У суботу пасля ўрачыстасці Найсвяцейшага Сэрца Езуса адзначаецца ўспамін Беззаганнага Сэрца Марыі. У гэты марыйны дзень мы працягваем публікацыю гісторыі цудатворнага абраза Маці Божай Бялыніцкай, якую распачалі ў сакавіку.
У 1742 г. драўляныя будынкі кляштара кармэлітаў у Бялынічах знішчыў пажар. Наступныя ўладальнікі мястэчка, Агінскія, паклапаціліся пра пабудову мураванай святыні і кляштарнага комплекса з больш трывалага матэрыялу. Пасля больш чым 100-гадовай адсутнасці Найсвяцейшай Апякункі мястэчка, падчас якіх здарыўся, між іншым, цуд у Ляхавіцкім замку, святыня вяртаецца ў Бялынічы. Дата вяртання абраза дакладна невядомая. Некаторыя крыніцы адносяць гэтую падзею да 1760 г., аднак замала гістарычнай дакументацыі, каб гэта пацвердзіць.
На вяртанне славутай іконы ўскосна ўказвае той факт, што менавіта ў гэты час было прыспешана будаўніцтва новага касцёла, і ў 1763 г. яно было ўжо цалкам завершана.
Новы храм быў узведзены ў стылі позняга барока ў выглядзе трохнававай крыжова-купальнай базылікі. Галоўны фасад упрыгожвалі дзве вежы і фігурны франтон з фігурай Хрыста, які трымае крыж. Над скрыжаваннем галоўнай навы і трансэпта ўзвышаўся манументальны купал з вежачкай-ліхтаром у звянчэнні.
Гэта быў сапраўдны архітэктурны цуд на мясцовых землях.
Сілуэт святыні быў відаць здалёк на вялікай адлегласці, нібы маяк для пілігрымаў, якія ішлі ўшанаваць святыню, што як быццам паказваў ім канчатковую мэту зямнога вандравання — Нябеснае Валадарства. Марыя атрымала годны дом, які стаў месцам новых цудаў і незлічоных ласкаў.
Культ Маці Божай Бялыніцкай пашыраецца за межы Вялікага Княства Літоўскага. Цуд у Ляхавіцкім замку, а таксама шматлікія аздараўленні і ласкі, якія атрымлівалі людзі каля гэтай іконы Багародзіцы, паспрыяў зацвярджэнню гэтага культу Святым Пасадам, які дазволіў каранаваць выяву Панны Марыі папскімі каронамі, што стала выразам прызнання Касцёлам цудатворнасці іконы і вялікай пашаны да яе з боку вернікаў.
Папа Бэнэдыкт XIV даў дазвол каранаваць абраз у 1756 г., аднак каранацыйныя ўрачыстасці адбыліся толькі праз пяць гадоў, 20 верасня 1761 г. Акт каранацыі ад імя наступніка св. Пятра споўніў біскуп Смаленскі Юрый Мікалай Гільзэн, а прынагодную гамілію прамовіў святар з ордэна прапаведнікаў Лаўрэнцій Аўлачымскі.
На свята прыбылі шматлікія пілігрымкі з наваколля і здалёк. Першая частка набажэнства з благаслаўленнем і ўскладаннем каронаў адбылася на палявым алтары каля палаца Агінскіх. Пасля абраду абраз быў урачыста ўнесены ў новы касцёл.
Каранацыя стала яскравым выразам веры і падзякай Марыі за апеку. Абраз з Бялынічаў стаў другім на тэрыторыі Беларусі пасля іконы Маці Божай Жыровіцкай, які быў каранаваны папскімі каронамі.
Наступная каранацыя марыйнага абраза на тэрыторыі сучаснай Беларусі адбылася толькі праз 235 гадоў калі, калі першы ў сучаснай гісторыі нашай краіны кардынал Казімір Свёнтэк каранаваў папскімі каронамі абраз Маці Божай Брэсцкай, што адбылося 30 чэрвеня 1996 г. Наступная каранацыя цудатворнага абраза Маці Божай Каралевы Палесся адбылася ў Лагішыне (Пінская дыяцэзія) 10 мая 1997 г. А 2 ліпеня 1998 г. кардынал Казімір Свёнтэк усклаў папскія кароны на абраз Маці Божай Будслаўскай, Апякункі Беларусі.
Падчас сёлетніх урачыстасцяў у Нацыянальным санктуарыі ў Будславе будзе адзначацца 20-годдзе гістарычнай падзеі, якая нагадвае пра няспынную апеку Панны Марыі над нашай Радзімай.