12 сакавіка ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай пасля грунтоўнай рэстаўрацыі вярнуўся ўнікальны крыж-пацыфікал з рэліквіямі святых.
На наступны дзень пробашч парафіі ў Будславе кс. Дзмітрый Дубовік з гэтым адноўленым рэлікварыем прывітаў у святыні Апостальскага нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра, які ў будслаўскай базыліцы ўзначаліў цэлебрацыю св. Імшы ў гадавіну абрання папы Францішка.
Пацыфікал — слова паходзіць з лацінскай мовы і азначае «чыніць супакой». Гэты літургічны прадмет прыйшоў на змену пацалунку супакою, што перадаваўся падчас св. Імшы духавенствам. Ён выглядаў у форме таблічкі з падстаўкай, якую давалі цалаваць вернікам. З ХІІІ ст. пацыфікалы набылі форму шчыта, крыжа або манстранцыі, і ў іх пачалі захоўваць рэліквіі. Як і раней, пацыфікал даюць вернікам для пацалунку ў асабліва ўрачыстыя моманты, а таксама выкарыстоўваюць у цырымоніі прывітання біскупаў.
Паводле старажытных інвентарных вопісаў, у будслаўскім санктуарыі было прынамсі два пацыфікалы: адзін з рэліквіямі Святога Крыжа, а другі з рэліквіямі св. Яна з Дуклі.
З цягам часу рэліквіі ўсярэдзіне пацыфікала былі заменены, але сам рэлікварый у форме крыжа захаваўся, хоць і патрабаваў рэстаўрацыі.
Партал Cathilic.by узяў інтэрв’ю ў мастака-рэстаўратара Аляксандра Петракова, супрацоўніка Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, які ўжо больш за 20 гадоў займаецца рэстаўрацыяй старажытных твораў мастацтва. Менавіта ён аднавіў крыж-рэлікварый з Будслава.
— Аляксандр, калі і з чаго быў зроблены будслаўскі пацыфікал, які Вы рэстаўравалі?
— Твор дакладна датаваны XVII ст., але гэта даволі вялікі адрэзак часу. Па некаторых характэрных рысах я магу меркаваць, што ён быў зроблены на пачатку XVII, а магчыма, нават напрыканцы XVI ст.
Такім чынам, будслаўскаму пацыфікалу пайшла ўжо пятая сотня гадоў.
Рэлікварый зроблены ў нямецкіх традыцыях: у той час Германія была найбольш значным цэнтрам мастацкай апрацоўкі каштоўных металаў, перадусім нямецкія гарады Аўгсбург, Нюрнбург і Браўншвейг. Нават калі гэты канкрэтны пацыфікал быў зроблены ў Рызе або ў Вільні, дзе таксама былі някепскія майстры, пры яго вырабе выкарыстоўваліся нямецкія прыёмы і элементы аздаблення.
Крыж зроблены са срэбра высокай пробы — каля 925, а магчыма, нават вышэй, і часткова пазалочаны ртутным метадам. На аснове ртуці рабілася залатая амальгама, якая наносілася на метал. Потым на вуглях ён награваўся: ртуць выпарвалася, а золата заставалася, дыфундаваўшы ў паверхню. На нашым крыжы — вельмі тоўсты слой золата, які цудоўна захаваўся, што сведчыць пра тое, што на яго не шкадавалі сродкаў.
— Ці ёсць на ім нейкія цікавыя элементы аздаблення?
— Крыж аздоблены вельмі густоўна і з сэнсам. Мы бачым на ім далікатны раслінны арнамент, без нагрувашчвання элементаў дэкору. Акрамя таго, на ім ёсць устаўкі з каралаў і маціцы, або перламутру. Такое ўражанне, што менавіта гэтыя матэрыялы выкарыстаны невыпадкова. Я ўжо казаў, што на выраб крыжа не шкадавалі сродкаў, таму яго маглі аздобіць і іншымі каштоўнымі камянямі. Але тут прасочваецца пэўная канцэпцыя: у аздабленні рэлікварыя выкарыстаны марскія мінералы жывёльнага паходжання.
Колер каменьчыкаў — крывавы і перламутравы, — магчыма, павінен нагадваць кроплі крыві Збаўцы, а таксама кроў і ваду, што праліліся з Яго прабітага дзідай боку.
У рэлікварый таксама ўстаўлена вельмі прыгожае шкло: з зацямненнем, з пузыркамі паветра. Яно нагадвае славутае ўрэцкае шкло.
— Як моцна быў пашкоджаны будслаўскі пацыфікал і наколькі складаным стаў працэс яго рэстаўрацыі?
— Рэстаўраваць крыж было няпроста. Гэта была ўжо не першая рэстаўрацыя: да мяне рэлікварый прынамсі тройчы грунтоўна рамантавалі. У выніку ніжняя частка крыжа — менавіта самога крыжа, а не падстаўка, — была цалкам заменена: тая, якую мы сёння бачым, была выраблена ў XVIII ст. На яе таксама ртутным метадам была нанесена пазалота.
Сам гэты метад змяняе хімічныя ўласцівасці метала, і ён становіцца больш крохкім. Утвараюцца мікраразрывы, якія з часам становяцца пашкоджаннямі. З цягам часу некаторыя элементы былі заменены на іншыя, хоць асноўная частка захавалася ў сваім першасным выглядзе.
Відаць, промні «ўкрыжаванага сонца», што сыходзяць з сярэдзіны крыжа, — адзін з найбольш позніх элементаў.
Яны не супадаюць з першапачатковымі адтулінамі, якія захаваліся на рэлікварыі, а гэта значыць, што калісьці там былі нейкія іншыя элементы. Таксама і выявы евангелістаў і анёлаў вакол укрыжавання больш познія — прыблізна XVIII ст. Пад імі — арыгінальны раслінны арнамент, і калісьці там таксама былі каменьчыкі.
У рэшце рэшт, адзін з папярэдніх майстроў, які рамантаваў будслаўскі пацыфікал, настолькі моцна скляпаў усе элементы — і старажытныя, і дададзеныя пазней, — што ў выніку атрымалася практычна неразборная канструкцыя.
Спатрэбілася шмат часу і намаганняў на тое, каб акуратна ўсё аднавіць: гэтая карпатлівая праца заняла некалькі месяцаў.
Усё, што я рабіў, вельмі падрабязна занатоўваў і фіксаваў, каб для нашчадкаў захавалася як мага больш інфармацыі і пра сам твор, і пра зробленую рэстаўрацыю.
У працэсе некаторыя дэталі былі ўмацаваныя, некаторыя — цалкам адноўленыя. Я некалькі разоў разбіраў і зноў збіраў пацыфікал, каб ім можна было карыстацца.
Гэта — не музейны экспанат, а літургічны прадмет, які будзе надалей выкарыстоўвацца ў касцёле, дзеля чаго ён і быў зроблены. Яго месца — не ў музеі, а ў святыні.
Магчыма, нават пры касцёле маглі б быць такія музеі, дзе можна было б убачыць творы сакральнага мастацтва, і пры гэтым яны працягвалі б выкарыстоўвацца ў літургічных мэтах.
— Аляксандр, да якога стыля адносіцца наш пацыфікал і наколькі ён унікальны?
— Будслаўскі крыж-рэлікварый выкананы ва ўласцівым канцу XVI – пачатку XVIІ ст. мастацкім стылі маньерызму. У ім пакуль няма канчаткова сфармаваных характэрных адметнасцяў барока і яшчэ чуваць рэха Адраджэння.
Мне даводзілася бачыць нямала такіх твораў, але… у заходнееўрапейскіх музеях.
У Беларусі, калі і існуе штосьці падобнае, то такія творы можна пералічыць на пальцах адной рукі.
Мне даводзілася рэстаўраваць крыжы, манстранцыі і рэлікварыі, аднак з рэлікварыем у форме крыжа я сустрэўся ў сваёй практыцы ўпершыню. Гэта, безумоўна, унікальны твор сакральнага мастацтва.
— Што Вы адчувалі, калі займаліся яго рэстаўрацыяй? Ці было адчуванне, што дакранаецеся да святой рэчы?
— Я сам праваслаўны, веруючы, аднак гэта не перашкаджае мне адчуваць прысутнасць Бога і ў касцёле. Наогул, рэстаўраваць рэлікварый мне было вельмі прыемна, хоць часам складана. Я заўсёды малюся ў працэсе працы, і Бог мне дапамагае рабіць яе на Яго хвалу.