Пошук

08.09.2018 08:08   Дк. Артур Ляшнеўскі / Мікола Гракаў / Catholic.by

Сённяшняй публікацыяй у свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі мы завяршаем цыкл матэрыялаў, прысвечаных узнёслай і трагічнай гісторыі цудатворнага абраза Маці Божай Бялыніцкай і санктуарыя, які калісьці называлі беларускай Чэнстаховай.

Заканчэнне. Пачатак — ТУТ>>>

Вядома, што ў віры гістарычных перыпетыяў і пераследу — спярша з боку царызму, потым — злачыннага савецкага атэізму — перасталі існаваць кляштар кармэлітаў і велічная святыня санктуарыя ў Бялынічах.

Але што ж сталася з самой цудадзейнай іконай Маці Божай Бялыніцкай, каранаванай папскімі каронамі? Як склаўся лёс намаляванага анёлам абраза Багародзіцы, які прынёс паратунак абаронцам Ляхавіцкага замка і не загінуў нават у страшэнным пажары 1859 г.? Паспрабуем разабрацца ў гэтай заблытанай, амаль дэтэктыўнай гісторыі.

Напалеон Орда. Бялыніцкі касцёл Маці Божай Шкаплернай і кляштар кармэлітаў

Паводле адной версіі, апошні бялыніцкі пробашч кс. Люцыян Гадлеўскі, ведаючы жаданне расійскіх імперскіх уладаў завалодаць святыняй, схаваў арыгінал іконы, замяніўшы яе ў алтары копіяй. Старажылы апавядалі, што схаваны абраз чакаў «лепшых часоў» у патаемных сутарэннях кляштара.

Іншая версія кажа, што арыгінал усё ж такі быў у касцёле падчас канфіскацыі святыні царскімі сатрапамі. Пасля ліквідацыі праваслаўнага манастыра бальшавікамі абраз з пераробленага ў царкву бялыніцкага касцёла трапіў у экспазіцыю Магілёўскага краязнаўчага музея, дзе захоўваўся разам з крыжам св. Ефрасінні Полацкай.

Але ў віхуры вайны абедзве вялікія святыні нашага народа таямнічым чынам зніклі і сляды іх згубіліся…

На выяве: Крыж Ефрасініі Полацкай

Абраз Маці Божай Бялыніцкай сёння вядомы ў Беларусі і за яе межамі ў шматлікіх копіях — спісах, якія ўшаноўваюцца вернікамі як у касцёлах, так і ў праваслаўных цэрквах.

Сярод найбольш вядомых спісаў цудатворнай іконы — абраз з царквы ў в. Сноў Нясвіжскага раёна (XVII ст., цяпер — у фондах музея старажытнабеларускай культуры Акадэміі навук); абраз з в. Каменка Шчучынскага раёна (XVIII ст.); абраз, які знаходзіцца ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя Паўла Масленікава (XVIII–XIX ст.); абраз у в. Новы Двор Шчучынскага раёна (XIX ст.); абраз у касцёле кармэлітаў у в Гудагай Астравецкага раёна (XIX ст.), а таксама абраз, які знаходзіцца ў сучаснай бялыніцкай праваслаўнай царкве. Акрамя таго, іканапісныя выявы Бялыніцкай Панны ўшаноўваюць у польскіх санктуарыях у Варшаве-Лешна (адноўлены арыгінал страчанай копіі 1641 г.), у Волі-Гулоўскай, у Ліпю.

Такая колькасць захаваных копій цудатворнай іконы сведчыць пра яе папулярнасць і пра шырокую распаўсюджанасць культу Маці Божай Бялыніцкай ва ўсёй Рэчы Паспалітай.

Касцёл Перамянення Пана ў в. Новая Мыш

Асобнага ўспаміну заслугоўвае яшчэ адна выява Бялыніцкай Мадонны, якая знаходзіцца ў Беларусі. Гэта абраз, які захоўваецца ў касцёле Перамянення Пана ў вёсцы Новая Мыш (Баранавіцкі дэканат). У гэтым касцёле ХІХ ст., пабудаваным у стылі класіцызму, захаваліся ўнікальныя барочныя алтары, перавезеныя сюды з зачыненага абацтва бэнэдыктынак у Нясвіжы.

У 1995 г. у касцёле ў Новай Мышы здарыўся пажар. Алтары былі моцна закураны, і каб іх аднавіць, спатрэбіліся сур’ёзныя рэстаўрацыйныя працы.

Калі рэстаўратары працавалі ў святыні, за абразом Унебаўзяцця Маці Божай у адным з бакавых алтароў іх вачам адкрылася іншая ікона. Гэта была выява Маці Божай Бялыніцкай.

Цудоўная выпадковая знаходка, якая пакуль лічыцца копіяй цудатворнага абраза, была вельмі падобнай да апісанняў арыгіналу іконы.

Інтэр'ер касцёла ў Новай Мышы. Ікона Маці Божай Бялыніцкай размешчана ў бакавым алтары справа

Чаму гэты абраз быў закрыты іншай выявай? Калі гэта была толькі копія, чаму яе проста не замянілі, не перавесілі ў іншае месца, а закрылі другім абразом, як раней нярэдка рабілі з асабліва шанаванымі іконамі, напрыклад, у Гродне (Маці Божая Кангрэгацкая), у Браславе (Маці Божая Валадарка Азёраў), у той самай Чэнстахове? А можа, той абраз хтосьці проста хацеў схаваць?..

Гэтыя пытанні схіляюць да думкі, што, магчыма, у Новай Мышы быў знойдзены страчаны арыгінал цудатворнага абраза. Канечне, для таго, каб гэта дакладна сцвердзіць, неабходныя доказы з боку гісторыкаў і мастацтвазнаўцаў. Аднак нават калі гэта і не арыгінал, то, напэўна, адна з найбольш ранніх і найдакладнейшых копій. Акрамя таго, гэтая выява таксама была ў пашане ў вернікаў, пра што сведчыць тое, як яна захоўвалася.

Для вернікаў, шанавальнікаў Маці Божай аўтэнтычнасць іконы можа быць пацверджана цудамі, якія адбываюцца каля святыні праз заступніцтва Багародзіцы.

Таму варта прасіць Нябесную Матулю аб новых ласках, у якіх Яна ніколі не адмаўляе сваім дзецям.

Такім чынам не выключана, што абраз Маці Божай Бялыніцкай цяпер знаходзіцца ў касцёле ў Новай Мышы, а магчыма, прыйдзе час і Марыя сама цудоўным чынам аб’явіць нам яго месцазнаходжанне. Выснова адна: мы, сённяшнія беларускія вернікі, не маем права забыцца пра Бялынічы, пра нашу «Чэнстахову», пра стагоддзі гісторыі, веры, цудаў. Марыя паставіла свой трон таксама на нашай зямлі, каб шчодра адорваць Божымі ласкамі ўсіх тых, хто з даверам аддаецца Яе матчынаму заступніцтву. Адраджэнне бялыніцкага санктуарыя — гэта ганаровая місія нашага народа і сыноўскі абавязак перад Нябеснай Маці.

Цёмныя сілы ўсяляк намагаліся знішчыць памяць пра гэтае святое месца. Аднак, разбурыўшы муры святыні, яны не разбурылі веры ў чалавечых сэрцах. У сэрцах, з якіх будуецца жывая святыня Божага Касцёла, што ніколі не перамогуць брамы пекла.

Абноўлена 28.08.2020 16:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.