці з якім Марыя становіцца Маці кожнага чалавека. Таму хрысціяне слушна лічаць Марыю сваёй Матуляй, Апякункай, Суцяшальніцай і Заступніцай, якая, як праводная зорка, вядзе сваіх дзяцей праз бурлівае мора жыццёвых выпрабаванняў да надзейнага порту — свайго Сына Езуса Хрыста, адзінага пасрэдніка перад Айцом.

Фрэска Джотта "Укрыжаванне Хрыста". Ілюстрацыя з www.infocentereurope.ru

Асаблівая роля Марыі ў гісторыі збаўлення вызначае Яе асаблівае месца ў хрысціянскім жыцці і ў кульце Касцёла, які аддае Марыі пашану як першай сярод усіх святых, вышэйшай за анёлаў.

Здаецца, у зялёным, квітнеючым маі, які называецца таксама «траўнем», прыгажосць прыроды асабліва моцна ўплывае на чалавека і яго эстэтычнае пачуццё. Квецень і водар садоў, птушыныя спевы, пяшчотнае цяпло веснавога сонейка… Май, як ніводзін іншы месяц, найлепш адпавядае хараству Панны Марыі — найпрыгажэйшай Кветкі зямлі.

Нягледзячы на тое, што звычай маёвых набажэнстваў у сваім сучасным выглядзе распаўсюдзіўся адносна нядаўна — з сярэдзіны ХІХ ст., — ягоныя карані сягаюць значна глыбей у гісторыю хрысціянства. Паходжанне гэтага набажэнства выводзіцца з хваласпеваў у гонар Панны Марыі, вядомых на Усходзе з V ст.

Хоць на Захадзе ўжо ў першым тысячагоддзі месяц май пачалі асаблівым чынам звязваць з ушанаваннем Багародзіцы, аднак гэта быў толькі пачатак доўгага шляху развіцця нашай прыгожай традыцыі.

Ілюстрацыйная выява з pixabay.com

Лічыцца, што адным з першых, хто гэтаму паспрыяў, быў кароль Іспаніі Альфонс X (†1284). Пабожны манарх, які сам часта ўдзельнічаў у марыйных набажэнствах, заклікаў да гэтага таксама сваіх падданых. Уласным прыкладам ён заахвочваў іх у маі збірацца ўвечары на супольную малітву каля фігур Маці Божай.

Да распаўсюджвання маёвых набажэнстваў асаблівым чынам прычыніўся таксама благаслаўлёны Генрых Сузо (†1366), вучань Мейстэра Экхарта і сябра Ёгана Таулера — вядомых містыкаў сярэднявечча. У маладосці ён часта ў маі збіраў кветкі дзеля таго, каб упрыгожваць імі фігуру Маці Божай. Пазней гэты нямецкі містык удастоіўся сузіраць тое, як ушаноўваюць Багародзіцу анёлы ў нябеснай хвале.

Росквіт культу маёвых набажэнстваў у Касцёле звязаны з выхадам у свет кнігі пад назвай «Духоўны май».

У гэтым творы, надрукаваным у 1549 г. у Германіі, упершыню май быў названы «месяцам Марыі». Уздым пашаны да Багародзіцы стаў рэакцыяй на скажэнне Яе ролі ў гісторыі збаўлення, што адбывалася ў тыя часы ў працэсе рэфармацыі.

Ілюстрацыйная выява з pixabay.com

Пазней святы Філіп Нэры (†1595) збіраў дзяцей, каб спяваць пабожныя песні каля абразоў і фігур Маці Божай. Яны не толькі ўшаноўвалі Панну Марыю сваім спевам, але таксама прыносілі Ёй у дар прыгожыя кветкі і свае добрыя намеры і пастановы.

У XVII–XVIII ст. маладыя навіцыі дамініканскага ордэну мелі звычай збірацца ў маі на супольную малітву перад выявамі Панны Марыі. Далейшаму развіццю і распаўсюджванню маёвага набажэнства ў XVIII ст. вельмі моцна паспрыялі айцы ордэна езуітаў, а папа Пій VII устанавіў за ўдзел у гэтым набажэнстве адпуст.

У сярэдзіне ХІХ ст. папа Пій ІХ акрэсліў форму маёвага набажэнства. Яно складалася з Ларэтанскай літаніі да Найсвяцейшай Панны Марыі, казання святара і благаслаўлення Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Таксама і сёння цэнтральная частка маёвага набажэнства — гэта літанія да Найсвяцейшай Панны Марыі.

Фота Віталія Палінеўскага

Маёвыя набажэнствы на ўшанаванне Маці Божай — гэта ўнікальная магчымасць праз малітву, спеў і ціхую асабістую размову даверыць Нябеснай Маці свае справы і клопаты, просячы Яе, каб з матчынай любоўю Яна прадставіла іх свайму Сыну. Прыклад Марыі — гэта самы надзейны шлях, які вядзе да Езуса, а Яе заступніцтва надае малітве хрысціянаў асаблівую моц і скіроўвае яе непасрэдна да Бога.

Абноўлена 26.06.2019 18:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа