Пошук


22 лістапада, ва ўспамін св. Цэцыліі, панны і мучаніцы, у мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі прайшла пастырская сустрэча духавенства і кансэкраваных асобаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Сустрэча распачалася з літургіі гадзінаў, пасля чаго кс. пралат Андрэй Стэцкевіч прамовіў духоўную канферэнцыю, у якой засяродзіўся на эфектыўнасці душпастырскіх захадаў, якія духавенства ажыццяўляе ў працы з моладдзю. Дасведчаны святар  параіў сваім братам менш разлічваць у гэтай справе на сябе і свае здольнасці, а больш давяраць Богу ў духу італьянскага святара дона Даліндо Руотала, паўтараючы за ім: «Езу, Ты сам гэтым займіся». Менавіта трывалая малітва святароў, на думку кс. прэлата, паспрыяе духоўнаму адраджэнню беларускага народа, што сёння так неабходна.

Пасля адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой удзельнікі сустрэчы мелі магчымасць прыступіць да сакрамэнту паяднання, распачалася цэлебрацыя св. Імшы, якую ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. У прамоўленым Божым слове іерарх засяродзіўся на асобе святой Цэцыліі — панны і мучаніцы, якая ў Касцёле лічыцца апякункай музыкаў і спевакоў.

«Сваім жыццём св. Цэцылія праспявала найпрыгажэйшую песню на хвалу Бога, — падкрэсліў арцыбіскуп. — Кампазітары добра ведаюць, што для стварэння шматгалоснага музычнага твору неабходна валодаць мастацтвам кантрапункту — уменнем адначасовага выканання двух або некалькіх меладычных ліній у розных галасах такім чынам, каб усё гучала прыгожа і гарманічна.

Каб жыццё чалавека стала песняй для Бога, патрэбна мастацтва „духоўнага кантрапункту“: так любіць, так верыць, так працаваць, так цешыцца і смуткаваць, так узрастаць, старэць і паміраць, каб у жыцці не было дысгармоніі, але каб усё гучала на хвалу Пана», — падкрэсліў іерарх.

З нагоды ўспаміну св. Цэцыліі пастыр Мінска-Магілёўскага Касцёла пажадаў харыстам, кіраўнікам хораў і ўсім тым, хто спявае на хвалу Бога, каб праз заступніцтва іх нябеснай апякункі Найвышэйшы благаслаўляў іх у служэнні. Разам з тым арцыбіскуп звярнуў увагу на тое, што не паўсюль і не заўсёды літургічны спеў у парафіях знаходзіцца сёння на належным узроўні.

«Можа не быць вялікага хору, але, напэўна, у кожнай парафіі ёсць маладыя людзі, якія добра спяваюць і граюць на музычных інструментах. Яны часта вучацца ў музычных школах і імкнуцца браць актыўны ўдзел у парафіяльным жыцці. Яны могуць арганізаваць спевы ў нядзелю. Аднак ім трэба дапамагчы падрыхтавацца да гэтага», — сказаў арцыпастыр. Паколькі ў музычнай школе няма магчымасці атрымаць належную літургічную падрыхтоўку, іерарх заахвоціў браць удзел у Музычнай майстэрні, дзе штогод спецыялісты дапамагаюць здольнай моладзі рэалізаваць свае таленты ў жыцці Касцёла.

Арцыбіскуп Кандрусевіч таксама падкрэсліў, што сёння, калі ўсё больш сціраецца мяжа паміж sacrum і profanum, людзям бывае складана зразумець, што Касцёл не можа быць адкрыты для кожнага тыпу музыкі.

«Касцёл — гэта не канцэртная зала, а месца праслаўлення Бога і сустрэчы з Ім. Таму святыня не можа выкарыстоўвацца для свецкіх мэтаў. Тут не можа быць нічога іншага, акрамя таго, што служыць праслаўленню Бога і духоўнай карысці чалавека», — сцвердзіў іерарх.

 

Да гэтай тэмы ён яшчэ раз вярнуўся падчас арганізацыйнай часткі сустрэчы, нагадаўшы, што пры правядзенні ў касцёлах канцэртаў духоўнай музыкі неабходна кіравацца спецыяльнай інструкцыяй Святога Пасаду.

Акрамя таго, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падзяліўся з прысутнымі тым, што адбывалася на Сінодзе Біскупаў, прысвечаным моладзі, у якім ён браў удзел у якасці прадстаўніка беларускага епіскапату.

Іерарх таксама з жалем адзначыў, што сёння беларускія ўлады прыхільна ставяцца да гендарнай ідэалогіі. Такую выснову ён зрабіў па выніках свайго ўдзелу ў VI форуме «Святасць мацярынства», які праходзіў 14–15 лістапада ў Палацы Рэспублікі ў Мінску.

Кіраўнік беларускага епіскапату прадставіў духавенству Міншчыны і Магілёўшчыны пастановы апошняга пасяджэння ККББ, якое прайшло 15 лістапада ў Віцебску.

Сярод іх асаблівай увагі залугоўвае стварэнне касцёльнай камісіі па справах абароны малалетніх, старшынёй якой быў прызначаны кс. канонік Дзмітрый Пухальскі. Касцёльным кансультантам па юрыдычных пытаннях беларускія біскупы прызначылі кс. Андрэя Зноску, які будзе сачыць за юрыдычнай сітуацыі Касцёла ў Беларусі з мэтай вырашэння ўсіх складаных сітуацый і непаразуменняў у адносінах з органамі дзяржаўнай улады. Акрамя таго, беларускія каталіцкія біскупы вырашылі адрадзіць у нашай краіне старажытнейшы інстытут сталага дыяканату, які існуе ў Касцёле з апостальскіх часоў.

На ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету, калі ў касцёлах збіраюцца ахвяраванні на духоўныя семінарыі, ККББ падрыхтавала спецыяльны ліст, які ў гэты дзень неабходна прачытаць падчас кожнай св. Імшы.

25 лістапада ва Украіне пройдуць памятныя мерапрыемствы з нагоды 85-й гадавіны арганізаванага савецкімі ўладамі генацыду украінскага народа — галадамору. У сувязі з гэтым арцыбіскуп заклікаў таксама святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі маліцца ў інтэнцыі ахвяраў гэтай страшэннай трагедыі.

Наступная пастырская сустрэча духавенства і кансэкраваных асобаў пройдзе ў Мінску 20 снежня ў касцёле св. Яна Хрысціцеля (Серабранка).

Абноўлена 22.11.2018 19:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця