Пошук


13 сакавіка, у шостую гадавіну абрання на пасад св. Пятра папы Францішка, яго прадстаўнік у нашай краіне Апостальскі нунцый арцыбіскуп Габар Пінтэр узначаліў св. Імшу ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай.

Пробашч парафіі ў Будславе кс. Дзмітрый Дубовік сустрэў Апостальскага нунцыя каля ўваходу ў санктуарый са старажытным пацыфікалам — крыжам-рэлікварыем з рэліквіямі святых, які толькі ўчора вярнуўся ў святыню пасля рэстаўрацыі (пра гэта ў бліжэйшы час на партале Catholic.by з’явіцца спецыяльны рэпартаж).

Адзначыць гадавіну абрання папы Францішка разам з яго прадстаўніком у нашай краіне да Маці Божай Будслаўскай прыбылі таксама канонікі Мінскага катэдральнага капітулу і іншыя святары.

У прывітальным слове да прысутных у святыні духоўных і кансэкраваных асобаў, а таксама мясцовых парафіянаў і гасцей арцыбіскуп Пінтэр адзначыў, што папа Францішак — гэта чалавек з вялікім сэрцам і каласальным заданнем, таму на кожнай сустрэчы, аўдыенцыі, у прамовах і інтэрв’ю, падчас візітаў па свеце ён заўсёды паўтарае: «Прашу вас, маліцеся за мяне».

«Нацыянальны санктуарый у Будславе — гэта адпаведнае месца для такой малітвы, — зазначыў прадстаўнік Папы ў Беларусі. — Гэты касцёл мае ганаровы тытул малой базілікі, які надаецца некаторым святыням, каб падкрэсліць іх шчыльную сувязь са Святым Айцом і Апостальскім Пасадам».

Стоячы пры алтары каля цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай, Папскі легат заклікаў аддаць пад Яе апеку папу Францішка і прасіць, каб Яна сваёй Матчынай любоўю атуляла кожную хвіліну яго жыцця і дапамагала яму следам за апосталам Пятром весці Касцёл да Збаўлення.

У прамоўленай гаміліі прадстаўнік Святога Айца шырэй раскрыў сэнс місіі бачнага кіраўніка Касцёла — Пятра нашага часу, якім з’яўляецца папа Францішак.

«Невыпадкова кардынал Бэргольё, стаўшы Папам, выбраў імя Францішак. Не толькі для таго, каб падкрэсліць сваю еднасць з беднымі і маленькімі, але асабліва таму, што ён адчувае місію Францішка Асізскага як сваю ўласную.

„Францішак, аднаві Мой Касцёл“, — прасіў Езус святога з Асізі восем стагоддзяў таму. Сёння місія папы Францішка — гэта перадусім духоўная рэформа, духоўнае аднаўленне Касцёла», — сказаў Апостальскі нунцый.

Іерарх дадаў, што Папа збірае каля сябе добрыя сілы — як унутры Касцёла, так і па-за ім, — і ў той жа час супраць яго ўздымаецца хваля зла.

«У сваёй місіі на працягу ўжо шасці гадоў Святы Айцец не кіраваўся гатовай, распрацаванай пры стале абстрактнай тэорыяй. <…> Ён прымае рашэнні ў капліцы, а не ў кабінеце», — падкрэсліў арцыбіскуп Пінтэр.

Прадстаўнік Папы лічыць, што папа Францішак выклікае супраціў унутры Касцёла і па-за ім, паколькі ў аснове яго пантыфікату ляжыць вера ў тое, што Бог не перастае дзейнічаць у свеце, а Касцёл «не папракае людзей за іх слабасці і раны, але лечыць іх лекам міласэрнасці».

Між тым некаторыя людзі лічаць, што Бог адышоў, аддаліўся, што свет стаў ахвярай зла, і таму Касцёл павінен выйсці са свету і трымацца здалёк: чыстым і прыгожым. А папа Францішак хоча, каб Касцёл быў заўсёды адкрытым для свету, каб усе людзі маглі прыходзіць у яго, але перш за ўсё, каб сам Хрыстус мог выходзіць да людзей, а не заставацца зачыненым за дзвярыма святыняў.

«Паводле вучэння Евангелля, Касцёл таксама, як Хрыстус, павінен выйсці да людзей на вуліцы, забрудзіць рукі, а магчыма, нават параніцца.

Праціўнікі такога бачання Касцёла атакуюць Папу, які разумее хрысціянскую місію як „полымя“, якое разыходзіцца і разгараецца ўсюды, а яны бачаць Касцёл толькі як „маяк“, які стаіць нерухома і прыцягвае да сябе іншых, але не ідзе з імі па дарогах жыцця», — сказаў Апостальскі нунцый.

«Дарагія браты і сёстры, мы сабраліся тут, каб адзначыць гадавіну абрання папы Францішка на Апостальскі Пасад. Сёння мы молімся за яго і ў той жа час хочам ушанаваць яго, таму што запаведзь кажа: „Шануй бацьку свайго і маці сваю“, а Святы Айцец з’яўляецца нашым духоўным айцом.

Адзін са спосабаў шанавання бацькоў — слухацца іх, як гэта робяць дзеці. Бацькі любяць сваіх дзяцей і хочуць лепшага для іх.

Мы таксама, калі сапраўды жадаем шанаваць Папу, павінны слухацца яго, ідучы за яго прыкладам», — заахвоціў удзельнікаў Эўхарыстыі прадстаўнік папы Францішка ў Беларусі.

На заканчэнне св. Імшы кс. Дзмітрый Дубовік, дзякуючы Апостальскаму нунцыю за супольную малітву ў Нацыянальным санктуарыі, запэўніў прадстаўніка Святога Айца ў тым, што мясцовыя вернікі не толькі чакаюць візіту Папы ў Беларусь, але і рыхтуюцца да яго, паколькі вераць, што гэты візіт калісьці абавязкова адбудзецца.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.